Эвалюцыя інстытутаў палітычнай сістэмы Беларусі ў 1994-2001 гадах (II)

Працяг. Пачатак гл. Эвалюцыя інстытутаў палітычнай сістэмы Беларусі ў 1985-1994 гадах (I)

Абранне Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам краіны змяніла суадносіны сіл паміж інстытутамі палітычнай сістэмы. Урад і парламент адыйшлі ў цень, першыя ролі пачалі выконваць кіраўнік дзяржавы і яго адміністрацыя. Такі стан рэчаў можна патлумачыць дзейнасцю шэрагу чыннікаў. Па-першае, становішча прэм’ера і ўрада змянілася пад дзеяннем канстытуцыйных механізмаў: нават у класічнай прэзідэнцкай рэспубліцы яны павінны знаходзіцца ў падпарадкаваным прэзідэнту стане. Кіраўнік дзяржавы і выканаўчай улады іх прызначае і здымае, а парламент толькі зацвярджае ў пасадзе і кантралюе. Па-другое, беларускі парламент апынуўся вельмі слабым інстытутам, у якім карпаратыўныя інтарэсы дамінавалі над агульна нацыянальнымі. Гэта, дарэчы, праявілася ў нежаданні Вярхоўнага Савета XII склікання, абранага яшчэ ў савецкі час, ісці на самароспуск. Па-трэцяе, прэзідэнт у той час валодаў куды большай легітымнасцю, чым Вярхоўны Савет XIII склікання, нягледзячы на тое, што кіраўнік дзяржавы быў абраны раней, чым дэпутаты. Справа ў тым, што А. Лукашэнка абапіраўся не толькі на легальна-рацыянальную легітымнасць, але і на харызматычную. Яна, як вядома, мела куды большае значэнне ў пастсавецкім свеце ў тыя часы. Па-чацвертае, кіраўнік дзяржавы здолеў усталяваць эфектыўны кантроль над вельмі ўплывовымі нефармальнымі інстытутамі, не прапісанымі ў Канстытуцыі.

Вось што піша з гэтай нагоды расійскі палітолаг Коктыш: «Ужо на гэтым (пачатковым этапе – заўв. аўтара) на заднім плане палітычнага жыцця адбываецца інтэнсіўнае і першапачаткова малаафішуемае стварэнне апрычных, гэта значыць па сутнасці надсістэмных структур улады, чыё існаванне ні ў якой ступені не прадвызначалася дзеючай Канстытуцыяй, а менавіта Адміністрацыі прэзідэнта і Упраўлення справамі прэзідэнта. Адміністрацыя становіцца вяршыняй прызначаемай прэзідэнцкай вертыкалі ўлады і даволі хутка, ужо ў пачатку восені 1994 г., замяняе сабой мясцовыя выбраныя насельніцтвам Саветы, якія былі распушчаны дзеля эканоміі дзяржсродкаў… Упраўленне справамі прэзідэнта, чыя функцыя павінна была зводзіцца да гаспадарчага забеспячэння прэзідэнцкага апарату, таксама пашырае “зону сваёй кампетэнцыі” і наносіць удар па парламенце: Вярхоўны Савет раптоўна пазбавіўся забраных у яго транспартных сродкаў, роўна як і істотнай часткі іншай маемасці… Неўзабаве падсправаздачны Вярхоўнаму Савету паўнамоцны ўрад апынуўся падсправаздачным і падкантрольным Адміністрацыі прэзідэнта…

Яшчэ ў 1995 годзе Упраўленне справамі, чыя дзейнасць не прадугледжвалася Канстытуцыяй і не абмяжоўвалася ніводным законам, паспрабавала ўзяць пад прэзідэнцкі кантроль усю рэспубліканскую ўласнасць, што прыносіла прыбытак. Гаворка ідзе аб пераводзе яе ў апрычную прэзідэнцкую ўласнасць, якая забяспечвала прэзідэнта ўласным, нікім не ўлічаным бюджэтам. Ён таксама інтэнсіўна фармаваўся і за кошт вонкавых крыніц. “Ашуканымі ўкладчыкамі фінансавых пірамід” была заснавана кампанія Торгэкспо, якая ўказам прэзідэнта была вызвалена ад выплаты ўсіх падаткаў і мытных плацяжоў і такім чынам адчула на сабе выгады з Мытнага саюза з Расіяй (толькі ў 1996 г. прамыя страты Расіі склалі каля 400 тысяч даляраў).

Дэ-факта найбольш эфектыўным беларускім экспарцёрам стаў прэзідэнт, які адзін у стане не выконваць ім жа ўсталяваныя экспартныя “правілы гульні”. Так ён узяў пад свой кантроль тое, што прыносіць валюту: экспарт у далёкае замежжа калійных соляў, лесу і некаторых іншых прадуктаў (у цяперашні час – нафтапрадуктаў. – заўв. аўтара). Зразумела, што і ў адносінах да расійскага экспарту А. Лукашэнка апынуўся найбольш эфектыўным суб`ектам гаспадарання, таму што наўрад ці хто-небудзь лепш за яго мог дамовіцца з Расіяй аб “выгадным” продажу ёй беларускіх тавараў…На гэтым фоне відавочным становіўся водападзел паміж уласна эканомікай і прэзідэнцкай апрыччынай. Структуры, якія да яе адносіліся, інтэнсіўна развіваліся за кошт астатніх суб`ектаў гаспадарання». [1]

Правядзенне ўладамі парламнцкіх выбараў 1995 г. прывяло да аслалення Вярхоўнага  Савета і палітычных партый, хаця звычайна такія мерапрыемствы маюць супрацьлеглы эфект. Гэта можна патлумачыць тым, што толькі выбары першага прэзідэнта Беларусі праходзілі ва ўмовах адноснага выканання прынцыпаў свабоднага і справядлівага волевыяўлення грамадзян. Ужо наступная па чарзе кампанія па выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета XIII склікання, якая праводзілася па мажарытарнай выбарчай сістэме з высокім парогам яўкі (50%), праходзіла пры беспрэцэдэнтным ціску кіраўніка дзяржавы на выбарчыя камісіі. Гэта знайшло сваё адлюстраванне, па-першае, у тым, што былі істотна скарочаны дзяржаўныя сродкі на кампанію кандыдатаў і адначасова забаронена выкарыстанне іншых сродкаў. Па-другое, абмяжоўваўся час асвятлення кампаніі ў дзяржаўных СМІ, для таго, каб, як быццам, гарантаваць “роўнасць шанцаў” прэтэндэнтаў. Па-трэцяе, прэзідэнт Лукашэнка 20 красавіка 1995 г. фактычна заклікаў да байкоту выбараў парламету, «таму што дэпутаты ўсё роўна падматуць, а ён асабіста ні за кога галасаваць не збіраецца». [2]

З-за адзначаных вышэй прычын, парламенцкія выбары ў Беларусі расцягнуліся на некалькі этапаў: у красавіку – маі 1995 г. праводзіліся першы і другі туры, якія так і не прывялі да фармавання паўнамоцнага дэпутацкага корпусу; у лістападзе – снежні  праходзілі паўторныя выбары ў тых акругах, дзе яны не адбыліся з першай спробы. Толькі ў выніку дадатковых выбараў колькасць дэпутатаў Вярхоўнага Савету XIII склікання павялічылася да 199 чалавек і ён, такім чынам, набыў сваю легітымнасць (агульная колькасць дэпутацкіх месцаў склада 260). [3] Нягледзячы на несвабодны характэр выбараў, сам факт правядзення парламенцкай кампаніі, якая доўга адкладалася (гэта фактычна былі першымі выбарамі легіслатуры, пасля дасягення краінай незалежнасці), не мог не мог не ажывіць працэс партыйнага будаўніцтва.

У лютым 1994 г. прайшоў устаноўчы з’езд Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП). Ён легалізаваў дзейнасць той палітычнай структуры, якая сфармавалася яшчэ ў 1990 г. як філія Ліберальна-дэмакратычнай партыі Савецкага Саюзу, начале з У.Жырыноўскім. Перад выбарамі ў парламент было створана некалькі партый цэнтрысцкай арыентацыі з расплывістай і няпэўнай ідэялогіяй. У сакавіку 1994 г. была ўтворана Рэспубліканская партыя (РП), у ліпені таго ж году паўстала Партыя ўсебеларускага адзінства і згоды (ПУАЗ), у лістападзе – Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (БС-СП). Раней у чэрвені 1993 г. з’явілася Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС). У лістападзе 1994 г. была заснавана Беларуская народная партыя ім (БНП). Усе гэтыя арганізацыі не з’яўляюцца партыямі ў дакладным сэнсе гэтага слова. Хутчэй, яны ўяўлялі сабой групы інтарэсаў, што спрабавалі лабіраваць уладныя структуры для атрымання пэўных сэлектыўных выгад толькі для сяброў арганізацый.

Падрыхтоўка да парламенцкіх выбараў прывяла да пэўных змен на дэмакратычным фланзе палітычнага спектру. У лістападзе 1993 г. па ініцыятыве старшыні Савета прафсаюза рабочых аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання А.Бухвостава і старшыні Савета прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Г. Федыніча была заснавана Беларуская партыяпрацы (БПП). Яна дэкларавала сваю прыхільнасць захаванню традыцый і прынцыпаў сацыял-дэмакратыі і рабочага руху. У красавіку 1994 г. прайшоў устаноўчы з`езд Беларускай партыі жанчын Надзея, сваімі мэтамі партыя абвяшчала правядзенне сацыяльна-эканамічных рэформаў, накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для жыцця і працы жанчын. [4] У снежні 1994 г. прайшоў устаноўчы з’езд яшчэ адной ліберальнай арганізацыі, якая атрымала назву Грамадзянскай партыі (ГП). Яна пазіцыянавала сябе ў якасці рэспектабельнай палітычнай структуры, што рэпрэзэнтуе інтарэсы сярэдняга класу.

У першым туры выбараў дэмакратычныя партыі не здолелі выступіць кансалідавана. Большая іх частка ўваходзіла ў Дэмакратычны блок пад кіраўніцтвам З.Пазьняка. Акрамя ПБНФ, у ім бралі ўдзел БСДГ, НДПБ, БСП, БХДП. У выніку выбарчай кампаніі за ўдзельнікаў гэтай кааліцыі прагаласавала больш за мільён выбаршчыкаў, аднак, паколькі выбары праводзіліся па мажарытарнай сістэме і ва ўмовах адкрытага процідзеяння прадстаўнікоў прэзідэнцкай адміністрацыі, ніводны кандыдат гэтай кааліцыі ў Вярхоўны Савет XIII склікання так і не патрапіў. Няўдала выступілі таксама ПНЗ, АДПБ і ГП, а таксама ліберал-дэмакраты С. Гайдукевіча.

Перад другім турам некаторыя дэмакратычныя партыі заключылі паміж сабой пагадненні, што садзійнічыла іх пэўнаму поспеху. Новыя лідэры БСДГ і ПНЗ (М.Статкевіч і Л. Сечка) і далучыўшыйся да іх ПУАЗ сфармавалі Сацыял-дэмакратычны саюз, што дазволіла 15-18 кандыдам стаць дэпутамі парламенту (гл.: Табліца 1.). Улетку 1996 г. прайшоў аб’яднальны з’езд БСДГ і ПНЗ, які прывёў да ўзнікнення Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народна Грамада (БСДП (НГ), начале з двума сустаршынямі. Тым жа крокам рушылі і ліберальныя арганізацыі. У кастрычніку 1995 г. адбыўся аб’яднальны з’езд АДПБ і ГП, які прывёў да фармавання Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Лідэрам арганізацыі стаў С. Багданкевіч, які да гэтага моманту сыйшоў з пасады старшыні праўлення Нацыянаьнага банку. Да партыі далучыліся такія вядомыя палітыкі, як В. Ганчар і Г. Карпенка. У выніку дадатковых выбараў у лістападзе – снежні 1995 г. у парламент патрапіла 9 кандыдатаў ад гэтай партыі, якія разам з далучыўыміся дэпутатамі, ўтварылі фракцыю Грамадзянскае дзеянне з 18 чалавек (гл.: Табліца 1.).

У парламенцкіх выбарах 1995 г. перамаглі левыя партыі. Першае месца на іх атрымала ПКБ, за якую прагаласавала 22% выбаршчыкаў, што дазволіла камуністам правесці 44 сваіх прадстаўнікоў у Вярхоўны Савет. На другім месцы апынуліся саюзнікі ПКБ з Аграрнай партыі: 34 кандыдаты гэтай структуры сталі дэпутатамі. Аднак паколькі аграрная фракцыя пераўзыходзіла камуністычную па колькасці ўдзедьнікаў (46 супраць 44), яна і атрымала права на вылучэнне свайго лідэра С.Шарэцкага на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета. Сацыял-дэмакратычная фракцыя налічвала 18 дэпутатаў. Такую ж колькасць месцаў атрымала і ліберальная фракцыя Грамадзянскае дзеянне. Акрамя таго, 57 дэпутатаў не ўваходзілі ні ў якія палітычныя партыі. Пазней яны сфармавалі прапрэзідэнцкае аб`яднанне Згода на чале з У.Канаплёвым (гл.: Табліца 1.).

«Разам усе партыйныя фракцыі ўключалі ў сябе 2/3 дэпутацкага корпусу. У адрозненне ад Вярхоўнага Савета XII склікання, дзе партыйныя фракцыі таксама існавалі, у Вярхоўным Савеце XIII склікання яны сталі рэальнай палітычнай сілай… Да восені 1996 г., калі выканаўчая ўлада стала аказваць жорсткі ціск на асобных дэпутатаў, унутры фракцый існавала цвёрдая дысцыпліна…Ніводны сур`ёзны закон не мог быць прыняты парламентам, калі ён не быў падтрыманы партыйнымі фракцыямі». [5]

Табліца 1.Структура беларускага парламенту па выніках выбараў 1995 г.

 

Палітычная фракцыя

Колькасць месцаў, атрыманых прадстаўнікамі партый па выніках выбараў

Фракцыя Згода (прапрэзідэнцкая)

                         57-62

Аграрная фракцыя (апазіцыйная)

                         45-47                          

Камуністычная фракцыя (апазіцыйная)

                         43-44                      

Ліберальная  фракцыя Грамадзянскае дзеянне (апазіцыйная)

                         17-18                               

Сацыял-дэмакратыяны  Саюз працы (апазіцыйная)

                         15-18                        

Дадзеная табліца складзена на падставе матэрыялаў кнігі беларускага палітолага Валерыя Карбалевіча. [6]

Поспех левых сіл шмат у чым тлумачыцца зменай грамадскіх настрояў на карысць камуністычных ідэй, што ў поўнай меры выявілася ўжо на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак, як справядліва адзначае брытанскі палітолаг Алена Карастэлёва, «пасля 1994 г. канфігурацыя палітычных сіл пачынае набываць іншыя абрысы, структураваныя адносінамі партый да прэзідэнта, хутчэй, чым іх рознымі ідэалогіямі». [7] Кіраўнік жа дзяржавы асабіста не быў зацікаўлены ні ў моцным парламенце, ні ў моцных партыях. Ён разлядаў гэтыя палітычныя інстытуты ў якасці небяспечных канкурэнтаў сваёй асабістай уладзе.

Два гады спатрэбіліся А. Лукашэнку, каб забяспечыць істотныя  змены ў балансе сіл на сваю карысць. У 1996 г. ён мог абаперціся на прэзідэнцкую вертыкаль улады і дзяржаўнае чынавенства, як пэўную групу, таму што яна залежыла выключна ад яго ласкі. Адміністрацыя прэзідэнта паставіла пад уласны кантроль не толькі электронныя СМІ, але практычна ўсе газэты з вялікім накладам. Апазіцыя пакутвала ад расколаў. У Вярхоўны Савет XIIIсклікання не патрапіла, уяўляючая найбольшую пагрозу для прэзідэнта, нацыянальна-дэмакратычная яе частка. Лідэр БНФ З. Пазьняк вымушаны быў з’ехаць за мяжу, каб пазбегнуць арышту, а то і забойства па палітычных матывах. Спікер парламента С. Шарэцкі не валодаў харызмай і шматлікімі іншымі якасцяі палітычнага лідэра. Ён разам з іншымі кіраўнікамі парламенту асудзіў масавыя акцыі пратэсту ў Мінску 26 красавіка пад забароненымі бел-чырвона белымі сцягамі ў чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У акцыі брала ўдзел ад 50-ці да 70-ці тысяч чалавек. Тым самым кіраўніцтва Вярхоўнага Савету рэзка скараціла мабілізацыйны патэнцыял сваіх прыхільнікаў. На абарону парламента ў лістападзе таго ж году прыйшло не шмат людзей, ды і то іх С. Шарэцкі накіраваў адпачываць. Нарэшце, прэзідэнт здолеў разлічваць на поўную падтрымку з боку кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, таму што менавіта ён паставіў свой подпіс пад дамовай аб стварэнні супольнасці двух дзяржаў, заключыў мытны звяз і пачаў дрэйфаваць у кірунку інкарпарацыі беларускай дзяржавы ў склад РФ.

Каб дасягнуць поўнага поспеху ў барацьбе з Вярхоўным Саветам і Канстытуцыйным Судом, прэзідэт вырашыў правесці канстытуцыйны рэферэндум. Папраўкі да Кастытуцыі 1994 г., распрацаваныя ў яго адміністрацыі, парушалі дзеючы Асноўны закон па цэламу шэрагу пунктаў: па форме кіравання ўводзілася прззідэнцка-парламенцкая рэспубліка, замест прэзідэнцкай; узамен аднапалатнга парламенту стваралася бікамеральная легіслатура, у якой значная частка сяброў верхней палаты прызначаліся прэзідэнтам. У сваю чаргу, Вярхоўны Савет распрацаваў свой праект Канстытуцыі, якая павінна была, ў выпадку яе ўхвалы выбаршчыкамі, пераўтварыть Рэспубліку Беларусь у парламенцкую рэспубліку.

Беларускі плебісцыт праходзіў з 9 па 23 лістапада 1996 г. і суправаджаўся нябачанымі дагэтуль парушэннямі закона. Галасаванне пачалося без наяўнасці прэзідэнцкага і парламенцкага тэкстаў паправак да Канстытуцыі. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі агітавалі толькі за прэзідэнцкі варыянт. Заява старшыні Цэнтравыбаркаму В. Ганчара аб тым, што ён не падпіша выніковага пратаколу з-за велізарнай колькасці парушэнняў, прывяло да яго незаконнага адхілення ад пасады А.Лукашэнкам. Паводле дзеючай у той час Канстытуцыі, старшыню Цэнтравыбаркама абіраў парламент, а не прэзідэнт. Спроба 73 дэпутатаў Вярхоўнага Савета звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд з хадайніцтвам аб адкрыцці справы супраць кіраўніка дзяржавы і пачаць працэдуру імпічменту, была марнай. Пад ціскам улады 10 дэпутатаў адклікалі свае подпісы з-пад тэксту звароту, што дало фармальныя падставы старшыні Канстытуцыйнага Суду і большасці яго сябраў адкласці гэтую справу.

Вельмі негатыўную ролю ў лёсе беларускага канстытуцыяналізму адыграў візіт дэлегацыі з Расіі з пасярэдніцкай місіяй у складзе Я. Строева (спікера верхняй палаты), Г. Селязнёва (спікера ніжняй палаты) і У. Чарнамырдзіна (прэм`ер-міністра). З аднаго боку, расійскія палітыкі дамагліся таго, каб галасаванне па папраўках да Канстытуцыі на рэферэндуме разглядалася як рэкамендацыйнае, а не абавязковае (гэтае вызначэнне патрапіла нават у тэкст бюлетэняў). У сваю чаргу, дэпутаты парламента абавязаліся адклікаць свой зварот у Канстытуцыйны Суд з патрабаваннем распачаць працэдуру імпічменту супраць прэзідэнта. Але, калі прапрэзідэнцкая фракцыя Згода сарвала галасаванне за дасягнуты кампраміс у Вярхоўным Савеце, што дало падставу прэзідэнту зноў гаварыць аб абавязковым характары канстытуцыйнага волевыяўлення, расійскае кіраўніцтва не прыняло ніякіх мер ціску на А. Лукашэнку. Гэта азначала, што Расія дэ-факта стала на бок кіраўніка дзяржавы ў яго канфлікце з парламентам і падтрымала канстытуцыйны пераварот у нашай краіне. «Вынікі лістападаўскага рэферэндуму, як адзначае Коктыш, не былі прызнанымі нікім, акрамя Расіі. Тым не менш, для А. Лукашэнкі гэта было больш чым дастаткова: засноўваючыся на выніках рэферэндуму, ён фактычна ліквідаваў прынцып падзелу ўлад, і звёў ролю астатніх яе галінаў да марыянеткавай». [8]

Прыняцце новай Канстытуцыі ў 1996 г. прывяло да змены формы кіравання ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што фармальна яна нагадвае прэзідэнцка-парламенцкую, альбо гібрыдную рэспубліку, на самой справе ад самога пачатку існавання, цэлы шэраг прыкметаў рабіў яе падобнай да суперпрэзідэнцкай рэспублікі, з вялікай канцэнтрацыяй улады ў прэзідэнцкім ‘камялі’ і атрафіяй усіх іншых галінаў улады. У нашай краіне так і не паўстаў так званы двухгаловы выканаўчы орган улады (Two-headedExecutive), уласцівы, напрыклад, для Францыі эпохі пятай рэспублікі. Там улада прэзідэнта збалансавана дастаткова вялікімі паўнамоцтвамі прэм’ер-міністра. У Рэспубліцы Беларусь кіраўнік урада не з’яўляецца палітыкам, але, хутчэй, гаспадарнікам, падпарадкаваным прэзідэнту.

У РБ толькі прэзідэнт вызначае заканадаўства краіны, пазбаўляючы дэпутатаў Нацыянальнага сходу права выковаль легіслатыўную функцыю. Таму за гады, што прайшлі ад моманту рэферэндуму, лічаная колькасць законаў была распрацавана ў парламенце. Фактычна толькі кіраўнік дзяржавы ажыццяўляе функцыю рэкрутавання: падбірае і растаўляе кіруючыя кадры. У прэзідэнта ёсць таксама права прызначать і здымаць асноўных судзьдзяў краіны, што робіць суды ў вышэйшай ступені залежнымі ад кіраўніка дзяржавы. Ужо даўно Кантрольная палаты парламента стала структурным адзелам Адміністрацыі прэзідэнта. Усё гэта зрабіла кіраўніка беларускай дзяржавы ўсіх кантралюючым, але нікому непадсправаздачным дамінатным палітычным актарам. Гэтыя рысы рабілі Рэспубліку Беларусь падобнай на краіны Цэнтральнай Азіі, а не Еўропы, негледзячы на геаграфічнае месцазнаходжанне.

Такім чынам, у 1996 г. у нашай краіне паўстаў аўтарытарны палітычны рэжым асабістай улады. Аднак ён не быў яшчэ кансалідаваным. Справа ў тым, што захоўваліся яшчэ важныя, на думку А. Лукашэнкі, цэнтры супраціўлення персаналісцкай дыктатуры ў грамадстве: рэшткі не да канца знішчанага парламенту (меншасць дэпутатаў ВС захавалі вернасць Канстытуцыі і працягвала збірацца на паседжанні), новыя лідэры апазіцыі (В. Ганчар і Г. Карпенка), якія мелі вельмі скептычнае стаўленне да дзеючай улады. А. Лукашэнка баяўся і цалкам магчымай фронды чынавенства, якое пакутвала ад палітыкі папулізму вярхоўнай улады. Таму працэс кансалідацыі аўтарытарызму ў Беларусі зацягнуўся да новых выбараў прэзідэнта ў 2001г.

У адпаведнасці з Кастытуцыяй, ухваленай на рэферэндуме, прэзідэнт дадаў сабе два дадатковыя гады: адлік тэрміну выканання ім паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы пачынаўся з 27 лістапада 1996 г., калі ён падпісаў новы Асноўны закон. Паколькі, у адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 г., паўнамоцтвы прэзідэнта павінны былі завершыцца ў 1999 г., а дзеючы кіраўнік дзяржавы не рабіў ніякіх крокаў у гэтым кірунку, ініцыятыву ўзяло на сабе кіраўніцтва Вярхоўнага Савету XIII склікання. Была створана працоўная група, куды ўвайшлі старшыня Вярхоўнага Савета, прадстаўнікі асноўных палітычных партый, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі з мэтай падрыхтоўкі да правядзення выбараў у тэрмін. Нягледзячы на тое, што ЦВК, начале з В.Ганчаром, давялося дзейнічаць у паўпадпольных умовах, ён зрабіў каласальны аб`ём працы. У прыватнасці былі сфармаваны тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, таксама было вырашана стварыць участковыя камісіі. Гэты этап быў самым складаным, таму што патрабавалася ва ўмовах набіраючых абароты рэпрэсій арганізаваць дзейнасць некалькіх тысяч такіх структур і прыцягнуць на працу ў іх больш за 10 тыс. чалавек. Ужо 25 лютага ЦВК у поўным складзе быў затрыманы міліцыяй і спатрэбілася ўмяшанне міжнароднай супольнасці, каб вызваліць яго сяброў.

Як і планавалася, 1 сакавіка былі зарэгістраваны ініцыятыўныя групы лідэра БНФ З.Пазьняка і былога прэм`ера М. Чыгіра (ён адразу ж быў арыштаваны) па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты. Адразу ж пасля гэтага міліцыя затрымала і жорстка збіла старшыню ЦВК В. Ганчара. На працягу некалькіх дзён ён трымаў сухую галадоўку. У такой сітуацыі ЗША і ЕЗ прынялі жорсткія рэзалюцыі, у якіх асуджалася парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Усё гэта прымусіла ўлады вызваліць палітыка. У сувязі з поўнай немагчымасцю выкарыстаць стацыянарныя ўчасткі, ЦВК прыняў рашэнне правесці галасаванне з 6 па 16 мая шляхам абыходу выбаршчыкаў. Стала зразумелым, што дадзенае галасаванне не атрымае міжнароднага прызнання. Выбары праводзіліся ў самых экстрэмальных умовах. Напрыклад, 7 мая быў выкрадзены адзін з лідэраў апазіцыі былы міністр унутраных спраў Ю. Захаранка. Калі галасаванне пачалося, З. Пазняк заявіў аб тым, што ён здымае сваю кандыдатуру. Па заяве В. Ганчара, у выбарах прыняло ўдзел каля 53% беларускіх грамадзян. Аднак назваць пераможцу ён не здолеў. Па дадзеных незалежных сацыёлагаў, гэтая лічба была значна перабольшанай.

Неўзабаве пасля альтэрнатыўных выбараў з Беларусі ў Літву эміграваў спікер Вярхоўнага Савета С. Шарэцкі, дзе ён, у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі, 20 ліпеня 1999 г. абвясціў сябе выконываючым абавязкі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, таму што ў гэты дзень скончыўся тэрмін знаходжання А.Лукашэнкі ва ўладзе. Перад ад`ездам С. Шарэцкі прызначыў В. Ганчара сваім намеснікам. У новай пасадзе мужны палітык знаходзіўся нядоўга: 16 верасня ён быў выкрадзены. Пасля гэтай трагічнай падзеі дзейнасць Вярхоўнага Савета XIII склікання фактычна спынілася. [9]

А. Лукашэнка здолеў перамагчы ў 1999 г., таму што абапіраўся на значную перавагу ўладных рэсурсаў у сваіх руках. На яго працавала залежная вертыкаль улады, так званыя сілавыя структуры, дзяржаўныя СМІ. Ды і апазіцыя не была такой ужо адзінай, як здавалася. У кампаніі альтэрнатыўных выбараў не браў удзел адзін з яе перспектыўных лідэраў – Г. Карпенка, які лічыў усё гэта “аванцюрай” і хацеў лепш падрыхтавацца да чарговых выбараў кіраўніка дзяржавы ў 2001 г. Патэнцыял структур Вярхоўнага Савету XIII склікання істотна саступаў патэнцыялу прэзідэнта. Мабілізацыйныя магчымасці ВС заставаліся нізкімі. Лідэр ПБНФ знаходзіўся ў выгнанні, а яго намеснікі ў краіне не здолелі арганізаваць ніводнай масавай акцыі пратэсту падобнай на Вясну-96. Гэта ўсё і паслужыла для А. Лукашэнкі сігналам для пераўтварэнне рэжыму асабістай улады ў Беларусі ў больш жорсткі.

Усё сказанае вышэй трэба адносіць да аргументаў “супраць” гэтай кампаніі. Разам з тым неабходна адзначыць, што альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта былі адной з нешматлікіх кампаній, калі апазіцыя знаходзілася наперадзе ўлады, і нават на першым этапе дыктавала ёй свае “правілы гульні”. Мэты кампаніі таксама не былі недасягальнымі, таму што задачай-мінімум было прымусіць прэзідэнта пад ціскам грамадскай думкі і міжнародных структур (Місіі АБСЕ у Мінску, перад ўсім) сесці за стол перамоваў з апазіцыяй і дамовіцца аб стварэнні больш дэмакратычных умоў для правядзення будучых выбараў прэзідэнта.

Пад час кампаніі альтэрнатыўных выбараў улады ўзмацнілі ціск на апазіцыю. У 1999 г. прэзідэнт падпісаў дэкрэт № 2, які ўвёў больш жорсткія меры рэгістрацыі палітычных партый, прафсаюзаў і няўрадавых арганізацый. З існуючых на той момант 28 палітычных партый, перарэгістрацыю прайшлі толькі 17. Ускосным наступствам альтэрнатыўных выбараў стаў раскол буйнейшай апазіцыйнай структуры БНФ на КХП БНФ, начале з З. Пазьняком (асудзіла кампанію) і ПБНФ, начале з В. Вячоркам (падтрымала кампанію). Раскол іншых сілаў апазіцыі стаў відавочным, калі розныя партыі па-рознаму паводзілі сябе пад час парламенцкіх выбараў 2000 г. Нягледзячы на тое, што Каардынацыйная рада дэмакратычных сіл – парасонавая структура, створаная для наладжвання ўзаемадзеяння паміж некаторымі партыямі, прафсаюзамі і няўрадаваымі арганізацыямі, прагаласавала за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў, у іх прынялі ўдзел ПКБ, БСДП (НГ), БПП, а таксама маладзёжная арганізацыя АГП. Але, напэўна, самым моцным ударам па апазіцыі было яе фізічнае вынішчэнне: у выбарах 2001 г. не здолеў браць удзел не толькі В. Ганчар, але і Г. Карпенка, які памёр ў 1999 г. пры нявысветленых абставінах.

Невялікі пражэктыўны электаральны рэйтынг лідэраў апазіцыйных партый прывёў іх да разумення неабходнасці зрабіць стаўку на рэалізацыю так званага “наменклатурнага сцэнару” падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. У якасці прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы было вылучана некалькі чалавек, але здолелі сабраць подпісы толькі лідэр афіцыйных прафсаюзаў У. Ганчарык і былы старшыня гродзенскага гарвыканкама С. Домаш. У адпаведнасці з дасягнутай паміж імі дамоўленасцю, апошні зняў сваю кандыдатуру на карысць першага, які ператварыўся, такім чынам, у адзінага кандыдата ад апазіцыі. У выбарах прымаў таксама ўдзел і лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі С. Гайдукевіч, які здолеў сабраць неабходную колькасць подпісаў і зарэгістравацца. Яго партыя зрабіла тады рэзкі разварот на супрацоўніцтва з уладамі.

Афіцыйныя вынікі выбараў выглядалі наступным чынам: за А. Лукашэнку аддадзена 75,7% галасоў, за У. Ганчарыка – 15,7%, за С. Гайдукевіча – 2,5%. Незалежныя сацыёлагі далі У. Ганчарыку амаль у два разы больш галасоў, а А.Лукашэнку амаль на 20% менш. Як адзначае Карбалевіч, «апазіцыя апынулася негатовай да змагання за перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у шматлікіх сэнсах гэтага слова. Пачынаючы ад позняга вызначэння адзінага кандыдата і заканчываючы няздольнасцю вывесці людзей на акцыю пратэсту 9-10 верасня 2001 г. Не кажучы ўжо аб мностве арганізацыйных праколаў… Асабістае пазіцыянаванне У. Ганчарыка апынулася, мякка кажучы, не вельмі ўдалым. Замест таўра апазіцыянера адзіны кандыдат атрымаў таўро лідэра прафсаюзаў. З улікам нізкай папулярнасці дадзенай арганізацыі ў Беларусі гэта аказалася не лепш. Плюс пенсійны ўзрост на фоне ззяючага маладосцю і здароўем А. Лукашэнкі. У выніку галасы выбаршчыкаў, арыентаваных на асобу кандыдата, амаль цалкам перайшлі да кіраўніка краіны». [10]

Менавіта перамога А. Лукашэнкі на другіх прэзідэнцкіх выбарах у 2001 г. дазволіла яму кансалідаваць  аўтарытарны рэжым у Беларусі, які ўзнік у 1996 г. Апазіцыя знаходзілася не ў лепшым стане, а фронду чынавенства ён прадухіліў, распачаўшы ‘палітычныя працэсы’ супраць В. Лявонава і Т. Віннікавай – двух найбольш самастойных прадстаўнікоў мінскай эліты. Акрамя таго, да гэтага часу была завершана замена пяці кіраўнікоў рэгіёнаў з сямі. Паўсюль, акрамя Віцебска і Гомеля, абласныя выканаўчыя камітэты апынуліся ў руках Шклоўска-магілёўскай кланавай групоўкі – цвёрда адданай свайму патрону-зямляку. [11]

Акрамя таго, А. Лукашэнка здолеў забяспечыць свайму рэжыму сталую падтрымку з боку кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. Як справядліва падкрэслівае беларускі палітолаг Віталь Сіліцкі, «атрыманне расійскіх эканамічных прэферэнцый было аплочана істотнымі саступкамі Мінска ў ваеннай і палітычнай сферах, і нават абяцаннем прэзідэнта далучыць Беларусь да Расіі». Яны сталі часткай стратэгіі А.Лукашэнкі, накіраванай на ўмацаванне яго асабістай улады ў краіне.

«Так у сакавіку 1996 г. ён (прэзідэнт – заўв. аўтара) выгандляваў спісанне 1 млрд. долараў беларускага доўгу Расіі, фармальна ў абмен на дазвол пакінуць на сваёй тэрыторыі расійскія вайсковыя базы. Праз год, падпісаўшы дамову аб стварэнні саюза (дакладней, аморфнага аб`яднання двух асобна кіраваных краін) з Расіяй, Беларусь атрымала неабмежаваны доступ на расійскі рынак, а таксама магчымасць набываць нафту і газ за тыя ж кошты, што і расійскія спажыўцы (напрыклад, нафту па 50 долараў ЗША за тону, што было прыблізна ўдвая ніжэй за сусветны кошт). Мытны звяз паміж дзвюма дзяржавамі даў Беларусі кантроль амаль над 70% усяго расійскага экспарту і імпарту на Захад і з Захаду, якія праходзілі праз яе тэрыторыю. Мытныя плацяжы за расійскі імпарт збіраліся беларускімі ўладамі, і фармальна частка іх пераводзілася ў Расію. Аднак беларускі бок пасля гэтага нярэдка заставаўся ў плюсе. Толькі ў 1998 г. сума ўтоеных Беларуссю плацяжоў, спагнаных з імпартных аўтамабіляў, што пераганяліся ў Расію, склала каля 600 млн. долараў.

Яшчэ больш істотнай прэферэнцыяй Беларусі з боку Расіі былі ўмовы, на якіх ажыццяўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі. Толькі частка гэтага гандлю была манетарызавана, рэштку займалі  бартэрныя аперацыі… Аб`ём паставак з кожнага боку (г. зн. колькасць тон нафты і адзінак тэхнікі) цяпер залежаў ад таго, як той ці іншы бок ацэньваў сваю прадукцыю ў доларавым эквіваленце. Паколькі беларусы вызначалі кошт сваіх трактароў або грузавікоў у адпаведнасці з афіцыйным курсам, які, скажам, на 30% перавышаў рынкавы, расійскія пакупнікі фактычна пераплочвалі 30% ад кошту тавару. Некаторыя тавары – хімічнае валакно, цукар – Расія, такім чынам, купляла ў Беларусі па коштах, якія на 60% былі вышэй за сусветныя. Акрамя таго, існаванне клірынгавых механізмаў і бартэрных схем дазволіла Беларусі аплаціць значную частку сваіх даўгоў за энерганосьбіты значна хутчэй, чым у выпадку выкарыстання так званых жывых грошай.

У цэлым суму штогадовых расійскіх датацый беларускай эканоміцы ў перыяд 1997-1998 гг. можна ацаніць у суму 1,5-2 млрд. долараў… Накладаючыся адзін на другі, розныя аспекты беларуска-расійскай інтэграцыі ператварылі яе ў гульню ў адны вароты, пры якой эканамічны рост у Беларусі рабіўся магчымым пры запаволенні росту ў самой Расіі. З аднаго боку, нерэфармаваная беларуская эканоміка была здольная прадэманстраваць шпаркі рост выключна дзякуючы самаахвярнасці Расіі, якая брала буйныя дзяржаўныя пазыкі, цярпела дэфіцыт бюджэту, спісвала даўгі і адмаўлялася ад спагнання мытных плацяжоў. З другога – пакуль беларускія ўлады субсідыявалі сваю прамысловасць, расійскія прадпрыемствы, што выраблялі аналагічныя тавары, перажывалі балючую рэструктурызацыю… Калі ў 1999 г. расійскія вытворцы, мадэрнізаваўшы сваю тэхналагічную базу, пачалі ажываць, беларускія тавары сталі выцясняцца з расійскага і нават з уласнага, беларускага рынку». [12]

Як мы бачым, галоўную ролю ў кансалідацыі аўтарытарнага рэжыму ў еўрапейскай і адносна эканамічна развітай Беларусі адыграў расійскі чыннік. Кіраўніцтва Расіі ішло на пэўныя ахвяры, таму што разлічвала атрымаць тэрыторыю, заселеную дзесяці мільённым працавітым і адукаваным насельніцтвам. Гэты крок павінен быў таксама забяспечыць непасрэдны выхад РФ на межы з ЕЗ. Эканамічныя мінусы Расіі нам падаюцца не такімі ўжо і істотнымі. Захад у тыя часы, на вялікі жаль, не здолеў у гэтым стратэгічна важным рэгіёне Усходняй Еўропы, хаця б збалансаваць уласным уплывам расійскі чыннік. Больш за тое, некаторыя еўрапейскія эксперты ў той час лічылі, што «дэмакратызацыя ў Беларусі магчыма, калі ёю будуць займацца расійскія палітыкі». [13]

Такім чынам, менавіта з 1994 г. па 2001 г. правінцыйнай палітычнай элітай быў не толькі выбраны дызайн асноўных інстытутаў палітычнай сістэмы Беларусі, але ён прайшоў пэўную апрабацыю на практыцы. Трэба сказаць, што інстытуты палітычнай сістэмы працавалі выключна на захаванне і умацаванне ўлады ў руках адной асобы – прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Калі казаць пра іншыя інстытуты (двухпалатны парламент, партыі, выбары, мясцовыя саветы і выканкамы), яны дзейнічалі вельмі фармальна. Як падлічыла Карастэлёва, калі ў Вярхоўным Савеце XIII склікання беспартыйныя кандыдаты складалі толькі 48%, то ў Палаце прадстаўнікоў другога склікання іх было ўжо 74%. [14] Гэта сведчыла аб відавочным імкненні прэзідэнта і яго атачэння пазбавіцца ад прадстаўнікоў любых палітычных арганізацый у вышэйшым заканадаўчым органе ўлады, якія зрабіліся дысфункцыянальнымі.

Нізкаму ўзроўню інсытуцылізацыі асноўных інстытутаў палітычнай сістэмы адпавядаў і характэр палітычнага рэжыму. Выкарыстанне пераменных вядомых палітолагаў Хуана Лінца і Альфрэда Стэпана (See: Linz J. and Stepan A. Problems of Democratic Transition and Consolidation.SouthernEurope, SouthAmerica, andPost-CommunistEurope. Baltimore & London: TheJohnsHopkinsUniversityPress, 1996.) дазваляе зрабіць выснову, што толькі па пакажчыку характэр кіраўніцтва Рэспубліка Беларусь нагадвала султанісцкі рэжым. Па ступені плюралізму, ролі ідэалогіі, характару мабілізацыі і стану правоўасобы ў 2001 г. наша краіна была падобнай на звычайныя аўтарытарныя рэжымы. Хаця менавіта ў гэты перыяд былі створаны ўмовы для ўмацавання безперашкоднага інтэрвенцыянізму дзяржавы ў эканаміку і сферу грамадзянскай супольнасці. Выкраданне вядомых апазіцыйных палітыкаў яскрава сведчыла таксама аб тым, што рэжым гатовы да забеспячэння мабілізацыі падтрымкі з выкарыстаннем парамілітарных структур (рыса султанізму). Створаны ў тыя гады патэнцыял да пераўтварэння рэжыму ў больш жорсткі ў значнай ступені быў рэалізаваны напрацягу наступнага дзесяцігодзьдзя. Аднак антыэлітны папулізм палітыкі А. Лукашэнкі стаў перашкодай на шляху інстытуцыялізацыіі (палітычнага развіцця), створанай ім палітычнай сістэмы, што магло прывесці да сур’езнага крызісу ў доўгатэрміновай перспектыве.

-----------------------------

[1] Коктыш К. Трансформация политического режима в Республике Беларусь 1990-1999 Москва: Общественный научный фонд, 2000, с.80-85;128-132.

[2] Гл.: Выступление А. Лукашенко по Белорусскому телевидению, 1995, 20 апреля.

[3] Гл.: Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі  1795-2002 Мінск: Энцыклапедыкс, с. 419- 423.

[4] Гл.: Политические партии Беларуси – необходимая часть гражданского общества. Материалы семинара/Авторы-составители. А. Федута, О. Богуцкий, В. Мартинович. Минск: Фонд им. Эберта, 2003, с. 34.

[5] Там сама, с.17.

[6] Карбалевич В. Александр Лукашенко: политический портрет. Москва: Партизан, 2010, с.164.

[7] Korosteleva E.The Emergence of a Party System // S. White, E. Korosteleva, R. J. Hill eds. Post-Communist Belarus: in Search of Direction. L.: Rowman and Littlefield, 2004, p. 46.

[8] Коктыш К. Пазнач.твор, с. 120.

[9] Гл.: Ляховіч А. Альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары траўня 1999 г.: ініцыятары, ход правядзеньня, палітычныя наступствы. // Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006, с.193-202. Згодна А. Федуце, “па самых мінімальных падліках у галасаванні бралі ўдзел каля 1 мільёну чалавек, што прыблізна складае не меньш чым 10% насельніцтва краіны і 14% выбаршчыкаў”. Гл.: Федута А. Лукашенко: Политическая биография. Москва: Референдум, 2005, с. 510.

[10] Карбалевич В. Демократическая оппозиция. // Президентские выборы в Беларуси: от ограниченной демократии к неограниченному авторитаризму (1994-2006). Под ред. О. Манаева. Новосибирск: Водолей, 2006, c. 276.

[11] У Брэсцкі выканкам прыйшоў кіраваць В. Даўгалёў,у Гродзенскі – У. Саўчанка, у Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт быў прызначаны М. Паўлаў, а ўМінскі абласны выканаўчы камітэт М. Дамашкевіч. Гл.: Хто ёсць хто ў Беларусі? Вільня, 2007. 

[12] Сіліцкі В. Эканамічная палітыка Лукашэнкі. // Беларуска-расійская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы. Мн.: Энцыклапедыкс, 2002, с. 64-65.

[13] Я падзяляю пункт гледжання літоўскага палітолага Давідоніса, які адзначаў, што «Еразвяз быў перакананы, што Расія павінна адыграць галоўную ролю ў спробах пераканаць беларускае кіраўніцтва ў неабходнасці дэмакратычных рэформ. Таму ЕЗ спабаваў уключаць беларускае пытанне ў парадак дня двухбаковых еўрапейска-расійскіх перамоваў». – See: DavidonisR. The Challenge of Belarusand European Responses // Occasional Papers. July 2001, no 29, p. 26. Французкі палітолаг  Гужон заклікала краіны Еўразвязу вызваліцца ад геастратэгічнага падыхода, які нязменна і ўвесь час ўключаў Беларусь у у сферу уплыву Рассіі” – See: Goujon A. A nationalisme e tidentite en Bielorussie.// Chaillot Paper. November 2005, no 85, p.17.

[14] KorostelevaE. Op.cit., p.47-50.