Эвалюцыя інстытутаў палітычнай сістэмы Беларусі ў 1985-1994 гадах (I)

У эпоху перабудовы ў сярэдзіне 80-х гадоў (у гэтым годзе споўніцца якраз 30 гадоў дадзенаму курсу) Беларуская ССР уступіла з Канстытуцыяй 1978 г., што замацоўвала кіруючую ролю КПСС, якая ажыццяўлялася праз сістэму Саветаў народных дэпутатаў. Адносіны ўлады не зведалі істотных змен у рэспубліцы і пасля таго, як пад уздзеяннем Масквы і першых масавых акцый пратэсту Мінск вымушаны быў пайсці на прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце 27 ліпеня 1990 г. Ніхто ў беларускім кіраўніцтве не збіраўся яе выконваць, а свой удзел у ‘парадзе суверэнітэтаў’, які тады адбываўся ва ўсіх савецкіх рэспубліках, яно тлумачыла неабходнасцю хутчэйшай падрыхтоўкі новай саюзнай дамовы. Яна мелася быць заключана паміж большасцю былых рэспублік СССР, якія з “сацыялістычных” ператвараліся ў  фармальна “суверэнныя”. Тэкст Дэкларацыі быў у асноўным падрыхтаваны фракцыяй апазіцыі БНФ у парламенце. У беларускіх камуністаў, якія ненавідзелі дзяржаўную незалежнасць, у той час не было нават альтэрнатыўнага праекту гэтага дакумента, і яны былі вымушаны прагаласаваць за варыянт, прапанаваны іх галоўнымі апанентамі, лічачы, што ўсё роўна ён так і застанецца на паперы.

Дэкларацыя аднак уносіла даволі істотныя змены ў палітычную сістэму. У прыватнасці, яна сцвярдждала, што «любыя гвалтоўныя дзеянні супраць нацыянальнай дзяржаўнасці з боку палітычных партый, грамадскіх аб`яднанняў ці асоб пераследуюцца па законе. Выступаць ад імя народа можа толькі Вярхоўны Савет БССР. На тэрыторыі Беларусі Дэкларацыя ўсталёўвала вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР. У дакуменце пацвярджаўся прыярытэт беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай. Дэкларацыя давала права ўраду ствараць нацыянальнае войска, рэспубліканскую міліцыю і службу бяспекі. Камуністы прагаласавалі таксама за пункт пра неабходнасць падпісання новай саюзнай дамовы паміж рэспублікамі, што ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза. Дэпутаты ад апазіцыі БНФ, якія выступалі супраць любых новых саюзаў з Расіяй, не бралі ўдзел ў гэтай частцы паседжання» [1].

Дэкларацыя была прынята Вярхоўным Саветам БССР, абраным на першых у гісторыі краіны адносна канкурэнтных парламенцкіх выбарах, якія адбыліся 4 сакавіка 1990 г. Яны праводзіліся па старым, толькі злёгку мадыфікаваным, савецкім заканадаўстве, з выкарыстаннем мажарытарнай сістэмы абсалютнай большасці. І пры вылучэнні кандыдатаў (ад працоўных калектываў ці сходаў грамадзян па месцы жыхарства), і пры правядзенні агітацыйнай кампаніі (пры няроўным доступе кандыдатаў да СМІ, якія знаходзіліся ва ўласнасці дзяржавы) камуністычная партыя забяспечыла сабе важныя перавагі. Гэтая акалічнасць, а таксама тое, што ў рэспубліцы разгарнулася лютая прапагандысцкая кампанія супраць прыхільнікаў незалежнасці і сапраўднай дэмакратызацыі (БССР справядліва называлі ‘Вандэяй перабудовы’), садзейнічала таму, што КПБ атрымала каля 86% дэпутацкіх мандатаў, у той час як у прадстаўнікоў БНФ – галоўнай апазіцыйнай сілы, аказалася толькі прыкладна 11% месцаў у Вярхоўным Савеце (36 дэпутатаў) [2].

Вядома, у такіх умовах парламенцкая апазіцыя мала што магла зрабіць. Ёй бракавала палітычнага досведу і ведаў. Беларускі народны фронт у падтрымку перабудовы быў заснаваны на ўстаноўчым з`ездзе ў Вільнюсе толькі за год да выбараў у Вярхоўны Савет. Такім чынам, у канцы 80-х гадоў Беларусь апынулася пад поўным кантролем кансерватыўных сіл з кіраўніцтва КПБ-КПСС, якое кіравала сістэмай саветаў, амаль так як у даперабудоўчыя часы. Расклад палітычных сіл у Вярхоўным Савеце XIIсклікання прыведзены ў  табліцы 1 Структура беларускага парламенту [3].

Табліца 1. Структура беларускага парламенту ў 1990-1994 гадах

 

Палітычная партыя альбо фракцыя

Колькасць месцаў,атрыманых прадстаўнікамі  партый па выніках выбараў у 1990, пазначана злева, колькасць мандатаў у прадстаўнікоў фракцыйу 1994 пазначана справа

КПБ/ПКБ

      303                                           170

Союз

                                                        30

Беларусь

                                                        80

Прамыслоўцы

                                                        35

Аграрыі

                                                        40

Камуністы за дэмакратыю*- Дэм. рэформы

       33/53

Дэмакратычная плынь**

       67/100

АпазіцыяБНФ

       36                                            27

БСДГ

                                                       15

АДПБ

                                                        2

Як бачна з гэтай табліцы, істотная перавага палітычных сіл у парламенце заўсёды была ў руках прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Адразу пасля набыцця незалежнасці, калі ўзрасла роля дэмакратычнай апазіцыі, у тым ліку і парламенцкай, ён мог абаперціся на трывалую падтрымку былых камуністычных дэпутатаў, якія колькасна пераўзыходзілі рэфарматараў. Як сведчыць нядаўняя гісторыя парламенцкіх дэбатаў, яна заўсёды аказвалася прэм’еру, нягледзячы на тое, што пасля жнівеньскага путчу 1991 г. В. Кебіч і сябры яго ўраду выйшлі з КПБ.

Потым ён паспрабаваў некалькі змяніць палітычную базу парламенцкай падтрымкі Савета міністраў. Першыя ролі пачалі выконваць фракцыя Беларусь, уздзельнікі якой спалучалі сваю працу ў Вярхоўным Савеце са службай ва ўрадзе і выканкамах на месцах. Даволі заўважную ролю на гэтым этапе пачалі адыгрываць дэпутатскія аб’яднанні прамыслоўцаў і аграрыяў, якія супрацоўнічалі з дэідэалагізаванымі партыямі “пад выбары” – Беларускім навукова-прамысловым кангрэсам (БНПК) і Аграрнай парыяй (АП). За гэтым хаваецца імкненне В. Кебіча вызваліцца ад залежнасці ад ПКБ, кіраўніцтва якой выступіла з рэзкай крытыкаваць прэм’ера за “правы ўхіл” на  з’ездзе ў 1994 г. Разам з тым, у адрозненне ад тагачасных лідэраў Украіны і Расіі, ён так і не здолеў канчаткова развітацца з камуністычнай ідэялогіяй.

Сама камуністычная арганізацыя ў Беларусі была адносна маналітнай сілай. На момант распаду СССР колькасць арганізацыі дасягнула 670 тясч чалавек. У Вярхоўным Савеце XIIсклікання ў 90% дэпутатаў быў у кішэні партыйны білет, хаця і не ўсе камуністы ўвайшлі ў партыйную групу. Пасля абрання ў снежні 1990 г. А. Малафеева ў якасці першага сакратара ЦК, КПБ узяла курс на непрыхаваны сабатаж перабудовы і закручванне гаек унутры краіны [4]. Безумоўна аўтарытэт КПБ падрывала інфармацыя аб дачыненні рэспубліканскай арганізацыі да масавых рэпрэсій у гады кіравання Сталіна, а таксама спробы кіраўніцтва кампартыі замоўчаць факты сапраўдных маштабаў наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС для жыхароў Беларусі.

Нягледзячы на знешнюю маналітнасць і згуртаванасць, тэндэнцыі дэзінтэграцыі выявіліся і ў беларускай кампартыі. Пад уплывам працэсаў у саюзным цэнтры ў Беларусі ўвесну 1990 г. сфармавалася так званая Дэмакратычная платформа ў КПСС. Супраць яе ініцыятараў была разгорнута сапраўдная ідэалагічная барацьба, як супраць носьбітаў “рэвізіянісцкай ерасі”. Разуменне немагчымасці рэфармаваць КПБ знутры прывяло да таго, што вялікая частка ўдзельнікаў гэтага руху перайшло на ліберальныя пазіцыі і стала адным з сузаснавальнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (АДПБ) [5]. Два дэпутаты прадстаўлялі партыю ў Вярхоўным Савеце (гл. Табліца 1.). У Беларусі, у адрозненне ад шматлікіх іншых рэспублік былога СССР, напрыклад, Літвы і Украіны, так і не адбылася трансфармацыя істотнай часткі афіцыйнай камуністычнай арганізацыі ў масавую левацэнтрыскую партыю сацыял-дэмакратычнай арыентацыі.

Аднак галоўным ворагам беларускіх артадаксальных камуністаў былі не лібералы, а нацыяналдэмакраты з Беларускага народнага фронту (БНФ). Сярод заснавальнікаў гэтай арганізацыі вылучаюцца два структурныя элементы: прадстаўнікі патрыятычнай часткі беларускай інтэлігенцыі, якія на добра вядомым пасяджэнні ў Доме кіно ў Мінску 19 кастрычніка 1988 г. заснавалі арганізацыю Мартыралог Беларусі і аргкамітэт БНФ. Другім цэнтрам прыцягнення сталі маладзёжныя арганізацыі і, у першую чаргу, Талака, Тутэйшыя, Паходня, Касінэр, Світанак і інш. Моладзь прымала тады самы актыўны ўдзел у шматтысячных акцыях пратэсту, якія пракаціліся па Беларусі. Нефармальныя аб`яднанні афіцыйна запатрабавалі ў Вярхоўнага Савета XI склікання надаць беларускай мове статус дзяржаўнай. Яны правялі другі Вальны Сойм у Вільнюсе ў пачатку 1989 г., на якім абмяркоўваліся пытанні дзяржаўнага суверэнітэту, афіцыйнай мовы, рэспубліканскага грамадзянства. Выбітныя лідэрскія якасці Зянона Пазьняка і велізарны маральны аўтарытэт народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава дазволілі даволі лёгка і хутка інтэграваць гэтыя плыні ў моцную і адзіную арганізацыю – Беларускі народныфронт Адраджэннеў падтрымку перабудовы, устаноўчы з`езд якой прайшоў у сталіцы Літвы 24-25 чэрвеня 1989 г. З’езд вымушаны быў прайсці за мяжой, таму што кіруючыя ў краіне камуністы вельмі баяліся ўмацавання свайго галоўнага палітычнага канкурэнта. БНФ да моманту дасягнення краінай незалежнасці быў незарэгістраванай арганізацыяй, а таму быў пазбаўлены цэлага шэрагу прывілеяў, якімі карысталіся юрыдычныя асобы.

Безумоўна, ва ўмовах манапалізацыі ўлады ў руках КПБ-КПСС, якая кіравала краінай, не зважаючы на перабудову, парламенцкая апазіцыя мала што магла зрабіць. Як адзначалася вышэй, ёй бракавала палітычнага досведу і ведаў. Беларускі народны фронт быў створаны для доўгатэрміновай барацьбы за незалежнасць краіны. Распад жа СССР апынуўся для многіх нечакана хуткім. Акрамя таго, БНФ не ўлілічваў тых абставін, што савецкая ідэя, нягледзячы на ўсе яе мінусы, была папулярнай для многіх грамадзян, якія атаясамлівалі з ёй дасягненні нядаўняй індустрыялізацыі і ўрбанізацыі. Праграма фронту выглядала як самы рашучы праект пераўтваврэння Беларусі ў дэмакратычную і еўрапейскую дзяржаву, але гэтыя абставіны рабілі яго ў вачах значнай часткі насельніцтва, надзвычай радыкальным [6].

Палітычная сітуацыя ў Беларусі рэзка памянялася пасля падаўлення жнівеньскага путчу і прыпынення дзейнасці КПСС як злачыннай арганізацыі, якая ўдзельнічала ў арганізацыі антыканстытуцыйнага перавароту ў СССР. Пад забарону патрапіла і рэспубліканская камуністычная арганізацыя, якая падтрымала ГКЧП у дні путчу, нягледзячы на яе запозненую заяву аб выхадзе з саюзнай структуры. Пазачарговая сэсія Вярхоўнага Савета ў Мінску 24 жніўня 1991 г. прыпыніла дзейнасць КПБ. У той жа дзень сэсія пазбавіла спікера беларускага парламента М. Дземянцея яго паўнамоцтваў. На наступны дзень 25 жніўня 1991 г. дэпутаты парламента прагаласавалі за тое, каб надаць Дэкларацыі аб суверэнітэце статус Канстытуцыйнага Закона. У верасні старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны вядомы палітык дэмакратычных поглядаў С. Шушкевіч.

Разам з тым, адносіны ўлады ў краіне не зведалі істотных зменаў, аб прычынах такой сітуацыі можна прачытаць у артыкуле аўтара: “Структура эліт у Беларусі і яе ўплыў на стабільнасць палітычнага рэжыму” [7]. Гэта не магло не адбіцца самым негатыўным чынам і на развіцьці інстытуцыйнай структуры палітычнай сістэмы краины. Яна ўсе болей і болей нагадвала сітуацыю інстытуцыйнага заняпаду ў тэрміналогіі вядомага палітолага Гельмана.

Паступова станавілася зразумелым, што ў краіне амаль нічога не змянілася, акрамя назвы і сімволікі. Старая наменклатура кантралявала эканоміку праз захаванне манаполіі дзяржавы на ўласнасць. Яна ж панавала ў міністэрствах і ведамствах, у парламенце, у мясцовых структурах улады. Прэм`ер В. Кебіч зноў забяспечыў сабе абсалютны кантроль над Вярхоўным Саветам. Улетку 1992 г. была зарэгістравана Партыя Камуністаў Беларуская (ПКБ), а неўзабаве была легалізавана раней забароненая КПБ, сябры якой аб`ядналіся з ПКБ. Камуністычныя дэпутаты, аб`яднаныя ў двух фракцыях Саюз і Беларусь, мелі абсалютную большасць мандатаў і сталі зноў на пэўны час палітычнай апорай Кебіча. Урад узяў на сябе выкананне і некаторых заканадаўчых функцый. У прыватнасці, быў прыняты шэраг дэкрэтаў і распараджэнняў, якія зрабілі Савет міністраў саўладальнікам амаль 80% газет, а таксама забяспечылі яго поўны кантроль над радыё і тэлебачаннем [8].

З 1991 па 1994 год 100% пасадаў у міністэрствах, а таксама пасадаў у мясцовых выканкамах, замяшчаліся па прапанове кіраўніка ўрада прадстаўнікамі былой  камуністычнай эліты. Ён яе цудоўна ведаў [9]. Варта адзначыць, у гэтай сувязі, што пасля дасягнення краінай незалежнасці В. Кебіч прапанаваў З. Пазьняку падабраць людей з БНФ для працы ў некаторых міністэрствах (міністэрстве культуры, напрыклад). Аднак лідэр парламенцкай апазіцыі адмовіўся пайсці на та званую кааптацыю, справядзіва мяркуючы, што гэты ўрад доўга не праіснуе і не варта ўскладаць адказнасць на сябе за правалы губляючага папулярнасць прэм’ера.

Сітуацыя ў парламенце крыху адрознівалася ад дадзенага ўзору ў лепшы бок. Вялікая роля там належыла партыйным фракцыям і спецыялізаваным камітэтам. Некаторым дэпутатам-дэмакратам удалося атрымаць пасады кіраўнікоў даволі ўплывовых камітэтаў. Так Дм. Булахаў быў старшыней Камісіі па заканадаўству, Г.Карпенка – па навуцы, А. Сасноў – па працы і працоўных адносінах. Аднак і у спецыялізаваных камітэтах дамінавалі не рэфарматары, а іх праціўнікі. У рэгіёнах у той час дэмакраты займалі даволі моцныя пазіцыіі ў Мінскім, Гомельскім і Гродненскім гарсаветах. Аднак прадстаўнічая ўлада мела меньшы уплыў, чым выканаўчая, хаця апошняя і не была поўнасцю непадкантрольнай ёй, як зараз.

Формай кіравання Рэспубліка Беларусь уяўляла сабой на гэтым этапе, на думку беларускага палітолага Віктара Чарнова, квазіпарламенцкую, савецка-прэм`ерскую рэспубліку[10]. Сам Вярхоўны Савет, абраны ў савецкі час і па савецкім заканадаўстве, не меў шматлікіх механізмаў для рэальнага кантролю над урадам, які толькі фармальна з`яўляўся падсправаздачным дэпутатам.

У Дэкларацыі аб суверэнітэце ўпершыню за ўсю гісторыю Беларусі дэкларавалася неабходнасць аддзялення заканадаўчай, выканаўчай і судовай ўлады. Аднак у жыццё гэтыя важны прынцып не пераўтвараўся, і паступова ў дзяржаўным будаўніцтве выявіўся яўны ўхіл у бок надання большых паўнамоцтваў выканаўчай уладзе. Яшчэ ў чэрвені 1991 г. ва ўмовах адсутнасці ў краіне неабходнай заканадаўчай базы, Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон Аб прадстаўленні Савету міністраў дадатковых паўнамоцтваў на 1991-1992 гады. У адпаведнасці з ім, урад рэспублікі атрымаў шэраг правоў па рэгуляванню народнай гаспадаркі. Асабіста старшыні Савета міністраў было перададзена права прызначаць і звальняць сяброў ураду, ужываць дысцыплінарныя спагнанні з асоб, падпарадкаваных Савету мінісраў. 5 лютага 1993 г. тэрміны дзеяння гэтага Закону былі падоўжаны парламентам. Акрамя паўнамоцтваў, пазначаных вышэй, урад атрымаў і цэлі шэраг дадатковых. У прыватнасці, Савет міністраў атрымаў права ўсталёўваць маёмасную адказнасць суб’ектаў гаспадарання і матэрыяльную адказнасць іх кіраўнікоў, іншых службовых асоб за парушэнні гаспадарчага заканадаўства. Урад атрымаў магчымасць прымяняць канчатковыя рашэнні аб размяшчэнні альбо рэканструкцыіі прадпрыемстваў і іншых аб’ектаў, што мелі агульнанацыянальнае значэнне, ва ўмовазх калі мясцовыя ўлады не давалі на гэта згоду. 22 лютага 1994 г. Савет міністраў атрымаў ад парламента права на пэўны час выконваць некаторыя функцыі Вярхоўнага Савету. Такім чынам, кола паўнамоцтваў, якія былі прадстаўлены ўраду, парушалі патрабаванні Дэкларацыі аб суверэнітэце аб падзеле ўладаў у Рэспубліцы Беларусь [11].

Не былі належным чынам прапісаны і паўнамоцтвы спікера, які, фактычна, быўшы кіраўніком дзяржавы, не мог праводзіць самастойную палітыку. Як неаднаразова заяўляў С. Шушкевіч, яго паўнамоцтвы не прасціраліся далей сцен Вярхоўнага Савета. Непрафесійны склад першага беларускага дэпутацкага корпуса, вялікая частка якога яшчэ і працавала на кіруючых пасадах у структурах урада або на прадпрыемствах народнай гаспадаркі, рабіў яго залежным ад прэм`ер-міністра, які часта ўмешваўся ў кампетэнцыю парламента. Гэта стварала шматлікія калізіі ў адносінах паміж спікерам і прэм`ерам. Можна было смела сцвярджаць, што ў 1994 г. у Беларусі склаліся некаторыя элементы прэм`ерскай дыктатуры, якая шматлікімі сваімі рысамі нагадвала аналагічны палітычны рэжым у Славакіі, усталяваны ў часы кіравання У. Меч’яра (1994-1998 гг.). Адхіленне ад улады С. Шушкевіча ў студзені 1994 г. стала толькі сімвалічным пацвярджэннем такога развіцця падзей.

Аднак прэм`ерская дыктатура не стала стабільнай палітычнай формай, не атрымала яна і замацавання ў тэксце Канстытуцыі, нягледзячы на тое, што такія спробы рабіліся (у адным з праектаў Асноўнага Закона). Справа ў тым, што адсутнасць рынкавых рэформ выклікала востры эканамічны крызіс у 1993-1995 гадах. Расла незадаволенасць палітыкай урада і станам спраў у парламенце ў простых грамадзян. Набліжаўся і тэрмін чарговых выбараў у Вярхоўны Савет. У такіх умовах кіруючая эліта вырашыла змяніць правілы “палітычнай гульні”, увесці пасаду прэзідэнта, які мог бы стаць важнай прыладай для забеспячэння захавання наменклатуры ў якасці дамінуючага палітычнага актару ў нашай краіне на доўгі час.

Ідэя пераходу да прэзідэнцкай рэспублікі з`явілася адразу ж пасля набыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці. Яна, напрыклад, прысутнічала ў першым праекце Асноўнага Закона, які быў надрукаваны для ўсенароднага абмеркавання яшчэ ў канцы 1991 г. Затым гэтая ідэя надоўга знікла з поля зроку, таму што марудна ішоў сам працэс прыняцця Канстытуцыі. У беларускім грамадстве не было адзінства па гэтым пытанні. “Партыя ўлады” схілілася да неабходнасці ўвядзення пасады “моцнага прэзідэнта” толькі пад уплывам В. Кебіча і пасля вывучэння вопыту Расіі. Аднак і ў яе шэрагах не было адзінства, таму што артадаксальныя камуністы, напрыклад, лічылі прэзідэнтуру адным са згубных “буржуазных вынаходстваў”.

Апазіцыя таксама была расколата па гэтым пытанні. Калі, напрыклад, для лідэра БНФ З. Пазняка пераход да прэзідэнцкай рэспублікі пагражаў усталяваннем адкрытай неакамуністычнай дыктатуры, то для АДПБ (беларускіх лібералаў) сітуацыя выглядала зусім па-іншаму. Яшчэ ў студзені 1992 г. яны гаварылі, «што выхадам з тупіку… можа стаць стварэнне ў рэспубліцы інстытута прэзідэнцкай улады. Для гэтага неабходна ўвесці адпаведныя змены ў старую Канстытуцыю, ці як мага хутчэй прыняць новую. Трэба правесці выбары прэзідэнта, які сфармуе ўрад, адносна незалежны ад кансерватыўнага Вярхоўнага Савета, і пачне праводзіць рашучыя рэформы, не чакаючы пераабрання парламента» [12].

Так ці інакш, 15 сакавіка 1994 г. дэпутаты беларускага парламента прагаласавалі за тэкст Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які прадугледжваў пасаду прэзідэнта, які адначасова з`яўляўся кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Асноўны Закон быў падпісаны новым спікерам парламента М. Грыбам. Прэзідэнт, як і парламент, абіраўся на 5 гадоў грамадзянамі на ўсеагульных выбарах. Парламент зацвярджаў асноўных міністраў, якіх прызначаў прэзідэнт у структуры ўрада, і абіраў судовую ўладу. У дэпутатаў адсутнічала права вынясення вотуму недаверу Кабінету міністраў і прэм`еру. У прэзідэнта, у сваю чаргу, адсутнічала права роспуску парламента. Беларускія парламентарыі валодалі істотнымі заканадаўчымі паўнамоцтвамі і маглі пераадольваць вета прэзідэнта на прыняты закон 2/3 галасоў. Яны маглі таксама ўзбуджаць працэдуру імпічменту супраць кіраўніка дзяржавы ў выпадку сур`ёзнага парушэння ім Канстытуцыі краіны. Канстытуцыйны Суд пры гэтым павінен быў разгледзець заяву як мінімум 70 народных абраннікаў, каб зрабіць адпаведнае заключэнне. Само ж палітычнае рашэнне па гэтым пытанні прымалася парламентам 2/3 галасоў. Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд меў і шэраг іншых прэрагатыў: у яго было, напрыклад, права судовага перагляду (judicial review). Такім чынам, Канстытуцыя 1994 г. уводзіла інстытуты амаль класічнай прэзідэнцкайрэспублікі, якія, аднак, падвергліся вельмі хуткай эрозіі і не вытрымалі выпрабавання на практыцы.

У новай Канстытуцыі безумоўна былі адлюстроўваліся інтарэсы той эліты ўлады, якая бачыла В. Кебіча абраным кіраўніком беларускай дзяржавы. Ён паверыў у свае даволі высокія шансы атрымаць гэту пасаду пасля згоды расійскага кіраўніцтва падтрымаць менавіта яго кандыдатуру на выбарах 1994 г. Ён ўзамен абяцаў далучыць Беларусь да рублёвай зоны Расійскай Федэрацыі. Тым самым В. Кебіч атрымаў вельмі важны палітычны рэсвурс, які мог забяспечыць гэтаму палітыку рашаючую перавагу над усімі канкурэнтамі.

Існуюць розныя ацэнкі беларускага Асноўнага Закона 1994 г. і яго палітычных наступстваў. Паводле меркавання расійскага палітолага Коктыша, «апагеем і лагічным завяршэннем “канструктыўнага” перыяду, які пачаўся ў 1991 г. з інкарпаравання Шушкевіча ва ўладу і з стварэння “сурагатнага” рынка і завяршыўся з адстаўкай Шушкевіча з пасады спікера ў пачатку 1994 г. і з крахам у тым жа годзе “псеўдарынка” ўрада, было стварэнне новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя замацоўвала поўнасцю еўрапейскі статус Рэспублікі Беларусь з прэзідэнцкай формай кіравання. Кебіч, які меў поўны кантроль над амаль разваленай эканамічнай сістэмай і пры адсутнасці важкага эканамічнага базісу ў відавочных палітычных канкурэнтаў, не сумняваўся ў сваёй перамозе і хацеў зарэзерваваць “пад сябе” істотныя паўнамоцтвы для заключэння магчымага саюза з Расіяй. Тым не менш, гэтыя паўнамоцтвы зусім не мелі дамінуючага характару – Канстытуцыя не прадугледжвала суперпрэзідэнцкай формы кіравання, яна захоўвала досыць вялікія правы для заканадаўчай улады і ўводзіла ва ўладную сістэму інстытут Канстытуцыйнага Суду з суддзямі, якія прызначалісь Вярхоўным Саветам на пажыццёвай падставе. Увогуле, Канстытуцыя даволі выразна і паслядоўна праводзіла прынцып падзелу ўладаў»” [13].

Паводле беларускага палітолага і журналіста Аляксандра Лукашука, «раздзел Канстытуцыі, прысвечаны правам чалавека, адпавядае Усеагульнай Дэкларацыі, аднак яго лёгкая і амаль аднадушная ўхвала ў Вярхоўным Савеце азначала, што бацькі беларускай Канстытуцыі насамрэч і не разглядалі яго, як нешта важнае. Большасць з іх успрымае правы чалавека, як частку неабходнай рыторыкі, comme il faut, мову новага часу. Канцэпцыя правоў чалавека не мела практычнага значэння, бо не магла навязвацца праз суды. Тое ж самае тычыцца і большасці сацыяльна-эканамічных правоў, якія перавандравалі сюды з старой савецкай Канстытуцыі. Цяжка сказаць, якім чынам іх можна было гарантаваць» [14].

На думку вядомага палітолага Катэліна Міхаліскі, «істотным недахопам першага беларускага парламента было тое, што большасць дэпутатаў сумяшчалі сваю заканатворчую дзейнасць з кіруючай працай на прадпрыемствах народнай гаспадаркі, а таксама ў дзяржаўнай адміністрацыі (толькі 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета працавалі на прафесійнай падставе). Такі стан рэчаў фактычна атрымаў замацаванне ў Канстытуцыі 1994 г. Артыкул 92 прадугледжваў, што дэпутат Вярхоўнага Савета ажыццяўляе свае паўнамоцтвы ў Вярхоўным Савеце на прафесійнай падставе, або, паводле яго жадання, не парываючы з вытворчай ці службовай дзейнасцю. Дэпутатамі Вярхоўнага Савета не могуць быць прэзідэнт, сябры Кабінета Міністраў, суддзі, а таксама іншыя асобы, прызначаныя на пасаду прэзідэнтам ці па ўзгадненні з ім. Другая частка гэтага артыкула сведчыць аб тым, што беларускія заканадаўцы ўсвядомілі важнасць прынцыпу розны персанал (distinct personnel) для класичнай прэзідэнцкай рэспублікі, але яе першая частка фактычна рабіла народных абраннікаў людзьмі, залежнымі ад выканаўчай улады» [15].

На нашу думку, не недахопы Канстытуцыі 1994 г. адыгралі рашаючую ролю ў тым, што прэзідэнцкая рэспубліка, заснаваная на падзеле ўладаў, апынулася настолькі нетрывалай. Яна праіснавала толькі да лістапада 1996 г. Па-першае, працяглая барацьба ўрада Кебіча з Беларускім народным фронтам прывяла да аслаблення тых палітычных сіл у грамадстве, якія былі ў стане абараняць Асноўны закон. Па-другое, ва ўмовах вострага эканамічнага крызісу, калі падзенне вытворчасці дасягнула 35%, а ўзровень інфляцыі складаў 40-50% у месяц, абменны курс беларускага рубля знізіўся ў некалькі разоў, запатрабаваным для большасці людзей стаў не падзел уладаў, а моцная ўлада, якая магла навесці парадак [16]. Такая патрэба была ўласцівай для найменш абароненых групаў грамадства, якія тады калькасна пераўзыходзілі ўсіх астатніх. Яны і аказалі трыўмфальную падтрымку на выбарах не прадстаўніку эліты – дэпутату А. Лукашэнку, для якога “пакаранне чыноўнікаў” і “навядзенне элементарнага парадку” ў краіне былі галоўнымі складовымі часткамі перадвыбарчай праграмы.

Адсутнасць выбараў доўгі час замарудзіла працэс партыйнага будаўніцтва. Вышэй казалася пра БНФ і ПКБ як два цэнтры прыцягнення для так званых ідэалагічных партый. Акрамя іх, перад выбарамі 1994 г. з’явіліся і дзве партыі-праекты, аднак па свайму ўплыву яны істотна саступалі партыям першага тыпу. Беларускі народны фронт трансфармаваўся ў партыю ў 1993 г. ў выніку палітызацыі нефармальных ініцыятыў. Аналагічным шляхам ішлі і іншыя апазіцыйныя палітычныя арганізацыі. Так у сакавіку 1991 г. быў праведзены ўстаноўчы з`езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады(БСДГ). На ім было заяўлена аб тым, што новая партыя разглядае сябе правапераемнікам першай беларускай палітычнай арганізацыі, якая дзейнічала яшчэ ў пачатку ХХ ст. Кіраўніцтва партыі на чале з прафесарам М. Ткачовым думала, што Грамада павінна «запоўніць вакуум, утвораны адсутнасцю ў краіне левай партыі, створанай на грунце былой кампартыі, гэта значыла, што яна імкнулася стаць левай нацыянальна арыентаванай сацыял-дэмакратычнай партыяй» [17]. У чэрвені 1991 г. прайшоў з`езд Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай Злучнасці (БХДЗ). Старшынёй партыі быў абраны П. Сілко, які разглядаў арганізацыю прадаўжальніцай хрысціянска-дэмакратычных традыцый у нашай краіне. У чэрвені 1991 г. паўстала і Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі(НДПБ). З`езд абраў трох сустаршыняў: А. Астапенку, В. Навуменку, М. Ермаловіча. У той час партыя займала самыя правыя пазіцыі і, у адрозненне ад БНФ, не прымала ў свае шэрагі людзей, якія не авалодалі беларускай мовай. Нарэшце, у 1991 г. была заснавана і Беларуская сялянская партыя(БСП) на чале з Я. Лугіным. Гэта арганізацыя рэпрэзэнтавала інтарэсы фермерства, якое нараджалася, і выступала за правядзенне глыбокіх рынкавых рэформаў у сельскай гаспадарцы. Усе вышэйназваныя партыі пацвердзілі сваё сяброўства ў Беларускім народным фронце на яго II з`ездзе і атрымалі месцы ў кіруючых органах гэтага найбуйнейшага апазіцыйнага руху. Тым самым БНФ пазіцыянаваў сябе як сапраўдную цэнтрысцкую сілу, што аб`ядноўвала ўсіх прыхільнікаў дзяржаўнай незалежнасці і дэмакратыі: ад сацыял-дэмакратаў злева да нацыянал-дэмакратаў справа. Аднак сітуацыя істотна змянілася ў 1993 г., калі БНФ сам стаў партыяй правацэнтрысцкай арыентацыі.

Пэўная частка дэмакратычных палітычных арганізацый Беларусі паўстала незалежна ад БНФ. У гады перабудовы ў Мінску на рэгулярнай падставе працаваў палітычны клуб Сучаснік, які аб`ядноўваў рускамоўных інтэлектуалаў, меўшых уласнае бачанне развіцця краіны. У сакавіку 1990 г. у Мінску прайшла рэспубліканская канферэнцыя Дэмакратычнай платформы ў КПСС, якая прыняла дэкларацыю прынцыпаў і сфармавала Каардынацыйную раду. Аднак з-за ціску з боку кіраўніцтва КПБ Дэмакратычная платформа не змагла трансфармавацца ў сур`ёзны палітычны рух. У 1990 г. склалася некалькі квазіпартый, якія падзялялі ліберальныя погляды і называліся “дэмакратычнымі”. У лістападзе 1990 г. усе гэтыя арганізацыі правялі аб`яднальны з`езд і сфармавалі Аб`яднаную дэмакратычную партыю Беларусі(АДПБ). Яна абрала ліберальную ідэалогію ў якасці палітычнай дактрыны. На чале арганізацыі стаялі шэсць сустаршыняў. Праз год у лістападзе 1991 г. на II з`ездзе АДПБ узначаліў былы саюзны дэпутат А. Дабравольскі. Дадзеная арганізацыя адмовілася ўступаць у БНФ, лічачы, што яна зможа стварыць масавую палітычную структуру з дэмакратычна думаючай рускамоўнай часткі грамадства. Але гэтая задача аказалася для партыі не па сілах. Для АДПБ у той час прыярытэтнай мэтай было не адраджэнне беларускай культуры, а правядзенне рынкавых эканамічных рэформаў, што стварала пэўныя непаразуменні ў адносінах партыі з кіраўніцтвам Народнага фронту [18].

У 1992 г. з шматлікіх экалагічных арганізацый была створана Беларуская партыя зялёных, якая ў канцы 90-х трансфармавалася ў Беларускую экалагічную партыюзялёных БЭЗ. Іншая частка прыхільнікаў абароны навакольнага асяроддзя спачатку заснавала палітычную арганізацыю Беларуская партыя Зялёны свет, якая ў 1994 г. ператварылася і ў цяпер дзеючую арганізацыю -- Беларускую партыю Зялёныя (БПЗ).

У Беларусі існавалі і недэмакратычныя нефармальныя арганізацыі, звязаныя з расійскімі нацыяналістамі з таварыства Памяць і аналагічнымі структурамі. У 1992 г. Міністэрства юстыцыі зарэгістравала палітычную партыю Славянскі сабор Белая Русь (ССБР), якая выступала за ўз`яднанне славянскіх народаў былога СССР у межах адзінай дзяржавы. Ідэалогія арганізацыі насіла яскравы панславісцкі характар з прысмакам ксенафобіі і расізму. ССБР так і не ператварыўся ў рэальную палітычную сілу.

Такім чынам, палітызацыя нефармальных арганізацый у Беларусі спачатку прывяла да ўзнікнення адзінага масавага руху, які неўзабаве раскалоўся на некалькі палітычных партый дэмакратычнай арыентацыі. Ніводная з іх не магла канкураваць з Партыяй БНФ па колькасці сяброў і арганізаванасці, але ў будучых электаральных спаборніцтвах большасць новых палітычных арганізацый выступала не саюзнікам Фронту, але яго канкурэнтам. Гэта, вядома ж, не магло не адбіцца самым негатыўным чынам на палітычным лёсе нацыянальнай і дэмакратычнай ідэі ў нашай краіне.

Рыхтуючыся да прэзідэнцкіх выбараў 1994 г, прэм’ер-міністр В. Кебіч ініцыяваў стварэнне лаяльных ураду цэнтрысцкіх партый-праектаў. У кастрычніку 1992 г. паўстаў Беларускі навукова-прамысловы кангрэс(БНПК), які аб`ядноўваў у сваіх шэрагах чыноўнікаў і частку дырэктарскага корпусу буйных прадпрыемстваў. На чале арганізацыі ўстаў дырэктар мінскага завода Гарызонт А. Санчукоўскі. У чэрвені таго ж года прайшоў устаноўчы з`езд Аб`яднанай аграрна-дэмакратычнай партыі Беларусі(ААДПБ), якая прадстаўляла інтарэсы старшыняў калгасаў і дырэктараў саўгасаў, так званых ‘чырвоных памешчыкаў’. Неўзабаве арганізацыя памяняла назву на Аграрную партыю (АП). Яе кіраўніком быў абраны старшыня калгаса Чырвоны сцяг Валожынскага раёна С. Шарэцкі. Увосень 1992 г. па ініцыятыве прэм`ера ствараецца Народны рух Беларусі як альтэрнатыва Беларускаму народнаму фронту і палітычная сіла, неабходная для забеспячэння перамогі В. Кебіча на выбарах кіраўніка дзяржавы. У гэты блок увайшла не толькі ПКБ, але таксама БНВК, ААДПБ, ССБР, ЛДП, а таксама парламенцкая фракцыя Саюз, Саюз афіцэраў, грамадскае аб`яднанне Поліссе і цэлы шэраг іншых арганізацый, якія рабілі стаўку на цеснае збліжэнне з Расіяй і забеспячэнне працягу дамінавання кансерватараў у палітычнай сістэме. На чале каардынацыйнага камітэта руху знаходзіўся былы расійскі афіцэр С. Гайдукевіч [19].

Аднак ва ўмовах абвастрэння эканамічных праблем і падзення папулярнасці В.Кебіча ў вачах насельніцтва, захаваць гэта аб’яднанне ад развалу не ўдалося. Вынікі першага туру прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. сведчылі аб слабасці ўсіх палітычных партый у пастсавецкай Беларусі, іх няздольнасці забяспечыць значную падтрымку электарата сваім кандыдатам. Цікава, што на выбарах прэзідэнта праўрадавыя партыі выступалі нават больш раз’яднанымі, чым апазіцыйныя. У сваю чаргу, за слабымі партыямі хавалася вельмі небяспечная для грамадства атамізацыя эліт.

Такім чынам, вынікам развіцця інстытутаў палітычнай сістэмы Беларусі ў перыяд з 1985 па 1994 гады стаў інстытуцыйны заняпад. Але ён не быў нам наканаваны. Калі б кіруючая эліта абрала, ў якасці канстытуцыйнай мадэлі, не прэзідэнцкую рэспубліку, а парланцкую форму кіравання, якую выкарысталі краіны Балтыі, шлях Беларусі быў бы іншым. Мы здолелі б справіцца з эканамічнымі праблемамі пераходнага перыяду без небяспечнай канцэнтрацыі ўсёй улады ў адных руках. Тое ж самае трэба сказаць і пра выбарчае заканадаўства: пераход да прапарцыйнай выбарчай сістэмы, альбо яе элементаў, хутка ўмацаваў бы партыі – адзін з асноўных інстытутаў палітычнай сістэмы ў сучасных краінах. 

-------------------  

[1] Цыт.: Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. Санкт-Пецярбург: “Неўскі прасцяг”, 2003. с. 212.

[2] Гл:. Сіліцкі В. Выбары Вярхоўнай Рады БССР у 1990 г. // Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі Вільня: Інстытут беларусістыкі, с. 13-24. Адрознай рысай гатага парламента было і тое, што 50 месцаў з 360 належыла не абраным грамадзянамі непасрэдна кіраўнікам рэспубліканскіх ветэранскіх і інвалідзкіх арганізацый. Яны займалі радыкальна пракамуністычныя пазіцыі. Касцяком групы былі прадстаўнікі парламенцкай фракцыі Саюз, што належылі да КПБ/ПКБ – Гл.: Мірановіч Я. Там сама, с.210; Несцяровіч Н. Ад Дэкларацыі аб дзяжаўным суверэнітэце да Канстытуцыі:фарміраванне органаў улады і кіравання // Гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Кн. 2. Мінск: Беларукая навука, с. 429.

[3] Табліца 1. складзена на падставе двух асноўных артыкулаў: Гл.: Расстановка политических сил – http://pogovorim.by/2206-rasstanovka-politicheskih-sil.html і Общая характеристика ведущих политических сил Беларуси. – http://ref.rushkolnik.ru/v33192/?page=4

* Фракцыя Камуністы за дэмакратыю была створана ўлетку 1991 г. Яна займала даволі крытычныя пазіцыі ў дачыненні да кіраўніцтва КПБ. Пасля падаўлення жнівеньскага путчу ў Маскве большасць сяброў групы заявілі пра свой выхад з КПБ, выключэннем стаў яе сустаршыня – дэпутат А. Лукашэнка (тады ён захаваў адданасць кампартыі). Іншыя ўдзельнікі групы заснавалі фракцыю Дэмакратычныя рэформы, колькасць яе сяброў спачатку павялічылася да 53 дэпутаў. Група паспрабавала стварыць новую партыю левацэнтрысцкага кірунку, што і было зроблена ў 1992 г., калі паўстала Партыя народнай згоды (ПНЗ). Аднак сама парламенцкая фракцыя хутка распалася з-за ўнутраных супярэчнасцяў.

** У дэпутацкае аб’яднанее Дэмакратычная плынь уваходзіла апазіцыя БНФ і створаная пазней  фракцыя Беларускай Сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ). 

[4] Гл.: Политические партии Беларуси – необходимая часть гражданского общества. Материалы семинара/Авторы - сост. А. Федута, О. Богуцкий, В. Мартинович. Минск: Фонд им. Ф. Эберта, 2003.

[5] Плиско М. Появление, становление и перспективы развития партийной системы в Беларуси// Политические партии: Беларусь и современный мир. Минск: Тесей, 2002, с.102-103.

[6] See: Leshchenko N. A Fine Instrument: Two Nation-Building Strategies in Post-Soviet Belarus // Nations and Nationalism. 2004, vol. 10 (3).

[7] Гл.: Роўда У. Структура эліт у Беларусі і яе ўплыў на стабільнасць палітычнага рэжыму // Наше мнение 2014 http://nmnby.eu/

[8] Гл.: Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі 1795 – 2002. Мінск: Энцыклапедыкс 2003, с.401-405.

[9] Выключэннем з гэтага правіла  з`яўляюцца вяломыя палітыкі дэмакратычнай арыентацыі Г. Карпенка і В. Ганчар, якія працавалі на пасадзе старшыні і намесніка старшыні гарвыканкама ў Маладэчне, а таксама С. Домаш, які быў старшыней Гродненскага гарадского выканаўчага камітэту. Аднак выключэнні толькі пацвярджаюць правіла. – Гл.: Федута А.. Александр Лукашенко. Политическая биография. Москва: Референдум, 2005, с. 661-686.

[10] Гл.: Чернов В. Структуры высшей исполнительной и законодательной власти //Беларусь. Сценарии реформ. Варшава: Фонд имени Стефана Батория, 2004, с.30.

[11] Гл.: Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. 1991. № 24. Арт.328; Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. 1993. №10. Арт. 99; Тамсама. 1994. № 12. Арт. 175.

[12] О необходимости института президентской власти в Республике Беларусь. Заявление Совета ОДПБ. 15 января 1992 г. // Президентские выборы в Беларуси: от ограниченной демократии к неограниченному авторитаризму (1994-2006). Новосибирск: “Водолей”, 2006, с. 482.

[13] Коктыш К. Трансформация политического режима в Республике Беларусь. М.: Московский общественный научный фонд, 2000, с. 49-50.

[14] Lukashuk A. Constitutionalism in Belarus: A False Start // Democratic Consolidation in Eastern Europe. Ed. by J. Zielonka, Vol. 1. Oxford: University Press, 2000, p. 305-306.

[15] Mihalisko K. Belarus: Retreat to Authoritarianism // Darwisha K. and Parrot B. eds. Democratic Change and Authoritarian Reaction in Russia, Ukraine, Belarus and Moldova. Cambridge: University Press, 1998, p. 252.

[16] Гл.: Карбалевич В. Александр Лукашенко: политический портрет. М.: Партизан, 2010, с.74.; Беларускі палітолаг Сіліцкі звяртае ўвагу на дачыненне кіраўніцтва Расійскай Федэрацыіі да гіперінфляцыі ў Ьеларусі ў тыя гады. Пасля таго, як у ліпені 1993 г. расійскі рубель спыніў сваё абарачэнне ў СНД, у Беларусь прыйшла гіперінфляцыя. Спробы макраэканамічнай стабілізацыі фактычна былі заменены перамовамі аб аднаўленні рублёвай зоны з Расіяй. Паколькі спробы стварыць новы грашовы саюз ні да чаго не прывялі, рэзкае скарачэнне вытворчасці і ўзроўню жыцця ў вышэйшай ступені пагоршылі палітычнае становішча ўрада, як раз напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў» – Гл.: Сіліцкі В. Эканамічная палітыка Лукашэнкі // Беларуска-Расійская Інтэграцыя. Менск: Энцыклапедыкс, 2002,  с.41.

[17] Плиско М. Указ. соч., с.117.

[18] Там сама, с. 102-103.

[19] Гл.: Шыбека З., Пазнач. твор, с. 405.