Стасункі Беларусі з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі: «для нас там – бязмежныя магчымасці»

Сяргей Богдан, Анжаліка Пабеданосцава-Кая

Рэзюмэ

У 2021 годзе адносіны Беларусі з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі (ААЛА) працягвалі заставацца ў заняпадзе, звязаным і з пандэміяй, і з палітычным крызісам унутры і вакол Беларусі. Сярод выняткаў былі адносіны з Кітаем. Аднак казаць пра застой у вонкавай палітыцы на гэтым напрамку не выпадае: Мінск шукае новыя рашэнні, хаця часцяком яны аказваюцца апартуністычнымі і нетрывалымі.

Тэндэнцыі:

Чарговы “разварот на Усход”

На ліпеньскай нарадзе па вонкавай палітыцы ў МЗС кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка запрапанаваў перагледзець вонкавапалітычную стратэгію краіны: “У міністэрстве павінны дасканала разумець, што сучасны свет не абмяжоўваецца краінамі Еўрапейскага Саюза”. Лукашэнка прывёў прыклад адносін з Кітаем, Індыяй, Пакістанам, Турцыяй ды іншымі дзяржавамі у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, на Блізкім Усходзе: “Для нас там – бязмежныя магчымасці – для краіны не вялізнай, і па эканоміцы, і па тэрыторыі і насельніцтву. Мы проста не заўсёды ўмеем гэтымі магчымасцямі эфектыўна карыстацца”. На нарадах аб супрацьдзеянні санкцыям 6 ліпеня і 7 кастрычніка ён збольшага паўтарыў гэтыя думкі.

У 2021 годзе вонкавы гандаль Беларусі рос па многіх напрамках. Як вынікае з статыстыкі гандлю з асобнымі краінамі ААЛА, вырас ён і ў гэтым кірунку. Напрыклад, экспарт у Кітай склаў 109.7%, а імпарт – 108.0% ад узроўня папярэдняга года; экспарт у Турэччыну – 270.4%, імпарт – 118.8%; экспарт у В’етнам – 97.0%, імпарт – 129.6%. Беларускія чыноўнікі зазначаюць дасягненні ў вонкавым гандлі, але ўказваюць, што здзейсненыя яны шмат у чым за кошт адкладзенага ў часы пандэміі попыту, і дасягнутае трэба замацоўваць.1

Для гандлю з многімі развіванымі краінамі была па-ранейшаму характэрная выбуховая дынаміка імклівага павелічэння і стромага скарачэння аб’ёмаў. Напрыклад, у мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Пакістанам склаў USD 92.6 млн і павялічыўся на 77% да ўзроўню 2020 года (сальда дадатнае – USD 63.6 млн), а пастаўкі беларускіх тавараў у рэгіён Цэнтральнай Афрыкі выраслі амаль у 4 разы.

Узаемадзеянне Беларусі з развіванымі краінамі змяншае залежнасць не толькі ад Захада, але і ад Расіі. Тым не менш, як і ў прамінулыя гады, яно ўзгаднялася з Масквой. Так, 9 лістапада намеснік міністра замежных спраў Беларусі Мікалай Барысевіч сустрэўся ў Маскве са спецпрадстаўніком прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па Блізкім Усходзе і Афрыцы, намеснікам расійскага міністра замежных спраў Міхаілам Багданавым, каб абмеркаваць рэгіянальную палітыку ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу. Зрэшты, у беларускага кіраўніцтва з’явіліся і новыя ідэі, як абаперціся на Расію ў рабоце з краінамі ААЛА не павялічваючы залежнасць ад Крамля: у часе кантактаў з кіраўніцтвам Прыморскага краю Расіі абмяркоўвалася магчымасць супрацоўніцтва з Кітаем і іншымі краінамі рэгіёна ў трохбаковым фармаце з удзелам Прымор’я.2

Сельскагаспадарчая дзяржава

Ва ўмовах закрыцця шэрагу рэгіянальных і заходніх рынкаў Мінску аказваецца няпроста перанакіраваць экспарт прадукцыі машынабудавання, хімічнай і горназдабыўнай індустрыі на незаходні свет. Гэта звязана з тым, што цягам усяго 2021 года захоўвалася тэндэнцыя да усё больш усеахопнага перапынення рэгіянальнымі дзяржавамі доступа Беларусі да мора. Часткова гэта абгрунтоўвалі спасылкамі на ўсё больш абмежавальныя санкцыі Захада супраць беларускіх прадпрыемстваў, але зазвычай рэгіянальныя дзяржавы ішлі далей, чым вымагалася дзейнымі санкцыямі. Ілюстрацыяй таго стаў перахоп летувіскімі ўладамі паставак запчастак БелАЗ у Чылі ў верасні.3 З асабліва вялікімі перашкодамі сутыкнуліся прадпрыемствы машынабудавання, хімічнай і калійнай прамысловасці.

У выніку беларускі ўрад пачаў рабіць яшчэ большы акцэнт на аграрна-прамысловым комплексе і яго экспартным патэнцыяле, у тым ліку ў напрамку ААЛА. Тэндэнцыя гэта не новая: экспарт беларускай сельгаспрадукцыі за дзесяць гадоў амаль падвоіўся, а сельгаспрадукцыя ў агульным аб’ёме экспарта складае пятую частку. Збольшага гэта дасягаецца дзякуючы продажам на постсавецкай прасторы, але заўважная частка прыпадае ўжо і на Кітай, які, напрыклад, стаў побач з Еўрасаюзам, Расіяй і Нарвегіяй адным з асноўных напрамкаў экспарту алейнатлушчавых вырабаў. Разам з тым, дадаў віцэ-прэм’ер А. Субоцін, “недазасвоеным застаецца рынак Кітая, яшчэ не адкрыты намі напоўніцу рынак Сярэдняй Азіі, Блізкага Усхода, ісламскі свет. Толькі пачынаем засвойваць рынак Афрыкі”.4 Падобныя мэты ставяцца і па іншых харчовых прадуктах.

У любым разе, Мінск ужо патрапіў дыверсіфікаваць экспарт у Кітай, пераадолеўшы ранейшыя тэндэнцыі, калі больш за дзве траціны яго складалі калійныя ўгнаенні. І зроблена гэта часткова за кошт харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі, доля якой дасягнула 40% і перавысіла долю калійных угнаенняў.

Як у Кітаі

Калі казаць пра асобных партнёраў у ААЛА, то на гэтым напрамку даўно вымалявалася схільнасць Мінска разглядаць стасункі з Кітаем як магістральны кірунак. Беларускія ўлады ахвотна ідуць на максімальнае ўзаемадзеянне з Пекінам, даходзячы да непрыхаванай дэкларацыі сваіх памкненняў пераймаць кітайскія канцэпцыі і практыкі дзяржаўнага кіравання, хаця яны пазбягаюць кампанентаў, звязаных з КПК. Часам ідзецца нават пра перайманне палітычнай рыторыкі (напрыклад, выступы цяперашняга віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова, які перасыпае свае словы цытатамі з Сі Цзіньпіна).5

28 студзеня афіцыйна адчынілася Генконсульства Беларусі ў Чунціне (КНР), і гэта было адзінае новае замежнае прадстаўніцтва, адчыненае ў 2021 годзе. Непасрэдных кантактаў высокага ўзроўню было няшмат, сярод іх варта згадаць сустрэчу 17 верасня ў кулуарах Рады кіраўнікоў дзяржаў-членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў Кітая Ван І. Але Пекін паказваў гатовасць да працягу супрацы, сведчаннем чаму былі і адпаведныя эканамічныя праекты і гуманітарныя жэсты. У 2021 годзе, напрыклад, Беларусь атрымала з Кітая 2 млн доз вакцыны ад каронавіруса. А ў верасні беларускаму МЗС была перададзеная кітайская дапамога для матэрыяльна-тэхнічнай базы міністэрства.

Развіваліся адносіны з буйным кітайскім бізнесам. Трэцяга лістапада прэм’ер-міністр Галоўчанка сустрэўся з першым віцэ-прэзідэнтам кітайскай кампаніі CITIC Construction. Яна была генеральным падрадчыкам і суінвестарам аўтамабілебудаўнічай фірмы “БелДжы”, а зараз ажыццяўляе ў краіне тры буйныя інвестыцыйныя праекты. Асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзеная стварэнню новага комплекса азотных угнаенняў і праектам Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), што будуе пад Мінскам высокатэхналагічную аграпрамысловую вытворчасць поўнага цыкла.

Спадзяванні з Кітаем звязваюць і ў нафтахімічнай галіне, якая пад санкцыйным ціскам таксама спрабуе ўразнастайніць спектр прапаноўваных ёй прадуктаў. У звязку з гэтым завод “Палімір” чакае, што кітайскія фірмы возьмуцца паставіць на яго новую этылен-прапіленавую ўстаноўку. Для арганізацыі ў краіне вытворчасці рухавікоў для тэхнікі БелАЗ, МТЗ, “Гомсельмаша”, МЗКТ, ММЗ сумесна з кітайскай кампаніяй прапрацоўваецца праект па стварэнню рухавікоў магутнасцю 450 к. с. і вышэй.6

Ужо згаданы “БелДжы” беларускія чыноўнікі называюць адным з самых паспяховых прамысловых праектаў у гісторыі краіны, дзякуючы якому створана высокатэхналагічная вытворчасць У 2021 годзе ў Беларусі было выраблена 30 000 аўтамабіляў Geely, што на траціну болей чым у 2020 годзе.

Беларускі ўрад разглядае гэты супольны з Кітаем праект не толькі як крыніцу новых тэхналогій, але і як новую мадэль развіцця інфраструктуры і індустрыі. Перш-наперш, Мінск спадзяецца, што “БелДжы”, які пачаў у 2021 годзе збіраць і электрамабілі, паспрыяе прасоўванню электратранспарта ў краіне. Аднак “БелДжы” разглядаецца беларускімі чыноўнікамі і як узорная «лічбавая фабрыка», на якой алічбаваныя ўсе вытворчыя працэсы.7

Апошні прыклад укладваецца ў агульнае рэчышча курсу беларускіх уладаў на максімальнае выкарыстанне кітайскага досведу пабудовы “лічбавага грамадства” пры распрацоўцы адпаведнага нацыянальнага заканадаўства.8 Іншым маштабным прыкладам пераймання кітайскага досведу стала мадэль «дзяржаўных карпарацый». Яшчэ на Усебеларускім народным сходзе прем’ер-міністр Галоўчанка агучыў задачу іх стварэння. Каментуючы пачатую перабудову дзяржканцэрна «Белдзяржхарчпрам» ў дзяржкарпарацыю, віцэ-прэм’ер Субоцін прызнаў, што за ўзор бярэцца адпаведны кітайскі досвед.9

“Кітайскі свет”

Мінск падтрымліваў кітайскае лідарства і на міжнародных пляцоўках. Беларускія ўлады актыўна бралі ўдзел у мерапрыемствах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). 17 верасня кіраўнік дзяржавы Лукашэнка прысутнічаў на паседжанні кіраўнікоў дзяржаў-удзельніц ШАС у Душанбэ, а 25 лістапада прэм’ер Галоўчанка ўдзельнічаў у паседжанні Рады кіраўнікоў урадаў дзяржаў-чальцоў ШАС. На паседжанні Галоўчанка заявіў: “Дзяржавам-удзельніцам ШАС варта ўзгоднена выступаць супраць санкцый і ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін з боку Захаду”. Мінск таксама намагаецца знітаваць розныя кірункі сваёй міжнароднай палітыкі аддаючы перавагу стварэнню большай інтэграцыйнай структуры, у якой рэй вяла б КНР. Таму кіраўнік беларускага ўрада таксама выказаўся на карысць неабходнасці падрыхтаваць паўнацэнную дамову аб супрацоўніцтве і ўзаемаразуменні паміж ШАС і АДКБ.

Мінск, аднак, падтрымліваў збліжэнне з Кітаем і ў рамках постсавецкіх арганізацый, рэй у якіх вядзе Масква. На пасяджэнні Вышэйшай еўразійскай эканамічнай рады 21 траўня Лукашэнка падкрэсліваў: “Неабходна працягнуць работу па пазіцыянаванню саюза як аднаго з цэнтраў фарміравання інтэграцыйнага контуру вялікага еўразійскага партнёрства, у тым ліку шляхам спалучэння з кітайскай ініцыятывай «Адзін пояс, адзін шлях»”. У прыватнасці, ён прапанаваў у перамовах з кітайцамі засяродзіцца на пытаннях стварэння “лічбавых транспартных калідораў” і спрыяння экспарту ў КНР у тым ліку праз аптымізацыю ветэрынарнага і (фіта)санітарнага кантроля. Таксама беларускі кіраўнік заклікаў прыспешыць перамовы па зонах вольнага гандлю з іншымі краінамі, асабліва Егіптам, які, маўляў, дазволіць ЕАЭС выйсці на Афрыку. На пасяджэнні Вышэйшай еўразійскай эканамічнай рады 10 снежня беларускі лідар паўтарыў свае прапановы па Кітаі і Егіпце і дадаткова падкрэсліў неабходнасць пагадненняў аб вольным гандлі з Іранам і Ізраілем.

Вонкавапалітычная пандэмія

Нягледзячы на пастаўленыя маштабныя задачы па пераарыентацыі вонкавых сувязяў у незаходніх кірунках, у 2021 годзе аб’ём і інтэнсіўнасць такога ўзаемадзеяння былі аднымі з найменшых за ўсю гісторыю. Канечне, гэты спад часткова быў звязаны з пандэміяй. Прагалы асабліва заўважныя ў стасунках з даўнімі партнёрамі – В’етнамам, Турэччынай, ААЭ.

У выпадку В’етнама беларускія ўрадоўцы прызнаюць, што “нам давядзецца зрабіць пэўныя высілкі, каб вярнуць таваразварот да ўзроўня, што быў да пандэміі”. Візіт прэм’ер-міністра Беларусі ў гэтую краіну быў адкладзены. Загадкавая сітуацыя ўзнікла з Турэччынай. У інтэрв’ю тэлекампаніі ТРТ 9 снежня Лукашэнка назваў Турэччыну адной з самых прыяцельскіх Беларусі дзяржаў, спаслаўшыся на палітычнае паразуменне і ўзаемадзеянне з урадам Эрдагана, гэтаксама як і на добрыя эканамічныя ўзаеміны. Аднак у мінулым годзе ніякіх сур’ёзных кантактаў з Анкарой не было.

Іншы выразны прагал узнік у стасунках з Эміратамі. 28 чэрвеня Лукашэнка сустрэўся з Мухамадам Алі Алаббарам, заснавальнікам буйной кампаніі з ААЭ Emaar Properties. Змест размовы невядомы, але суразмоўца наўпрост звязаны з уладарамі ААЭ. 21–22 лістапада прэм’ер-міністр Галоўчанка ўзяў удзел у сусветнай выставе “ЭКСПА-2020” у Дубаі, ААЭ. Беларускі бок не хаваў, што гэтая пляцоўка выкарыстоўвалася для “прапрацоўкі супрацоўніцтва з краінамі Блізкага Усхода і Персідскай затокі”, але вядома толькі пра сустрэчу Галоўчанкі з міністрам талерантнасці ААЭ Нахаянам бен Мубаракам аль-Нахаянам.10

Цікава, што нават ва ўмовах цяжкога міжнароднага становішча краіны, Мінск не паспрабаваў ажывіць занядбаны напрамак узаемадзеяння па лініі Руху недалучэння. Беларускія прадстаўнікі калі і бралі ўдзел у яго імпрэзах, то або цырыманіяльна, або дзеля двухбаковых сустрэч у кулуарах, прычым дасылаліся для гэтага чыноўнікі не самага высокага ўзроўню. Прыкладамі могуць быць ліпеньская сустрэча міністраў замежных спраў Руху недалучэння і кастрычніцкая Нарада высокага ўзроўню, прысвечаная 60-годдзю стварэння Руху.

Блізкі Усход. Самым жвавым было ўзаемадзеянне з краінамі Блізкага Усходу, хаця яму бракавала паслядоўнасці. Так, кантакты з Іранам мелі цырыманіяльны характар, былі звязаныя з малазначнымі інстытуцыямі (кшталту беларускага парламента) або былі дадаткам да іншых мерапрыемстваў. Пасля ліпеньскага візіту ў Беларусь групы іранскіх дэпутатаў, 5–6 жніўня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка наведаў Іран з нагоды інаўгурацыі прэзідэнта Раісі. Ён сустрэўся з сваім іранскім калегам Калібафам і прэзідэнтам Раісі. 16 верасня ў Душанбэ адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Ірана. У верасні беларускія прапановы па змесце дарожнай карты былі перададзены іранскаму боку падчас сустрэчы міністраў замежных спраў у рамках ГА ААН.

Таксама адбылася серыя кансультацый з блізкаўсходнімі краінамі па лініі МЗС на ўзроўні намесніка міністра: 14 чэрвеня – з Іракам; 21 верасня – з Катарам; 22 верасня – з Егіптам, 7–8 лістапада – з Кувейтам.

Азія. На азіяцкім напрамку можна вылучыць хіба што ўзаемадзеянне з Пакістанам. Так, 24–25 чэрвеня Беларусь наведала міністр абарончай прамысловасці Пакістана Зобайда Джалал. Яна таксама сустрэлася з міністрам замежных спраў Макеем. 27 ліпеня ў Мінску адбыўся пяты раунд кансультацый паміж МЗС Беларусі і Пакістана, з удзелам намесніка міністра замежных спраў Пакістана Мухамада Тарыка. 16 верасня Лукашэнка сустрэўся ў Душанбэ з прэм’ер-міністрам Пакістана Імран Ханам і запрасіў апошняга ў Беларусь. Бакі дамовіліся актывізаваць падрыхтоўку паседжання міжурадавай камісіі, і да канца года Пакістан мусіў быў наведаць міністр замежных спраў Макей. Аднак візіт не адбыўся.

Куды менш маштабнымі былі кантакты з Інданезіяй. Апроч перамоваў па лініі МЗС у фармаце відэаканферэнцыі, 20–21 кастрычніка адбыўся рабочы візіт у Беларусь намесніка старшыні Рады народных прадстаўнікоў (парламента) Інданезіі па пытаннях прамысловасці і развіцця Рахмада Габеля.

Пэўным заменнікам адсутных кантактаў сталі шматбаковыя імпрэзы. Так, 9 чэрвеня ў Маскве прайшоў Беларуска-Азіяцкі форум, удзел у якім прынялі прадстаўнікі пасольстваў 12 азіяцкіх дзяржаў – Інданезіі, Йемена, Камбоджы, Малайзіі, Шры-Ланкі, М’янмы, Непала, Сінгапура, Тайланда, Афганістана, Лаоса, Філіпін, а таксама кіраўніцтва міністэрстваў замежных спраў, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, гандлёва-прамысловай палаты і Банка развіцця Беларусі.

Афрыка. Адносіны з афрыканскімі краінамі заставаліся ў значнай ступені ў кампетэнцыі Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Беларусі. Падначаленымі яму структурамі ў Афрыцы ішло стварэнне сельскагаспадарчых, будаўнічых прадпрыемстваў, а таксама прадпрыемстваў па транспарціроўцы і перавозцы грузаў. На пачатку года згадвалася падрыхтоўка да будаўніцтва трактарнага завода ў адной з афрыканскіх краін.11

31 траўня – 1 чэрвеня ў Мінску прайшоў II Беларуска-Афрыканскі эканамічны форум, у якім узялі ўдзел прадпрымальнікі і чыноўнікі 13 афрыканскіх дзяржаў (Габон, Егіпет, Кенія, Марока, Мазамбік, Намібія, Конга, Судан, Танзанія, Уганда, Эрытрэя, Эфіёпія і ПАР), а з беларускага боку больш за 175 кампаній і прадпрыемстваў.

Трэцяга чэрвеня ў Мінску адбыліся кансультацыі паміж МЗС Беларусі і Мазамбіка з удзелам намесніка міністра замежных спраў Мазамбіка Мануэля Жазэ Гонсалвеша. 9–10 ліпеня беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных спраў Мікалаем Барысевічам наведала з рабочым візітам Зімбабвэ. Ураду Зімбабвэ была перададзеная партыя беларускай лясной і пажарнай тэхнікі, дэлегацыю прыняў прэзідэнт Зімбабвэ.

Лацінская Амерыка. Стасункі з Лацінскай Амерыкай былі ў не меншым заняпадзе, чым адносіны з Афрыкай. Улетку былы ўпраўляючы справамі прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман ажыццявіў паездку па краінах Лацінскай Амерыкі, падчас якой выконваў нейкія даручэнні кіраўніка дзяржавы.12 Сёмага кастрычніка Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з спецыяльным пасланнікам прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам Фрыясам, скрушна зазначыўшы: “і Венесуэла, і Беларусь слаба карыстаюцца тымі перавагамі, якія былі створаны шмат гадоў таму ... прыйшла пара падвергнуць рэвізіі нашы адносіны і выбудаваць яшчэ мацнейшыя адносіны”.

18–19 кастрычніка адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь міністра замежных спраў Нікарагуа Дэніса Манкады. 25–30 кастрычніка намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў наведаў Эквадор і Калумбію. Мінск паспрабаваў такім чынам вярнуцца да напрацовак другой паловы 2010-х гадоў, але зважаючы на характар рэжымаў у гэтых краінах і іх адносіны з ЗША, наўрад ці гэта будзе лёгка зрабіць.

Заключэнне

Пры ўсёй супярэчлівасці вынікаў зробленых дагэтуль спробаў “развароту на Ўсход”, у іх ёсць адзін стабільны складнік – адносіны з Пекінам, якія сапраўды развіваюцца. Беларускае кіраўніцтва заўжды звязвала свае надзеі на лепшую будучыню з ўздымам Кітая ў свеце. Асабліва выразнай гэтая стаўка стала ў 2021 годзе, калі стасункі з суседзямі і Захадам абрынуліся, і краіна апынулася ў аднабаковай і глыбокай залежнасці ад Масквы, да якой беларускі рэжым заўжды ставіўся насцярожана.

Вялікай праблемай для Мінска з’яўляецца двайная геапалітычная катастрофа, якую зазнала Беларусь і якая змяняе яе стратэгічную каштоўнасць для Кітая і некаторых іншых краін ААЛА. Калі ў 2020 годзе Беларусь раптам апынулася ў найглыбейшай залежнасці ад Масквы, то ў 2021 годзн яе камунікацыі пачалі сур’ёзна абсякацца, і адпаведна пачала падаць яе роля ў ланцужках транзіту. А гэта значыць, што Мінску ўжо складана прапаноўваць свае паслугі Пекіну на кітайскім шляху ў Еўропу, гэтаксама як і сваё партнёрства ў рамках новай прадукцыйнай базы для Кітая побач з Еўропай.

Яшчэ цяжэй выглядалі наступствы гэтай двайной катастрофы для стасункаў з іншымі краінамі ААЛА. Пад пагрозай апынуліся пастаўкі туды нават цывільнай прадукцыі праз звыклыя парты па-за Расіяй, выкарыстанне заходніх кампанентаў у беларускіх вырабах, сама магчымасць аплаты без выбудоўвання мудрагелістых схемаў і т. п.

У бліжэйшай будучыні стасункі Беларусі з краінамі ААЛА перажывуць пэўны ўздым, бо свет пачынае пераадольваць наступствы пандэміі, якая стрымлівала ўзаемадзеянне і гандаль. У дадатак, Мінск у чарговы раз сутыкнуўся з бадай самай жорсткай ізаляцыяй з боку краін рэгіёна і дзяржаў Захаду, што не пакідае яму выйсцяў. Разам з тым, па вышэйпералічаных прычынах, наўрад ці гэты ўздым будзе значным.