Парламент: вырошчванне новага палітычнага поля

Андрэй Казакевiч

Рэзюмэ

Выбары 2019 года прадэманстравалі тэндэнцыю на павелічэнне прадстаўніцтва ў парламенце партый і палітычнай разнастайнасці парламента. Галоўнай тэндэнцыяй стала вырошчванне новага палітычнага спектра з грамадскіх і палітычных структур, створаных на аснове выканаўчых органаў, бюджэтных арганізацый і дзяржаўных прадпрыемстваў. Пры гэтым прадстаўніцтва саміх выканаўчых структур і вытворчага сектара скарацілася.

Прадстаўнікі альтэрнатыўных палітычных сіл і грамадскіх арганізацый страцілі прадстаўніцтва. У выніку палітычная палітра новаабранага парламента складаецца з палітычна неструктураванай большасці і на 19% падобнымі партыямі, што прадстаўляюць крайне левы палітычны спектр. Усе выключэнні маюць адзінкавы і эпізадычны характар.

У параўнанні з 2017–2018 годам актыўнасць дэпутатаў на міжнароднай арэне і ў ініцыяванні законаў знізілася, пры гэтым прысутнасць прадстаўнікоў парламента ў публічнай прасторы засталася дастаткова высокай.

Тэндэнцыі:

У пошуках новай палітычнай ролі парламента

З 1996 года, калі выканаўчая, а часткова і заканадаўчая, улада была сканцэнтравана ў руках прэзідэнта, застаецца праблема вызначэння палітычнай ролі парламента. Таму беларускі парламент апошнія два дзесяцігоддзі выступае месцам эксперыментавання са складам, роллю ў публічнай прасторы і заканатворчым працэсе. Нельга сказаць, што вышэйшае кіраўніцтва мае выразны план, але апошнія гады праводзяцца захады па актывізацыі палітычных функцый прадстаўнічага органа.

У 2004–2012 гады Палата прадстаўнікоў выразна развівалася як месца для ганаровай адстаўкі рэгіянальных кіраўнікоў. Тэндэнцыя была добра заўважная па выніках выбараў 2004 года і знайшла найлепшае выяўленне ў 2008 годзе, калі доля дэпутатаў, старэйшых за 50 гадоў, дасягнула 69 чалавек (63.0% ад агульнага складу), а доля прадстаўнікоў партый упала да гістарычнага мінімуму ў незалежнай Беларусі – 4.6%.

З 2012 года развіццё дэпутацкага корпусу адбываецца ў кірунку большай палітычнай разнастайнасці і меншага значэння выканаўчае вертыкалі. Змены гэтыя, аднак, застаюцца павольнымі і непаслядоўнымі. Вынікі выбараў 2019 года можна інтэрпрэтаваць як чарговую спробу намацаць новую палітычную ролю парламента. У адрозненне ад 2016 года, перамагла не тэндэнцыя паступовай кааптацыі альтэрнатыўных сіл, але імкненне сканструяваць уласны палітычны спектр. У выніку палітычная разнастайнасць парламента вырасла, але прадстаўнікі альтэрнатыўных сіл былі з яго выключаны.

Рост партыйнага прадстаўніцтва

Самым заўважным палітычным вынікам выбараў быў далейшы рост прадстаўніцтва партый. Па выніках выбараў доля партыйных дэпутатаў дасягнула максімуму з выбараў 1995 года – 19% (21 чалавек). Як можна бачыць на дыяграме, прадстаўніцтва партый у парламенце з 2000 года зніжалася да 2012 года і пачало расці толькі з 2016 года (Дыяграмма 1). Тое самае можна сказаць і пра колькасць партый у парламенце. Такім чынам, парламент становіцца ўсё больш палітычна арганізаваным і разнастайным, прынамсі, з фармальнага пункту гледжання.

Дыяграмма 1. Доля партыйных дэпутатаў па выніках выбараў у парламент, 1995–2019, %

Найлепшы поспех, як і на ўсіх іншых выбарах з 2000 года, мелі прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі (КРБ), якія атрымалі 11 мандатаў,1 пры гэтым тры камуністы былі абраны паўторна. Калі зыходзіць са складу абраных дэпутатаў, то КПБ фарміруецца ў цесным перапляценні з адміністрацыйнымі і бюджэтнымі структурамі на базе выканкамаў, устаноў адукацыі, мясцовых саветаў і БРСМ.

З адзінаццаці дэпутатаў-камуністаў чатыры паходзяць з выканаўчай вертыкалі, тры былі кіраўнікамі ў адукацыйных установах, два ўзначальвалі раённыя саветы дэпутатаў і два да абрання ў 2019 годзе былі рэгіянальнымі функцыянерамі БРСМ (Сяргей Клішэвіч і Наталля Голуб). Пры гэтым ніхто з вышэйшага кіраўніцтва КПБ у парламенце не прадстаўлены.

Другое месца заняла Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППіС), ад яе былі абраныя шэсць дэпутатаў, тры з іх – паўторна. Такі значны рост парламенцкага прадстаўніцтва можна разглядаць як спробу вырасціць яшчэ адну левую палітычную сілу, больш арыентаваную на працу з прафсаюзамі і прадпрыемствамі. Тым не менш рэальны патэнцыял партыі не здаецца высокім. Прынамсі, ацаніць яго складана з прычыны амаль не заўважнай актыўнасці ў паміжвыбарны перыяд.

Сярод дэпутатаў ад РППіС два раней займалі кіраўнічыя пасады на прадпрыемствах, адзін – у выканкаме (камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне), адзін быў кіраўніком установы адукацыі, адзін узначальваў Драгічынскі раённы савет дэпутатаў і адзін прафсаюзны актывіст “Беларускалію”. Кіраўніцтва партыі, як і ў выпадку КПБ, у парламенце не прадстаўленае.

Сярод іншых партый вынік быў наступны: Беларуская патрыятычная партыя – два мандаты, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Аграрная партыя – па адным. Пэўна, сенсацыяй стала тое, што прадстаўнікі апазіцыі і незалежнай ад дзяржавы грамадзянскай супольнасці не атрымалі ніводнага месца ў парламенце, хаця непасрэдна перад выбарамі ўлады давалі сігналы пра магчымасць абрання некалькіх чалавек. Такім чынам, эксперымент мінімальнага парламенцкага прадстаўніцтва апазіцыі, пачаты ў Палаце прадстаўнікоў праз абранне Ганны Канапацкай (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і Алены Анісім (Таварыства беларускай мовы), не атрымаў працягу (Табл. 1).

  2016 2019
Камуністычная партыя Беларусі 8 (+5) 11 (+3)
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці 3 (+2) 6 (+3)
Беларуская патрыятычная партыя 3 (+3) 2 (–1)
Аграрная партыя 0 1 ( +1)
Ліберальна-дэмакратычная партыя 1 1 (+0)
Аб’яднаная грамадзянская партыя 1 0 (–1)
Табліца 1. Змены партыйнага прадстаўніцтва ў выніку выбараў у Палату прадстаўнікоў шостага і сёмага склікання2

Нягледзячы на фармальны рост партыйнага прадстаўніцтва і разнастайнасці парламента, ёсць сумневы, наколькі прапанаваная палітычная мадэль паспяховая з пункту гледжання рэпрэзентацыі палітычных настрояў грамадства. З 21 партыйнага дэпутата 19 прадстаўляюць крайне левыя арганізацыі з мінімальнымі ідэйнымі адрозненнямі. Для ўсіх характэрныя падтрымка дзяржаўнага кіравання эканомікай, дзяржаўнай уласнасці, захаванне савецкай эканамічнай і культурнай спадчыны, антызаходняя, антыліберальная і прарасійская рыторыка.

Адносна самастойную пазіцыю ў палітычным спектры парламента займае толькі ЛДП – з увагаю да інтарэсаў бізнесу, рынкавай эканомікі і больш шырокай канцэпцыяй “патрыятызму”. Пры гэтым партыя па-ранейшаму мае толькі аднаго прадстаўніка ў парламенце.

Іншыя часткі палітычнага спектра не атрымалі арганізаванага прадстаўніцтва па выніках выбараў. Эпізадычна іх выразнікамі выступаюць асобныя дэпутаты. Прыкладам можа быць Валерый Варанецкі (да выбараў старшыня, зараз намеснік старшыні камісіі па міжнародных справах), шэраг выказванняў якога ў 2019 годзе набліжаліся да ліберальнай і нацыянальнай пазіцыі. Тым не менш устойлівай і паслядоўнай рэпрэзентацыі палітычных поглядаў па-за межамі кола КПБ – РППіС – БПП і ЛДП у 2019 годзе не адбылося.

“Белая Русь”. Выбары-2019 не змянілі статус “Белай Русі”, якая не трансфармавалася ў палітычную партыю і пакуль не набыла дадатковых функцый і палітычнага ўплыву. Яе асноўнымі функцыямі застаюцца актыўнасць у медыйным полі і кадры. Найбольш істотным вынікам кампаніі 2019 года для арганізацыі стала абранне ў склад парламента Генадзя Давыдзькі. Раней у дэпутацкім корпусе кіраўніцтва “Белай Русі” не было прадстаўленым. Як і раней, да арганізацыі фармальна належыць дзве траціны дэпутацкага корпусу, але няма сведчанняў уплыву такога шырокага прадстаўніцтва на характар палітычнай дзейнасці парламента.

Змены ў кіраўніцтве

Праца першай сесіі Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі ў снежні 2019 года завяршылася значнымі зменамі ў кіраўніцтве парламента. Спікер ніжняй палаты Уладзімір Андрэйчанка захаваў сваю пасаду, якую займае з 2008 года. Яго намеснікам стаў Валерый Міцкевіч, які дзесяць гадоў быў намеснікам галавы Адміністрацыі прэзідэнта. На ўзроўні пастаянных камісій свае пасады захавалі толькі два з чатырнаццаці старшынь – Ігар Марзалюк (камісія па адукацыі, культуры і навуцы) і Людміла Макарына-Кібак (камісія па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёвай палітыцы). Яшчэ ў пяці выпадках старшынямі сталі намеснікі мінулага склікання. Астатнія пазіцыі занялі новаабраныя дэпутаты. Акрамя іншых, старшынёй стаў кіраўнік “Белай Русі” Генадзь Давыдзька (камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ), былы амбасадар у Турцыі Андрэй Савіных (камісія па міжнародных справах) і суддзя Вярхоўнага суда Святлана Любецкая (камісія па заканадаўстве).

Кіраўніцтва Савета рэспублікі змянілася цалкам. Старшынёй стала Наталля Качанава, якая да гэтага тры гады займала пасаду старшыні Адміністрацыі прэзідэнта, яе намеснікам абраны Анатоль Ісачэнка, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта (2017–2019). Змяніліся таксама кіраўнікі ўсіх пастаянных камісій. З вядомых асоб старшынёй адной з пастаянных камісій стаў Міхаіл Русы – намеснік прэм’ер-міністра (2012–2019) і памочнік прэзідэнта па Магілёўскай вобласці (2019).

Сацыяльна-дэмаграфічны склад дэпутацкага корпусу

Выбары-2019 дазваляюць зрабіць назіранні за зменамі ў сацыяльна-дэмаграфічным складзе дэпутацкага корпусу. У сферы рэпрэзентацыі прафесійных груп найбольш заўважнай тэндэнцыяй стаў рост у два разы ў параўнанні з 2016 годам прадстаўніцтва дзяржаўных грамадскіх арганізацый, палітычных партый і СМІ (з 7 да 14 новаабраных дэпутатаў). Пры гэтым значна знізілася прадстаўніцтва вытворчага сектара (прамысловасць, транспарт, будаўніцтва) – прыблізна 8 замест 23 новаабраных дэпутатаў у 2016 годзе.

Таксама важнай тэндэнцыяй стала агульнае скарачэнне колькасці выхадцаў з выканаўчай вертыкалі. Іх колькасць была максімальная ў ПП чацвёртага склікання (2008–2012), але пасля гэтага пастаянна зніжалася і па выніках выбараў 2019 года склала 13 дэпутатаў. Ваганне прадстаўніцтва іншых прафесійных груп не з’яўляецца настолькі істотным.

Па выніках выбараў адбыліся змены ва ўзроставым і гендарным складзе ПП, хаця палітычнае значэнне такіх змен не заўсёды можна надзейна інтэрпрэтаваць. У ніжэйшую палату парламента былі абраны 44 жанчыны (40%), што з’яўляецца абсалютным рэкордам за ўвесь перыяд незалежнасці. У беларускай мадэлі рост долі жанчын у прадстаўнічым органе звычайна значыць зніжэнне яго ўплыву, але ў дадзеным выпадку рабіць такую выснову няма падстаў. Публічная роля парламента, прынамсі, не зменшылася.

Узроставая структура парламента таксама стала больш разнастайнай. Упершыню з 2008 года у парламент былі абраны два дэпутаты, маладзейшыя за 31 год, пры гэтым таксама вырасла і колькасць асоб, старэйшых за 60 гадоў – з чатырох да дзевяці. Але найбольш істотнай тэндэнцыяй стала павелічэнне колькасці дэпутатаў ва ўзросце 50–60 гадоў за кошт істотнага зніжэння ва ўзросце 40–50 гадоў. Такім чынам, парламент зноў у большай ступені становіцца органам вышэйшага ўзроўню кар’еры, а не прыступкаю да іншых пасадаў.

Заканатворчая дзейнасць

Пасля ўсплёску ў 2017–2018 гадах дэпутацкай актыўнасці ў ініцыяванні законаў, у 2019 годзе такая актыўнасць пайшла на спад, што можна лічыць заканамерным працягам супярэчлівай зваротнай сувязі, што атрымалі дэпутаты. З пяці законаў, прапанаваных дэпутатамі і прынятымі Палатай прадстаўнікоў у 2018 годзе, два не былі падпісаныя прэзідэнтам і вярнуліся ў парламент з пярэчаннямі. Пасля такой нетыповай (нават надзвычайнай) сітуацыі праекты былі адкліканы і больш не прымаліся да разгляду.

У 2019 годзе дэпутаты ініцыявалі толькі адзін праект закона “Пра ўнясенне змен і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь” (адказны дэпутат Таццяна Марачкава), але неўзабаве ён быў адкліканы ініцыятарам.

У адпаведнасці з вызначанай у апошнія гады практыкай абсалютная большасць законаў у 2019 годзе ініцыяваў Савет міністраў. Актыўнасць прэзідэнта абмяжоўваецца адзінкавымі актамі – зацвярджэнне бюджэтных выдаткаў, фінансавыя справаздачы і амністыя. Палатай прадстаўнікоў і Саветам рэспублікі не быў адхілены ці адпраўлены на дапрацоўку ніводзін з ініцыяваных урадам і прэзідэнтам законапраектаў. Парламент таксама прыняў да ведама ўсе дэкрэты прэзідэнта.

Міжнародная дзейнасць

Пасля выбараў 2016 года назіралася заўважная актывізацыя міжнароднай дзейнасці парламента, асабліва па нармалізацыі стасункаў з Еўрапейскім Саюзам і ЗША. Пікам актыўнасці можна лічыць правядзенне ў 2017 годзе ў Мінску некалькіх значных міжнародных форумаў, у тым ліку пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Пасля гэтага актыўнасць знізілася, у тым ліку з прычыны дасягнення пэўных лімітаў супрацоўніцтва і вычарпання фарматаў, што паўплывала на міжнародную актыўнасць парламента ў 2019 годзе.

З двухбаковага супрацоўніцтва найбольш статуснымі сталі візіты ў Беларусь парламенцкай дэлегацыі Польшчы пад кіраўніцтвам віцэ-маршалка Сейма Рышарда Тарлецкага (21–23 жніўня), дэлегацыі Славакіі пад кіраўніцтвам старшыні Нацыянальнага савета Славакіі Андрэя Данко (2–5 чэрвеня), Турцыі пад кіраўніцтвам старшыні камісіі па міжнародных справах Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі Волкана Базкыра (10–13 верасня) і Кітая пад кіраўніцтвам намесніка старшыні камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Шэнь Юэюэ (1–3 красавіка). На ўзроўні парламенцкіх дэлегацый беларускі парламент таксама меў стасункі з парламентарыямі чатырох еўрапейскіх і дзвюх азіяцкіх краін – Германіі, Швецыі, Латвіі, Нідэрландаў, Таджыкістана і Ірана.

У 2019 годзе развівалася практыка сустрэч з кіраўнікамі замежных дзяржаў у рамках іх афіцыйных візітаў у Беларусь. У такім фармаце Уладзімір Андрэйчанка сустрэўся з прэзідэнтамі Грузіі, Егіпта і Зімбабвэ.

Што датычыцца супрацоўніцтва ў межах міжпарламенцкіх арганізацый, то, як і раней, яно застаецца завязаным на Расію і постсавецкую прастору. На Парламенцкі сход Саюзнай дзяржавы ў 2019 годзе прыпала амаль палова (47%) з 68 міжпарламенцкіх кантактаў, разам з Міжпарламенцкай асамблеяй дзяржаў-удзельніц СНД і Парламенцкай асамблеяй АДКБЭ на гэтыя фарматы прыпала больш за 70% сустрэч.

Заключэнне

Абранне Нацыянальнага сходу сёмага склікання стала чарговай спробай канструявання новай палітычнай ролі парламента. Пры захаванні агульнай тэндэнцыі на павелічэнне партыйнага прадстаўніцтва і палітычнай разнастайнасці галоўным вынікам стала выбудоўванне новага палітычнага спектра на базе палітычных і грамадскіх арганізацый, створаных на аснове выканаўчых органаў, бюджэтных структур і дзяржаўных прадпрыемстваў. Прадстаўніцтва такіх арганізацый у парламенце вырасла, пры скарачэнні долі выхадцаў з вертыкалі і вытворчага сектара.

У адрозненне ад выбараў 2016 года, прадстаўнікі альтэрнатыўных палітычных сіл і грамадскіх арганізацый не былі ўключаны ў парламент.

Абраная мадэль дазваляе большы кантроль над парламентам і публічнай прастораю, але не вырашае праблему прадстаўніцтва шырокага спектра іншых палітычных сіл і пазіцый.