Рэлігійная сфера: “мінскі раскол” замест “мінскага дыялогу”

Наталля Васiлевiч

Резюме

У 2018 годзе шматгадовая мара беларускіх уладаў зрабіць Мінск цэнтрам рэлігійнага прымірэння пацярпела фіяска. У кастрычніку, менавіта на сваім пасяджэнні ў Мінску, Святы Сінод, кіраўнічы орган Рускай Праваслаўнай Царквы, прыняў рашэнне пра перапыненне еўхарыстычнай еднасці з Усясветным Патрыярхатам, якое сталі называць “мінскім расколам”, ці “мінскай схізмай”.

Падзеі вакол стварэння новай праваслаўнай царквы ва Украіне і наданне ёй Канстанцінопальскім Патрыярхатам томаса аб аўтакефаліі актуалізавалі дыскусіі датычна магчымасці атрымання ў перспектыве падобнай незалежнасці ад Маскоўскага Патрыярхата і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Беларускія цэрквы таксама ўзялі актыўны ўдзел у грамадскіх дэбатах датычна прыняцця новага закона аб хатнім гвалце, выступаючы пераважна супраць такога закона.

Тенденции:

Заканадаўства і інстытуцыі

У кастрычніку 2018 года Беларусь праходзіла працэдуру перыядычнай справаздачы ў Камітэце па правах чалавека ААН. У сваіх заключных заўвагах1 Камітэт звярнуў увагу на “празмерныя абмежаванні на ажыццяўленне свабоды рэлігіі”, якія існуюць у Беларусі і сярод якіх былі адзначаны, па-першае, патрабаванне абавязковай рэгістрацыі рэлігійных абшчын, па-другое, факты адмовы ў такой рэгістрацыі для шэрагу рэлігійных абшчын, і па-трэцяе, небходнасць атрымання замежнымі грамадзянамі спецыяльнага дазволу на ўдзел у рэлігійнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (п. 45). Паводле Камітэта, для таго каб Беларусь выконвала свае абавязкі, узятыя на сябе ўдзелам у адным з асноўных міжнародных інструментаў па правах чалавека – Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, патрабаванне абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі павінна быць адмененае (п. 46).

Беларускія ўлады хаця і не пайшлі на адмену патрабавання абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый, у канцы года адмянілі крымінальную адказнасць за дзейнасць без такой рэгістрацыі – былі ўнесеныя змены ў Крымінальны кодэкс, і кантраверсійны артыкул 193.1 быў выключаны. Тым не менш замест крымінальнай адказнасці за такую дзейнасць была ўведзена адказнасць адміністрацыйная (арт. 23.88 КоАП), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу.

З аднаго боку, адмена арт. 193.1 можа разглядацца як крок насустрач патрабаванням міжнародных арганізацый і праваабаронцаў. Але гэты артыкул не ўжываўся ў поўным аб’ёме: дзяржаўныя органы абмяжоўваліся вынясеннем папярэджанняў і патрабаванняў спыніць дзейнасць незарэгістраваных рэлігійных арганізацый пад пагрозай яго ўжывання. З іншага боку, паслабленне адказнасці за такую дзейнасць можа паспрыяць таму, што адміністрацыйны артыкул, да адказнасці паводле якога змогуць прыцягваць нават у дасудовым парадку, будзе ўжывацца пашырана, ствараючы лідарам і членам незарэгістраваных рэлігійных арганізацый вялікія фінансавыя праблемы.

У Беларусі існуюць рэлігійныя супольнасці, якія не жадаюць рэгістравацца з прычыны асаблівасцяў свайго веравучэння. Але сама працэдура рэгістрацыі даволі складаная, адмовы з боку рэгістрацыйных органаў могуць быць цалкам непразрыстымі. З асаблівымі цяжкасцямі пры рэгістрацыі сутыкаюцца аўтаномныя абшчыны, якія не ўваходзяць у склад ужо зарэгістраванага рэлігійнага аб’яднання, альбо абшчыны новага для Беларусі рэлігійнага кірунку. Найбольш часта ўлады спасылаюцца на адхіленне на той ці іншай падставе прапанаванага юрыдычнага адраса. Таксама адзначаецца наяўнасць пазіцыі мясцовых уладаў супраць рэгістрацыі новых рэлігійных абшчынаў.

Паказальнымі ў 2018 годзе выпадкамі сталі справа пастара В. Навакоўскага (пяцідзясятніцкая царква “Няхай будзе воля твая”), які зрабіў шэраг беспаспяховых спробаў рэгістрацыі сваёй царквы, а таксама сітуацыя абшчын рэлігійнага кірунку “Сведкі Іеговы”, каля дзесяці з якіх пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі.2

Аўтакефалія Украінскай Царквы і Беларуская Царква

У красавіку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да Усясветнага патрыярха з просьбай пра наданне аўтакефаліі Украінскай Праваслаўнай Царкве. Просьба такая гучала не ўпершыню, перамовы ўкраінскіх уладаў з Канстанцінопалем беспаспяхова праходзілі з 2008 года.

У кастрычніку Сінод Усясветнага Патрыярхата адмяніў рашэнне ад 1686 года аб перадачы Кіеўскай Мітраполіі Маскоўскай Царкве, а таксама прызнаў кананічны статус епіскапаў юрысдыкцый альтэрнатыўных Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага Патрыярхата) – Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (УАПЦ) і УПЦ (Кіеўскага Патрыярхата), разаслаўшы ім, а таксама епіскапам УПЦ (МП) запрашэнне прыняць удзел у Аб’яднаўчым саборы новай украінскай Царквы, якая і павінна была атрымаць аўтакефалію ад Канстанцінопаля. Юрысдыкцыя Маскоўскага Патрыярхата ва Украіне прызнавалася несапраўднай.

Пятнадцатага снежня 2018 года у Кіеве адбыўся Аб’яднаўчы сабор епіскапаў розных праваслаўных юрысдыкцый, пераважна былога Кіеўскага Патрыярхата і УАПЦ, а таксама толькі двух епіскапаў УПЦ (МП), і была заснавана новая Царква – Праваслаўная Царква Украіны, абраны новы кіраўнік – Мітрапаліт Кіеўскі Епіфаній, і 6 студзеня 2019 года быў атрыманы томас аб аўтакефаліі. Такім чынам, ва Украіне існуюць дзве царкоўныя юрысдыкцыі – Праваслаўная Царква Украіны (ПЦУ), якая прызнаецца кананічнай Канстанцінопальскім Патрыярхатам і чый статус знаходзіцца пакуль у працэсе разгляду іншымі памеснымі праваслаўнымі цэрквамі, і Украінская Праваслаўная Царква (Маскоўскага Патрыярхата), якая прызнаецца адзінай кананічнай Царквой ва Украіне Маскоўскім Патрыярхатам і чый статус таксама знаходзіцца ў стане разгляду іншымі памеснымі цэрквамі.

Такім чынам, унутры праваслаўя адбываюцца працэсы самавызначэння памесных праваслаўных цэркваў у дачыненні да ўкраінскіх царкоўных юрысдыкцый, а таксама па лініі Канстанцінопаль – Масква, якія знаходзяцца ў сітуацыі канфлікту.

Як гэта тычыцца сітуацыі ў Беларусі? Па-першае, адмена Канстанцінопалем рашэння пра перадачу Кіеўскай Мітраполіі, у склад якой уваходзілі і землі сучаснай Беларусі, Маскоўскай Царкве ў 1686 годзе тэарэтычна павінна была б тычыцца і беларускай царквы, якая такім рашэннем магла б быць уключана ў склад Кіеўскай Мітраполіі і над ёй магла б быць адноўлена кананічная юрысдыкцыя Канстанцінопаля. Аднак гэтага не адбылося, і беларускія епіскапы не атрымалі ніякіх запрашэнняў ад Канстанцінопальскага Патрыярхата прыняць удзел у Аб’яднаўчым саборы. Паводле атрыманага томаса тэрыторыя юрысдыкцыі Праваслаўнай Царквы Украіны абмяжоўваецца выключна тэрыторыяй сучаснай дзяржавы Украіна і ніякім чынам на іншыя тэрыторыі былой Кіеўскай Мітраполіі не распаўсюджваецца.

Такім чынам, нават пры спрыяльным беларускім заканадаўстве ПЦУ не мае кананічнага права адкрываць прыходы ці ажыццяўляць нейкую рэлігійную дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці па-за межамі Украіны наогул. Гэта азначае, што нават тыя беларускія прыходы, епіскапы і клірыкі, якія былі тым ці іншым чынам звязаныя з былымі УАПЦ і Кіеўскім Патрыярхатам,3 ці не змогуць атрымаць кананічнага статусу ў межах ПЦУ, ці іх статус будзе абмежаваны толькі тэрыторыяй Украіны.

Па-другое, гэта стварае актуальны прэцэдэнт, калі пры наяўнасці адпаведнага палітычнага, сацыяльнага і ўнутрыцаркоўнага заказу Канстанцінопальскі Патрыярхат у даволі сціслыя тэрміны можа аднавіць сваю юрысдыкцыю над праваслаўнай царквой краіны, якая знаходзіцца на тэрыторыі Кіеўскай Мітраполіі, нягледзячы на актуальную юрысдыкцыйную прыналежнасць да Маскоўскага Патрыярхата, а таксама ўрэгуляваць кананічны статус такой царквы, незалежна ад пазіцыі Маскоўскага Патрыярхата.

Па-трэцяе, стварэнне ПЦУ, у якім актыўны ўдзел прымалі дзяржаўныя ўлады ва Украіне і ў прыватнасці прэзідэнт Парашэнка, і завяршэнне гэтага працэсу ў выглядзе атрымання томаса аб аўтакефаліі, уяўляе сабой і для беларускіх уладаў прывабны прэцэдэнт па стварэнні сваёй, незалежнай ад Масквы, але больш залежнай ад беларускай дзяржавы царквы. Інтэнсіўныя дыскусіі пра аўтакефалію і сам працэс яе атрымання ў пэўнай ступені актуалізавалі дыскусію пра аўтакефалію праваслаўнай царквы ў Беларусі і большую незалежнасць яе ад Масквы ў грамадстве і ў саміх царкоўных колах – як у межах афіцыйнай Беларускай Праваслаўнай Царквы, так і ў альтэрнатыўных юрысдыкцыях. Аднак гэта не прывяло да стварэння сур’ёзнага прааўтакефальнага руху.

Сінод у Мінску

Пятнадцатага кастрычніка ў Мінску адбылося чарговае пасяджэнне Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, напярэдадні якога Усясветным Патрыярхатам і было прынятае рашэнне аб аднаўленні сваёй кананічнай юрысдыкцыі над былой Кіеўскай Мітраполіяй і пазбаўленні такой юрысдыкцыі з боку Маскоўскага Патрыярхата. Гэта прывяло да эскалацыі ўзаемадачыненняў паміж дзвюма Памеснымі праваслаўнымі цэрквамі, якое выразілася ў прыняцці рашэння аб надзвычайнай кананічнай меры – перапыненні ў аднабаковым парадку еўхарыстычных стасункаў з Канстанцінопальскім Патрыярхатам.4 З аднаго боку, такая з’ява не выключная ў сучасных міжправаслаўных стасунках – Антыяхійскі Патрыярхат існуе ў разрыве такіх стасункаў з Патрыярхатам Іерусалімскім. З іншага боку, і Маскоўскі, і Канстанцінопальскі Патрыярхаты прэтэндуюць на лідарства ў праваслаўным свеце, маюць прыходы і епархіяльныя структуры ў замежжы, якія супрацоўнічалі ў межах епіскапскіх канферэнцый, актыўна ўдзельнічаюць у экуменічных дыялогах, і ў выніку ўсё супрацоўніцтва было пастаўлена пад пытанне.

Для беларускіх уладаў, якія пастаянна спрабуюць стварыць Мінску і Беларусі імідж месца прымірэння, у тым ліку ў рэлігійнай сферы (згадаем, напрыклад, даўнюю ідэю правесці ў Беларусі сустрэчу Папы Рымскага і Патрыярха Маскоўскага), падобнае рашэнне аб разрыве еўхарыстычных стасункаў з боку Маскоўскага Патрыярхата з Патрыярхатам Канстанцінопальскім, які журналісты і аналітыкі назвалі “мінскім расколам”, ці “мінскай схізмай”, прывяло да іміджавых стратаў. Хаця да Мінска і Беларусі гэтая падзея мела дачыненне фактычна выпадкова, была супадзеннем па часе.

Закон аб хатнім гвалце

У сферы публічных дыскусій цэрквы зноў занялі “нішавую” пазіцыю ў дачыненні да тэмы “традыцыйных каштоўнасцяў” і “традыцыйнай сям’і”.

У 2018 годзе аб’ектам крытыкі, у якой галоўны рэй вёў Рымска-Каталіцкі Касцёл у Беларусі, стаў праект канцэпцыі Закона “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”.5 У чэрвені арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з адкрытым лістом да прэзідэнта А. Лукашэнкі,6 выступаючы ў “абарону інстытута сям’і, маральнага выхавання дзяцей і моладзі”. Па-першае, ён адзначыў неабходнасць пры абмеркаванні згаданых пытанняў прыцягваць “прадстаўнікоў традыцыйных для Беларусі веравызнанняў, якія на працягу стагоддзяў прапаведуюць фундаментальныя сямейныя каштоўнасці”. Па-другое, ён падкрэсліў небяспеку для “нацыянальных інтарэсаў” і “духоўных каштоўнасцяў беларускага народа” згубных секулярных тэндэнцый, у першую чаргу “гендэрнай ідэалогіі, якая вядзе да разбурэння традыцыйнай сям’і”, і “прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных паводзінаў”, у тым ліку “афішавання і пазітыўнага паказу садомскага ладу жыцця”, пад якім маецца на ўвазе талерантнасць да прадстаўнікоў ЛГБТК+. Па-трэцяе, не адмаўляючы наяўнасць праблемы гвалту ў сям’і, Кандрусевіч заклікаў да абароны “добрасумленных бацькоў”, якія маюць права на “самае нязначнае і бяскрыўднае “пакаранне” дзіцяці ў мэтах яго бяспекі, выхавання і дысцыпліны”.

Таксама была створана Каардынацыйная рада т. зв. “прасямейных сілаў”, у якую ўвайшоў шэраг так ці інакш звязаных з рэлігійнымі арганізацыямі розных кірункаў грамадскіх арганізацый і фондаў, што пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам супраць прыняцця закона ў прапанаванай рэдакцыі,7 які, паводле меркавання ініцыятараў акцыі, “будзе спрыяць умяшанню ў асабістую, сямейную сферу”, а таксама фактычна “з’яўляецца сродкам паступовага дэмантажу інстытута сям’і” праз “знішчэнне іерархічнага ладу сям’і”, “стварае ўмовы для свабоднага парушэння запаведзі” пра шанаванне бацькоў, у якасці наступстваў будзе мець “фактычнае прызнанне гендэрнай роўнасці … прызнанне розных нетрадыцыйных палоў, вычварэнстваў”.

У выніку Міністэрства Унутраных Спраў палічыла за лепшае адмовіцца ад падрыхтоўкі такога закона, спасылаючыся на тое, што рашэнне звязана “з высокім грамадскім рэзанансам і меркаваннем рэлігійных арганізацый”. З аднаго боку, у адрозненне ад дыскусіі датычна абортаў і рэпрадукцыйных тэхналогій, у выпадку з заканадаўчым актам датычна гвалту ў сям’і ў пралайферскага руху і рэлігійных арганізацый атрымалася істотна паўплываць на заканадаўчы працэс у сваіх інтарэсах. З іншага боку, нягледзячы на існаванне ўнутры саміх рэлігійных арганізацый экспертных груп, якія лічаць такі закон мэтазгодным (гэта шэраг праваслаўных праектаў, звязаных з супрацьдзеяннем гвалту ў сям’і і з гендэрнай роўнасцю, у прыватнасці Саюз сястрынстваў Беларусі), у цэлым рэлігійныя арганізацыі ў публічным спектры занялі сваю традыцыйную нішу ў абароне т. зв. “сямейных” і “традыцыйных” каштоўнасцяў, у крытыцы гендэрнай роўнасці і талерантнасці да ЛГБТК+.

Заключэнне

У бліжэйшы час будзе актуалізавацца пытанне пра статус Беларускай Праваслаўнай Царквы: беларускія ўлады, абапіраючыся на пэўныя сілы і настроі ўнутры БПЦ, будуць спрабаваць аслабіць уплыў Маскоўскага Патрыярхата, а Маскоўскі Патрыярхат будзе імкнуцца не толькі захаваць, але і павялічыць свой уплыў – для кампенсацыі страты прыходаў і структур ва Украіне.