Новыя абрысы знешніх зносiнаў: агляд стасункаў з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі

Сяргей Богдан

Резюме

У 2018 годзе беларускія дачыненні з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ішлі з меншым розгаласам, але наўрад ці з меншым плёнам. Эканамічны эфект гэтых стасункаў заставаўся прыблізна тым самым, дарма што Мінск надаваў меншую ўвагу палітычнаму прасоўванню гэтых стасункаў і ўдзелу ў глабальных палітычных гульнях на гэтым напрамку.

Партнёрства з Кітаем заставалася адным з ключавых кірункаў знешняй палітыкі. Пры ўсёй супярэчлівасці дачыненняў з гэтай краінай многія адмоўныя іх рысы не ёсць вынікам заганнай палітыкі Мінска, а ўніверсальныя для зносінаў большасці дзяржаў свету з КНР.

Беларускі ўрад таксама пачаў надаваць большую ўвагу балансаванню паміж варагуючымі дзяржавамі на Блізкім Усходзе і ў Азіі. Разам з тым яшчэ ніколі беларускія афіцыйныя асобы не агучвалі столькі крытычных заўваг да зносін з самымі рознымі краінамі “далёкай дугі”, як у 2018 годзе.

Тенденции:

Відавочнымі становяцца вынікі перагляду палітыкі ў дачыненні да краін “далёкай дугі” ў апошнія гады. У 2018 годзе не проста паменела адпаведных кантактаў і гучных праектаў, але і прэзідэнт А. Лукашэнка, кажучы пра шматвектарную знешнюю палітыку ў сваім Пасланні парламенту, ужо не звязваў яе выразна з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, т. зв. краінамі “далёкай дугі”, i толькі ўсяляк падкрэсліваў ролю КНР. Выразна маргінальным стаў і ўдзел у Руху недалучэння, праз які ў свой час разгортваліся беларускія кантакты з развіванымі краінамі.

Зрэшты, перабольшваць гэтыя тэндэнцыі не варта. Прадстаўляючы праграму новага кабінета міністраў, Сяргей Румас абвесціў, што пры канцы пяцігодкі “мусіць быць забяспечанае роўнае размеркаванне таварных экспартных паставак паміж рынкамі ЕАЭС, ЕС і краін далёкай дугі”.1

Разбудоўвалася і інфраструктура зносінаў з краінамі Азіі. На тле закрыцця беларускіх консульстваў у Еўропе (у Адэсе, Гданьску, Мілане) беларускі ўрад адкрыў дадатковыя генконсульствы якраз у Азіі: у чэрвені ў Дубаі (ААЭ), а ў лістападзе – у Гуанчжоў (КНР).

“З магутным Кітаем – моцная Беларусь”

Удзел кітайскіх вайскоўцаў упершыню ў парадзе на Дзень вызвалення 3 ліпеня сімвалізаваў рост кітайскай прысутнасці ў краіне. Яшчэ адной ілюстрацыяй блізкасці Мінска і Пекіна стала ўзаемнае скасаванне імі ў жніўні візаў для грамадзян Беларусі і КНР.

Мінск робіць немалыя высілкі, каб далучыцца да новага “кітайскага свету” і дасягнуў пэўных вынікаў у інтэграцыі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС). Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у саміце ШАС 10 чэрвеня ў кітайскім Цындао, а прэм’ер С. Румас паўдзельнічаў у сустрэчы кіраўнікоў урадаў ШАС 11–12 кастрычніка ў Душанбэ. Гэта нават спрычыніла неабходнасць правядзення кансультацый з Расіяй па пытаннях “спалучэння будаўніцтва ЕАЭС з кітайскай ініцыятывай “Адзін пас, адзін шлях” і наладжвання ўзаемадзеяння ЕАЭС з ШАС і АСЕАН”.2

Цягам года мела месца інтэнсіўнае ўзаемадзеянне паміж рознымі беларускімі і кітайскімі ўстановамі і арганізацыямі.

Шостага красавіка ў Беларусь завітаў міністр абароны КНР Вэй Фэнхэ, на пачатку года нашая краіна атрымала ад КНР чарговую партыю тэхнікі для сілаў спецыяльных аперацый.

27–29 траўня Беларусь наведаў намеснік старшыні КНР Ван Цішань, які правёў перамовы з тагачасным прэм’ерам А. Кабяковым, сустрэўся з прэзідэнтам Лукашэнкам, наведаў “Вялікі камень”.

Дваццатага верасня адбыўся візіт у Беларусь сакратара Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзі. Беларускія чыноўнікі розных ведамстваў наведвалі КНР цягам года, практычна ўсе цэнтральныя дзяржорганы Беларусі маюць партнёрскія сувязі з адпаведнымі ўстановамі КНР.

Аднак, нягледзячы на гэтыя палітычныя кантакты, як наракаў прэм’ер Румас, “узровень гандлёва-эканамічных зносін не дацягвае да ўзроўню палітычных... Нашы прадпрыемствы ... маюць цяжкасці з уваходжаннем на кітайскі рынак ... беларускія грамадзяне і кампаніі сутыкаюцца з фінансавымі бар’ерамі пры разліках”.3

Кантакты не абмяжоўваюцца дзяржаўнымі органамі, а датычацца і буйнейшых кітайскіх карпарацый: CITIC Group, Huawei, China Merchants Group, ZTE ды інш. Асабліва выбітную ролю адыгрывае CITIC Group. Прэзідэнт Лукашэнка падпісаў указ “Аб Кітайска-Беларускім інвестыцыйным фондзе”, яго заснавальнікамі сталі CITIC Construction (60%) і “АСБ Беларусбанк” (40%). Фонд мусіць прыцягваць грашовыя сродкі з замежных і ўнутранага рынкаў і ўкладаць іх у беларускія інвестыцыйныя праекты наўзамен на акцыі або аблігацыі прадпрыемстваў. Аб’ём інвестыцый у першыя два гады работы фонду мусіць скласці USD 50 млн.

Узаемадзеянне з кітайскім бізнесам цесна пераплецена з дамоўленасцямі з кітайскімі дзяржорганамі. Беларусь прыцягвала кітайскія грошы на патрэбы развіцця, і празрыстасць гэтых праектаў была невысокай. Прыкладам можа быць прыцягненне льготных крэдытаў. Сёмага лютага Рада міністраў пастанавіла прыцягнуць ільготны ўрадавы крэдыт КНР тэрмінам на 15 гадоў на ажыццяўленне інвестыцыйнага праекта “Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016–2032 гг.” на суму CNY 1750 млн (каля USD 259 млн). Праўдападобна, у звязку з тым самым праектам 11 верасня Рада міністраў прыняла пастанову аб захадах па ажыццяўленні крэдытнага пагаднення з КНР на CNY 2.5 млрд (прыблізна USD 371 млн). Гэты льготны ўрадавы крэдыт, паводле афіцыйнай інфармацыі, атрымала Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя.

У праекце невядомую ключавую ролю адыгрывае ўсё тая ж кітайская карпарацыя CITIC Group, кіраўніцтва якой у траўні і ліпені наведала Беларусь і сустрэлася з А. Лукашэнкам. Менавіта гэтая карпарацыя, як паведамілі іншыя афіцыйныя крыніцы, пасля будаўніцтва аўтазавода “БЕЛДЖЫ”, мадэрнізацыі цэментавых заводаў і Аршанскага льнокамбіната пачала арганізоўваць “высокатэхналагічную аграпрамысловую вытворчасць”. Прадукцыя, што пачне вырабляцца пасля выканання праекта, мусіць ісці на кітайскі рынак.4

Блізкі Усход: шматвектарнасць у межах асобнага рэгіёна

На даляглядзе знешняй палітыкі Беларусі зноў з’явіліся дзве яе ранейшыя краіны-партнёркі: Іран і Судан. На пачатку года Тэгеран наведаў міністр прамысловасці Віталь Воўк, і 22–23 студзеня прайшло 14-е паседжанне міжурадавай Змяшанай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве. Сёмага верасня Беларусь наведаў старшыня іранскага парламента Алі Ларыджані. На пачатку года ў Судан накіраваўся міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, а 23–24 студзеня ў Хартуме адбылося 4-е паседжанне супольнай Камісіі па супрацоўніцтве. Зараз супольныя праекты датычацца гандлю, прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, геолагаразведкі, энергетыкі, здабычы карысных выкапняў. Вядома, што пачалося ажыццяўленне праекта па здабычы золата, і суданскі бок у 2018 годзе надаў беларускім партнёрам магчымасць рабіць гэта на другім радовішчы.

Дзясятага снежня адбыўся візіт прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра ў Беларусь, у часе якога ён у прыватнасці адкрыў пасольства гэтай краіны ў Мінску. Беларускі бок намераны стварыць у Судане машынабудаўнічы цэнтр, дзе збіралі б трактары, аўтамабілі і будаўнічую тэхніку (МТЗ, МАЗ і Гомсельмаш), а таксама малочна-таварныя комплексы і цяпліцы закрытага тыпу. Мінск і Хартум дамовіліся гандляваць вырабленай тэхнікай не толькі ў Судане, але і ў Паўднёвым Судане. Мінск спадзяецца, што зможа такім чынам выйсці і на рынкі іншых краін Афрыкі.

Пятага красавіка ў Беларусь з візітам завітаў міністр па справах палаца прэзідэнта Сірыі Мансур Азам. Яго прыняў А. Лукашэнка, якому ён прывёз ліст ад Башара Асада. Перамовы былі прысвечаныя мірнаму развіццю Сірыі і магчымаму ўдзелу Беларусі ў адбудове краіны. Цягам апошніх гадоў Беларусь неаднаразова на гуманітарнай аснове прымала на аздараўленне сірыйскіх дзяцей.

Некаторае аджыўленне кантактаў з Іранам, Суданам і Сірыяй сведчыць не пра пераход на другі бок у глабальнай канфрантацыі, а пра балансаванне. Ілюстрацыяй гэтага сталі не толькі абмен візітамі паміж Беларуссю і Ізраілем, але і малазаўважаная, аднак надзвычай важная сустрэча 2 сакавіка міністра замежных спраў У. Макея з дэлегацыяй Амерыканскага габрэйскага камітэта на чале са старшынёй Джонам Шапірам і выканаўчым дырэктарам Дэвідам Харысам.

Мінск балансуе на Блізкім Усходзе і праз кантакты з ААЭ, Егіптам, Аманам і Турэччынай. На пачатку траўня ў ААЭ адначасова выправіліся міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка і старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько. 14–15 лістапада Беларусь наведаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэль аль-Сайед. 14–15 лютага ў Мінск завітаў прэм’ер-міністр Турэччыны Біналі Йылдырым. Паводле А. Лукашэнкі, у цяперашні час стасункі Мінска і Анкары перажываюць “рэнесанс”. Сапраўды, за апошнія дзесяць гадоў таваразварот вырас больш як у пяць разоў, блізкі да мільярда даляраў ЗША. Біналі Йылдырым прыехаў ізноў 12–13 лістапада, ужо ў якасці старшыні турэцкага парламента.

Азія: з Афганістанам за кошт Індыі, з Пакістанам за кошт КНР?

Стасункі з Індыяй былі сціплымі, але заўважнымі. Падчас саміту ШАС беларускі прэзідэнт сустрэўся з прэм’ер-міністрам Нарэндрам Модзі, а 11–12 чэрвеня Беларусь наведала старшыня ніжняй палаты індыйскага парламента Сумітра Махаджан.

Дваццаць чацвертага верасня з Індыяй была падпісаная дамова аб інвестыцыях. Але цікавасць індыйскага боку мела абмежаваны характар, і Дэлі нават не дасылаў адмыслова чыноўнікаў для ўдзелу ў чарговым паседжанні Міжурадавай камісіі па супрацы.5

Дваццаць трэцяга траўня прэзідэнт А. Лукашэнка ўхваліў праект міжурадавага пагаднення з Афганістанам аб вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве, а падчас душанбінскай сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін ШАС беларускі прэм’ер Сяргей Румас сустрэўся са сваім афганскім калегам Абдулом Абдулой. Кантакты з Афганістанам могуць быць звязаныя з беларуска-індыйскімі дачыненнямі і займаць значнае месца ў апошніх. Рэч у тым, што на пачатку сакавіка ў Дэлі была падпісаная дамова паміж афганскім мінабароны і неназванымі беларускімі партнёрамі аб пастаўцы чатырох верталётаў Мі-24 Кабулу.6 Гешэфт быў аплачаны Індыяй.

Як процівагу стасункам з Індыяй можна разглядаць кантакты з Пакістанам. Самай заўважнай падзеяй стаў снежаньскі візіт старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл Пакістана Зубайра Махмуда Хаята. Ён быў прыняты прэзідэнтам Лукашэнкам, які абмеркаваў з ім і цывільныя справы. Адметным момантам стала абмеркаванне супрацы Беларусі і Пакістана ў інтэграцыйных аб’яднаннях.7

Менш інтэнсіўнымі былі стасункі з рэштай краін Азіі. Заўважнай падзеяй стаў візіт 28–30 сакавіка намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Сямашкі ў В’етнам. Мінск і Ханой падпісалі міжурадавы пратакол аб прамысловай зборцы ў В’етнаме, будуецца завод “МАЗ-Азія”.

Меншае значэнне меў візіт 3–4 чэрвеня ў Беларусь міністра замежных спраў Манголіі Дамдзіны Цогтбаатара. Ён сустрэўся са сваім беларускім калегам і з тагачасным прэм’ерам А. Кабяковым. Гэта першы візіт міністра замежных спраў Манголіі за апошнія 17 гадоў, пад час якога былі падпісаныя міждзяржаўныя пагадненні аб супрацоўніцтве ў праўнай сферы.

Афрыка: любая пастаўка – ужо дыверсіфікацыя

Адбылося пэўнае зрушванне прыярытэтаў далей на поўдзень афрыканскага кантынента. Беларускі ўрад закрыў пасольства ў Эфіопіі і адкрыў – у суседняй Кеніі. Самым заўважным партнёрам таксама стала Зімбабве: на самым пачатку сакавіка і ў сярэдзіне верасня адбыліся паездкі кіраўніка спраў прэзідэнта Віктара Шэймана ў гэтую краіну. Гэтаксама 22–23 сакавіка намеснік міністра замежных спраў А. Дапкюнас наведаў ПАР, дзе адбылося 4-е паседжанне Камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Беларускія дыпламаты крытычна ставяцца да развіцця стасункаў з рэгіёнам. Праблемы ў зносінах з афрыканскімі дзяржавамі заставаліся тыповымі, як і ва ўзаемадачыненнях з краінамі “далёкай дугі”.

Лацінская Амерыка: “рэвізія” стасункаў

Стасункі з Лацінскай Амерыкай працягнулі ссоўвацца на ўзбочча беларускай дыпламатыі. Бадай, самай значнай падзеяй стаў візіт у Мінск 17–19 траўня міністра замежных спраў Эквадора Марыі Фернанда Эспіноса Гарсэс. Аляксандр Лукашэнка заклікаў правесці “рэвізію” стасункаў з Эквадорам і накрэсліць план на бліжэйшую будучыню. Ён не ўтойваў таго, што хацеў бы абаперціся на Эквадор у працы на лацінаамерыканскім кантыненце.8

18–19 чэрвеня адбыўся візіт у Беларусь міністра юстыцыі Бразіліі Тарквата Жардзіна, што стаў першым у гісторыі візітам бразільскага чыноўніка высокага роўню ў нашую краіну. Апроч таго, на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў адбыліся кансультацыі з МЗС Калумбіі, Эквадора, Аргенціны, Уругвая, Перу, Венесуэлы, Кубы, а таксама кантакты такога самага ўзроўню з Панамай і Лацінаамерыканскім парламентам.

Складанасці ў выбудове ўзаемінаў з краінамі рэгіёна змусілі беларускі ўрад да цяснейшай, чым на іншых напрамках, кааардынацыі з Расіяй. Трынаццатага красавіка ў Мінску адбыліся кансультацыі паміж МЗС Беларусі і Расіі па пытаннях стасункаў з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна на ўзроўні начальнікаў геаграфічных падраздзяленняў.9

Заключэнне

Стасункі з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі хаця і захавалі значнае месца ў беларускай знешняй палітыцы, але гэтае месца скарачаецца. Выняткам з гэтага ёсць зносіны з КНР і некаторымі азіяцкімі і блізкаўсходнімі дзяржавамі. Урад ставіць цяпер больш рэалістычныя задачы, а айчынныя суб’екты гаспадарання паступова знаходзяць для сябе магчымасці на рынках краін “далёкай дугі”. Гэта не выключае паўтору дзівацкіх дэкларацый і высокарызыкоўных гешэфтаў, але не яны складаюць аснову беларускай палітыкі датычна краін “далёкай дугі”. Гэтая палітыка збольшага набыла ўзважаны характар.