Польшча і Беларусь: супрацоўніцтва рэгіёнаў як рухавік двухбаковых стасункаў

Ганна Марыя Дынэр

Рэзюмэ

2015 год у чарговы раз не прынёс пералому ў польска-беларускіх стасунках, а ва ўзаемадзеянні паміж краінамі дамінавалі кантакты на рэгіянальным узроўні. Хоць па-ранейшаму нявырашанымі засталіся пытанні дзейнасці Саюза палякаў на Беларусі і малога памежнага руху, вяртанне да нармальных суседскіх узаемадачыненняў падаецца ўсё больш імаверным у сувязі з паляпшэннем стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам. У 2015 годзе беларускі прэзідэнт вызваліў усіх асоб, прызнаных Еўрасаюзам палітычнымі вязнямі, што з’яўлялася галоўнай умовай вяртання да размоў на лініі Брусель — Мінск. У адказ на гэты крок і на спакойныя прэзідэнцкія выбары Еўрасаюз у кастрычніку мінулага года вырашыў прыпыніць, а 15 лютага 2016 — зняць санкцыі. У выніку Польшча і Беларусь маюць шанц на большае выкарыстанне патэнцыялу суседства, супольнай гістарычнай спадчыны для развіцця турызму і эканомікі.

Тенденции:

Працяг далікатнага пацяплення

Год 2015 быў чарговым годам, калі сталі заўважнымі сімптомы паляпшэння. У гэты час развіваліся стасункі тэхнічнага кшталту, і значнае ажыўленне адбылося ў сферы супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. У 2015 годзе таксама адбыліся сустрэчы на ўзроўні прэм’ер-міністраў (у траўні і лістападзе Беларусь наведаў намеснік міністра замежных спраў Конрад Паўлік).

У красавіку Беларусь і Польшча падпісалі дамову аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджвання катастроф, стыхійных бедстваў, надзвычайных сітуацый, а таксама ліквідацыі іх наступстваў. Дамова сярод іншых была вынікам працы польска-беларускай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва. У рамках далейшага рэгулявання двухбаковых пытанняў Беларусь хоча падпісаць з Польшчай (а таксама з Чэхіяй і Эстоніяй) дамовы аб выплаце пенсій і супольных пенсійных разліках.

Абедзве краіны працягваюць супрацоўніцтва ў сферы сумеснай спадчыны. У 2015 годзе было прынятае рашэнне, што Рада аховы памяці войн і пакутаў прафінансуе рамонт вайсковых могілак у Брэсце, дзе ў 1920–1939 былі пахаваныя польскія салдаты. Пачатак прац запланаваны на 2016 год. Згодна з умовамі гэта не адзіныя могілкі, якія будуць знаходзіцца пад апекай польскага боку. У той жа час Беларусь, як і Расія, Арменія і Казахстан, выказала занепакоенасць у сувязі з інфармацыяй, што ў Польшчы адбываецца апаганьванне месцаў пахавання савецкіх воінаў.

Важна, што ўдалося вырашыць пытанне стварэння візавых цэнтраў. Яны павінны з’явіцца ў васьмі беларускіх гарадах: Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Баранавічах і Лідзе. Штогод яны змогуць прымаць да 290 тыс. анкет, што дасць значную палёгку польскім консульскім службам, якія ў 2015 годзе выдалі грамадзянам Беларусі амаль 400 тыс. віз (колькасць адмоў вар’іравалася ў межах 1%). Утварэнне цэнтраў мае на мэце таксама паляпшэнне інтэрнэт-сістэмы звароту па візы, якую рэгулярна атакавалі хакеры, што рабіла немагчымым яе нармальнае выкарыстанне. У лістападзе 2015 года быў выбраны аператар для абслугоўвання візавых цэнтраў — фірма VFS. Global.

На жаль, палітычная сітуацыя — перш за ўсё санкцыі Еўрасаюза супраць Расіі і расійскія контрсанкцыі ў выглядзе эмбарга на прадукты харчавання, вырабленыя ў Еўрасаюзе, — адмоўна паўплывала на польска-беларускі гандаль. У перыяд са студзеня па кастрычнік 2015 польскі экспарт у Беларусь склаў EUR 871.8 млн (зніжэнне на 28.2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года), і імпарт з гэтай краіны склаў EUR 587.7 млн (павелічэнне на 15.3%). Польшча захавала станоўчы гандлёвы баланс з Беларуссю, які склаў EUR 284 млн, тым не менш з года ў год ён змяншаецца.1 Адначасова пастаянна падвышаецца аб’ём беларускага экспарту ў Польшчу, а РП стала адным з 10 найважнейшых беларускіх гандлёвых партнёраў.

У 2015 годзе, як і раней, адбыліся бізнес-канферэнцыі і сустрэчы па магчымасцях інвестыцый уБеларусь у існым міжнародным кантэксце і бізнес-форум для прадстаўнікоў дрэваапрацоўчай прамысловасці і мэблевай вытворчасці. Апроч таго, Беларусь прапанавала стварыць мэблевытворчы цэнтр у Смаргоні, які б складаўся з беларускіх, польскіх, літоўскіх, украінскіх і расійскіх фірм. Часам супрацоўніцтва ў прамысловых сектарах патрабуе міжнародных дамоваў з іншымі краінамі, як гэта было, калі пачаў курсіраваць цягнік паміж кітайскім горадам Чэнду і польскай Лоддзю, што спрычынілася да заключэння дадатковых дамоваў па таварных перавозках паміж польскай і беларускай чыгункамі.

Але ўсё больш відавочна, што без паляпшэння палітычных стасункаў па лініі Мінск — Варшава магчымасці эканамічнага развіцця застануцца абмежаванымі. Гэтае супрацоўніцтва ўскладняецца таксама эканамічнымі праблемамі, з якімі гадамі змагаецца Беларусь — напрыклад, зніжэннем вартасці беларускага рубля.

Значэнне рэгіянальнай супрацы

Тым не менш 2015 год быў часам узмацнення рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю. Развіваліся стасункі як паміж рэгіёнамі абедзвюх краін (таксама ў рамках Еўрарэгіёнаў), так і паміж асобнымі краінамі.

Істотнае значэнне мела супраца ў межах еўрарэгіёна «Буг». У яго рамках, апроч іншага, быў створаны інфармацыйны геаграфічны партал па турыстыцы, культуры, прадпрымальніцтве і рынках працы асобных рэгіёнаў для прадпрымальнікаў у сферы турызму. Праект коштам каля EUR 330 тыс. фінансуецца праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча — Беларусь — Украіна. Супраца ажыццяўляецца таксама ў рамках еўрарэгіёна «Нёман», у межах якога развіваюцца перш за ўсё культурныя і турыстычныя праекты. Рэгулярна праводзяцца таргі мясцовых прадпрымальнікаў з мэтай узмацнення дзелавой супрацы.

Для рэгіянальнага ўзаемадзеяння абедзвюх краін асаблівае значэнне мае праграма трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2007–2013», у межах якой быў рэалізаваны праект «Пашырэнне сістэмы ачышчэння сцёкавых водаў у басейне Заходняга Буга» коштам каля EUR 2 млн. У 2015 годзе завершанае будаўніцтва ачышчальні ў Камянцы, а беларускі бок будзе звяртацца па дадатковы крэдыт на EUR 16 млн у Банк рэканструкцыі і развіцця, каб збудаваць такую ж ачышчальню для Брэста.

У межах гэтай праграмы пабудаваная і сістэма сканавання транспарту на пераходзе Кузніца — Брузгі, а таксама мадэрнізаваны дарожны пераход Полаўцы — Пяшчатка. Дзякуючы праграме ў мiнулым годзе пажарнікі з Брэста атрымалі чатыры пажарныя машыны. Далейшае супрацоўніцтва абедзвюх краін плануецца ў межах праграмы «Польска-беларуская трансгранічная бяспека. Павелічэнне патэнцыялу пажарных і ратавальных службаў». У рамках памежнага супрацоўніцтва быў праведзены маніторынг функцыянавання пераходу Казловічы — Карошчын, які меў на мэце павелічэнне прапускной здольнасці і аптымізацыю працы польскіх і беларускіх службаў.

Супраца ажыццяўляецца таксама непасрэдна паміж рэгіёнамі абедзвюх краін, як, напрыклад, паміж Магілёўскай вобласцю і ваяводствам Куяўска-Паморскім, а таксама паміж гарадамі, у тым ліку гарадамі-пабрацімамі (Віцебск і Лодзь). Супольныя дзеянні — гэта, апроч іншага, арганізацыя дзён культуры, фестываляў і кірмашоў, а таксама форумаў для мясцовых прадпрымальнікаў. У 2015 годзе у Гродне адбылася таксама трэцяя сустрэча гарадоў-пабрацімаў Польшчы і Беларусі (папярэднія праходзілі ў 2002 годзе ў Брэсце і ў 2014 у Беластоку).

Польшча і Беларусь таксама супрацоўнічаюць у галіне аховы асяроддзя — абедзве краіны будуць ствараць супольны праект аховы папуляцыі зуброў. Таксама абедзве дзяржавы хочуць супрацоўнічаць пры пабудове воднага шляху паміж Балтыйскім і Чорным морамі, што патрабуе аднаўлення суднаходства на ўчастку каля 2 тыс. км на водным шляху E-40 ад Брэста да Варшавы. Гэты праект атрымаў дадатковае фінансаванне ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2007–2013».

Такім чынам, добра відаць, што ў сітуацыі па-ранейшаму напружаных палітычных стасункаў задача развіцця двухбаковых кантактаў лягла цалкам на польскія і беларускія рэгіёны. Што важна, абедзве краіны ўсё часцей развіваюць гэтую форму супрацы, а гэта ў будучыні павінна перанесціся на эканамічныя і міжасабовыя кантакты.

У чаканні малога памежнага руху

Найвялікшай паразай польска-беларускіх стасункаў па-ранейшаму лічыцца адсутнасць малога памежнага руху (МПР). Нягледзячы на тое, што дамова была падпісаная і ратыфікаваная ў 2010 годзе, польскі бок не атрымаў ратыфікацыйнай ноты.

Вынікі даследаванняў, праведзеных Галоўным статыстычным камітэтам, паказалі, што найбольшая колькасць дзеянняў, звязаных з рухам на сухапутнай мяжы Польшчы, адбывалася на тэрыторыі 50 км ад мяжы. Пра гэта сведчыць як высокі працэнт асоб, якія перасяклі мяжу і выдаткавалі грошы ў гэтай зоне, так і той факт, што жыхары населеных пунктаў, размешчаных там, складаюць пераважную большасць сярод асоб, якія перасякаюць мяжу. Такім чынам, адсутнасць МПР з Беларуссю з’яўляецца асабліва адчувальнаю для асоб, што пражываюць на прымежнай тэрыторыі, як па польскі, так і па беларускі бок мяжы.

Калі вядзецца пра прымежны гандаль, то за першыя тры кварталы 2015 года беларусы выдаткавалі ў Польшчы амаль PLN 2 млрд (у сярэднім на 16.5% менш за адпаведны перыяд 2014 года). У той жа час палякі выдаткавалі PLN 60 млн (каля 13.0% менш за тры кварталы 2014 года).2 У 2015 годзе (у параўнанні з 2014-м) было адзначанае зніжэнне колькасці пераходаў польска-беларускай мяжы на 11.3 %: адпаведна са звесткамі польскага Пагранічнага камітэта, у 2015 годзе яе перасяклі больш за 7.8 млн чал.3 Скарачэнне перамяшчэння людзей на польска-беларускай мяжы было, аднак, звязана не з пагаршэннем стасункаў паміж краінамі, а з эканамічнымі пытаннямі, перш за ўсё з падзеннем курсу і зніжэннем пакупніцкай здольнасці беларускага рубля.

Без сумневу, перашкодай для развіцця МПР з Беларуссю можа быць наяўны стан памежнай інфраструктуры. Таксама варта адзначыць, што калі такое пагадненне функцыянуе, то прасцей атрымліваць фінансаванне для пабудовы пераходаў і пад’язной інфраструктуры, як гэта адбылося ў выпадку польска-расійскай дамовы аб малым памежным руху, што пачала дзейнічаць у ліпені 2012 года. Апроч іншага, дзякуючы ёй стала мажлівым развіццё памежных пераходаў Гронава — Мамонава і Бязледы — Баграціёнаўск. Павелічэнне колькасці пераходаў — гэта і выключная магчымасць для аптымізацыі працэдур і пашырэння супрацоўніцтва памежных службаў абедзвюх краін. Гэта таксама шанц для ўзмацнення эканамічнай актыўнасці і развіцця турызму па абодва бакі мяжы.

Патэнцыял супрацы

Нягледзячы на па-ранейшаму напружаныя палітычныя стасункі, выразна відаць, што абедзве краіны маюць значны патэнцыял двухбаковай супрацы. Для Беларусі істотным будзе супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, асабліва ў сувязі з заканчэннем будаўніцтва пад Астраўцом атамнай электрастанцыі, калі беларуская дзяржава захоча прадаваць лішкі вырабленай электрычнай энергіі. На цяперашні момант перашкодай для экспарту электрычнасці ў Польшчу з’яўляюцца, апроч іншага, дрэнны стан і недастатковая магутнасць ліній перадач.

Са свайго боку Польшча можа быць для Беларусі крыніцай досведу ў сферы ажыццяўлення тэрмамадэрнізацыі будынкаў (у тым ліку адпаведна нормам Еўрасаюза), што дазволіць зменшыць патрэбы ў электраэнергіі. Для Беларусі можа быць важным супрацоўніцтва ў прыняцці нарматыўных актаў для рынку тэлекамунікацый і пераймання рашэнняў, якія былі рэалізаваныя ў Польшчы. Беларускі бок таксама станоўча ставіцца да праграмы МОСТ, у межах якой у Польшчу (і ў іншыя краіны Еўрасаюза) на стажыроўку прыязджаюць беларускія спецыялісты.

Значным фактарам таксама будзе супраца ў сферы турызму, асабліва са з’яўленнем новых мажлівасцей у сувязі з новымі беларускімі правіламі аб бязвізавым наведванні Белавежскай пушчы і сплавах па Аўгустоўскім канале і рацэ Нёман. Ужо з’явіліся ініцыятывы, каб Беларусь і Польшча разам рэкламавалі вартасці Пушчы на сусветных турыстычных канферэнцыях і заахвочвалі наведванне яе абедзвюх частак.

Важнай сферай супрацы можа аказацца і спорт, а менавіта супольная арганізацыя спаборніцтваў і імпрэз. Згодна з інфармацыяй беларускіх чыноўнікаў, Польшча і Беларусь выказалі жаданне сумесна арганізоўваць зімовую Універсіяду-2021. Апроч іншага, абодва бакі склалі спісы прапанаваных спартовых аб’ектаў.

Такім чынам, выразна відаць, што хаця б з прычын суседства і супольнай гістарычнай, культурнай і прыроднай спадчыны абедзве краіны маюць значны патэнцыял для супрацы і абмену досведам. У выпадку паляпшэння палітычных стасункаў Польшча таксама можа падтрымаць Беларусь у рамках Еўрапейскага Cаюза, а менавіта пры пошуку сродкаў для інвестыцый у памежную інфраструктуру, ахову навакольнага асяроддзя альбо турызм.

Заключэнне

У перыяд, калі пісаўся гэты артыкул, 15 лютага 2016 Еўрапейскі Саюз адмяніў санкцыі супраць Беларусі. Такім чынам, павялічваецца шанц, што ў 2016 годзе палепшацца стасункі не толькі на лініі Брусель – Мінск, але і на лініі Варшава – Мінск. Тым больш што аб сваім візіце ў беларускую сталіцу аб’явіў міністр замежных спраў РП Вітольд Вашчыкоўскі. Будзем спадзявацца, што гэты шанц будзе выкарыстаны для вырашэння не толькі непраблемных польска-беларускіх пытанняў, датычных супольнай мяжы, аховы наваколля альбо пабудовы інфраструктуры, але і контраверсійных: ад пытанняў консульстваў, функцыянавання Саюза (Саюзаў?) палякаў да пытанняў ажыццяўлення пагаднення аб малым памежным руху. Толькі ў гэтым выпадку можна будзе казаць пра відавочную змену ў стасунках паміж дзвюма краінамі.