Польска-беларускія стасункі: час тэхнічных кантактаў

Ганна Марыя Дынэр

Рэзюмэ

2014 год не прынёс пераменаў у польска-беларускіх стасунках, хоць у параўнанні з папярэднімі гадамі двухбаковыя кантакты сталіся больш інтэнсіўнымі на тэхнічным узроўні. Незалежна ад палітыкі санкцый Еўрасаюза, Польшча і Беларусь развівалі двухбаковы гандаль і – часткова – трансмежнае супрацоўніцтва. Па-ранейшаму нявырашанай заставалася справа дзейнасці Саюза палякаў у Беларусі, малога памежнага руху; з іншага боку, удалося дамовіцца наконт візавага аўтсорсінгу. Але вяртанне да нармальных суседскіх стасункаў не будзе мажлівым, пакуль беларускія ўлады не вызваляць палітвязняў. У выніку пералічанага абедзве краіны не ў стане выкарыстаць патэнцыялу суседства, гістарычнай спадчыны і развіцця турызму.

Тэндэнцыі:
Далікатнае пацяпленне

Год 2014, у сувязі з падзеямі ва Украіне, быў пераломным перыядам для стасункаў у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У сувязі з расійскай палітыкай у дачыненні да Украіны (анексіяй Крыма, падтрымкай прарасійскіх сепаратыстаў у Данбасе) Еўрапейскі Cаюз наклаў на Расію шэраг санкцый, на што Расія адказала ўвядзеннем эмбарга на прадукты харчавання з краін Еўрасаюза. Але ў палітычным плане гэтая сітуацыя не мела адмоўных наступстваў для стасункаў Беларусі з асобнымі краінамі – чальцамі Еўрасаюза, у тым ліку з Польшчай. Наадварот, у Мінску, як добрым месцы для перамоваў для Расіі і Украіны, у верасні 2014 года былі падпісаныя пагадненні, накіраваныя на спыненне агню ва ўкраінскім Данбасе. У гэтым кантэксце няцяжка ўявіць, што для часткі краін Еўрасаюза Беларусь атрымала імідж стабільнай і гатовай да супрацы суседкі. Украінскія падзеі таксама былі найважнейшай тэмай вераснёўскага візіту ў Варшаву беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

У сферы польска-беларускіх двухбаковых стасункаў у 2014 годзе ўпершыню за шмат гадоў удалося пазбегнуць больш сур’ёзнай напружанасці. Пры гэтым значна ўзрасла колькасць сустрэч, мэтай якіх было практычнае супрацоўніцтва. Для польскага боку адным з такіх прыярытэтаў з’яўляецца гістарычны і адукацыйны дыялог, разгляданы не толькі ў рамках акадэмічных дэбатаў наконт агульнай польска-беларускай гісторыі, але таксама аховы польскіх месцаў памяці на тэрыторыі Беларусі, асабліва Курапатаў, дзе, імаверна, знаходзяцца парэшткі польскіх грамадзян, забітых НКУС (т. зв. беларускі катынскі спіс). Адной з мэтаў польскага боку з’яўляецца стварэнне ўмоваў для правядзення прац па эксгумацыі ў гэтым месцы. Падчас двухбаковых кантактаў па гістарычных праблемах у 2014 годзе ўзнікла таксама ідэя стварэння польска-беларускай групы па гістарычных пытаннях.

У 2014 годзе было парафіраванае пагадненне ў галіне адукацыі, і Міністэрства нацыянальнай адукацыі прыкладае намаганні па аднаўленні работы беларуска-польскай камісіі падручнікаў, задачай якой з’яўляецца ўзгадненне зместу навучальных дапаможнікаў для выкладання гісторыі і геаграфіі. У сувязі са зменамі ў беларускім адукацыйным заканадаўстве спатрэбіцца ўрэгуляванне далейшай дзейнасці дзвюх польскіх школ, што дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Падпісанне вышэйпамянёнага пагаднення павіннна паспрыяць функцыянаванню абедзвюх устаноў.

Станоўчым сігналам аб развіцці стасункаў з’яўляецца інфармацыя пра планы працягу праграмы трансмежнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна», 1 які рэалізуецца ў рамках Еўрапейскага інструмента суседства, на чарговы бюджэтны перыяд Еўрасаюза, г. зн. да 2020 года. На стасункі Мінска і Варшавы станоўча паўплываў факт інтэнсіфікацыі дыялога Беларусі з Еўрапейскім Cаюзам датычна лібералізацыі візавага рэжыму, што ў значнай ступені падтрымлівае Польшча.

Але ў візавым плане не ўдалося вырашыць усіх польска-беларускіх праблем. Найважнейшаю з іх застаецца ажыццяўленне пагаднення аб малым памежным руху (МПР), якое блакуецца беларускім бокам ад 2010 года. Тым не менш, нягледзячы на адсутнасць МПР, памежны рух паміж Польшчай і Беларуссю ў 2014 годзе практычна не змяніўся ў параўнанні з 2013-м. Польская пагранічная служба зафіксавала больш за 8 млн 817 тыс. перасячэнняў беларуска-польскай мяжы, што склала каля 20% ад агульнай колькасці перамяшчэння фізічных асоб на польскіх адрэзках знешняй мяжы Еўрасаюза. 2 Не варта чакаць хуткага ўступлення ў сілу МПР, бо адсутнасць згоды беларускага боку на гэта тлумачыцца не толькі палітычнымі поглядамі, але, перш за ўсё, эканамічнымі: беларускі бок баіцца павелічэння адплыву капіталу з заходніх абласцей з прычыны значнай колькасці частых выездаў беларусаў у Польшчу па пакупкі.

Іншай праблемай у двухбаковых стасунках, якую не атрымалася вырашыць, з’яўляецца адсутнасць згоды Беларусі на павелічэнне складу польскіх консульстваў. Аднак працу польскім консульствам павінна палегчыць тое, што польскі і беларускі бакi пагадзіліся ў пытанні адкрыцця ў Беларусі цэнтраў візавага аўтсорсінгу – у Мінску, Магілёве, Гомелі, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Гродне і Лідзе. Палягчэнне працэдур выдачы віз вельмі важнае, таму што больш за 50% шэнгенскіх віз, атрыманых грамадзянамі Беларусі, выдаюцца праз польскіх консулаў (у 2014 годзе гэтая лічба склала больш за 400 тыс. віз).

2014 год быў чарговым, калі не ўдалося ўрэгуляваць пытанняў, датычных дзейнасці Саюза палякаў у Беларусі (СПБ). Па-ранейшаму дзеячы непрызнанага Мінскам СПБ знаходзяцца пад кантролем міліцыі і падатковых органаў, а іх дзейнасць можа быць пакараная. Беларускія ўлады нічога не зрабілі, каб легалізаваць прызнаваны толькі Варшавай саюз, а польскія ўлады, улічваючы палітыку беларускага партнёра, ніякім чынам не падтрымліваюць прарэжымны СПБ.

Вырашэння патрабуюць таксама іншыя пытанні, звязаныя з нарматыўна-прававой базай, такія як падпісанне дамовы пра ўтрыманне памежных мастоў на польска-беларускай дзяржаўнай мяжы альбо пагадненне адносна ўтрымання памежнага адрэзку для паруснага спорту на Аўгустоўскім канале, што б станоўча паўплывала на развіццё, апроч іншага, турыстычнага супрацоўніцтва.

Трэба, аднак, прызнаць, што ў перыяд развіцця тэхнічных стасункаў Беларусі з Еўрапейскім Саюзам Польшча стала адным з найважнейшых адвакатаў Мінска. Справа датычыла перш за ўсё дыялога пра візавую лібералізацыю, і ўсё паказвае на тое, што адпаведная ўмова будзе падпісаная паміж Бруселем і Мінскам яшчэ да саміта Усходняга партнёрства ў Рызе. Польшча таксама падтрымлівае Беларусь у яе намаганнях далучыцца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Эканамічныя стасункі: змаганне супраць санкцый

Палітычны крызіс у стасунках Еўрасаюза і Расіі негатыўным чынам адбіўся не толькі на расійскай эканамічнай сітуацыі, але і на эканамічных умовах Беларусі, для якой Расія, Украіна і Еўрасаюз – найважнейшыя гандлёвыя партнёры. Да таго ж расійскае эмбарга на еўрапейскія прадукты харчавання стварыла вялікую колькасць праблем для гандлёвых стасункаў Беларусі з Еўрасаюзам, у тым ліку з Польшчай.

Праўда, першапачаткова, пасля ўвядзення Расіяй у жніўні 2014 года эмбарга на прадукты харчавання з Еўрасаюза, шмат хто чакаў, што Беларусь выкарыстае яго. Меркавалася, што з прычыны рэгламентаў Мытнага саюза і Агульнай эканамічнай прасторы беларускаму боку будзе вельмі лёгка выступіць у ролі рээкспарцёра прадуктаў харчавання, а еўрапейскія перапрацоўчыя фірмы, якія карыстаюцца імпартаванай з Еўрасаюза сыравінай, будуць вымушаныя завершыць дзейнасць у Расіі (асабліва ў Калінінградскай вобласці) і перанесці свае фабрыкі ў Беларусь. Але так не абдылося, а Расія ўзмацніла кантроль прадуктаў з Беларусі і забараніла транзіт харчавання з Беларусі ў Казахстан. Вынікам было абмежаванне Беларуссю імпарту прадуктаў, у тым ліку з Польшчы.

Тым не менш шмат польскіх фірмаў, якія займаюцца экспратнай і інвестыцыйнай дзейнасцю на ўсходзе, пачалі бачыць мажлівасці супрацоўніцтва з Беларуссю як часткай Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы (а з 1 студзеня 2015 года – і Еўразійскай эканамічнай супольнасці). Гэта было сустрэта з вялікай сімпатыяй беларускімі ўладамі, тым больш што Беларусь, якая змагаецца з эканамічным крызісам, шукае не толькі рынкаў сбыту, але і іншых, апроч расійскіх, крыніц замежных інвестыцый.

Пошук Польшчай і Беларуссю новых спосабаў супрацоўніцтва выліўся ў павелічэнне колькасці сустрэч і двухбаковых форумаў. У снежні 2014 года ў Варшаве адбылося ІІІ пасяджэнне Сумеснай польска-беларускай камісіі па справах эканамічнага супрацоўніцтва з удзелам віцэ-прэм’ераў Януша Пехаціньскага і Міхаіла Русага. Раней у Брэсце, таксама з удзелам гэтых палітыкаў, адбыўся XVIII Беларуска-Польскі эканамічны форум «Добрасуседства 2014». Пасля пяцігадовага перапынку аднавіла працу беларуска-польская рабочая група па справах гандлю і інвестыцый.

Таксама ажывілася супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, прыкладам чаго быў візіт міністра Марка Савіцкага ў Мінск. Пры гэтым Беларусь пачалі разглядаць як важны кірунак інвестыцый у гэтай сферы эканомікі, тым больш што ўлады краіны прапанавалі Польшчы магчымасць уваходу з інвестыцыямі і тэхналогіямі.

Беларусь таксама ўсё больш актыўна ўдзельнічала ў супрацоўніцтве ў транспартнай, энергетычнай і прыродаахоўнай сферах, пра што сведчаць не толькі чарговыя туры мадэрнізацыйных кансультацый паміж Бруселем і Мінскам, але і пасяджэнні польска-беларускіх працоўных груп: у 2014 годзе, апроч іншага, сустракалiся група па пытаннях транспарту, група па пытаннях турызму і група па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі. Гэта настолькі важныя пытанні, што польска-беларускія працоўныя групы аднаўлялі працу пасля шматгадовых перапынкаў (пасля 12-гадовага перапынку аднавіў сваю працу Форум гарадоў-партнёраў Польшчы і Беларусі) – іх можна разглядаць як «першыя ластаўкі» інтэнсіфікацыі развіцця эканамічнага супрацоўніцтва паміж Варшавай і Мінскам.

У пытаннях энергетыкі зноў набыла актуальнасць справа павелічэння прапускной здольнасці вузла Рось – Нарэв, таксама была закранутая праблема супрацоўніцтва пры здабычы торфу. У сферы транспартнага ўзаемадзеяння гаворка была не толькі пра неабходнасць пашырэння памежнай інфраструктуры і дарожнай сеткі, але і пра мажлівасці выкарыстання Беларуссю польскіх портаў для экспарту сваёй прадукцыі. Усё часцей гучаць пастулаты пра патрэбу развіцця гістарычнага турызму, для якога абавязковай умовай з’яўляецца павелічэнне колькасці перасячэнняў мяжы і мажлівасці ажыццяўляць гэта пешшу.

Тым не менш, нягледзячы на павелічэнне колькасці сустрэч па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва, у перыяд студзеня-кастрычніка 2014 года было зафіксаванае зніжэнне памеру польскага экспарту на рынкі краін СНД: на 13% – у Расію, на 27.1% – ва Украіну і на 5% – у Беларусь, 3 дзе найбольшае зніжэнне адбылося ў продажы скур і скураных вырабаў (на 32% у параўнанні з папярэднім годам) і прадуктаў расліннага паходжання (на 59%). 4 Двухбаковы польска-беларускі таваразварот у вартасным выражэнні склаў USD 2363.3 млн, нязначна знізіўшыся ў параўнанні з 2013 годам (USD 2377.8 млн). 5

Нізкім застаецца і ўзровень ўзаемных інвестыцый: паводле афіцыйных звестак, у Беларусі функцыянуе каля 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам, а ў Польшчы – толькі 100 з беларускім.

Як і ў выпадку з палітычнымі стасункамі, Польшча і Беларусь маюць агромністы нявыкарыстаны патэнцыял эканамічнага і трансмежнага супрацоўніцтва. Тым не менш магчымасць іх развіцця залежыць перш за ўсё ад палітычнай волі ўладаў у Мінску і Варшаве, і без звароту да палітыкі дыялога Еўрасаюз – Беларусь шанцы іх развіцця застаюцца малымі.

Заключэнне

У эканамічных і палітычных стасунках у 2014 годзе было зроблена шмат «першых крокаў» з мэтай павелічэння польска-беларускага супрацоўніцтва ў будучыні. На жаль, нягледзячы на гэта, вялікая колькасць двухбаковых праблем па-ранейшаму не была вырашаная, і без радыкальнага пералому ў стасунках Польшчы і Беларусі гэтага не варта чакаць у найбліжэйшыя месяцы.

Звычайна павелічэнне кантактаў на тэхнічным узроўні папярэднічае паляпшэнню палітычных стасункаў. Аднак у выпадку ўзаемадачыненняў з Беларуссю вельмі шмат будзе залежаць толькі ад Мінска. Тут вядзецца перш за ўсё пра вызваленне палітвязняў (у беларускіх турмах па-ранейшаму знаходзіцца частка палітзняволеных, 6 што робіць немажлівым пачатак дыялога з Еўрапейскім Саюзам), правядзенне прэзідэнцкіх выбараў сёлета, а таксама пра рэалізацыю двухбаковых дамоваў, такіх як увядзенне малога памежнага руху.