Беларусь – Еўрасаюз: новы парадак дня на фоне ўкраінскага крызісу

Дзяніс Мельянцоў

Рэзюмэ

Упершыню за шмат гадоў узаемадачыненні паміж Беларуссю і Еўрасаюзам развіваліся ў адпаведнасці з раней вызначаным планам, які ўключаў у сябе перамовы па спрашчэнні візавых працэдур і кансультацыі па пытаннях мадэрнізацыі. Захоўвалася інтэнсіўная дыпламатычная камунікацыя. Стаўшыся пляцоўкай для перамоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу, Беларусь істотна палепшыла свой міжнародны імідж і ўзаемадачыненні з Еўрасаюзам.

Тэндэнцыі:
Абноўлены дыялог: візы і мадэрнізацыя

У адпаведнасці з заявамі, зробленымі міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем на Віленскім саміце «Усходняга партнёрства» (УП), у 2014 годзе ўзаемадачыненні паміж Беларуссю і Еўрасаюзам набылі выразны, канструктыўны характар і хаця б некаторую прадказальнасць. Так, бакі распачалі перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму, а таксама кансультацыі па пытаннях мадэрнізацыі.

29–30 студзеня 2014 года адбыўся візіт у Брусель намесніцы міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной, у межах якога быў пакладзены пачатак перамовам паміж Беларуссю і Еўрапейскай камісіяй пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі. Былі дасягнутыя дамоўленасці пра фармат перамоваў і пра тое, што іх наступны раўнд пройдзе ў Мінску. Да лета Мінск і Брусель падрыхтавалі праект міжнароднай дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму, які быў абмеркаваны экспертамі МЗС Беларусі і Еўрапейскай камісіяй 12 чэрвеня. Па некаторых частках праекта не ўдалося прыйсці да ўзаемапрымальных рашэнняў (напрыклад, узнікла пытанне наконт уладальнікаў дыпламатычных пашпартоў), аднак у цэлым перамоўны працэс атрымаў добрыя ацэнкі.

24–25 лістапада ў Бруселі прайшоў другі раўнд перамоў па візавых пытаннях і рэадмісіі. Сустрэчы праходзілі ў закрытым тэхнічным рэжыме, таму цяжка сказаць дакладна, якога прагрэсу ўдалося дасягнуць. Пры гэтым прэс-служба беларускага МЗС працягвала акцэнтаваць увагу на тым, што Мінск патрабуе, каб вырашэнне візавых пытанняў у дачыненні да Беларусі адпавядала падыходу Еўрасаюза да іншых краін-суседзяў, якія ўжо правялі аналагічныя перамовы. Таму можна з пэўнай доляй дапушчэння меркаваць пра тое, што Брусель спрабаваў уводзіць дадатковыя ўмовы для Беларусі, звязаныя, відаць, з агульным узроўнем двухбаковых стасункаў.

Па выніках гэтага раўнду перамоў Купчына сказала наступнае: «Перамоўны працэс праходзіць дастаткова складана. Мы зыходзім з таго, і гэта наша прынцыповая пазіцыя, што пагадненне пра спрашчэнне візавых працэдур павінна грунтавацца на прынцыпах роўнасці і недыскрымінацыі, аналагічна з пагадненнямі Еўрасаюза з іншымі краінамі». 1 Пры гэтым яна адзначыла прагрэс у перамовах і анансавала працяг кансультацый у студзені-лютым 2015 года. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, і Брусель, і Мінск хацелі б завяршыць перамовы да траўня 2015 года, каб падпісаць пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі падчас наступнага саміту «Усходняга партнёрства» ў Рызе.

Падчас студзеньскага візіту Купчыной у Брусель была таксама дасягнутая дамоўленасць пра пачатак кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі паміж урадам Беларусі і Еўрасаюзам. Гэтыя кансультацыі скіраваныя на пошук новых формаў узаемадзеяння, якія будуць дапаўняць ужо распачаты з 2012 года Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам. У пэўным сэнсе міжурадавы мадэрнізацыйны дыялог – гэта працяг «Супольнага прамежкавага плана» (Joint Interim Plan), што абмяркоўваўся ў 2010 годзе, але так і не ўвасобіўся ў нешта канкрэтнае з прычыны рэзкага пагаршэння сітуацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Па словах начальніка ўпраўлення двухбаковых стасункаў з краінамі «Усходняга партнёрства» Еўрапейскай службы знешняга дзеяння Дырка Шубеля, Мінск і Брусель распачалі перамовы пра запуск так званай «Часовай фазы» (Interim phase) супрацоўніцтва. Прадугледжваецца, што гэтая дыялогавая пляцоўка будзе выкарыстаная для пошуку сфер узаемных інтарэсаў, звязаных з мадэрнізацыяй Беларусі. Дырк Шубель таксама адзначыў, што з боку беларускіх уладаў была атрыманая згода на ўдзел у «Часовай фазе» – у той ці іншай форме – прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Праўда, пазней заявы Шубеля былі раскрытыкаваныя прэс-службай МЗС Беларусі як паспешлівыя. У той жа час афіцыйны Мінск не абверг іх, а толькі даў зразумець, што не прымае падобных публічных выступаў да заключэння фармальных дамоўленасцей.

Усяго ў 2014 годзе адбыліся чатыры раўнды кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі. На першай сустрэчы абмяркоўваліся праблемы развіцця малога і сярэдняга бізнесу, макраэканамічнай палітыкі, кіравання эканомікай, прыватызацыі, рэструктурызацыі фінансавай сістэмы Беларусі. У другім раўндзе – пытанні гандлю і інвестыцый. Трэці раўнд быў прысвечаны кіраванню воднымі рэсурсамі, утылізацыі адкідаў, захаванню біялагічнай разнастайнасці, паляпшэнню радыялагічнага кантролю, развіццю энергетычнай і транспартнай сістэм Беларусі, выкарыстанню альтэрнатыўных крыніц энергіі, а таксама далучэнню краіны да тэматычных праграм Еўрасаюза. На парадку дня чацвёртага раўнда кансультацый стаялі пытанні адукацыі, рэгіянальнага развіцця і сацыяльнай палітыкі ў Беларусі, а таксама абмяркоўваліся інструменты садзейнічання Еўрасаюза у гэтых галінах.

Паколькі галоўная мэта кансультацый па мадэрнізацыі – вызначэнне будучай формы ўзаемадзеяння паміж Мінскам і Бруселем, пра нейкія канкрэтныя вынікі казаць пакуль рана. Варта таксама адзначыць, што самі па сабе гэтыя кансультацыі фактычна з’яўляюцца захадамі па ўмацаванні даверу, падчас іх бакі пазбягаюць закранаць «балючыя» палітычныя праблемы (па словах У. Макея, яны пакуль вынесеныя за дужкі), а абмяркоўваюць пытанні, якія могуць быць вырашаныя без неабходнасці ісці на нейкія палітычныя саступкі. Такім чынам, Мінск і Брусель спрабуюць напрацаваць станоўчы досвед узаемадачыненняў.

Дыпламатычныя кантакты ў межах «Усходняга партнёрства»

27–28 лютага 2014 года адбыўся візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Латвію. Ён правёў сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны, міністрам замежных спраў і міністрам шляхоў зносін. Паводле афіцыйнай інфармацыі, акрамя двухбаковых стасункаў на сустрэчы абмяркоўвалася і супрацоўніцтва Беларусі з Еўрасаюзам. У прыватнасці, пазначаная перспектыва сумеснай працы ў першым паўгоддзі 2015 года, калі да Латвіі пяройдзе пасада старшыні Савета Еўрасаюза. На гэты перыяд у Рызе запланаваны і чарговы саміт «Усходняга партнёрства», з якім бакі звязваюць магчымасць падпісання Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Узаемадачыненні Беларусі з Еўрасаюзам абмяркоўваліся і падчас візіту Уладзіміра Макея ў Літву і яго сустрэчы з кіраўніком МЗС гэтай краіны Лінасам Лінкявічусам. Міністры ў чарговы раз канстатавалі, што далейшае якаснае змяненне стасункаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам магчымае толькі пры выкананні бакамі ўзаемных умоў: пасля вызвалення палітвязняў у Беларусi і адмены санкцый Еўрасаюза у дачыненні да некаторых беларускіх грамадзян і прадпрыемстваў.

28–29 красавіка Алена Купчына наведала Венгрыю, дзе прыняла ўдзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы і «Усходняга партнёрства». Арганізатары сустрэчы ў Будапешце першапачаткова запрашалі У. Макея, аднак, паводле слоў прэс-сакратара МЗС Беларусі, зыходзячы з працоўнага графіка міністра, было прынятае рашэнне дэлегаваць Купчыну.

Хоць, відавочна, сапраўдная прычына зніжэння ўзроўню прадстаўніцтва Беларусі палягала ў іншым. За некалькі дзён да таго ў Празе адбылася нефармальная сустрэча, прымеркаваная да пятай гадавіны «Усходняга партнёрства». На яе былі запрошаныя прэзідэнты ўсіх краін ініцыятывы, акрамя Беларусі. З той прычыны, што арганізатарамі не была знойдзена аптымальная формула запрашэння, якая б задаволіла ўсе бакі, Беларусь зусім адмовілася ад удзелу ў мерапрыемстве. І дэлегаванне Купчыной замест Макея на Будапешцкую сустрэчу стала яшчэ адным напамінам з боку МЗС Беларусі пра важнасць для афіцыйнага Мінска захавання прынцыпаў раўнапраўя і недыскрымінацыі.

Нягледзячы на такія непаразуменні, 22 ліпеня У. Макей прыняў удзел у міністэрскай сустрэчы краін «Усходняга партнёрства» ў Бруселі. Міністры абмеркавалі перспектывы развіцця ўзаемадачыненняў у святле сітуацыі ў рэгіёне, а таксама падпісанне Грузіяй, Малдовай і Украінай пагадненняў аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Таксама былі разгледжаныя пытанні падрыхтоўкі да саміту «Усходняга партнёрства» ў Рызе. Акрамя таго, Макей правёў шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўніцтвам Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўракамісіі і з міністрамі замежных спраў краін-чальцоў Еўрасаюза і дзяржаў-удзельніц «Усходняга партнёрства».

Станоўча на стасункі Беларусі і Еўрасаюза паўплывала і датэрміновае вызваленне кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, якога Еўрапейскі Саюз прызнаваў палітычным вязнем. Мінск такім чынам дэманструе, што можа пры захаванні некаторых умоў ісці на саступкі еўрапейскім пажаданням. Магчыма, гэты крок таксама паўплываў на прыняцце Мінска ў якасці пляцоўкі для перамоў па пераадоленні ўкраінскага крызісу.

Знакавай падзеяй стаў візіт у Мінск міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса 24–25 ліпеня. Гэта другі афіцыйны візіт кіраўніка МЗС краіны – чальца Еўрасаюза (пасля прыезду латвійскага міністра Эдгара Рынкевічса ў Віцебск у красавіку 2013 года) з моманту абвастрэння стасункаў Беларусі з Еўрасаюзам пасля выбараў 2010 года. Падчас перамоў у МЗС быў абмеркаваны цэлы комплекс пытанняў двухбаковых кантактаў, а таксама ўзаемадачыненняў Беларусі з Еўрасаюзам, перспектыў развіцця «Усходняга партнёрства». Адным з цэнтральных пытанняў на парадку дня візіту літоўскага міністра была сітуацыя ва Украіне.

9 верасня А. Купчына прадстаўляла Беларусь на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» ў Баку ў межах чацвёртага раўнда нефармальных міністэрскіх дыялогаў УП. Асноўнай тэмай сустрэчы сталася абмеркаванне перспектыў развіцця «Усходняга партнёрства» на фоне крызісу ва Украіне.

На працягу 2014 года адбывалася павышэнне ўзроўню дыпламатычных кантактаў. Калі ў 2011–2012 гадах кансультацыі паміж МЗС Беларусі і краінамі Еўрасаюза праходзілі пераважна на ўзроўні кіраўнікоў упраўленняў знешнепалітычных ведамстваў, то цяпер усё часцей беларускія дэлегацыі на такіх сустрэчах узначальваюць намеснікі міністра. У гэтым дачыненні характэрныя беларуска-фінляндскія палітычныя кансультацыі 12 чэрвеня ў Хельсінкі, якія ўпершыню адбыліся на ўзроўні кіраўніцтва МЗС абедзвюх краін.

10 снежня Уладзімір Макей прыняў дэлегацыю палітычных дырэктараў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц Вышаградскай групы. 2 Візіт дэлегацыі такога фармату ў Мінск прайшоў упершыню. Яшчэ адна цікавая і паказальная падзея адбылася 11 снежня. Кіраўнікі дыпламатычных місій краін-чальцоў Еўрасаюза былі запрошаныя ў МЗС Беларусі. Падчас гэтай сустрэчы А. Купчына праінфармавала еўрапейскіх дыпламатаў аб праблемных пытаннях ва ўзаемадачыненнях Беларусі і Расіі і аб развіцці еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў.

Гэта, бадай, першы выпадак за перыяд пасля 2010 года, калі Мінск адкрыта апелюе да Еўрасаюза ў пытаннях беларуска-расійскіх стасункаў. Цяпер гэта адбылося на фоне абмежаванняў паставак беларускай малочнай і мясной прадукцыі ў Расію. З папраўкай на ўкраінскія падзеі сітуацыя нагадвае перыяд 2008–2010 гадоў, калі Мінск гэтаксама спрабаваў выкарыстаць свае няпростыя стасункі з Расіяй як нагоду для нармалізацыі ўзаемадачыненняў з Еўрасаюзам, падкрэсліваючы небяспеку для суверэнітэту Беларусі і сваю асобную пазіцыю па Грузіі.

На працягу года прадстаўнікі кіраўніцтва Беларусі неаднаразова выказвалі сваю зацікаўленасць ва «Усходнім партнёрстве» і наладжванні паўнавартасных стасункаў з Еўрасаюзам. Пры гэтым яны не забываліся пастаянна агучваць афіцыйную пазіцыю што да «Усходняга партнёрства», якая палягае ў наступных тэзісах:

Фон Украіны

Практычна ўвесь год узаемадачыненні Беларусі і Еўрасаюза развіваліся ў цені драматычных падзей ва Украіне. Не маючы іншага выйсця са складанай знешнепалітычнай сітуацыі, Мінск заняў цалкам асобную ад Крамля пазіцыю па Украіне, чым даў выразна зразумець Захаду, што Беларусь мае свае ўласныя інтарэсы, адрозныя ад інтарэсаў Масквы. Гэты мэседж быў адразу счытаны ў Еўропе, сведчаннем чаго стала тэлефонная размова паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, якая адбылася 17 красавіка з ініцыятывы польскага боку. Паводле паведамлення прэс-службы беларускага прэзідэнта (якое пасля з нейкай прычыны было выдаленае з афіцыйнага сайта), гаворка вялася пра міжнародную сітуацыю, што ўзнікла ў сувязі з украінскімі падзеямі.

Галоўнай дыпламатычнай падзеяй года, безумоўна, стаў саміт у фармаце Мытны саюз – Украіна – Еўрасаюз, што прайшоў у Мінску 26 жніўня. Ставілася мэта пакласці пачатак працэсу ўрэгулявання крызісу ва Украіне. Ад Еўрасаюза ў сустрэчы ўдзельнічалі вярхоўны прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер і еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гюхт. Акрамя ўдзелу ў мерапрыемствах саміту, Кэтрын Эштан правяла двухбаковую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, падчас якой падзякавала беларускаму прэзідэнту за ініцыятыву ў правядзенні мірных перамоў.

Гэтая сустрэча і такі высокі ўзровень прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Мінску сталі магчымыя выключна ў кантэксце ўкраінскага крызісу. Але важны і сам факт таго, што адбыліся кантакты на высокім узроўні, якія сведчаць пра сур’ёзны поспех беларускай дыпламатыі, у тым ліку і на еўрапейскім напрамку. Гэта патэнцыйна адкрывае новыя магчымасці для развіцця стасункаў Беларусі і Еўрасаюза.

Прыклад такіх патэнцыйных мажлівасцей быў прадэманстраваны практычна адразу пасля завяршэння мінскага саміту: 28–29 жніўня Макей наведаў Польшчу з працоўным візітам. Ён сустрэўся са сваім калегам Радаславам Сікорскім. У цэнтры ўвагі былі перамовы ў Мінску і перспектывы ўрэгулявання крызісу ва Украіне. Таксама 28 жніўня Макей правёў перамовы з міністрам эканомікі Польшчы Янушам Пехаціньскім.

Пасрэдніцкія намаганні Беларусі тым не менш не прывялі да прарыву ва ўзаемадачыненнях Мінска і Бруселя. Але ўкраінскі крызіс у цэлым і роля Беларусі ў яго ўрэгуляванні сталі «каталізатарам супрацоўніцтва», як выказаўся намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Томаш Арлоўскі, які наведаў Мінск у канцы кастрычніка. Яшчэ адным каталізатарам паслужылі санкцыі Расіі ў дачыненні да еўрапейскіх вытворцаў прадуктаў харчавання.

Увосень назіралася істотная актывізацыя прадстаўнікоў палітычных і дзелавых колаў суседніх з Беларуссю краін Еўрасаюза з мэтай пошуку магчымасцей перапрацоўкі прадукцыі і яе экспарту праз Беларусь. Да прыкладу, Х Беларуска-Літоўскі форум, які праходзіў у Магілёве на пачатку лістапада, наведаў прэм’ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус. А па словах віцэ-старшыні Літоўскай сельскагаспадарчай палаты Бронюса Маркаўскаса, «тысячы тон [малочнай прадукцыі] былі вывезеныя за нейкія тры тыдні». 3

Напярэдадні Новага года Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы на пасадзе новага кіраўніка сваёй адміністрацыі Аляксандра Косінца, такім чынам рэзюмаваў беларускую палітыку ў дачыненні да Еўрасаюза: «Мы мяжуем з Захадам і не хочам ніякіх сутыкненняў – ні палітычных, ні эканамічных. Палова нашага гандлю там. Калі Захад працягне нам руку супрацоўніцтва, то трэба гэтым скарыстацца. Мы будзем імкнуцца да нармалізацыі стасункаў з Захадам. Калі яны хочуць з намі на роўных супрацоўнічаць і даюць сігналы да гэтага, мы прымем гэты сігнал. Мы заўсёды казалі пра гэта: давайце сядаць за стол перамоў і дамаўляцца». 4

Высновы

У 2014 годзе Беларусь і Еўрасаюз перайшлі да рэалізацыі вызначанага раней плана, які ўключыў у сябе перамовы па спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі, а таксама кансультацыі па пытаннях мадэрнізацыі. Як і ў 2013 годзе, дыпламатычныя кантакты заставаліся інтэнсіўнымі, чаму ў не малой ступені паспрыялі нейтральная пазіцыя Беларусі ў дачыненні да ўкраінскага крызісу і спрыянне міратворчаму працэсу. Такім чынам, можна канстатаваць, што, дзякуючы дыпламатычным намаганням афіцыйнага Мінска і геапалітычнаму кантэксту, Еўрасаюз уключыўся ў дыялог больш высокага ўзроўню з беларускім урадам. Пры гэтым беларускі бок, абмежаваўшыся досыць сімвалічнымі крокамі, так і не пайшоў на выкананне патрабаванняў Бруселя (вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, паляпшэнне сітуацыі з палітычнымі правамі), якія той выставіў у якасці перадумовы для пачатку дыялога.

У 2015 годзе дыялог паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе пашырацца на фоне пагаршэння сітуацыі ва Украіне і захавання напружанасці ў стасунках Захаду з Расіяй. Верагодна, што на саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе будуць падпісаныя пагадненні пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі з Еўрасаюзам. Аднак далейшыя перспектывы застаюцца няпэўнымі, бо яны крытычна залежаць ад характару правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2015 года і ад іх ацэнкі з боку Еўрасаюза.