Польска-беларускія дачыненні: гандлюйма, а не ваюйма

Анна Марыя Дынэр

Рэзюмэ

Год 2013 не прынёс ніякага пералому ў польска-беларускія дачыненнi. Нягледзячы на замарожаныя палітычныя стасункі і накладзеныя Еўрасаюзам санкцыі пасля падзей 19 снежня 2010 года, абедзьве дзяржавы развівалі двухбаковы гандаль і часткова трансгранічнае супрацоўніцтва. Тым не менш Польшча ўсё яшчэ не атрымала ад Беларусі паведамлення пра ратыфікацыю двухбаковага пагаднення аб малым памежным руху. У консульскіх стасунках традыцыйна спрэчнымі заставаліся пытанні візаў, карты паляка і лічнасці польскага дыпламатычнага корпусу.

Тэндэнцыі:

Палітыка ў акуцці лёду

Двухбаковыя стасункі застаюцца замарожанымі ад прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, вынікам чаго ёсць недахоп міждзяржаўных кантактаў на высокім ўзроўні. У той жа час краіны не пазбягаюць тэхнічных кантактаў, а ў 2013 Еўрасаюз распачаў фінансаванне чарговых трансгранічных праектаў, між іншым – праграмы трансгранічнага супарцоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна 2007–2013». У яе рамках грошы ЕС накіроўваюцца, напрыклад, на падтрымку шпіталяў у Берасці і Гародні. Мажлівасць супрацы ствараюць таксама два еўрарэгіёны – «Нёман» і «Буг». Варта адзначыць, што, нягледзячы на замарожванне палітычных дачыненняў Варшава–Мінск, у 2013 Польшча, Беларусь і Украіна падпісалі трохбаковую дамову аб стыку дзяржаўных межаў.

Цікава, што ў 2013 хваля медыйных атак з боку Беларусі была меншай за папярэднія гады. Асноўныя закіды ў бок Польшчы тычыліся консульскіх службаў, якія не могуць даць рады візавым працэдурам. Беларускае ТБ паказвала матэрыялы пра разнастайныя пасярэдніцкія фірмы, што нібыта дзеляць частку прыбыткаў ад візавых аперацый з консуламі. Сапраўды, гэтыя праграмы закранулі істотную праблему, з якой сутыкаецца шараговы беларус падчас паездкі ў Польшчу, – цяжкасцямі атрымання польскай візы без пасярэдніцтва. Прычынай гэтага з’яўляюцца хакерскія атакі на серверы польскіх консульстваў і блакаванне даступных дат для сустрэчы з консулам, а таксама адсутнасць мажлівасці павелічэння штату консулаў – на што не хоча даць згоду беларускі бок. Аднак, нягледзячы на гэтыя цяжкасці, летась больш за 360 тыс. беларусаў атрымалі польскія візы.

Даўнім папрокам з беларускага боку з’яўляецца выдаванне польскімі консульствамі карты паляка (у 4 кв. 2013 года ёю скарысталіся 11.6% беларусаў, што перакрочылі мяжу Рэспублiкi Польшча). Больш за тое, Беларусь па-ранейшаму абмяжоўвае грамадзян у мажлівасці яе атрымання – у 2013 было прынятае рашэнне, што ёю (а таксама любым іншым дакументам, што дае прывілеі ў іншай дзяржаве) не могуць карыстацца вайскоўцы, супрацоўнікі МУС і МНС.

У той жа час у Польшчы найвялікшы розгалас тэма Беларусі атрымала з нагоды выпадку Тэрэсы Стшэлец, якая цэлы месяц прымусова знаходзілася на тэрыторыі Беларусі ў сувязі са складанай справай датычна яе машыны. Дзякуючы намаганням польскіх дыпламатычных службаў і добрай волі беларускіх уладаў, полька змагла вярнуцца дадому; тым не менш яна не атрымае кампенсацыі за незаконна рэквізаваную машыну. Важна, што ў 2013 не было ніякіх паведамленняў пра праблемы непрызнанага Мінскам Саюза палякаў у Беларусі.

У 2013 падазронасць паміж абедзьвюма дзяржавамі была абуджаная вайсковымі пытаннямі. Пераважная большасць польскай грамадскасці непрыхільна сустрэла супольныя манёўры Беларусі і Расіі «Захад 2013». Іх сцэнар сыходзіў з таго, што вонкавыя сілы (агульназразумела, Польшча і іншыя краіны НАТА) хочуць дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, чаму мае супраціўляцца яе армія, падтрыманая расійскімі ваенна-паветранымі сіламі, сухапутнай арміяй і ваенна-марскім флотам. Авіяцыя і супрацьпаветраная абарона маюць заданне ізаляваць тэрыторыю дзеянняў, а сухапутныя войскі і флот – нейтралізаваць праціўніка.

Заклапочанасць выклікала інфармацыя пра тое, што Расія стала несці баявыя дзяжурствы над тэрыторыяй Беларусі, пра планы збудавання базы для расейскіх знішчальнікаў (спачатку мова ішла пра яе размяшчэнне пад Лідай, потым – пад Баранавічамі) і размяшчэнне ў Беларусі чатырох дывізіёнаў ракет С-300. У сваю чаргу прэзідэнт Лукашэнка выказаўся крытычна адносна вучэнняў НАТА «Стэдфаст Джаз» на тэрыторыі Польшчы ў лістападзе 2013 года. Беларусь прадэманстравала занепакоенасць у сувязі з перанясеннем у Польшчу часткі амерыканскіх знішчальнікаў Ф-16, якія дагэтуль размяшчаліся на італьянскай базе ў Авіяна.

Аднак відавочна, што ў 2013 годзе, напрыканцы якога прэзідэнт Лукашэнка прызначыў Аляксандра Авяр’янава новым паслом у Варшаве, аслабла антыпольская рыторыка ў Беларусі, а ў Польшчы беларускія справы таксама адышлі на задні план.

Эканамічныя стасункі

Нягледзячы на замарожаныя палітычныя дачыненні, Польшча і Беларусь развіваюць гандлёвыя кантакты. Згодна з данымі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (ГСТ), у 2013 годзе польскі экспарт на беларускі рынак узрос на 17.1% у параўнанні з 2012 і перакрочыў EUR 1.1 млдр. Адначасова Польшча адзначыла падзенне імпарту з Беларусі на 23.5% – да EUR 490 млн. Такім чынам, польскі гандлёвы баланс павялічыўся на EUR 450 млн – да EUR 1.2 млн.

Аднак тут варта заўважыць, што ў 2013 Польшча адзначыла паляпшэнне гандлёвых балансаў з усімі краінамі СНД: агулам экспарт ва ўсе гэтыя краіны павялічыўся на 7.8% і дасягнуў EUR 15.3 млрд, а імпарт зменшыўся на EUR 21.9 млрд (11.7%). У выніку адмоўны гандлёвы баланс з усімі краінамі СНД зменшыўся з EUR 10.5 млрд у 2012 да 6.5 млрд у 2013 годзе.

Таксама развіваецца прымежны гандаль. Паводле звестак ГУС, у 2013 выдаткі ў Польшчы асоб, якія дэкларуюць Беларусь як месца пастаяннага пражывання, склалі PLN 2.4 млдр (амаль EUR 600 млн), а палякаў у Беларусі – PLN 76.3 млн. Толькі ў 4 кв. мінулага года кожны беларус выдаткаваў у Польшчы ў сярэднім каля PLN 840 (каля EUR 200), найчасцей купляючы электроніку і побытавую тэхніку, адзенне і абутак, запчасткі і аксесуары для транспартных сродкаў. Большую частку пакупак зрабілі ў 50-кіламетровай прымежнай зоне. Гэтым таксама карыстаюцца беларускія перавознікі, што арганізуюць новыя аўтобусныя рэйсы ў Польшчу, а чыгункі абедзвюх краін абвясцілі аб супрацоўніцтве ў ажыццяўленні пасажырскіх перавозак на ўчастку Гародня – Беласток.

Таму нядзіўна, што беларускія ўлады непакояцца, што ўвядзенне малога памежнага руху (МПР) яшчэ больш павялічыць выдаткі беларусаў у Польшчы, тым больш што на цяперашні момант пакупкі – гэта найчасцейшая дэклараваная прычына візітаў да заходняга суседа. Нягледзячы на адсутнасць МПР, у 2013 мяжу з РП перакрочылі больш за 7 млн 800 тыс. беларусаў і трохі больш за 1 млн грамадзян РП. І хаця лічба перасячэнняў параўнальная з лічбай 2012 года, мяркуючы па папулярнасці пропускаў МПР сярод украінцаў і расійцаў, такую сітуацыю можна будзе чакаць і ў Беларусі.

Тэмай, якую ў Беларусі ўспрынялі амаль з энтузіазмам і якая ў Польшчы выклікала палітычную буру, было прызнанне Расіяй гатоўнасці пабудаваць другую нітку газаводу Ямал – Еўропа, альбо т. зв. «перамычку». Беларускія ўлады з энтузіазмам паставіліся да ідэi, бачачы ў ёй шанец на атрыманне дадатковых сродкаў (нават у выглядзе платы за транзіт) з Расіі. Польскі бок, аднак, не выказаў гатоўнасці ўдзельнічаць у праекце, у выніку чаго ад яго адмовіліся.

Нягледзячы на тое, што эканамічнае супрацоўніцтва можна палічыць адзіным пазітыўным момантам ва ўзаемадачыненнях Польшчы і Беларусі, гэта не азначае, што ён абсалютна не залежыць ад таго, што адбываецца ў палітычнай плоскасці. І не толькі ў польска-беларускіх дачыненнях, але таксама ў стасунках Польшча (альбо шырэй – Еўрапейскі Саюз) – Расія, прыкладам чаго можа быць блакаванне Беларуссю, на запатрабаванне расіян, імпарту польскай свініны пасля таго, як у грузе мяса з Польшчы было знойдзенае недазволенае сала (пазней высветлілася, што гэта была віна расійскага імпарцёра). У сувязі з ростам палітычнага напружання ў рэгіёне ў найбліжэйшыя месяцы можна чакаць пагаршэння і польска-беларускіх эканамічных зносін.

Заключэнне

Год 2013 не прынёс грунтоўных зменаў у дачыненнях Польшчы і Беларусі. Палітычныя кантакты засталіся замарожанымі, але абедзьве краіны супрацоўнічалі ў тэхнічнай плоскасці, пры гэтым колькасць ўзаемных медыйных атак значна паменшылася. Адначасова, незалежна ад палітычных спраў, чарговы год запар Польшча і Беларусь адзначылі павелічэнне гандлёвых абаротаў.

Калі б не санкцыі, праблема правоў чалавека і часткова вайсковыя пытанні (якія таксама больш тычыліся блокаў, у якіх ўдзельнічаюць абедзве дзяржавы, а менавіта АДКБ і НАТА), можна было б сказаць, што гэта былі звычайныя суседскія стасункі.