Польска-беларускія стасункі: год стагнацыі ў атмасферы варожасці

Kamil Klysinski

Рэзюмэ

У 2012 годзе засталіся актуальнымі праблемы, якія з’явіліся ў польска-беларускіх стасунках пасля зрыву дыялогу па лініі Мінск – Брусэль у снежні 2010 года. Польшча, у выніку асаблівай актыўнасці і заангажаванасці ў палітыцы ўвядзення санкцый супраць беларускага рэжыму, яшчэ больш умацавала свой вобраз галоўнага ворага Мінска, які стаіць на шляху аднаўлення дыялогу з Еўрасаюзам. Адначасова беларускія улады праігнаравалі прапанову Еўрасаюза пад назвай Дыялог аб мадэрнізацыі, які прадугледжвае падтрымку рэформаў у Беларусі. Са зместу прапагандысцкіх заяваў можна зрабіць выснову, што такое стаўленне магло сфарміравацца і з-за таго факту, што накід гэтай праграмы быў зроблены ў Варшаве.

Пэўнай праблемай, асабліва ў стасунках польскіх уладаў з беларускай грамадзянскай супольнасцю, была ўцечка інфармацыі пра фінансаванне Польшчай беларускіх няўрадавых арганізацый і меркаванні польскай прэсы адносна неўласцівых паводзінаў польскiх уладаў у справе Алеся Бяляцкага. Адначасова ў 2012 утрымалася шматгадовая тэндэнцыя эфектыўнай эканамічнай супрацы, якая развіваецца насуперак палітычным стасункам.

Тэндэнцыі:

Працяг «халоднай вайны» у палітычных стасунках

Ужо на пачатку года падзеі выразна паказалі, што да выйсця з тупіку ў польска-беларускіх стасунках далёка. У лютым беларускае тэлебачанне паказала чарговы антыпольскі матэрыял, які датычыўся фінансавання польскімі ўладамі беларускай апазіцыі, у якім з’явілася абвінавачанне ў падтрымцы з Варшавы груп «баевікоў», якія быццам бы рыхтуюцца да дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Адначасова беларускія ўлады адмовілі ва ўездзе групе польскіх парламентарыяў, якія мелі намер сустрэцца з прадстаўнікамі непрызнанага Мінскам Саюза палякаў у Беларусі (СПБ).

Аднак кульмінацыяй напружання сталі падзеі 28 лютага, калі беларускія ўлады заклікалі пасла Польшчы Лешэка Шарэпку пакінуць Беларусь і адклікалі для кансультацый кіраўніка амбасады Беларусi ў Польшчы. Такую самую «прапанову» атрымала і пасол Еўрасаюзы Майра Мора. Гэта было рэакцыяй Аляксандра Лукашэнкі на прынятае днём раней рашэнне Рады Еўрасаюза аб пашырэнні візавых санкцый супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. І хаця ў парыве салідарнасці ўсе акрэдытаваныя ў Мінску паслы краін Еўрасаюза пакінулі Беларусь, для ўсіх было зразумелым, што менавіта польскія ўлады і дыпламаты, якія іх прадстаўляюць, выклікаюць найвялікшае раздражненне ўладаў Беларусі.

У адным з сакавіцкіх выданняў беларускага штодзённіка СБ. Беларусь Сегодня з’явіўся кароткі артыкул пад назвай Чалавекафобія, у якім польскага міністра замежных спраў абвінавачвалі ў палітычным авантурызме і недобразычлівасці да Беларусі. З іншага боку, улады Польшчы таксама не замарудзілі з адплатай і далі вострую ацэнку паводзінам свайго усходняга суседа, чаму падтаквала частка польскіх СМІ. Адным словам, ад’езд польскага амбасадара ў чарговы раз нагадаў усім пра тое, што стасункі на лініі Мінск – Варшава знаходзяцца ў стане глыбокага крызісу, які часта нагадвае вядомыя з кніг і фільмаў эпізоды «халоднай вайны» паміж СССР і Захадам.

Галоўнай крыніцай гэтага крызісу былі шматгадовыя фундаментальныя супярэчнасці паміж дзвюма краінамі. З аднаго боку, Мінск бачыў у Польшчы лідара групы краін-чальцоў Еўрасаюза, якія імкнуцца ўзмацніць санкцыі супраць беларускага рэжыму і тым самым стаць на шляху выхаду з міжнароднай ізаляцыі зручным для рэжыму спосабам, а менавіта, без палітычных рэформаў. З іншага боку, з гледзішча Варшавы Беларусь была складаным суседам, з якім хоць і трэба падтрымліваць стасункі, двухбаковыя і ў рамках кантактаў Беларусь – Еўрасаюз, але толькі на нізкім узроўні з-за адсутнасці гатоўнасці рэжыму да якіх-кольвек частковых саступак у такіх прынцыповых для польскага боку пытаннях, як вызваленне ўсіх палітзняволеных.

Іншымі словамі, Мінск чакаў звароту да дыялогу і зняцця накладзеных санкцый, нягледзячы на адсутнасць палітычнай лібералізацыі ў Беларусі, а Варшава ставіла нармалізацыю стасункаў у залежнасць ад саступак у той сферы, якую рэжым хацеў выключыць з размоў любым коштам. Вынікам такой істотнай супярэчнасці ў разуменні перспектыў узаемадачыненняў стала поўная адсутнасць даверу з абодвух бакоў. Атмасферу недаверу паглыблялі ўсё яшчэ жывыя негатыўныя стэрэатыпы (асабліва з беларускага боку), якія вынікаюць з супольнай гісторыі краін, што адвеку жывуць па-суседску.

Акрамя адсутнасці рэальных перспектыў паразумення польская дыпламатыя ўсё-такі актыўна шукала спосабаў ажывіць як польска-беларускія, так і больш шырокія стасункі па лініі Брусэль – Мінск. Таму на пачатку года Варшава прапанавала ініцыятыву пад назвай «Дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю», якая была прынятая на форуме Еўрасаюза і ужо як праект Еўрасаюза распачатая ў сакавіку. Істотнай задачай гэтай праграмы было ўцягненне Беларусі ў больш блізкае супрацоўніцтва праз перадачу краінамі Еўрасаюза свайго досведу ў рэфармаванні розных сектараў функцыянавання краіны: ад сацыяльнага страхавання і аховы здароўя да павелічэння ролі інтэрнэту ў кіраванні і абслугоўванні насельніцтва. Рэалізацыя гэтай праграмы мелася ажыццяўляцца між іншым на семінарах, зладжаных у краінах-чальцах Еўрасаюза. Першае мерапрыемства падобнага кшталту адбылося 16–17 траўня ў Варшаве, а яго тэмай была прыватызацыя.

Нягледзячы на высланыя запрашэнні (з прычыны візавых санкцый арганізатары абмежаваліся чыноўнікамі сярэдняга і ніжняга звёнаў), беларускія ўлады праігнаравалі гэтую падзею, і ў выніку Беларусь рэпрэзентавалі прадстаўнікі апазіцыі, няўрадавых арганізацый і незалежныя журналісты. У паказаным на першым канале беларускага тэлебачання матэрыяле пад назвай «Псеўдамадэрн», сярод шэрагу крытычных ацэнак праграмы «Дыялог аб мадэрнізацыі» выразна прабівалася думка, што ў траўні ў Варшаве пад выглядам семінара на тэму прыватызацыі беларуская апазіцыя спаткалася з польскімі ўладамі, каб «ажыццявіць падзел беларускіх прадпрыемстваў». Для доказу гэтага тэзісу у перайначаным кантэксце была пададзеная цытата віцэ-міністаркі замежных спраў Катажыны Пэлчыньскай-Налэнч пра непазбежнасць прыватызацыі і зацікаўленасць з боку польскіх інвестараў. Такім чынам, чарговы раз у польска-беларускіх стасунках запанавалі недавер і цяжка схаваная варожасць.

Адзіным пазітыўным момантам у стасунках на лініі Мінск – Варшава ў 2012 годзе быў агульны з’езд чальцоў нелегальнага з гледзішча беларускага права Саюза палякаў у Беларусі.Васемнаццатага лістапада ў Гродне, без асаблівых перашкодаў з боку беларускіх уладаў, дэлегаты выбралі новага старшыню Мечыслава Яськевіча, былога старшыню СПБ у Гродне.

Супярэчнасці вакол падтрымкі грамадзянскай супольнасці

Як і ў 2011 годзе, істотнай праблемай у беларуска-польскіх стасунках было пытанне рэгулярнай дапамогі беларускім няўрадавым арганізацыям. Але ў 2012 напружанне з’явілася не столькі ў стасунках з уладамі Беларусі, колькі паміж польскім МЗС і атрымальнікамі дапамогі, т. б. беларускай грамадзянскай супольнасцю. Увосень адбылося некалькі падзей, якія ў чарговы раз выклікалі – галоўным чынам у Польшчы – бурлівую дыскусію аб неабходнасці выкарыстання, з прычыны спецыфікі Беларусію, дзе атрыманне замежнай дапамогі па-за кантролем беларускіх уладаў караецца, выключных умоваў перадачы дапамогі і рэалізацыі праектаў з удзелам беларускага трэцяга сектара.

У польскай газеце Rzeczpospolita з’явіўся артыкул, у якім выказвалася меркаванне, што ўжо ў 2011 годзе, яшчэ да арышту, вядомы праваабронца Алесь Бяляцкі прасіў польскіх дыпламатаў не перадаваць беларускiм уладам інфармацыю пра ягоныя банкаўскія рахункі у Польшчы. Паводле газеты, Бяляцкі меўся атрымаць запэўненне, што нічога такога не адбудзецца, але, як вядома, так сталася і ён атрымаў вырак 4.5 гады турмы, на аснове, апроч іншага, даных, атрыманых ад польскага боку.

Адначасова СМІ паведамілі, што з польскага МЗС на агульнадаступны інтэрнэт-партал адбыўся выцек важнай інфармацыі пра фінансаванне беларускіх арганізацый. Хаця канчаткова не высветлілася, наколькі праўдзівай з’яўляецца інфармацыя пра просьбу Бяляцкага альбо як адбыўся выцек такой важнай інфармацыі, няма ніякага сумневу, што гэтыя здарэнні будуць мець адмоўны ўплыў на супрацоўніцтва паміж беларускай грамадзянскай супольнасую і ўладамі Польшчы.

Развіццё эканамічнага супрацоўніцтва і з’ява прымежнага гандлю

Эканамічная сфера традыцыйна з’яўляецца вобласцю двухбакова карыснага супрацоўніцтва, нягледзячы нават на часта катастрафічны палітычны клімат. У 2012 узровень таваразвароту амаль дасягнуў выніку 2011 года, альбо каля USD3 млрд, што ёсць добрым вынікам, улічваючы адмоўны ўплыў сусветнага крызісу на эканоміку абедзвюх краін. Адначасова польскія інвестары выяўляюць значную зацікаўленасць у размяшчэнні капіталу ў Беларусі. Падчас лістападаўскага XVIпольска-беларускага эканамічнага форума ў Мінску «Добрасуседства 2012» вяліся перамовы пра некалькі інвестыцыйных праектаў вартасцю EUR400 млн, якія маюць быць рэалізаваныя на працягу найбліжэйшых 3–4 гадоў.У той жа час, у самім 2012 годзе узровень польскіх інвестыцый у Беларусі мог бы дасягнуць каля USD100 млн.

Аднак найвялікшым феноменам польска-беларускіх эканамічных стасункаў з’яўляецца дынамічны рост прымежнага гандлю. Гэтая з’ява абумоўленая значнымі адрозненнямі коштаў (на карысць польскіх крамаў) па абодва бакі мяжы на многія групы тавараў, у тым ліку на тэле- і радыёапаратуру, побытавую тэхніку, прадукты харчавання, будаўнічыя матэрыялы і адзенне. Зацікаўленасць у выгадных пакупках сярод беларусаў была такая высокая, што на працягу года яны выдаткавалі на польскім баку больш за EUR600 млн. Такі ж вялікі таваразварот польскія крамы зафіксавалі на украінскім і расійскім участках мяжы. Але там дзейнічае малы памежны рух, які значна аблягчае мясцовым жыхарам перасячэнне мяжы.

Таму можна выказаць меркаванне, што, калі б была рэалізаваная падпісаная яшчэ ўзімку 2010 дамова аб малым памежным руху паміж Беларуссю і Польшчай, зыскі польскіх гандляроў узраслі б нават у два разы. У сувязі з гэтым нельга выключаць, што менавіта перспектыва яшчэ большага адплыву валюты з Беларусі з’яўляецца галоўнай прычынай блакавання беларускімі ўладамі рэалізацыі гэтай дамоўленасці.

Высновы

2012 год не прынёс ніякага пералому ў цяжкіх і напружаных польска-беларускіх стасунках. У чарговы раз апынулася, што рознае разуменне сутнасці ўзаемных стасункаў і каштоўнасцей з’яўляецца значнай, а, мажліва, нават непераадольнай перашкодай.Больш за тое, даўні крызіс даверу, наяўны традыцыйна ў афіцыйных стасунках, стаў усё больш выяўляцца і ў супрацоўніцтве паміж польскімі ўладамі і беларускай грамадзянскай супольнасцю.

Адначасова не спраўдзіліся чаканні, што адносна ўдалае эканамічнае супрацоўніцтва можа стацца асновай адбудовы добрых палітычных стасункаў. Недавер часам пераходзіў у адкрытую варожасць, і адсутнасць паразумення прывяла да таго, што 2012 год у польска-беларускіх стасунках прайшоў пад знакам стагнацыі. Нічога не сведчыць пра тое, што гэтая нявыгадная для абедзвюх краін-суседак сітуацыя выправіцца ў хуткім часе.