Беларуская палітыка ў развіваным свеце: асцярожнае зараблянне грошай
Сяргей Богдан

Рэзюмэ

У 2010 г. інтэнсіўнасць узаемадзеяння Беларусі з развіваным светам не зменшылася, нягледзячы на змяненне ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і падвышэнне актыўнасці МЗС і іншых дзяржаўных структураў на заходнім напрамку. Гэта сведчыць пра імкненне кіраўніцтва краіны стварыць і падтрымліваць у форме сувязяў з развіваным светам альтэрнатыўны вектар вонкавай палітыкі краіны, які функцыянаваў бы незалежна ад магчымых збліжэнняў афіцыйнага Менска з Захадам ці Расеяй. Апрача захавання нібыта плённых гандлёвых сувязяў з шэрагам краінаў Азіі з заўважным дадатным сальдам на карысць Беларусі (В’етнам, Індыя, Іран, Сірыя, Егіпет), палітыка Беларусі ў развіваных краінах дасягнула таксама пэўнага станоўчага выніку ў плане альтэрнатыўных паставак нафты з Венесуэлы.

Тэндэнцыі:

  • кіраўніцтва краіны сур’ёзна не рызыкуе і не ўвязваецца ў геапалітычныя авантуры, абмяжоўваючыся ў скрайнім выпадку вербальнай, ды і тое асцярожнай, падтрымкай сваіх часта антызаходніх партнёраў у Tрэцім свеце (выключэнне складае КНР);
  • белыя плямы беларускай «адсутнасці» (маем на ўвазе перадусім вонкаваэканамічныя сувязі) на мапе развіванага свету не толькі засталіся, але бадай што і пашырыліся – выпалі Ірак і фактычна ўся Паўночная Афрыка, скараціліся кантакты з арабскімі краінамі Персідскай затокі ды Індыяй.

Як і ў мінулыя гады, па інтэнсіўнасці кантактаў вылучаліся стасункі з КНР, Венесуэлай і Іранам. У 2010 г. крыху актывізаваліся і без таго неблагія кантакты з Сірыяй і В’етнамам. Падаецца, што галоўнай мэтай беларускай палітыкі ў Tрэцім свеце ўсё ж з’яўляецца зараблянне грошай, а таму і кантакты з малаплацежаздольнымі краінамі калі і падтрымліваюцца, дык на мінімальным узроўні (Куба).
Разам з тым палітычныя кантакты ў 2010 г., як заўжды, не зусім суадносіліся з развіццём вонкаваэканамічных сувязяў. З імі шмат чаго няяснага. Найважнейшымі пытаннямі тут ёсць іх фактычная рэнтабельнасць, перспектыўнасць (што адбудзецца з некаторымі стасункамі, калі ў адпаведнай краіне зменіцца ўлада), а таксама фактычная структура гандлю. У цэлы шэраг краінаў Беларусь экспартуе пераважна не складаныя вырабы, прыкладам, машынабудавання, а куды менш тэхналагічна прасунутыя тавары накшталт калійных угнаенняў (у прыватнасці, гэта афіцыйна прызнаецца ў дачыненні да В’етнама і КНР).

КНР
Сувязі з КНР вызначаліся найбольшай дыверсіфікаванасцю галінаў супрацоўніцтва сярод усіх краін гэтай групы. У студзені намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік наведаў КНР, у сакавіку ў Беларусь прыехаў намеснік старшыні Народнага банка І Ган, пры канцы сакавіка – намеснік старшыні КНР Сі Цзіньпін, а Кітай наведала беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале са старшынямі абедзвюх палатаў. Пры канцы красавіка ў КНР выправіўся віцэ-прэм’ер Віктар Бура. У траўні Беларусь наведала кітайская вайсковая дэлегацыя пад кіраўніцтвам чальца Цэнтральнай ваеннай рады КНР Чэнь Біндэ, а ў Кітай выправіўся міністр абароны Беларусі (яго візіты ў КНР ужо сталіся традыцыйнымі і адбываюцца фактычна штогод). У траўні ж у Менску пабывала дэлегацыя Дзяржаўнага кантрольна-рэвізійнага ўпраўлення КНР.
У чэрвені Менск наведаў мэр Пекіна Го Цзіньлун, а таксама прыбыла кітайская дэлегацыя для ўдзелу ў 11-м паседжанні Беларуска-кітайскай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы. У ліпені адбыўся візіт дэлегацыі Акадэміі навук Беларусі ў Кітай, а ў верасні Менск наведала кітайская парламенцкая дэлегацыя. Ужо ў часе прэзідэнцкай кампаніі на пачатку кастрычніка адбыўся кароткі візіт А. Лукашэнкі ў Кітай – шосты за часы ягонага прэзідэнцтва.
У кантактах з КНР выразна бачная няроўнасць бакоў. Калі беларускі бок накіраваў у Пекін парламенцкую дэлегацыю на чале з кіраўніцтвам парламента, дык зваротны візіт рабіла дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. Калі старшынём беларускай часткі Камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы з’яўляецца старшыня Камітэта дзяржкантролю, дык кітайскі бок выстаўляе намесніка міністра камерцыі. Прытым гэтага намесніка міністра прымае прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі і першы віцэ-прэм’ер Віктар Сямашка. Толькі ў стасунках з КНР Беларусь мае камісіі па супрацы з правінцыямі рэспублікі, а не на нацыянальным узроўні. Зрэшты, чакаць іншага не даводзіцца – суадносіны сілаў сапраўды занадта розныя. Іншая рэч, што беларускае кіраўніцтва часцяком робіць выгляд, нібыта беларуска-кітайскія адносіны грунтуюцца на роўнасці.
Стасункі з КНР, верагодна, грунтуюцца і на ідэалагічнай блізкасці бакоў. Несумненна, палітыка посткамуністычнага пекінскага рэжыму, які дазваляе зарабіць сваім чыноўнікам, але трымае пад кантролем грамадства, шмат больш падабаецца беларускаму кіраўніцтву і ўладнаму істэблішмэнту, чым больш ідэалагічна экзатычныя і незразумелыя мадэлі Ірана, Лібіі ці Венесуэлы. Апошнімі двума пасламі ў КНР сталі былыя старшыні Камітэта дзяржкантролю, што сведчыць аб важнасці пасады. Фактычна ў 2000-х гг. пасада пасла ў КНР стала ажной з найважнейшых у наменклатуры паслоў (параўнальнай з пасадамі паслоў у Маскве ці Вашынгтоне). Пасля вяртання на радзіму былы амбасадар у Кітаі Тозік пры канцы 2010 г. атрымаў пасаду віцэ-прэм’ера, а таму для пераймання кітайскай мадэлі створаныя пэўныя перадумовы.
КНР увайшла ў дзясятку вонкавагандлёвых партнёраў Беларусі па аб’ёме гандлю, праўда, зазвычай гэта быў гандаль з адмоўным для Беларусі сальда. У аглядны год эканамічныя стасункі з КНР актыўна развіваліся. Паводле афіцыйных звестак аб’ём экспарту ў Кітай вырас у 6.3, а імпарту – у 4.9 разы.1 Даволі значную частку беларускага экспарту – часам да паловы – складаюць калійныя ўгнаенні.2 Асобна варта зазначыць, што беларускі МЗС, паслужліва дагаджаючы пекінскаму прынцыпу «адзінага Кітаю», складае паказнікі гандлю па КНР, Макао, Ганконгу і Тайваню ў адну лічбу.
Галоўнай інтрыгай года стала пытанне аб продажы прынамсі пэўнай часткі «Беларуськалія», на які, як чакаецца, могуць сур’ёзна прэтэндаваць кітайскія пакупнікі. «Беларуськалій», які займае заўважнае месца на сусветным рынку калійных угнаенняў, быў выведзены са спіса прадпрыемстваў нацыянальнай уласнасці і падрыхтаваны да прыходу замежных інвестараў.
Пытанне продажу ў той ці іншай форме найлепшых беларускіх прадпрыемстваў можа паўставаць у звязку з велізарнымі кітайскімі крэдытамі, на якія адкрыта спадзяецца беларускае кіраўніцтва. Небяспека палягае ў тым, што працэдура продажу гэтых прадпрыемстваў можа быць непразрыстай. Пытанні ўласнасці ў беларускіх узаемінах з развіванымі краінамі ўжо існуюць. Прыкладам, няясна, якая частка прадпрыемства «Амкодор» належыць непальскім бізнесоўцам. Непразрыстай была і працэдура перадачы аманскаму інвестару кавалка зямлі ў гістарычным цэнтры Менску ўвесну 2010 г.
Значным аспектам адносінаў з’яўляецца вайсковае і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Яно стала прысутнічае ў беларуска-кітайскіх стасунках; у адрозненне амаль ад усіх іншых развіваных краінаў Кітай стабільна развівае гэтую супрацу.

Іншыя краіны Азіі
У студзені Беларусь наведаў міністр юстыцыі В’етнама Ха Хунг Кыонг, у траўні адбыўся візіт у Беларусь прэзідэнта Нгуен Мінь Чыета і мэра Ханоя Нгуен Тхе Тхао. У кастрычніку В’етнам наведаў старшыня Палаты прадстаўнікоў У. Андрэйчанка. У лістападзе ў Менску прайшло 8-е пасяджэнне Беларуска-в’етнамскай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з удзелам першага намесніка міністра прамысловасці і гандлю В’етнама. У 2010 г. аб’ём беларуска-в’етнамскага гандлю вырас і склаў USD 145.9 млн, з іх беларускі экспарт – USD 105.5 млн. Афіцыйна прызнаецца, што «галоўным артыкулам беларускага экспарту з’яўляюцца калійныя ўгнаенні»3 .
Разам з тым беларускі бок імкнуўся знайсці іншыя кантакты ў рэгіёне. У першым паўгоддзі Менск наведаў начальнік Генеральнага штаба Лаоса. У траўні першы віцэ-прэм’ер В. Сямашка сустрэўся ў Тэгеране з міністрам прамысловасці Інданезіі, а ў чэрвені намеснік міністра замежных спраў Алейнік выправіўся ў Інданезію, М’янму і Малайзію. Гэта працяг спробы беларускага МЗС адкрыць для беларускага гандлю велізарны рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі, апрача традыцыйна блізкага В’етнама. Хаця ў верасні адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі інданезійскіх бізнес-колаў на чале з міністрам гандлю Інданезіі Мары Элкі Пангесту, аднак відавочна, што гэта толькі самыя пачаткі супрацы. У верасні міністр замежных спраў Беларусі сустрэўся падчас сесіі ААН у Нью-Ёрку са сваім бангладэшскім калегам, а пры канцы верасня намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алейнік сустрэўся з міністрам замежных спраў Інданезіі ў часе адной з канферэнцыяў Руху недалучэння.
Сур’ёзныя кантакты з Індыяй абмежаваліся красавіцкім візітам у Менск старшыні Вярхоўнага суда Індыі К.Г. Балакрышнана (які ўжо быў у Беларусі за год да таго) ды візітам беларускай дэлегацыі на чале з першым віцэ-прэм’ерам Сямашкам у Дэлі пры канцы кастрычніка. Прытым таваразварот паміж Беларусяй і Індыяй наблізіўся да паўмільярда даляраў пры значным дадатным сальда для Беларусі.
Стасункі з Турэччынай пасля звыклых кантактаў нізкага ўзроўню – міжэмзээсаўскіх кансультацыяў на ўзроўні намеснікаў міністраў у траўні і візіту ў Беларусь турэцкай парламенцкай дэлегацыі – раптам выбухнулі візітам беларускага прэзідэнта ў Турэччыну. Мэты і фармат паездкі засталіся незразумелымі, хаця яна і ўключала сустрэчы А. Лукашэнкі з турэцкімі прэзідэнтам і прэм’ерам.

Іран
Пры канцы студзеня ў Менск прыехаў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ірана Рахім-Машаі, адзін з набліжаных прэзідэнта Ахмадзінежада. У лютым адбыўся візіт у Іран міністра замежных спраў Беларусі, пасля чаго ў Беларусь прыляцеў міністр дарог і транспарту Бехбахані, колішні выкладчык Ахмадзінежада (праўда, зняты парламентам з сваёй пасады напачатку 2011 г.). У траўні ў Беларусі пабываў міністр прамысловасці і шахтаў Мэхраб’ян, а Іран наведалі першы віцэ-прэм’ер Сямашка і дэлегацыя Дзяржкамітэту па навуцы і тэхналогіях. У кастрычніку Тэгеран наведаў міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Радзевіч. У Іране ў траўні таксама пабывала беларуская парламенцкая дэлегацыя, а ў снежні Тэгеран наведаў старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч.
Іранскі бок, імаверна, лічыць стасункі з Беларусяй адным з патэнцыйных шляхоў вырашэння некаторых праблем, звязаных з пагаршэннем міжнароднага становішча Ірана ў выніку санкцыяў. Што праўда, Менск не спяшаецца рызыкаваць чымсьці дзеля Ірана, а таму нейкіх відавочна падазроных сувязяў з Тэгеранам не выяўлена.
Заўсёдная тэма некаторых беларускіх апазіцыйных СМІ – нібыта існая вайсковая супраца – наўрад ці мае колькі-небудзь сур’ёзны характар. Што праўда, падчас візіту дэлегацыі Камітэта па навуцы і тэхналогіях, паводле паведамлення навінавай агенцыі «ФАРС», бакі дамаўляліся пра арганізацыю супольных доктарскіх праграмаў па кантролі і кіраванні войскамі. Іншы скандал датычыўся нібыта паставак Беларусяй у Іран зенітна-ракетных комплексаў С-300. Тэма гэтых паставак узнікае штогод і пастаянна выяўляецца фальшыўкай. Гэтым разам скандал з публікацыяй навіны «ФАРС» на пачатку жніўня, магчыма, быў выкліканы ўнутрыпалітычнай барацьбой у самім Іране. Сама арыгінальная навіна «ФАРС» нават не сцвярджала факту такіх паставак, а была перакручаная іранскім карэспандэнтам «Асашыэйтэд прэс» у адпаведным сэнсе.
Іранскія праекты ў Беларусі пакуль не вызначаліся паспяховасцю. Рэгіянальна яны засяроджаныя ў асноўным на Гомельшчыне, аднак большасць з іх у стадыю фактычнай рэалізацыі пакуль не перайшла. У прыватнасці, праект вытворчасці легкавікоў «Саманд» пад Менскам заставаўся хімерным і цягам гэтага году.
У траўні абвяшчалася, што ў другім паўгоддзі А. Лукашэнка наведае Іран і адбудзецца адкрыццё радовішча нафты, вылучанага беларускім нафтавікам, а таксама пройдуць перамовы аб пастаўках іранскай нафты на беларускія нафтаперагонныя заводы. Аднак нічога з гэтага ў выніку не адбылося.4 Трэба меркаваць, што частка праблемаў звязаная з спецыфікай працы іранскага дзяржапарату і фракцыйнай структурай іранскай палітыкі ды нават самой дзяржавы.
У 2010 г. нарэшце была дасягнутая мэта, пастаўленая яшчэ на пачатку 2000-х гг., – давесці узровень двухбаковага гандлю да USD 100 млн. Таваразварот склаў USD 104.8 млн, з іх беларускі экспарт – USD 97.2 млн. Безумоўна, вялікае станоўчае сальда ў гандлі з Іранам ёсць істотным станоўчым момантам у сітуацыі агульнага адмоўнага сальда вонкавага гандлю Беларусі. Фармальна можна казаць пра пэўныя дасягненнi ў гэтым плане, аднак варта ізноў падкрэсліць, што ўзровень эканамічных стасункаў з Іранам шмат саступае палітычным кантактам, і такая палітычная ангажаванасць можа ненатуральным чынам адбіцца на развіцці эканамічных стасункаў.

Арабскія краіны
У вонкавапалітычных стасунках прыярытэтнай краінай была Сірыя. У студзені адбыўся візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Сірыю, у сакавіку – у Аман. Пры канцы красавіка ў Дамаску адбылося пасяджэнне камісіі па вайскова-тэхнічным супрацоўніцтве. У траўні Беларусь наведаў міністр адукацыі Амана, у чэрвені міністр замежных спраў Беларусі выправіўся ў Сірыю і Ліван. У чэрвені ж Менск наведаў старшыня Народнага сходу Сірыі Махмуд аль-Абраш, а ў ліпені старшыня Палаты прадстаўнікоў беларускага парламенту ў рамках Сусветнай канферэнцыі спікераў сустрэўся са сваімі ліванскім і бахрэйнскім калегамі.
Пры канцы ліпеня адбыўся візіт сірыйскага прэзідэнта ў Беларусь. Імаверна, сірыйскі бок быў больш за беларускі зацікаўлены ў геапалітычных гульнях, таму А. Лукашэнка стрымана адрэагаваў, у прыватнасці, на шматзначную заяву сірыйскага кіраўніка: «Мяркую, што адносіны, якія мы будуем сёння, – гэта адносіны не паміж дзяржавамі, а рэгіёнамі Усходняй Еўропы і Блізкага Усходу»5 .
У верасні намеснік міністра замежных спраў С. Алейнік сустрэўся з дзяржміністрам міністэрства замежных спраў Амана ў рамках адной з канферэнцыяў Руху недалучэння. У кастрычніку адбыўся беларуска-эмірацкі бізнэс-форум у Абу-Дабі, а ў лістападзе працоўны візіт намесніка міністра замежных спраў Алейніка ў Сірыю для ўдзелу ў трохбаковай сустрэчы кіраўнікоў вонкавапалітычных ведамстваў Беларусі, Сірыі і Венесуэлы. Такі падкрэслена нізкі ровень беларускага прадстаўніцтва на сустрэчы паказаў, што Менск не быў гатовы да буйных геапалітычных гульняў, што маглі б уцягнуць яго ў рызыкоўныя сітуацыі. Разам з тым адмаўляцца ад супрацы з апанентамі ЗША беларускае кіраўніцтва не хацела б, да таго ж гадавы аб’ём гандлю з Сірыяй складае некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, пры станоўчым сальда для Беларусі.
Фактычна на нішто сышлі кантакты з краінамі Паўночнай Афрыкі. Праўда, у кастрычніку (як і ў 2009 г.) Лібію наведала беларуская дэлегацыя на чале з памочнікам прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы В. Лукашэнкам. Апроч таго, цягам году ў гэтую краіну выпраўляліся дэлегацыі МТЗ, «Белшыны», канцэрнаў «Белнафтахім» і «Беллесбумпрам». Афіцыйныя звесткі аб аб’ёме гандлю часта падаюцца ў няпоўнай і неадэкватнай форме; паводле іх аб’ём гандлю мінімальны. Трэба меркаваць, што ўтрыманне беларускай амбасады ў Лібіі дыктуецца хутчэй спадзяваннямі на будучыя кантракты, чым рэальнымі сувязямі.
Кантакты з Егіптам абмежаваліся візітам міністра юстыцыі Егіпта Мамдуха Марэі ў Менск у кастрычніку. Адметна, што пры такіх сціплых кантактах развітасць беларуска-егіпецкіх эканамічных сувязяў цалкам параўнальная з узроўнем развітасці беларуска-іранскіх сувязяў (прытым, што за апошнімі стаіць значная палітычная воля).

Лацінская Амерыка
Прыярытэтным напрамкам вонкавай палітыкі ў рэгіёне заставалася Венесуэла. У сакавіку ў Венесуэлу выправіліся спачатку першы віцэ-прэм’ер В. Сямашка і памочнік прэзідэнта па асаблівых даручэннях В. Шэйман. Адразу ж пасля таго адбыўся працоўны візіт у Венесуэлу самога прэзідэнта Лукашэнкі. В. Шэйман ізноў наведаў Лацінскую Амерыку – Балівію, Венесуэлу, Кубу і Эквадор – пры канцы траўня – пачатку чэрвеня. У лістападзе ж у Беларусь завітаў міністр замежных спраў Венесуэлы. Апроч таго, ужо каторы год запар Беларусь наведаў прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес.
Найважнейшым пытаннем былі пастаўкі ў Беларусь венесуэльскай нафты, якія пачаліся з пачатку года. Прыход венесуэльскай нафты – хай сабе і ў абмежаваным аб’ёме – выклікаў адмоўную рэакцыю расейскага боку. Пытанне рэнтабельнасці гэтай нафты застаецца няясным, аднак, паводле слоў венесуэльскага пасла, у 2011 і 2012 гг. штогадовыя пастаўкі нафты на беларускія нафтаперагонныя заводы могуць дасягнуць 10 млн т.6
Разам з тым беларускі бок змог атрымаць значныя кантракты ў рамках распачатай Чавесам кампаніі мадэрнізацыі краіны. Вынікам было тое, што ў 2010 г. беларускі экспарт у Венесуэлу дасягнуў USD 302.3 млн.
Стасункі з іншымі краінамі рэгіёна былі куды больш маргінальнымі. Праўда, у сакавіку адбыўся першы візіт прэзідэнта Беларусі ў Бразілію, аднак яго фармат застаецца незразумелым, гэтаксама як і яго вынікі. У траўні Беларусь наведала малапрадстаўнічая дэлегацыя бразільскіх бізнес-колаў. Нягледзячы на адсутнасць трывалых палітычных кантактаў, аб’ём гандлю паміж Беларусяй і Бразіліяй склаў у 2010 г. USD 862.6 млн, што больш за папярэдні год, але менш за рэкордны паказнік 2008 г. (больш за USD 1 млрд, пры станоўчым для Беларусі сальда). Бразілія, такім чынам, у апошнія гады ўваходзіла ў дзясятку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі па-за СНД.
У верасні падчас сесіі Генасамблеі ААН міністр замежных спраў С. Мартынаў сустрэўся з сваімі балівійскім і нікарагуанскім калегамі. У верасні ж адбыўся візіт у Беларусь кубінскай дзелавой дэлегацыі на чале з намеснікам міністра вонкавага гандлю і замежных інвестыцый.

Афрыка
Афрыка застаецца пераважна неадкрытым для Беларусі кантынентам. У лютым адбыўся візіт дэлегацыі на чале з намеснікам міністра замежных спраў С. Алейнікам у Кот-д’Івуар, Тога і Малі. Безумоўна, вялікім пытаннем у стасунках з афрыканскімі дзяржавамі з’яўляецца забеспячэнне бяспекі гандлю і аплаты. Трэба меркаваць, адной з новых схемаў забеспячэння афрыканскіх кантрактаў з’яўляецца ўвязванне беларускай гандлёвай палітыкі з расейскай.
На пачатку жніўня адбыўся візіт змяшанай расейска-беларускай дэлегацыі ў Гану, прычым з беларускага боку ў ёй прысутнічаў В. Шэйман. Таксама ў жніўні Беларусь наведаў міністр замежных спраў Гамбіі Мамаду Тангара.

Падсумаванне
Развіваныя краіны заставаліся заўважным напрамкам беларускай вонкавай палітыкі ў 2010 г. Трэба зазначыць, што яшчэ ў познесавецкі перыяд доля развіваных краінаў па-за межамі Рады эканамічнай узаемадапамогі ў вонкавым гандлі БССР складала блізу 10%, а таму гандаль з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі незалежнай Беларусі ёсць лагічным працягам ранейшага ўзаемадзеяння. Ацаніць яго аб’ём складана з-за недахопу надзейных звестак, аднак, паводле афіцыйных заяваў, у 2010 г. аб’ём беларускага гандлю з краінамі Азіі і Афрыкі (сярод якіх, праўда, былі таксама развітыя Японія, Ізраіль і Паўднёвая Карэя) склаў USD 4.8 млрд.7 Калі ўлічыць яшчэ гандаль з краінамі Лацінскай Амерыкі, дык ёсць падставы меркаваць, што аб’ём гандлю трымаецца прыкладна на ўзроўні БССР-аўскіх часоў.
Ёсць усе падставы чакаць захавання гэтага становішча ў бліжэйшай будучыні. Разам з тым, гэты год ізноў паказаў даволі хісткую аснову беларускай палітыкі ў дачыненні да большасці партнёраў краіны ў Tрэцім свеце. Кола беларускіх партнёраў насамрэч даволі абмежаванае – прыкладна тузін краінаў.
Найбольш трывалыя, разгалінаваныя і ўстойлівыя стасункі склаліся фактычна з Кітаем, які не першы год уваходзіць у дзясятку ключавых вонкаваэканамічных партнёраў Беларусі. Аднак гэтыя стасункі таксама ёсць даволі неадназначнымі, бо, па-першае, яны, імаверна, неадэкватна ўспрымаюцца афіцыйным Менскам, а па-другое, утрымліваюць у сабе пэўныя палітычныя абавязанні, якія выводзяць Беларусь са статусу нейтральнага партнёра і прымушаюць беларускі бок прымаць заявы палітычнага зместу і сумніўнай этычнай якасці (наконт падзеяў у самім Кітаі, Тайване і Тыбеце). Прыкладам можа быць ваяўнічая заява на сайце беларускага пасольства ў Кітаі: «Республика Беларусь постоянно оказывает поддержку китайским инициативам в международных организациях, белорусские руководители неоднократно высказывались на официальном уровне в поддержку политики “одного Китая”, против сепаратистских вылазок в Тибете»8 . Мажліва, афіцыйны Менск спадзяецца на тое, што ў адказ КНР выкажацца ў падтрымку Беларусі па пытанні аб эканамічных санкцыях з боку ЗША ці іншых чальцоў міжнароднай супольнасці (як, напрыклад, Пекін зрабіў у красавіку 2008 г.).
Яшчэ адным сталым партнёрам Беларусі з’яўляецца В’етнам, для чаго маюцца аб’ектыўныя спрыяльныя перадумовы з савецкага часу. Пакуль ёсць падставы разглядаць стасункі з усімі іншымі краінамі не як стабільныя, а як хісткія. У шматлікіх выпадках гучныя палітычныя кантакты не вядуць да эканамічных вынікаў (Іран), у іншых кароткатэрміновыя дасягненні могуць быць зведзеныя на нішто, калі кан’юнктура зменіцца да глыбейшага ўкаранення беларускага боку ў той ці іншай краіне (Венесуэла).
Разам з тым беларускі бок пазбягае лішняй геапалітычнай ці ідэалагічнай ангажаванасці ў сваіх вонкавых зносінах. Менск браў мінімальны ўдзел у трохбаковай сустрэчы кіраўнікоў МЗС Беларусі, Сірыі і Венесуэлы; не ажыццяўляе сур’ёзных праектаў з Іранам, якія маглі б выклікаць адмоўную рэакцыю ЗША; будуе строга прагматычныя стасункі нават з такім традыцыйным партнёрам Беларусі, як Куба, і г. д. Тым большую асцярожнасць беларускі ўрад дэманструе ў гандлі зброяй – нягледзячы на ўсе чуткі, сведчанняў якой-кольвек нелегальнай дзейнасці ў гэтай сферы дагэтуль не выяўлена.
Асноўная праблема Беларусі ў развіваным свеце – гэта цяжкасці з пашырэннем традыцыйных рынкаў і кола партнёраў. Безумоўна, значная частка краінаў гэтай групы (Афрыка, менш развітыя арабскія краіны) ёсць праблематычнай опцыяй для беларускіх прадпрыемстваў з-за высокай рызыкоўнасці вядзення спраў без дадатковых гарантый, якія беларускі ўрад сам па сабе забяспечыць не можа. Але ёсць і мноства неахопленых беларускай вонкавай палітыкай «непраблемных» у плане забеспячэння кантрактаў краінаў, якія з’яўляюцца больш чым перспектыўнымі для эканамічнага і, часткова, палітычнага ўзаемадзеяння. Гэта датычыць краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі па-за Індакітаем, краінаў Лацінскай Амерыкі, Пакістана. Імаверна, што пранікненне на гэтыя рынкі з’яўляецца складаным з-за адсутнасці ў Беларусі адпаведнай краінавай экспертызы, кадраў, адрознасці тэхнічных стандартаў прадукцыі, а таксама ненапрацаванасцi кантактаў на месцах.
Агулам, аналіз тэмы застаецца складанай справай з прычыны адсутнасці доступу да больш-менш поўнай інфармацыі. МЗС выступае з афіцыйнымі паведамленнямі не пра ўсе падзеі і кантакты, у прыватнасці, пазбягае выстаўляць поўную разбіўку карціны беларускага гандлю па ўсіх краінах, а беларускія амбасады часам па паўгады не абнаўляюць сваіх навінаў (як то амбасада ў Сірыі9 ).


1 Гл.: Положительное сальдо внешней торговли услугами Беларуси в 2010 году составило USD 1.7 млрд // tut.by. 2011. 18 лютага: http://news.tut.by/economics/215569.html. Прагледжана 18.02.2011.

2 Гл.: О торгово-экономическом сотрудничестве Республики Беларусь с Китайской Народной Республикой // Сайт Посольства Республики Беларусь в Китайской Народной Республике: http://www.china.belembassy.org/rus/relations/trade/

3 Гл.: Торгово-экономическое сотрудничество // Сайт Посольства Республики Беларусь в Социалистической Республике Вьетнам: http://www.vietnam.belembassy.org/rus/relations/trade/

4 Сехович В. От Судана до Ирана: альтернативная углеводородная история Беларуси // Ежедневник. 2010. 30 июня:http://www.ej.by/economy/2010-06-30/ot_sudana_do_irana_alternativnaya_uglevodorodnaya_.html. Прагледжана 15.12.2010.

5 Гл.: Александр Лукашенко провел переговоры с Президентом Сирии Башаром Асадом // Сайт Посольства Республики Беларусь в Сирийской Арабской Республике: http://www.syria.belembassy.org/rus/news/~page__m12=1~news__m12=212826

6 Гл.: Беларусь и Венесуэла реализуют более 120 соглашений и контрактов в различных сферах взаимного интереса // Сайт Посольства Республики Беларусь в Боливарианской Республике Венесуэла: http://www.venezuela.belembassy.org/rus/news/~page__m12=1~news__m12=247776

7 Гл.: Беларусь и страны Азии и Африки // Сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі: http://www.mfa.gov.by/bilateral/asia_africa/. Прагледжана 18.02.2010.

8 Гл.: Сотрудничество в политической сфере // Сайт Посольства Республики Беларусь в Китайской Народной Республике: http://www.china.belembassy.org/rus/relations/

9 Гл.: Сайт Посольства Республики Беларусь в Сирийской Арабской Республике: http://www.syria.belembassy.org/