Лятучы ўніверсітэт абвяшчае конкурс эсэ, накіраваных на асэнсаванне новых сацыяльных і культурных з’яваў, што праяўляюцца пад уплывам тэхналагічных інавацый.


«Пакаленне Z», «крэатыўны клас», «трансгуманізм» — словы-маркеры, праз якія праяўляецца імкненне зразумець новую сацыяльную і культурную рэальнасць, што паўстае пад уплывам інавацый і развіцця тэхналогій.

Ці заўважалі вы, як змяняецца беларускае грамадства? Думалі аб тым, што адбываецца са стасункамі паміж групамі, этычнымі і культурнымі нормамі, як перафарматуюцца гіерархіі, сацыяльныя інстытуты і структуры? Як змяняюцца бізнэсовыя практыкі і індывідуальныя звычкі, лад жыцця і паўсядзённасць?

Калі гэтыя пытанні непакояць ваш розум і штурхаюць да даследавання і аналізу, запрашаем падзяліцца сваімі развагамі і вынікамі ў межах конкурса эсэ «Пад уплывам тэхналогій: контуры новага грамадства».

Мэта конкурса — зрабіць заўважнымі і прадставіць для шырокага асэнсавання новыя сацыяльныя і культурныя з’явы, што праяўляюцца ў жыцці беларускага грамадства пад уплывам тэхналагічных інавацый.

Тэматычныя рамкі конкурса:

Да ўдзелу запрашаюцца даследчыкі, журналісты, аналітыкі, грамадскія і культурніцкія актывісты, якія цікавяцца наступствамі тэхналагічных зменаў для беларускага грамадства.

Па выніках конкурса аўтары 3-х найлепшых прац атрымаюць магчымасць стаць спікерамі Форума «Месца сустрэчы: будучыня» (лістапад 2019 года). Усе працы, адабраныя журы, будуць апублікаваныя на старонках»Беларусского журнала», «Thinktanks.by» і сайта Лятучага ўніверсітэта.

Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія эсэ, якія раней не публікаваліся, прысвечаныя аналізу, рэфлексіі, канцэптуалізацыі зменаў у беларускім грамадстве, звязаных з тэхналагічным развіццём. Тэксты павінны быць напісаны на рускай альбо беларускай мовах, памер тэкстаў ад 10 да 25 тысяч знакаў.

Склад журы:

Уладзімір Мацкевіч, метадолаг, філосаф, заснавальнік Лятучага ўніверсітэта;

Таццяна Шчытцова, філосаф, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта;

Іван Сухій, медыя-эксперт, футуролаг, сузаснавальнік і першы галоўны рэдактар E-xecutive.ru;

Таццяна Вадалажская, сацыёлаг, метадолаг, праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта;

Яся Каралевіч-Карцель, рэдактарка гарадскога сайту Citydog.by.

Асноўнымі крытэрамі ацэнкі дасланых эсэ будуць: даследчы падыход, смеласць і крытычнасць думкі, абгрунтаванасць выказванняў і зварот да беларускай рэальнасці.

Дасылаць свае працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай «На конкурс» на адрас: flyuniby@gmail.com да 15 кастрычніка 2019 года.

Партнёры конкурса: Міжнародная НДА «ЕўраБеларусь», «Беларусский журнал» і Thinktanks.by.