Ініцыятыву рэфармаваньня праваслаўнай царквы, агучаную Аляксандрам Лукашэнкам, для Свабоды камэнтуе экспэрт па пытаньнях царквы ў Беларусі, рэдактарка парталу «Царква» Натальля Васілевіч.

— Натальля, што азначае факт адсутнасьці Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстасьцях з нагоды 1025-годзьдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі?

— Аляксандар Лукашэнка ніколі ня песьціў Беларускую праваслаўную царкву ўдзелам у розных рэлігійных мерапрыемствах, абмяжоўваючыся хіба што запальваньнем сьвечкі, дый у апошнія гады рабіў ён гэта без прысутнасьці масавай публікі, звычайна на прыходзе блізкага да яго сьвятара протаярэя Фёдара Поўнага. Таму ня дзіўна, што і на літургію ён не прыйшоў. Бо на ёй вымушаны быў бы стаяць на нагах (а як мы нядаўна даведаліся, Лукашэнка лічыць, што ў царкве трэба было б сядзець), а таксама яна б цягнулася дзьве-тры гадзіны (хоць беларускі кіраўнік сам любіць казаць доўгія прамовы і праводзіць некароткія культавыя мерапрыемствы ў выглядзе сэлектарных нарадаў ці сэлектарных парадаў). Дый ня ён быў бы ў цэнтры ўвагі ўсяго мерапрыемства, што для сувэрэна, які прызвычаіўся, што вакол яго круціцца ўвесь беларускі сусьвет, быць статыстам — занадта вялікі стрэс. Іншая справа — прымаць высокіх гасьцей на сваёй тэрыторыі.

Узгадайма, што і ў час першага візыту патрыярха Кірыла ў Менск Лукашэнка не прыйшоў на выступ кіраўніка РПЦ у Палацы Рэспублікі, і месца, зарэзэрваванае для яго, маўкліва і ў той жа час красамоўна пуставала.

— Ці карэктна ў СМІ пішуць, што ўрачыстасьці ў Менску і службу на Замчышчы ўзначальваў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл? Там жа прысутнічалі кіраўнікі значна больш старажытных патрыярхатаў. Здаецца, яны вышэйшыя рангам за Кірыла?

— СМІ адлюстроўваюць тую інфармацыю, якую атрымліваюць з прэс-службаў Маскоўскага патрыярхату і прэс-рэлізаў мерапрыемстваў. Менавіта такія фармулёўкі пераважалі ў афіцыйнай інфармацыі.

Безумоўна, паводле правілаў, якія дзейнічаюць у Праваслаўнай Царкве, паміж рознымі памеснымі цэрквамі, а гэта значыць — і паміж іх кіраўнікамі, існуе пэўная «герархія гонару», парадак цэркваў у дыптыхах. Пытаньне пра наяўнасьць ці адсутнасьць у дыптыхах цэркваў, а таксама іх парадак, на дадзены момант у праваслаўнай царкве не ўрэгуляванае і зьяўляецца адным з пытаньняў на парадку дня падрыхтоўкі да Ўсеправаслаўнага сабору.

Так, напрыклад, на сьвяткаваньнях прысутнічала дэлегацыя Праваслаўнай царквы ў Амэрыцы разам зь яе прадстаяцелем мітрапалітам Ціханам. Дадзеную царкоўную структуру не прызнае Ўсясьветны патрыярхат, пры гэтым аўтакефалію ПЦА лічыць законнай Маскоўскі патрыярхат, які яе і дараваў.

Маскоўскі патрыярхат займае ў дыптыхах пятае месца, і калі ў 2008 годзе было аналягічнае сьвяткаваньне 1020-годзьдзя хрышчэньня Русі ў Кіеве, сьвяточную літургію ўзначальваў патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей, а патрыярх Аляксій ІІ яму суслужыў. Яно было б слушна і цяпер — запрасіць на сьвяткаваньні патрыярха Варфаламея, прадстаўніка той праваслаўнай царквы, якая была для Кіеўскай мітраполіі царквой-маці. Аднак патрыярх Варфаламей ня толькі не прыехаў сам на сьвяткаваньні, але і пасланая ім дэлегацыя не даехала да сьвяткаваньняў у Менску, нечакана перапыніўшы свой удзел без афіцыйных тлумачэньняў такога кроку. Не даехаў да Менску і прадстаўнік Румынскай царквы мітрапаліт Ёсіф.

Вышэй ў парадку гонару былі Патрыярх Александрыйскі і Патрыярх Іерусалімскі, аднак спрацавала «права глебы» — Патрыярх Кірыл на сваёй кананічнай тэрыторыі быў галоўным, усе астатнія дэлегацыі былі толькі масоўкай, мала ўплываючы на парадак дня свята, хаця фармальна святочную літургію і ўзначальваў Александрыйскі Папа.

— Як бы вы пракамэнтавалі пятнічныя заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт патрэбы рэфармаваць праваслаўную царкву, у прыватнасьці — зьмяніць мову і працягласьць набажэнстваў і даць магчымасьць людзям сядзець у царкве?

— З аднаго боку, з гэтых заяваў пра «кампактнае праваслаўе» можна было б толькі пасьмяяцца ці нават пашукаць у іх рацыянальнае зерне — сапраўды, стаяньне ў царкве для праваслаўных не настолькі прынцыповае, мова, асабліва для чалавека зьнешняга, які не прызвычаены да царкоўнаславянскай, цяжка зразумелая, асабліва што да сынтаксісу, працягласьць багаслужбаў сапраўды не заўсёды адэкватная, бо ютрань, напрыклад, служыцца ўвечары, а ня раніцай, а споведзь часта праводзіцца ў час літургіі, што занадта яе расьцягвае. Але ня думаю, каб Лукашэнка надта разьбіраўся ў дэталях царкоўнага статуту і ягоных праблемаў. Хутчэй, ён не разумее, навошта ўсе гэтыя набажэнствы трэба. Яму, бадай, хапіла б прашэньня за «краіну нашу, улады і воінства яе», а ўся гэтая паэзія богаслужбовая — гэта ж занудзтва, ня роўня конкурсу «Міс Мінск» ці «Славянскаму базару». Многія людзі, падобна Лукашэнку, зайшоўшы ў царкву, пачынаюць даволі хутка «маяцца».

Зь іншага боку, калі ўлады, спасылаючыся на «просьбы каталіцкіх вернікаў», пачалі змагацца за беларусізацыю Рыма-каталіцкага касьцёлу, то там усё вылілася ў прымусовае скарачэньне ксяндзоў-палякаў. Мэта, здавалася б, таксама добрая, і памятаю, што многія каталікі нават віталі такую гвалтоўную беларусізацыю, аднак зразумела, што зьмены ўнутранага ладу царквы павінны адбывацца ў духу саборнасьці ў самой царкве, адлюстроўваць яе духоўны стан. Калі разглядаць царкву толькі як «камбінат рытуальных паслугаў», дзе «служыцелі культу» павінны найлепшым чынам абслугоўваць «рэлігійныя патрэбы» насельніцтва (а менавіта так беларускі прэзыдэнт і разглядае што каталіцкую, што праваслаўную царкву), то імкненьне зрабіць яе больш кампактнай для спажыўца зразумелае. Аднак калі за гэтую справу возьмецца дзяржава, то ўсё можа дакаціцца да сытуацыі 1920-х гадоў у Рускай царкве, калі абнаўленцы, рэалізуючы цалкам неблагія ідэі рэформаў, ператварылі царкву ў прыдатак бальшавіцкага рэжыму. А ў праваслаўнай царкве, як на маю думку, сапраўды насьпелі рэформы, толькі рэформы кардынальныя, а не фармальныя, рэформы, якія, у прыватнасьці, павінны закрануць царкоўную сьвядомасьць у дачыненьні да сацыяльна-палітычных працэсаў, у стаўленьні да дзяржавы. І наўрад ці беларускі прэзыдэнт надта б парадаваўся такой «рэфармацыі».
Источник: Радыё Свабода