Агучванне ідэі аб стварэнні кодэксу супала з істотнымі зменамі ў закон «Аб ахове здароўя», якія фактычна абумоўліваюць скасаванне канстытуцыйнага права на бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя для некаторых катэгорый грамадзян.

Пра планы па стварэнню Кодэкса аб ахове здароўя заявіў старшыня профільнай камісіі Палаты Прадстаўнікоў Аляксандр Цэцоха, патлумачыўшы неабходнасць дакумента аб’ёмнасцю наяўнай заканадаўчай базы ў галіне, якая прадстаўлена 12 законамі і нашмат большай колькасцю адсылачных падзаконных актаў. Усё гэта нарматворчае багацце плануецца звесці ў адно, каб усеабдымна і дакладна апісаць усе магчымыя аспекты аховы здароўя грамадзян.

У той жа час мяркуемыя змены ў закон «Аб ахове здароўя» прадугледжваюць спагнанне аплаты лячэння асобаў, якія нанеслі шкоду свайму здароўю па прычыне знаходжання ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення. Акрамя ўрэгулявання спагнання сродкаў з п’яных, новая рэдакцыя закона ўтрымлівае шэраг іншых важных момантаў. Н апрыклад, увядзенне страхавання жыцця і здароўя медработнікаў ці канкрэтызацыя парадку перарывання цяжарнасці.

Дакумент выклікаў даволі значны грамадскі розгалас, спарадзіўшы ледзь не ўнікальныя для Беларусі віды ўзаемадзеянняў. Да апошніх адносіцца сумесная ініцыятыва Каталіцкага Касцёл, а і Праваслаўнай Царквы, якія падрыхтавалі надзвычай добра распрацаваныя прапановы ў закон, скіраваныя на змяншэнне колькасці аж да поўнай забароны абортаў. Таксама тэматыка новых заканадаўчых правак актыўна транслявалася іх стваральнікамі ў грамадства — на сайце Мін істэрства аховы здароўя бы ў размешчаны праект зменаў для абмеркавання, а міністр удзельнічаў у тэматычных «прамых лініях», даносіў пазіцыю да вышэйстаячых інстанцый, што таксама медыйна асвятлялася.

Прадказальна, што падчас абмеркавання за правы п’яных ніхто адкрыта голас узняць не наважыўся. Некаторыя калегі ў кулуарах выказваліся, што гэта прывядзе да адтэрмінавання дапамогі (напрыклад, пацыенты з траўмамі будуць звяртацца не адразу, а па працверазенні). Выклікалі пытанні і самі нормы ап’янення, быццам бы спісаныя з Правілаў дарожнага руху — ад 0,3 праміле чыстага алкаголю (каля 50 г гарэлкі на сярэдняга дарослага чалавека). Таксама выказваліся меркаванні, што асноўны цяжар кампенсацый ляжа на плечы людзей сацыяльна адаптаваных і сітуацыйна п’ючых, бо з алкаголікаў-дэградантаў шмат не возьмеш. Але мэтазгоднасць моманту гаворыць аб тым, што «аплатныя» змены будуць прынятыя, а рэкамендацыі духоўных асобаў — падобна што не, бо траўмаваныя выпівохі — гэта прыбыткі, а не абартаваныя дзеці — хутчэй наадварот.

Новая рэдакцыя закона перададзена для чытання ў Палаце Прадстаўнікоў, дзе хоць і тэарэтычна, але таксама можа сутыкнуцца з дапрацоўкамі (з боку таго ж царкоўнага лобі) — працэс запусціўся. Відаць настолькі моцна, што ад старшыні профільнай парламенцкай камісіі мы чуем ідэю не проста зменаў ў закон (хай сабе і падставовы для галіны), а дакумента больш высокага парадку.

Паводле канонаў юрыспрудэнцыі кадыфікацыя — гэта прызнанне, што ў пэўнай сферы напрацаваны масіў нарматыўных актаў рознага ўзроўню, а таксама існуе пэўная складаная сістэма ўнутрысістэмных узаемадзеянняў, практыка, якую трэба абагульняць і улічваць законатворцам. У сучаснай жа беларускай ахове здароўя няма разнастайнасці формаў жыцця, актараў, сувязяў, груп інтарэсаў, адсутнічаюць зразумелыя і дзейсныя каналы щплыву як з боку пацыентаў, так і з боку медработнікаў. Шматузроўневая сістэма «гарачых ліній» ва ўстановах аховы здароўя, куды пацыент можа выказаць свае меркаванні і прэтэнзіі, так і не стала сродкам уплыву на сістэму, а выконвае функцыі каналізацыі народнай незадаволенасці працай медработнікаў і спосабам уплыву на іх. Адміністрацыя лячэбных установаў, як правіла, становіцца на бок пацыентаў, часта «абы толькі яны вышэй не скардзіліся», такім чынам пастаянна трымаючы «у тонусе» сваіх падначаленых.

Існуючыя шматлікія медычныя прафесійныя асацыяцыі, за вельм і рэдкім выключэннем, не ставяць на мэце ўплываць на палітыку ў галіне. Акрамя гэтага, няма разнастайнай судовай практыкі па «медычных» справах, а страхавыя кампаніі, якія ў іншых краінах адыгрываюць значную ролю ў фінансаванні лячэння грамадзян, у нас не выходзяць за вельмі невялічкі сегмент добраахвотнага медычнага страхавання.

Структурна больш за 95% сістэмы аховы здароўя належыць дзяржаве, якая кантралюе не толькі санітарны стан тэрыторыі, а таксама лячэнне і прафілактыку хваробаў разам з фармвытворчасцю і медычнай адукацыяй на ўсіх узроўнях. І нават тыя 5%, якія фармальна не падкантрольныя, кантралююцца фактычна праз службу санітарнага нагляду, сістэму ліцэнзій і механізм фармавання коштаў на паслугі, які паводле існуючых правілаў, трэба ўзгадняць з Міназовы здаро ў я. Сістэма кіравання строга вертыкальная, стройнасцю якой кіраўніцтва галіны заканамерна ганарыцца. Механізмы ўзаемадзеяння не толькі дэталёва прапісаныя, але і ўвесь час удакладняюцца — той жа закон «Аб ахове здароўя» з 2009 году мяняецца штогод у сярэднім па два разы. Як паказвае практыка, калі ёсць патрэба часу — змены ў любыя нарматыўныя акты ўносяцца хутка і на ўсіх узроўнях. Прыкладам можа быць транспланталогія, калі нарматыўная база пад з’яву ўключаючы т. зв. «прэзумпцыю згоды», была створана хутка і якасна на зайздрасць суседзям. Так украінскія калегі адзначалі прагрэсіўнасць нашага заканадаўства ў галіне перасадкі органаў і тканак у супрацьвагу сваёй сітуацыі, калі развіццё гэтай галіны тармозіцца якраз праз недасканаласць нарматыўнай базы.

Разам з тым, у медычнай законатворчасці ёсць свае антыпрыклады. Да гэтага часу няма адзінага закона аб правах пацыентаў, хаця праект яго быў падрыхтаваны ў сярэдзіне 2000-х спецыялістамі рэспубліканскага цэнтра медычных тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароў’я Міністэрства аховы здароўя. Законапраект ўтрымліваў пададзенае ў даступнай форме дэталёвае апісанне ўсіх аспектаў абароны правоў пацыентаў, быў станоўча ацэнены экспертамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, але законам не стаў. Тлумачэнне — усе правы пацыентаў прапісаныя ў законе «Аб ахове здароўя», а таксама ў заканадаўстве аб абароне правоў спажыўцоў, адміністрацыйным і крымінальным кодэксах.

Кадыфікацыя ў юрыспрудэнцыі — гэта спосаб сістэматызацыі, перапрацоўкі, абнаўлення, паляпшэння норм права ў пэўнай сферы, а не механічная кампіляцыя існуючых нарматыўных актаў. У працэсе сістэматызацыі пераглядаюцца і абнаўляюцца нормы, прыбіраюцца састарэлыя, улічваецца цяперашні стан грамадскіх адносін у сферы рэгулявання. Такім чынам ствараюцца якасна новыя цэласныя нарматыўныя акты на базе несістэматызаванага, складанага, часам супярэчлівага заканадаўства. Гэта сур’ёзная складаная праца, для якой патрэбны не толькі нарматыўны матэрыял, але пэўны час і сэнс. Варта адзначыць, што з краінаў нашага «бліжэйшага» кола Кодэкс аб ахове здароўя мае толькі Казахстан — Расія, Украіна і астатнія суседзі пакуль што абыходзяцца проста законамі і, не ператвараючы іх у асобна ўзятую кніжку.

У залежнасці ад палітычнай волі і прафесіяналізму стваральнікаў, кодэкс можа стаць новым этапам развіцця грамадскіх адносін у сферы аховы здароўя, даць нарматыўную аснову для развіцця страхавой медыцыны, лібералізацыі рынку медычных паслуг, грамадскай актуалізацыі канцэпцыі правоў пацыентаў ды інш. Але, існуючая сітуацыя не пакідае спадзяванняў на магчымасць «рэвалюцыі зверху», бо магчыма «низы» і не «хотят жить по-старому», але «верхи» дэманструюць жаданне «править по-старому» пакуль будзе правіцца. У дадатак няма, як пісаў Ленін, «значнага павышэння актыўнасці мас іх гатоўнасці да рэвалюцыйнай творчасці».

Таму ёсць небяспека, што кадыфікацыя ў сферы аховы здароўя застанецца «дзейнасцю дзеля дзейнасці». Па выніках, лёгка можна будзе сказаць, што гэта і ёсць тыя чаканыя перамены, развіццё і рэформы. Раздадуць медалі, арганізуюць прыём са шведскім сталом і шырокую PR-кампанію ў СМІ. Як раз той выпадак, калі б вельмі хацелася б памыліцца ў песімістычных прагнозах.

Аўтар выказвае шчырую падзяку юрысту Вераніцы Заўялавай, MBA, за каштоўныя парады ў працэсе падрыхтоўкі матэрыялу.

Упершыню апублiкавана «Завтра твоей страны»