Свабода асацыяцыяў і стан няўрадавых арганізацыяў

Выніковая справаздача за 2009 год

Становішча з ажыцьцяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў у Беларусі цягам 2009 году прынцыпова не трансфармавалася. У 2009 годзе галоўныя праблемы пры стварэньні і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі засталіся нязьменныя:
–    працягвалася практыка адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў паводле сумнеўных падставаў, у тым ліку ў зьвязку з грамадзка-палітычнаю пазыцыяй заснавальнікаў аб’яднаньняў;
–    існавала забарона на дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў – з крымінальным пакараньнем за такую дзейнасьць (артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу “Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасьці”);
–    шмат для якіх зарэгістраваных НДА і партыйных структураў стварала перашкоды неабходнасьць мець юрыдычны адрас у нежылым памяшканьні (умовы для няўрадавых аб’яднаньняў і партыяў тут горшыя у параўнаньні з умовамі нават для некаторых формаў камэрцыйных арганізацыяў, якія могуць рэгістравацца на прыватных кватэрах заснавальнікаў), а таксама немагчымасьць без дазволу ўладаў арэндаваць памяшканьне для правядзеньня сходаў;
–    парадак атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі заставаўся складаным і патрабаваў згоды дзяржавы на атрыманьне грошай для рэалізацыі кожнага канкрэтнага праекту, пры гэтым айчынную спонсарскую дапамогу можна было атрымаць толькі на тыя мэты, якія вызначыць дзяржава.

Рэгістрацыя аб’яднаньняў
Рэгістрацыя ў 2008 і на пачатку 2009 году некалькіх незалежных ад ураду НДА (асабліва руху “За Свабоду”) і мясцовых аддзяленьняў некаторых партыяў спарадзіла ў асобных прадстаўнікоў трэцяга сэктару спадзеў на лібэралізацыю працэдуры рэгістрацыі. Але ў 2009 годзе на практыцы гэтыя надзеі ня спраўдзіліся. Вядома, што за студзень-красавік 2009 году ў Міністэрства юстыцыі па атрыманьне рэгістрацыі ў якасьці агульнанацыянальнага грамадзкага аб’яднаньня зьвярнуліся больш за 15 групаў грамадзянаў. Яшчэ большая колькасьць заявак на рэгістрацыю была пададзеная ў гэты пэрыяд на лякальным узроўні. Аднак практыка рэгістрацыі не зьмянілася і ўсім гэтым групам давялося сутыкнуцца са звыклымі адмовамі ў рэгістрацыі.

Цягам 2009 году атрымалі адмовы ў рэгістрацыі тры палітычныя партыі – Беларуская хрысьціянская дэмакратыя (двойчы), Беларуская партыя працоўных (правапераймальніца Беларускай партыі працы, зьліквідаванай у 2004 годзе) і Партыя свабоды і прагрэсу (чацьвёртая адмова за апошнія некалькі гадоў). З 2000 году ўлады Беларусі не зарэгістравалі ніводнай новай партыі. З адмовамі сутыкнуліся і некаторыя мясцовыя аддзяленьні ўжо зарэгістраваных палітычных партыяў (напрыклад, Партыя БНФ).
З адмовамі ў рэгістрацыі цягам 2009 году сутыкнуліся шмат якія моладзевыя і праваабарончыя грамадзкія аб’яднаньні. Напрыклад, двойчы атрымала адмову ў рэгістрацыі Грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне “Наша Вясна”, чатыры разы -- Праваабарончае аб’яднаньне “Берасьцейская Вясна”, а таксама адмовілі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў (Менск), Моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Маладыя сацыял-дэмакраты” (Менск), Моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Модэс” (Магілёў), Грамадзкаму аб’яднаньню “Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз – Маладыя Дэмакраты” (Менск), Грамадзкаму культурна-асьветнаму аб’яднаньню “Спадчына” (Горадня), Моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Новы курс” (Менск), Культурна-асьветнаму грамадзкаму аб’яднаньню “Залаты леў” (Слонім) ды іншым. У абсалютнай большасьці выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі маюць сумнеўную матывацыю і відавочна абумоўліваюцца палітычнаю воляй уладаў не дапусьціць легальнага існаваньня гэтых аб’яднаньняў. Суды ніколі не задавальняюць скаргаў на рашэньні Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі.

Агульная колькасьць зарэгістраваных арганізацыяў не павялічваецца ў параўнаньні з папярэднімі гадамі: паводле Міністэрства юстыцыі, за 2009 год у краіне былі зарэгістраваныя толькі 94 новыя аб’яднаньні, (у тым ліку 3 міжнародныя, 16 рэспубліканскіх і 75 мясцовых) і 8 новых фондаў (сярод іх – адзін міжнародны фонд).
Колькасьць няўрадавых арганізацыяў не павялічваецца

 

30 кастрычніка 2003 г.

1 студзеня 2004 г.

1 студзеня 2005 г.

1 студзеня 2006 г.

1 сакавіка 2007 г.

1 студзеня 2008 г.

1 студзеня 2009 г.

1 студзеня 2010 г.

Колькасьць новых зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў
(за адпаведны год)

94

155

61

85

100

94

94

Агульная колькасьць зарэгістраваных аб’яднаньняў
(на пазначаную дату)

2248

2214

2259

2247

2248

2255

2221

2225

 
Такім чынам, прыведзеная статыстыка сьведчыць, што органы юстыцыі штогод рэгіструюць толькі тую колькасьць грамадзкіх аб’яднаньняў, якая дазваляе скампэнсаваць іх памяншэньне ў выніку добраахвотнай ліквідацыі або прымусовай ліквідацыі праз судовыя рашэньні. Згодна паведамленьням Міністэрства юстыцыі, за 2009 год паводле позваў міністэрства Вярхоўным судом былі ліквідаваныя 7 грамадзкіх аб’яднаньняў, яшчэ 40 арганізацыяў прынялі рашэньні аб ліквідацыі па ўласнай ініцыятыве.

Агулам цягам 2009 году Міністэрства юстыцыі вынесла рашэньні аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі 34 ініцыятыўным групам па стварэньні новых грамадзкіх аб’яднаньняў рэспубліканскага (агульнанацыянальнага) ўзроўню дзейнасьці. Яшчэ больш адмоваў выносілася і на ўзроўні абласных упраўленьняў юстыцыі на адрас групаў па стварэньні мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў.

26 студзеня 2009 году ў Міністэрства юстыцыі падало дакумэнты на рэгістрацыю Грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне “Наша Вясна”. Заснавальнікі арганізацыі – праваабаронцы, журналісты ды грамадзкія дзеячы з розных рэгіёнаў краіны, якія раней уваходзілі ў Праваабарончы цэнтар “Вясна”. Названы цэнтар улады зьліквідавалі праз рашэньне Вярхоўнага Суду Беларусі яшчэ ў кастрычніку 2003 году. У 2007 годзе праваабаронцы паспрабавалі легалізаваць сваю дзейнасьць, аднак Міністэрства юстыцыі, а пасьля і Вярхоўны Суд Беларусі адмовілі ім у рэгістрацыі, нягледзячы на рашэньне Камітэту правоў чалавека ААН, у якім сьцьвярджалася, што ліквідацыя “Вясны” ў 2004 годзе сталася парушэньнем свабоды асацыяцыяў. У рашэньні Камітэту факт ліквідацыі “Вясны” расцэньваўся як парушэньне ўладамі Беларусі права на свабоду асацыяцыяў і прапаноўвалася выправіць сітуацыю, аднак гэтую рэкамэндацыю ўлады Беларусі праігнаравалі.

Аднак 11 сакавіка 2009 году (гэта значыць, з парушэньнем вызначанага заканадаўствам тэрміна для разгляду рэгістрацыйных дакумэнтаў цягам аднаго месяца) на афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зьявілася інфармацыя “Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадзкага праваабарончага аб\`яднаньня "Наша Вясна". 19 сакавіка 2009 году ў Вярхоўны Суд была пададзеная скарга на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі. 12 сакавіка 2009 году Хэльсынскія камітэты Швэцыі, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Масквы і Беларусі накіравалі супольны зварот да ўладаў Беларусі з заклікам пераглядзець адмоўнае рашэньне ў справе рэгістрацыі “Нашай Вясны”. Паводле Хэльсынскіх камітэтаў, прычыны нерэгістрацыі няўрадавай арганізацыі, пададзеныя Міністэрствам юстыцыі, нельга прызнаць неабгрунтаванымі. Таксама ў звароце адзначалася, што “стварэньне свабодных умоваў для законнай дзейнасьці праваабарончых групаў засьведчыла б, што Беларусь гатовая да стварэньня прасторы для грамадзянскай супольнасьці й канкрэтных крокаў, скіраваных на паляпшэньне сітуацыі з правамі чалавека”. Аднак Вярхоўны Суд не прыслухаўся да аргумэнтаў заснавальнікаў аб’яднаньня “Наша Вясна” і пакінуў рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі безь зьмены.

Паўторная спроба заснавальнікаў аб’яднаньня “Наша Вясна” падаць падкарэктаваныя дакумэнты на рэгістрацыю таксама не прывяла да посьпеху. 28 траўня 2009 году прадстаўнікі “Нашай Вясны” другі раз цягам году атрымалі рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі. Падставамі для адмовы былі факты ранейшага прыцягненьня заснавальнікаў да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасьці (такая падстава для адмовы не прадугледжваецца заканадаўствам) і тэхнічныя хібы ў паддадзеных дакумэнтах (напрыклад, у сьпісах заснавальнікаў ня ўсе асобы пазначылі стацыянарныя, а ня толькі мабільныя тэлефоны). 12 жніўня Вярхоўны Суд Беларусі пакінуў без задавальненьня скаргу заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна” на адмову Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднаньня. Трэцяя спроба легалізацыі дзейнасьці ня мела выніку, нягледзячы на тое, што аргумэнты чыноўніка Міністэрства юстыцыі былі непераканаўчыя і надуманыя, таму праваабаронцы вырашылі больш не рабіць захадаў для рэгістрацыі, а зьвярнуцца ў Камітэт правоў чалавека ААН са скаргаю на сыстэмную дыскрымінацыю ў праве на свабоду асацыяцыяў. Паводле віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, кіраўніка зьліквідаванага Праваабарончага цэнтру “Вясна” і зноў абранага старшыні “Нашай Вясны”, падчас апошняй спробы працэс рэгістрацыі для праваабаронцаў меў ня меншае значэньне за сам факт рэгістрацыі. Праз гэта заснавальнікам аб’яднаньня ўдалося паказаць увесь механізм парушэньня дзяржаваю права на свабоду асацыяцыяў у Беларусі.

Таксама тэхнічныя прычэпкі паслужылі падставаю для сыстэматычных адмоваў у рэгістрацыі Праваабарончага грамадзкага аб’яднання “Берасьцейская Вясна” – філіі “Вясны” ў Берасьцейскай вобласьці. Цягам 2009 году “Берасьцейская Вясна” чатыры разы спрабавала атрымаць рэгістрацыю ў якасьці асобнага мясцовага аб’яднаньня (дагэтуль такія спробы зьдзяйсьняліся і ў 2008 годзе). Заснавальнікі “Берасьцейскае Вясны” выпраўлялі хібы, зазначаныя ў адмовах у рэгістрацыі, але ж пры наступных спробах зарэгістравацца органы юстыцыі знаходзілі ўсё новыя і новыя падставы для адмовы.

Напрыканцы сакавіка Гарадзенскі аблвыканкам адмовіў у рэгістрацыі Гарадзенскага аддзяленьня Партыі БНФ і Гарадзенскага аддзяленьня Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Гэтая адмова была пацьверджаная і падчас яе абскарджваньня ў абласным судзе, нягледзячы на тое, што была абгрунтаваная выключна незаконнымі тэзісамі пра неадпаведнасьць шрыфту пададзеных дакумэнтаў патрабаваньням справаводных стандартаў.

2 ліпеня 2009 году Вярхоўны Суд Беларусі падтрымаў рашэньне Міністэрства юстыцыі аб нерэгістрацыі аб’яднаньня “Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз – Маладыя Дэмакраты”. Заснавальнікі аб’яднаньня ўпэўненыя, што падставаў для адмовы ў рэгістрацыі не было, а знойдзеныя недакладнасьці ў дакумэнтах можна было лёгка выправіць, калі б Міністэрства юстыцыі гэта дазволіла. Аднак чыноўнікі міністэрства кваліфікавалі гэта як “непаданьне неабходных для рэгістрацыі дакумэнтаў”. Паводле ўдзельнікаў працэсу з боку аб’яднаньня, яны чарговы раз пераканаліся, што дзеяньні Міністэрства юстыцыі накіраваныя на тое, каб не дапусьціць існаваньня зарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў і максымальна замарудзіць разьвіцьцё ў краіне грамадзянскай супольнасьці.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаньняў таксама сутыкнулася з адмоваю ў рэгістрацыі увесну 2009 году – гэта была ўжо другая адмова гэтаму зьвязу грамадзкіх аб’яднаньняў. 9 красавіка 2009 году кіраўніцтва Асамблеі НДА атрымала ліст з Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Рэгістрацыйны орган абгрунтаваў сваё рашэньне парушэньнямі парадку стварэньня асацыяцыі, быццам бы дапушчанымі пры заснаваньні Асамблеі НДА. Гэтак сьцьвярджалася, што ўстаноўчая дамова – несапраўдная, бо кіраўнікі арганізацыяў-заснавальніц падпісалі яе бяз згоды кіроўных органаў гэтых грамадзкіх аб’яднаньняў (што не адпавядала рэчаіснасьці). Таксама міністэрства палічыла, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаваньням заканадаўства, бо ня ўтрымлівае ўказаньня на прадмет яе дзейнасьці. Прадстаўнікі Асамблеі лічаць адмову палітычна матываванаю, бо ўстаноўчую дамову аб стварэньні Асамблеі падпісвалі кіраўнікі арганізацыяў-заснавальніц толькі пасьля таго, як іх упаўнаважылі на тое сходы ў кожнай арганізацыі, тым самым устаноўлены законам парадак быў захаваны. Заснавальнікамі Асамблеі НДА выступілі 7 грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку Беларускі Хэльсынскі камітэт, цэнтар “Супольнасьць”, БНФ “Адраджэньне”, Цэнтар правоў чалавека і яшчэ тры грамадзкія арганізацыі з Верхнядзьвінску, Віцебску і Магілёва. 4 чэрвеня 2009 году Вярхоўны Суд Беларусі адмовіўся задаволіць скаргу заснавальнікаў Асамблеі НДА на Міністэрства юстыцыі ў зьвязку з адмоваю ў рэгістрацыі. У сьнежні 2009 году заснавальнікі Асамблеі правялі яшчэ адзін устаноўчы зьезд і падалі дакумэнты на новую рэгістрацыю ў студзені 2010 году.

19 сакавіка 2009 году Ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму адмовіла ў рэгістрацыі Грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар моладзевых ініцыятываў “Модэс” (Магілёў). Падставаю для адмовы сталіся парушэньні заканадаўства, якія быццам бы ёсьць у статуце аб’яднаньня. Улады адначасова прапанавалі ініцыятарам стварэньня гэтага аб’яднаньня разгледзець магчымасьць рэгістрацыі ў форме ўстановы. Адмову ў рэгістрацыі таксама пацьвердзілі сваймі рашэньнямі судовыя інстанцыі.

25 чэрвеня 2009 году Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкаму культурна-асьветнаму аб’яднаньню “Спадчына” з г. Бярозаўкі на падставе таго, што дакумэнты на рэгістрацыю нібыта не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Кіраўнік арганізацыі, Сяргей Трафімчык, лічыць, што адмова ў рэгістрацыі сьведчыць пра нежаданьне ўладаў бачыць у прававым полі яшчэ адну легальную дэмакратычную арганізацыю. Сябры “Спадчыны” спрабавалі абскардзіць рашэньне ў судовым парадку, але Гарадзенскі абласны суд, а пазьней і Вярхоўны Суд, не задаволілі скаргаў.

У лістападзе 2009 году Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму адмовіла ў рэгістрацыі слонімскаму аб’яднаньню “Залаты леў”. Заснавальнікі Культурна-асьветнага грамадзкага аб’яднаньня “Залаты леў” раней уваходзілі ў склад іншай няўрадавай арганізацыі – Слонімскага моладзевага аб’яднаньня “Ветразь”, якое некалькі гадоў таму зьліквідаваў суд на падставе адсутнасьці юрыдычнага адрасу. Адзін з ініцыятараў стварэньня аб’яднаньня, Алесь Масюк, лічыць прынятае рашэньне палітычна матываваным: “Улады працягваюць палітыку нерэгістрацыі ў дачыненьні асобаў, якіх яны залічылі ў апазыцыю. Усе недапрацоўкі статуту мы маглі б выправіць цягам дня, а нас проста вырашылі забараніць”.29 сьнежня Гарадзенскі абласны суд разглядаў скаргу слонімскіх актывістаў да абласнога ўпраўленьня юстыцыі, і пакінуў рашэньне ў сіле. Пры гэтым судзьдзя абласнога суду прызнаў, што некалькі пунктаў з рашэньня ўпраўленьня юстыцыі — надуманыя, а з адным пунктам ён пагадзіўся. На думку суду, у статуце перавышаныя паўнамоцтвы праўленьня грамадзкай арганізацыі, што, маўляў, супярэчыць Грамадзянскаму кодэксу.

15 красавіка 2009 году кіраўніцтва Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі атрымала адмову ад Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі гэтай партыі. Падставаю сталася нібыта неадпаведнасьць дакумэнтаў апытаньню заснавальнікаў, якое праводзіла міністэрства. Устаноўчы зьезд партыі адбыўся напрыканцы лютага, пасьля падаваньня дакумэнтаў на рэгістрацыю амаль кожнаму з заснавальнікаў пачалі тэлефанаваць прадстаўнікі мясцовых ідэалягічных аддзелаў, КДБ і міліцыі. Некаторых выклікалі ў адміністрацыі па месцы працы і пад пагрозаю звальненьня патрабавалі адмовіцца ад свайго подпісу. Адметна, што праверку дакумэнтаў заснавальнікаў БХД праводзіў асабіста намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі, за подпісам якога хрысьціянскія дэмакраты і атрымалі адмоўны адказ. Аднак ужо на наступны дзень, 16 красавіка, аднаму з сустаршыняў БХД, Аляксею Шэіну, патэлефанаваў чыноўнік Міністэрства юстыцыі і паведаміў, што рашэньне аб нерэгістрацыі партыі прыпыненае. Афіцыйная прычына – у зьвязку з шэрагам зваротаў заснавальнікаў БХД, атрыманьнем інфармацыі, якая ўплывае на рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі БХД. Канчатковае рашэньне было прынятае пасьля праверкі атрыманай інфармацыі, але яно зноў было адмоўным.

22 ліпеня 2009 году Вярхоўны Суд Беларусі не задаволіў скаргі Партыі БХД на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі гэтай партыі (такое рашэньне прыняў судзьдзя Валерый Самалюк). Сустаршыня БХД Аляксей Шэін лічыць: «прычыны адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычныя, што лішні раз пацьвярджаецца тою кампаніяй ціску на заснавальнікаў БХД, што ініцыявалася Міністэрствам юстыцыі разам з органамі КДБ, МУС і мясцовымі выканкамамі».

Кіраўніцтва партыі ў 2009 годзе паўторна падало дакумэнты на рэгістрацыю, але зноў безвынікова. 9 сьнежня 2009 году Міністэрства юстыцыі чарговы раз адмовіла ў рэгістрацыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыя. У якасьці падставаў зноў называліся недакладнасьці ў зьвестках аб рэгіянальных сходах заснавальнікаў у пададзеных дакумэнтах. Паводле сустаршыні партыі Віталя Рымашэўскага, у апошні час мелі месца дзясяткі выпадкаў, калі заснавальнікаў БХД выклікалі ў ідэалягічныя аддзелы выканкамаў ці да кіраўніцтва навучальных установаў, прадпрыемстваў і пагражалі. У выніку ціску пяць чалавек былі змушаныя адклікаць свае подпісы.

15 чэрвеня 2009 году Міністэрства юстыцыі чацьверты раз за апошнія гады адмовілася рэгістраваць Партыю свабоды і прагрэсу на падставе таго, што «пратаколы зьезду ўтрымліваюць супярэчлівыя зьвесткі» (гэтак Міністэрства юстыцыі ўбачыла парушэньні ў парадку вылучэньня дэлегатаў), а таксама «сьпіс заснавальнікаў мае несапраўдныя зьвесткі». Гэтаю адмову таксама пацьвердзіў сваім рашэньнем Вярхоўны Суд.

15 сьнежня 2009 году Вярхоўны Суд Беларусі не задаволіў скаргі заснавальнікаў Беларускай партыі працоўных аб адмове ў рэгістрацыі. Старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў спасылаўся на факты запалохваньня заснавальнікаў партыі, калі ад іх патрабавалі адклікаць свае подпісы ў дакумэнтах. Таксама ён паведаміў, што заснавальнікі працягнуць дзейнасьць як аргкамітэт партыі ды будуць рыхтавацца да новага зьезду.

Цягам 2009 году былі скончаныя дзьве справы ў Вярхоўным Судзе, што датычылі прынятых раней рашэньняў аб адмове ў рэгістрацыі нацыянальных грамадзкіх аб’яднаньняў. У справе Цэнтру падтрыманьня чарнобыльскіх ініцыятываў Міністэрства юстыцыі прызнала памылковасьць сваёй ранейшай заявы пра фальсыфікацыю подпісаў заснавальнікаў, бо гэтай заявы не пацьвердзілі вынікі неаднаразовых графалягічных экспэртызаў, і зарэгістравала гэтае аб’яднаньне, не чакаючы рашэньня суду (пры гэтым відавочна мела месца своеасаблівая дамова паміж заснавальнікамі аб’яднаньня і чыноўнікамі міністэрства, бо заснавальнікаў выклікалі ў міністэрства і распытвалі пра іхныя пляны дзейнасьці). У іншай справе, якая датычыла Сацыяльна-патрыятычнага грамадзкага аб’яднаньня “Гарызанталь”, нягледзячы на тое, што экспэртыза таксама не пацьвердзіла несапраўднасьць подпісу аднаго з заснавальнікаў арганізацыі, Вярхоўны Суд 11 сакавіка 2009 году адмовіў гэтаму аб’яднаньню ў рэгістрацыі.

Зьмены ў заканадаўстве
Падставы для адмовы ў рэгістрацыі сфармуляваныя ў заканадаўстве такім чынам, што дазваляюць дзяржаўным органам выносіць адмову ў рэгістрацыі беспадстаўна. На працягу 2009 году ўлады рабілі заявы аб магчымым спрашчэньні рэгістрацыі партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў праз унясеньне зьменаў у законы “Аб палітычных партыях” і “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. Дзяржаўныя мэдыі распаўсюдзілі інфармацыю, што такім чынам рэгістрацыя новых грамадзкіх аб’яднаньняў будзе спрошчаная, сярод іншага зьнікне такая падстава для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі, як непаданьне ўсіх неабходных для яе дакумэнтаў. Але ж аналіз прапанаваных зьменаў выклікае сур’ёзныя сумневы ў тым, што гэты закон сапраўды скіраваны на паляпшэньне сытуацыі з рэгістрацыяй новых грамадзкіх аб’яднаньняў і спрашчэньне гэтай працэдуры. Наадварот, зьмены скіраваныя на наданьне законнай формы сёньняшнім беспадстаўным адмовам у рэгістрацыі, бо яны значна пашыраюць пералік законных падставаў для адмоваў у рэгістрацыі: цяпер падставаю для адмовы можа быць неадпаведнасьць статуту патрабаваньням заканадаўства не толькі ў частцы мэтаў, задачаў, мэтадаў, тэрыторыі дзейнасьці, але і ў любых іншых пунктаў статуту. Уводзіцца новая падстава для адмовы ў рэгістрацыі: “"падаваньне грамадзкім аб\`яднаньнем, зьвязам іншых дакумэнтаў і (або) зьвестак, якія не адпавядаюць патрабаваньням заканадаўства, у тым ліку падробленых ці несапраўдных дакумэнтаў"”. Гэтая норма скіраваная не на спрашчэньне рэгістрацыі, а на спрашчэньне працэдуры адмовы ў рэгістрацыі. Прапанаваная рэдакцыя фактычна пазбаўляе сэнсу панятак выпраўленьне хібаў у пададзеных на рэгістрацыю дакумэнтах. Агулам прапанаваныя зьмены скіроўваюцца на прывядзеньне заканадаўства ў адпаведнасьць зь існаю практыкаю вынясеньня адвольных адмоваў у рэгістрацыі на нязначных падставах для тых аб’яднаньняў, легалізацыя якіх – непажаданая для ўладаў. Іншыя нязначныя зьмены ў закон носяць выключна тэхнічны характар, але нават яны ня могуць разглядацца як скіраваныя на спрашчэньне працэдуры рэгістрацыі. Напрыклад, ад ініцыятыўных групаў для стварэньня аб’яднаньняў патрабуецца падаць, апроч статуту аб’яднаньня на паперы, і яго электронную вэрсію. Нельга выключаць, што гэтая норма законапраекту можа выклікаць фактычную перарэгістрацыю існых аб’яднаньняў, бо электроннай вэрсіі сваіх статутаў яны раней не падавалі.

Некаторыя з вынесеных увесну адмоваў у рэгістрацыі адбываліся фактычна на падставе нормаў яшчэ не прынятага законапраекту. Гэта датычыць пашырэньня падставаў для адмовы, а таксама выкарыстаньня ў дачыненьні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” працэдуры “прыпыненьня працэсу рэгістрацыі”, якая не прадугледжваецца дзейнаю рэдакцыяй закону.

Як пазытыўную зьмену 2009 году варта ацэньваць спрашчэньне парадку дзеяньняў пасьля рэгістрацыі, якія мусяць ажыцьцяўляць усе новазарэгістраваныя аб’яднаньні. Пра гэта Міністэрства юстыцыі абвесьціла ў сакавіку. Цяпер новазарэгістраваным аб’яднаньням не трэба пасьля рэгістрацыі праходзіць зь дзясятак асобных адміністратыўных працэдураў (атрыманьне дазволу на выраб пячаткі, пастаноўка на ўлік у падатковай інспэкцыі, у органах сацыяльнай абароны насельніцтва, у органах статыстычнага ўліку, атрыманьне шэрагу рэгістрацыйных індэксаў ды інш.). Цяпер пасьля атрыманьня рэгістрацыі рэгістрацыйны орган будзе самастойна паведамляць у гэтыя органы пра рэгістрацыю новага аб’яднаньня, і такім чынам усе гэтыя адміністратыўныя працэдуры будуць адбывацца ў аўтаматычным парадку. Аднак зьдзіўляе, што гэткая відавочна прагрэсіўная захада, якая спрашчае абавязковыя дзеяньні грамадзкіх аб’яднаньняў пасьля рэгістрацыі, была прынятая не праз прыняцьцё нарматыўнага акту, а толькі на ўзроўні карэктаваньня праваўжывальнай практыкі ў органах юстыцыі.

Гэта адзіная рэальная зьмена ў рэгістрацыйнай практыцы 2009 году: цяпер зарэгістраваныя НДА ставяцца на ўлік у падатковай інспэкцыі ды ў іншых дзяржаўных органах аўтаматычна пасьля рэгістрацыі (раней яны рабілі гэта самастойна). Аднак гэта ніякім чынам не зьмяншае самога рэгістрацыйнага бар’еру, а датычыць толькі дзеяньняў ужо зарэгістраваных аб’яднаньняў пасьля іх рэгістрацыі.

Акрамя грамадзкіх аб’яднаньняў, пэўная частка няўрадавых арганізацыяў існуе ў форме ўстановаў, на якія пашыраецца парадак рэгістрацыі камэрцыйных арганізацыяў, што быў уведзены на пачатку 2008 году і ўдасканалены дэкрэтам прэзыдэнта №1 ад 16 студзеня 2009 году. На дадзены момант парадак рэгістрацыі гэтай формы некамэрцыйных арганізацыяў набліжаны да заяўляльнага (патрабуецца мінімальны пералік дакумэнтаў, не патрабуецца дакумэнтаў для пацьвярджэньня юрыдычнага адрасу, працэс рэгістрацыі займае некалькі дзён і ў абсалютнай большасьці выпадкаў канчаецца атрыманьнем легальнага статусу). Згодна з паведамленьнямі, у 2009 годзе арганізацыйна-прававая форма ўстановы зрабілася надзвычай папулярнаю сярод тых некамэрцыйных арганізацыяў, якія ня могуць зарэгістравацца ў звыклых формах – грамадзкага аб’яднаньня або фонду. Гэтак, менавіта ў форме ўстановы (якая, аднак, не паводле сваёй арганізацыйнай будовы не належыць да асацыяцыяў) атрымалі легальны статус моладзевая арганізацыя “Правы Альянс” і моладзевы цэнтар “Модэс”, якім да таго адмовілі ў рэгістрацыі, а таксама і некаторыя іншыя арганізацыі. Аднак ужо ўвосень 2009 году былі зафіксаваныя выпадкі, калі апанэнтам улады адмаўлялі ў рэгістрацыі і ў гэтай арганізацыйна-прававой форме (што не прадугледжваецца заканадаўствам і прызнаецца за грубае парушэньне ўсталяванага заяўляльнага парадку рэгістрацыі). Напрыканцы 2009 году стала вядома, што па даручэньні прэзыдэнта распачалося рыхтаваньне асобнага праекту закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях”, які патэнцыйна можа ўскладніць рэгістрацыю і дзейнасьць тых формаў няўрадавых арганізацыяў, якія не падпадаюць пад дзейныя адмысловыя нарматыўныя акты і рэгіструюцца паводле агульнага заяўляльнага прынцыпу.

Крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў
У 2009 годзе ўлады працягвалі ўжываць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу ў якасьці сродку запалохваньня грамадзкіх актывістаў, каб прымусіць іх спыніць дзейнасьць у складзе незарэгістраваных НДА.

У жніўні актывіст берасьцейскай філіі “Маладога фронту” Міхась Ільін атрымаў папярэджаньне пракуратуры аб крымінальнай адказнасьці, калі ён ня спыніць свой удзел у незарэгістраванай арганізацыі. Яшчэ адно папярэджаньне пракуратура вынесла кіраўніцы берасьцейскай філіі “Маладога фронту” Юліі Пашко 28 сьнежня 2009 году. Трэба ўлічваць, што такія пракурорскія папярэджаньні маюць вялікую лятэнтнасьць і насамрэч іх фактаў іх вынясеньня можа быць болей за зафіксаваныя выпадкі.

Папярэджаньне аб магчымым пакараньні паводле артыкулу 193-1 выносілася і актывістам Саюзу палякаў на Беларусі напярэдадні зьезду той часткі гэтага аб’яднаньня, якая не прызнаецца ўладамі. 19 лютага 2009 году пракуратура вынесла папярэджаньне аб магчымым прыцягненьні да адказнасьці паводле артыкулу 193-1 на адрас старшыні Баранавіцкага аддзяленьня Саюзу палякаў Тэрэзы Селівончык. Паводле сябры Галоўнай рады Саюзу палякаў Анджэя Пачобута, гэта першы выпадак, калі ўлады вырашылі выкарыстаць сумнавядомы артыкул 193-1 у дачыненьні сябраў польскага аб’яднаньня. Як цьвердзіць Анджэй Пачобут, адначасова ўва ўсёй краіне распачаўся непрыхаваны ціск на актывістаў Саюзу палякаў з мэтаю прымусіць іх адмовіцца ад удзелу ў дзейнасьці арганізацыі. Людзей запрашаюць на размовы ў КДБ, МУС ці пракуратуру, дзе адкрыта пагражаюць крымінальным перасьледам.

У траўні 2009 году быў упершыню з красавіка 2008 году вынесены новы абвінаваўчы прысуд паводле артыкулу 193-1 супраць Андрэя Несьцяровіча (Гомель), аднак пакараньня не прызначылі ў зьвязку з амністыяй. Справу супраць яго ўзбудзілі яшчэ ў 2007 годзе, калі ў Гомлі паводле артыкулу 193-1 прыцягвалі да адказнасьці актывістаў прарасейскай нэафашысцкай арганізацыі РНЕ (з той пары Несьцяровіч хаваўся ў Расеі, аднак вярнуўся ў Беларусь з увага на магчымую амністыю).

У дачыненьні прадстаўніка незарэгістраванай Царквы Аб’яднаньня Яўгена Волкава ўлетку 2009 году ўзбудзілі справу паводле артыкулу 193-1, але даволі хутка яе спынілі. Тым не менш, у сьнежні 2009 году стала вядома пра аднаўленьне гэтай справы.

Агулам за пэрыяд 2006–2009 гадоў праваабаронцам вядома пра 17 асобаў, асуджаных паводле артыкулу 193-1 за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў:
2006 – 6 асуджаных
2007 – 9 асуджаных
2008 – 1 асуджаны
2009 – 1 асуджаны
Апраўдальных прысудаў праваабаронцы не зафіксавалі.
На пачатку верасьня з адказу Міністэрства юстыцыі на запыт няўрадавай арганізацыі “Грамадзянская Беларусь” (Чэхія) стала вядома, што ўлады разглядаюць магчымасьць замяніць крымінальную адказнасьць за гэткія дзеяньні на адміністратыўную адказнасьць. Гэта першы сыгнал таго, што ўлады дапускаюць магчымасьць перагляду артыкулу 193-1 і памяншэньня адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў. Аднак аб практычных дзеяньнях у гэтым кірунку пакуль невядома: адпаведны законапраект у парлямэнт не паступаў. Да таго ж гаворка ідзе не пра скасаваньне забароны на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў і не пра скасаваньне артыкулу 193-1, а выключна пра зьмяншэньне адказнасьці за такія дзеяньні. Пазьней пра намер скарэктаваць нормы ў частцы адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў заяўлялі прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі (у тым ліку падчас штогадовай канфэрэнцыі па чалавечым вымярэньні АБСЭ) і Адміністрацыі прэзыдэнта. Аднак гэтыя заявы так і засталіся толькі заявамі – аніякіх рэальных крокаў у справе перагляду артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу не назіралася, а адпаведны законапраект так і не паступіў на разгляд парлямэнту.

Пісьмовыя папярэджаньні
6 студзеня 2009 году атрымала пісьмовае папярэджаньне Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі ПЭН-цэнтар”. Падставаю для вынясеньня папярэджаньня сталіся вынікі праверкі дзейнасьці ПЭН-цэнтру, праведзенай нягледзячы на абвешчаны ўладамі ў канцы 2008 году шасцімесячны маратор на правядзеньне праверак. Арганізацыю абвінавацілі ў адсутнасьці юрыдычнага адрасу, не зважаючы на наяўнасьць дзейнай дамовы арэнды памяшканьня, а таксама парушаючы правілы справаводзтва, у вядзеньні несанкцыянаванага ліставаньня праз электронную пошту, а таксама ў неправамернай абароне сваіх сябраў (у зьвязку з заявамі пратэсту, які арганізацыя выказвала з нагоды канфіскацыі на беларуска-польскай мытні зарэгістраванага часопісу “Архэ” ў якасьці быццам бы экстрэмісцкага выданьня).

У лютым 2009 году Гомельскае абласное ўпраўленьне юстыцыі вынесла папярэджаньне моладзевай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі “Талака”, якая існуе ў рэгіёне звыш дзесяці гадоў. У загадзе начальніка ўпраўленьня Віталя Макарэвіча гаворыцца, што пісьмовае папярэджаньне вынесьлі за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі на сваім сайце і ў абвестках, якія грамадзкая арганізацыя распаўсюджвала ў абласным цэнтры. Самі сябры аб’яднаньня лічаць, што папярэджаньне хутчэй за ўсё зьвязанае з павышэньнем актыўнасьці іх арганізацыі ў апошні час.

Згодна з паведамленьнямі сябраў Грамадзкага аб’яднаньня “Таварыства беларускай школы”, пасьля правядзеньня гэтай арганізацыяй напрыканцы 2008 году шэрагу імпрэзаў у сярэдніх школах, на сябраў і кіраўнікоў гэтай арганізацыі, што працуюць выкладчыкамі, наймальнікі ажыцьцяўлялі ціск.

Праблема памяшканьняў
Сур’ёзная перашкода для стварэньня новых аб’яднаньняў – неабходнасьць мець офіснае памяшканьне ў нежылым будынку як для нацыянальнага, так і для любога іншага аб’яднаньня. Таксама шмат для якіх ужо зарэгістраваных НДА і партыйных структураў праблемаю застаецца неабходнасьць юрыдычнага адрасу ў нежылым памяшканьні (вызначаныя законам умовы для НДА і партыяў – горшыя нават у параўнаньні з камэрцыйнымі арганізацыямі, якія могуць рэгістравацца на прыватных кватэрах заснавальнікаў). За 2009 год шмат якія арганізацыі публікавалі заявы аб цяжкасьцях з аплатай адміністратыўных офісаў, а ў асобных выпадках гэта нават служыла прычынаю спыненьня дзейнасьці арганізацыяў.

Напачатку лютага грамадзкае аб’яднаньне “За эўрапейскую Мастоўшчыну” (горад Масты Гарадзенскай вобласьці) ня здолела знайсьці юрыдычнага адрасу ў адміністратыўным будынку, што аказалася непераадольнаю перашкодаю для рэгістрацыі аб’яднаньня. Мастоўскі райвыканкам адмовіўся прапанаваць Алесю Зарэмбюку юрыдычны адрас для рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі, спаслаўшыся на адсутнасьць свабодных для разьмяшчэньня арганізацыі памяшканьняў.

У траўні 2009 году працягваліся пагрозы скасаваць дамову арэнды на памяшканьне, якое займае Партыя БНФ. Арэндадаўца памяшканьня (дзяржаўная служба) выказваў незадаволенасьць з прычыны нясвоечасовасьці аплаты за арэнду. Дамова на арэнду офісу, паводле арэндадаўцы, працягвацца ня будзе, і перад гэтаю партыяй стаіць пагроза пазбаўленьня юрыдычнага адрасу, што, верагодна, пацягне за сабою страту рэгістрацыі. Сытуацыя з памяшканьнем гэтай арганізацыі застаецца складанаю, бо партыя не мае сродкаў аплочваць значна завышаны кошт арэнды.

Барысаўскае аддзяленьне грамадзкага аб’яднаньня “Дзеці ў бядзе” ў красавіку 2009 году было вымушанае спыніць сваю дзейнасьць праз немагчымасьць аплочваць арэнду памяшканьня камунальнай уласнасьці. Шматлікія звароты дабрачыннай арганізацыі ў мясцовыя органы ўлады з просьбаю вызначыць ільготны кошт арэнды ня мелі посьпеху.
У лютым 2009 году ўлады гораду Мазыра (Гомельская вобласьць) адмовіліся спрыяць пошуку юрыдычнага адрасу для мясцовай філіі “Маладога фронту”, матывуючы гэта забаронаю закону мяшацца ў дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў. 6 лютага заснавальнікі арганізацыі зьвярнуліся да ўладаў з просьбаю дапамагчы шукаць памяшканьне для правядзеньня ўстаноўчага сходу і для юрыдычнага адрасу, без якога рэгістрацыя грамадзкага аб\`яднаньня немагчымая. Як сьведчаць ініцыятары стварэньня арганізацыі, патрабаваньне мець юрыдычны адрас для грамадзкай арганізацыі – адна з сур\`ёзных перашкодаў на шляху стварэньня НДА, бо мясцовыя ўлады практыкуюць ціск на арэндадаўцаў, якія наважваюцца заключаць такія дамовы. Агулам больш як у 30 гарадох Беларусі мясцовыя філіі “Маладога фронту” падалі заявы ў мясцовыя выканкамы з патрабаваньнем даць памяшканьні для правядзеньня устаноўчых сходаў, неабходных для рэгістрацыі мясцовых суполак арганізацыі і забясьпечыць юрыдычныя адрасы, аднак гэтыя звароты ня мелі выніку.

18 лютага 2009 году Таварыства аховы помнікаў было змушанае пакінуць памяшканьне ў цэнтры Менску, якое арганізацыя займала больш за дваццаць гадоў. Гэты будынак быў адроджаны ў 1980-я гады на сродкі аб\`яднаньня і належаў яму. У 2004 годзе дзяржава нацыяналізавала будынак, потым зрабіла былога інвэстара арандатарам, а ў канцы 2008 году канчаткова выселіла адтуль таварыства. Старшыня таварыства Антон Астаповіч лічыць, што тэрміновасьць патрабаваньняў аб высяленьні выкліканая найперш дзейнасьцю аб’яднаньня – выяўленьнем і абнародаваньнем фактаў парушэньня заканадаўства аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны з боку дзяржаўных інстытуцыяў.

Структуры грамадзянскай супольнасьці па-ранейшаму сутыкаюцца са складанасьцямі пры спробе арэндаваць памяшканьні як для штодзённай дзейнасьці і ў якасьці абавязковага юрыдычнага адрасу ў нежылым памяш<

Метки
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2020

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.