Напамін аб 1989 годзе і беларуская культура пратэсту

Практычны урок палітычнай філасофіі

Гісторыя – калі прыгадаць вядомую фразу Герцэна – не мае лібрэта. Іншымі словамі, у гісторыі няма якой-небудзь мэты, законаў і загадзя вядомых маршрутаў, па якіх яна развіваецца, гісторыя – гэтага гульня імправізацыі і выпадку. Разам з тым, у ёй часта можна сустрэць знаёмыя сінтаксічныя паўторы, метафары і рэфрэны.

І гледзячы на падзеі апошніх некалькіх дзён у Беларусі, складана не ўзгадваць пра антыкамуністычныя рэвалюцыі 1989 года ва Усходняй Еўропе, неверагодна мірныя па сваім змесце (зразумела, за выняткам Румыніі) і неверагодна паспяховыя па сваіх выніках.

Адзінай зброяй ўсходнееўрапейскіх грамадзян супраць ілжывых і цынічных ўрадаў сваіх дзяржаў, якія адмаўлялі саму думку аб палітычнай празрыстасці і магчымасці любых пераменаў, і якія хаваліся за афіцыйнай прапагандай і дручкамі мясцовых АМАПаў, сталі яркія сімвалічныя жэсты, лозунгі і ўласныя безабаронныя цела, сама прысутнасць якіх у публічнай прасторы кідала выклік існуючай уладзе.

Так у ходзе так званых “панядзелкавых дэманстрацый” у ГДР (Montagsdemonstrationen) – серыі масавых мірных пратэстаў з патрабаваннямі грамадзянскіх свабод, дэмакратызацыі грамадства і змены існуючага палітычнага рэжыму, якія пракаціліся па гарадах ГДР у 1989 годзе – пратэстоўцы скандавалі лозунг “Мы – народ” (Wir sind das Volk). Даволі складана дакладна вызначыць, дзе менавіта паўстаў гэты лозунг той гдээраўскай восенню, але па адной з версій ўпершыню ён прагучаў у пачатку кастрычніка 1989 года падчас пратэстаў у Лейпцыгу як своеасаблівы і годны адказ на заявы мясцовай газеты “LeipzigerVolkszeitung”, якая называла пратэстуючых хуліганамі, антысацыяльнымі элементамі, завадатарамі і збунтаваным натоўпам.

Сюжэт гэты падасца да болю знаёмым кожнаму, хто меў у апошні час сумнеўнае задавальненне назіраць за выступленнямі кіраўніка беларускай дзяржавы, яго падначаленых і праўладных экспертаў, прытрымліваючыхся агульнай лініі, што ў пратэстах прымаюць удзел “адмарозкі, абкураныя, п’яныя малалеткі, майданутыя, дэструктыўныя элементы і беспрацоўныя з крымінальным мінулым”, якія завабліваюць у сваю “павуціну” не крытычна думаючых грамадзян – увесь гэты самы “народец”, якім некалькі месяцаў таму прэзідэнт грэбліва абазваў беларускіх грамадзян.

З таго часу, як гэта зняважлівая заява была агучана, беларусы неаднаразова заявілі і працягваюць заяўляць аб тым, што яны не “народец”, а народ, які заяўляе аб сваіх прэтэнзіях стаць паўнавартаснай палітычнай нацыяй.

Асабліва прыкметна гэта стала калі мы назіралі ланцугі і маршы салідарнасці, не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах – сапраўднае рухомае мора жанчын у светлай вопратцы, з кветкамі і белымі стужачкамі (здаецца, ніхто не можа адмаўляць важнасць феміністычнага складніка ў падзеях гэтых вясны і лета), хвалі якога пацягнулі за сабой, або спадарожнічалі, страйкам і іншых формам нязгоды з цынічнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, самой працэдуры іх правядзення і неверагоднай жорсткасцю і гвалтам з боку праваахоўных органаў у дачыненні да абураных несправядлівасцю грамадзян.

Толькі будучыня пакажа, ці стануць гэтыя падзеі выдатным практычным урокам палітычнай філасофіі, але няма нічога ганебнага ў тым, каб зараз звязваць з імі пэўныя надзеі і чаканні. Камусьці гэта можа здацца праявай наіўнасці або недальнабачнасці, а для кагосьці стане крыніцай натхнення для салідарнасці ўзрушанх бягучай беларускай штодзённасццю.

У свой час брутальнае збіццё 17 лістапада 1989 гадоў студэнцкай дэманстрацыі ў Празе пацягнула за сабой дэманстрацыі і выступленні па ўсёй Чэхаславакіі, якія праходзілі пад лозунгам “Мы бяззбройныя!” (M?me hol? ruce!) і груканне звязкамі ключоў – тым самым людзі давалі ўладам зразумець, што іх час сваё адзвінеў (odzvonilo).

У гісторыі няма лібрэта, і яна ніколі не паўтараецца, але хто сказаў, што ў беларускага “Перастаньце нас біць!” і “кветкавых ланцугоў” няма ніякіх шанцаў, каб дапоўніць ўсходнееўрапейскі культурна-гістарычны ландшафт, створаны ў 1989 годзе?

Комментарии

Тихановскую в президенты!

Гость
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2021

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.

{* *}