Як кандыдаты альтэрнатывы трансфармуюць палітычны дыскурс

Адно з галоўных пытанняў выбарчай кампаніі на цяперашнім этапе: ці мае Лукашэнка ўжо цяпер 3,13% або 23% падтрымкі [1]. То-бок, ці дасягнулі Бабарыка, Ціханоўская і Цапкала ўжо цяпер супольнай падтрымкі 72-92% выбарцаў (пакідаю 5% на Дзмітрыева, Канапацкую і “кандыдата супраць усіх”).

Пытанне тычыцца эпістэмалогіі: як мы наогул можам ведаць змест і кірунак палітычных працэсаў – ва ўмовах разгрому сацыялогіі? Выражэннем настрояў і пераконанняў з’яўляюцца ў меншай ступені апытанкі на tut.by, onliner.byі nn.by, а апавяданні, якія можна пачуць на Камароўцы і іншых плошчах гарадоў.

Беларускае грамадства стала ў “чэргі па свабоду”, і людзе не засцерагаюцца растлумачыць, што іх штурхнула да гэтага. Гапава цытавала з іншай нагоды Чарльза Тылі: “гісторыі першаступенныя для разумення сацыяльных працэсаў” [2]. Крэатыўныя энэргія, якая сёння цыркулюе ў грамадстве, уражвае сваёй магутнай сілай. Гэтая энэргія струменіць у раней высахлым рэчышчы альтэрнатывы.

Многія гісторыі, якія гучыць у чэргах да падпісных лістоў, усё яшчэ карыстаюцца традыцыйный мовай беларускай апазіцыі. Яны расказваюць пра інстытуты: пра скрадзеную канстытуцыю [3], пра змяняльнасць улады [4]. Гэты дыскурс, здаецца, склаўся ў цяперашнім выглядзе паміж 2006 і 2010 гадамі.

Другая тып гісторый карыстаецца іншым слоўнікам; як сказаў бы сам Лукашэнка, гэта “прыземлены” дыскурс, ад зямлі. Гэты слоўнік засяроджаны на эфектыўнасці, росце, працоўных месцах. Людзі карыстаюцца ім, каб абурыцца тым, галоўнакамандуючы больш не можа, як пісаў Макіявелі, забяспечыць дабрабыт свайго стану (stato) – свае дзяржавы.

Менавіта гэты другі тып крытыкі Лукашэнкі дэманструе контраінтуітыўны зрух. Я прывяду адзін прыклад. У бабруйску цётачка абугрунтоўвае журналістцы “Свабоды”, чаму яна супраць Лукашэнкі [5]. Гэта звычайная гісторыя пра працоўныя месцы, дабрабыт і будучыню, клопат пра долю дзяцей і ўнукаў. Але ў гэтым расказе неспадзяваная сацыяльная тэорыя. Цётачка не прымае прыватнікаў: ёй не падабаецца залежаць ад іх. Яна хоча жыць, як за савецкім часам, і прапануе неспадзявана арыгінальны аргумент: тады людзі жылі гарызантальна –  “работа, сям’я, спакой”, а цяпер жывуць вертыкальна, цяпер жыццё вызначаюць іерархіі.

3, 13 і 23% для Лукашэнкі магчымыя толькі тады, калі дастатковая колькасць людзей такіх “супярэчлівых” поглядаў адкаснуцца ад нязменнага прэзідэнта. Цяпер ёсць выразнае адчуванне, што “прамежкавы” электарат схіліўся на бок палітычнай альтэрнатывы. Гэта людзі адукаваныя, якія чытаюць найбольш tut.by, і якіх ярмошынская статыстыка, калі яна мела пад сабой наогул нейкую логіку, ахвотна рэгістравала ў рубрыцы “супраць усіх” (у Мінску ў 2015 г. паводле афіцыйных даных такіх было 20%) [6]. Гэты прамежкавы электарат не падзяляў з Лукашэнкам палітычны слоўнік: не грэбаваў бізнэсам і прыватным сектарам, не пырскаў нянавісцю да захаду, не тужыў па СССР.

Але ёсць людзі, погляды якіх Лукашэнка рэпрэзентуе ў большай ступені. Якую частку грамадства яны складаюць? Не маючы сацыялогіі, сказаць складана, але наўрад ці іхная колькасць меншая за апазіцыю. Рэйтынг Лукашэнкі, здаецца, ніколі не падаў за дваццаціпрацэнтовую рысу.

Маючы на ўме перфарматыўную сілу аналізу [7], я хачу ўдакладніць адну рэч, зрабіць disclaimer. Што мы назіраем сёння – дзіва і радасць; як казаў Біл Клінтан, “we are fortunate to bealive at this moment in history”. Мабілізацыя апазіцыйнага электарату, натхенне і энэргія, якія сёння віруюць у сумнавядомым “гета” – уражальнае дасягненне кандыдатаў альтэрнатывы. Гэта магутны і ўпэўнены пачатак дарогі, якая 9 жніўня павінна скончыцца перамогай. Пра маштаб поспеху можна меркаваць з дзеянняў Лукашэнкі. У 2015 годзе ён не рабіў выбарчую кампанію ўвогуле і, здаецца, не планаваў ужо сёння. Без лішніх слоў яна ўжо ідзе [8].

------------------

[1]Гл., напр., тут: https://news.tut.by/elections/686647.html

[2] Gapova, Elena (2018): Leiden und Sinnsuche. Svetlana Aleksievi?s moralische Revolution. In: Osteuropa (1-2), S. 211.

[3] Цытату пазычаю адсюль: https://www.sueddeutsche.de/politik/weissrussland-harte-kampfansage-1.4935662

[4] Я праглядзеў трансляцыі з Магілёва, Гродна, Мінска і Жодзіна, якія рабілі «Страна для жизни» і “Белсат”.

[5] Трансляцыя Свабоды гл. тут: https://youtu.be/Ei3XK0TnEtk. Інтэрв’ю з жанчынай пачынаецца прыблізна пасля 25 мінуты.

[6] Параўн.: увесну 2020 давер Лукашэнку ў Мінску быў 24%, https://nn.by/?c=ar&i=253107

[7] Law, John; Urry, John (2004): Enacting the Social. In: Economy and Society 33 (3), p. 390–410.

[8] https://poligraf.red/vcherashni_den_lukasenko/

Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2020

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.