/Iкс/ МакГафіны для палітыкаў

Альфрэд Хічкок быў непераўзыйдзеным майстрам МакГафінаў. У ягоных фільмах героі шукалі МакГафіны, хаваліся ад МакГафінаў і кантрабандаю МакГафіны перавозілі.

Калі Хічкока спыталі, а што такое МакГафін, рэжысэр адказаў: «Гэта прылада для паляваньня на ільвоў у Горнай Шатляндыі.» – «Але ў Шатляндыі няма ільвоў!» – «Значыць, і МакГафіна ніякага няма.»

МакГафін – няправільнасьць, нішто, абсурд. Гэта элемэнт, які парушае лягічнае апавяданьне, але надае яму імпэту, зьнішчае нуду – і выклікае азарт у герояў апавяданьня.

МакГафін – небясьпечны агент, якога ніколі не існавала («На Поўнач праз паўночны Захад»), тамы інструкцый – вывучаныя на памяць (!) («39 прыступак») і дзіцячая песенька – у якасьці шпіёнскага коду («Лэдзі зьнікае»).

Гарошына ў казцы Андэрсэна, туфлік Папялушкі і эліксір неўміручасьці – таксама МакГафіны. Джульета выпівае зёлкі, якія мусяць надаць ёй на суткі выгляд памерлай. Але такіх зёлак не было аніколі – і гэта найтыповейшы МакГафін.

Лэдзі Макбэт то сьцвярджае, што выкарміла дзяцей малаком, то прызнаецца, што дзяцей у яе не было – і гэта прадуманая бязглуздасьць МакГафіна. Але ніхто не абвінаваціць Шэксьпіра ў няпраўдзе й нелягічнасьці. Абсурду не заўважаюць стагодзьдзямі, бо менавіта такі МакГафін.

У культавае карціне «Касабланка» Майкла Кертыца нацысцкія віжы, героі й выпадковыя рызыканты палююць за супэрвізамі. Гэтыя візы-МакГафіны адкрываюць дарогу ў Амэрыку – і выданыя яны генэралам дэ Голем. Неверагодна, каб у фашыстоўскай Нямеччыне лічыліся законнымі дакумэнты за подпісам кіраўніка Супраціву – але ні творцаў, ні гледачоў гэта анітрохі не засмучае.

Абсурдовыя МакГафіны нат выклікалі судовыя працэсы… за сваю праўду. Так у фільме Эйзэнштэйна «Браняносец «Пацёмкін» бунтоўных матросаў растрэльваюць, накінуўшы на іх брызэнт. І знайшоўся чалавек, які вырашыў спагнаць з творцаў грошы за «экранізаваныя факты» сваёй біяграфіі.

«Я пад брызэнтам стаяў», – было самым забойным аргумэнтам у судзе. Але небаракаў ніколі не растрэльвалі пад брызэнтам. Для экзэкуцыі брызэнт раскладалі на палубе – каб яе не запэцкаць. На здымках кансультанты хапаліся за галаву, калі Эйзэнштэйн зьмяніў дыслякацыю тканіны ў кадры. «Гэтай няпраўдзе ніхто не паверыць!»

Але МакГафінам вераць з радасьцю.

У 1944 годзе законапаслухмяны, баязьлівы Хічкок трапіў пад пільны нагляд адмысловых службаў. Сэр Альфрэд проста прыдумаў чарговы МакГафін.

У карціне «Благая слава» МакГафінам стаўся… уран, схаваны ў вінных бутэльках. «Як вы выведалі пра атамную бомбу за год да Хірасімы?» – пыталіся ў Хічкока. Але Хічкок нічога не выведываў. «Гэта толькі МакГафін… Ім могуць быць і прамысловыя алмазы», – усё, што заўгодна.

Хічкок інтуітыўна выйшаў на навуковы й палітычны МакГафін. Але палітыка перанасычаная МакГафінамі.

І ў гэтых МакГафінаў ёсьць свае правілы.

1. Па-першае, МакГафін мусяць быць улучаны ў дакладнае і – у выпадку з палітыкаю – зазвычай простае апавяданьне;

2. Абсурднасьць МакГафіна ня мусіць кідацца ў вочы – ён апавяданьнем маскуецца і не выстаўляецца ў кульмінацыях;

3. Энэргія МакГафіна – у масавых жаданьнях, якія ён выклікае. Гэтыя жаданьні апраўдваюць нелягічнасьць і парадоксы;

4. МакГафін – прысутны, але й не належыць цалкам гэтаму сьвету; выпадае зь ягоных правілаў. МакГафін – зьява ня толькі відавочная, але й нематэрыяльная.

Можна вылучыць некалькі тыпаў палітычных МакГафінаў.

Адмоўныя МакГафіны грунтуюцца на хлусьні.

а) МакГафін-правакацыя стварае агрэсіўную й гвалтоўную фікцыю, якая служыць для апраўданьня. Тыповым прыкладам такога МакГафіна зьяўляецца напад нацыстаў, пераапранутых польскімі жаўнерамі, на нямецкую радыёстанцыю – што паслужыла зачэпкаю для вайны. Падпал рэйхстагу таксама быў МакГафінам-правакацыяй, але ён выйшаў з-пад кантролю фашыстоўскага апавяданьня.

b) МакГафін блеф шмат гаворыць, шмат абяцае і ківае на тайны, якія «потым будуць расказаныя». Гэтым МакГафінам любіць карыстацца Лукашэнка: спасылкі на веданьне, якое ў дадзены момант ня можа быць агучанае; пагрозы выкрыць зламысную апазыцыю: «мы раскажам людзям», «яны даведаюцца». Але адзінае, што здольны прадставіць блеф – цішыня й рэдкія нішчымныя правакацыі.

МакГафін нэйтральны. Такавым зьяўляецца.

c) МакГафін няведаньня. Гэты палітычны МакГафін вынікае зь няведаньня правілаў – ці, прынамсі, з імітацыі няведаньня.

Пад МакГафінам няведаньня выступаюць: партыя зялёных, якая заяўляецца ў бундэстаг у джынсах, Сакрат, які прыкідваецца невукам, ці палітарыштант, які выдае сябе за наіўнага і просіць агучыць у судзе ўсю тую лаянку, якую ён быццам бы выкрыкваў.

МакГафін няведаньня – сьвята для літаратараў, якія любяць вывяраць наіўным героем сапсаваны сьвет; гэта вядомы прыём «ачужэньня», які можа стацца магутнаю палітычнаю зброяй.

Калі грамадзяне – «Швейкі», якія «шчыра» падпарадкоўваюцца правілам калгаснага фашызму – то яны даводзяць яго да абсурду, выкрываюць ідыятызм сыстэмы дый абвальваюць яе сьмехам.

Калі МакГафін няведаньня стаіць асобна, то МакГафіны станоўчыя цесна зьнітаваныя паміж сабою:

d) МакГафін-надзея абапіраецца на нематэрыяльную, але надзвычай моцную зьяву. Надзея перасякае апавяданьне і сьведчыць пра надыходнае прышлае, якое МакГафін-надзея й зьдзяйсьняе.

Чаканьне лепшага, увасобленыя прароцтвы, выйсьце з-за межы жывёльнага існаваньня – гэта ўсё МакГафін-надзея.

e) За МакГафінам-надзеяй ідзе МакГафін-ідэя. Ідэі свабоды, чалавечай годнасьці, незалежнасьці здаюцца рабам недарэчнымі – але ідэі ёсьць акрасай апавяданьня, іхнімі нябачнымі прысмакамі й глыбіннаю праўдай.

f) МакГафін-учынак ёсьць увасобленасьцю ідэі. Для рацыянальнае лёгікі – ён немагчымы, але МакГафін-учынак скалынае эпохі. Так 2000 гадоў таму сьмерць Сына Божага на крыжы разбурыла папярэднія апавяданьні й стварыла новыя. Кожны ўчынак-МакГафін – неверагодны, скандальны й антыбюракратычны акт.

2006 год у Беларусі запомніцца ні «праграмаю дзеяньняў дэмакратычнае кааліцыі», ні чарговай «бітвай за ўраджай» са сжатым зернем і скрадзенымі галасамі – але чынам на Плошчы Каліноўскага – сапраўдным МакГафінам надзеі, ідэі і ўчынку.

Без МакГафінаў ніякая палітыка немагчымая.

Але іх яшчэ трэба навучыцца зьдзяйсьняць.

Метки
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2022

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.