Менск вучыцца спалучаць бiзун з пернiкамi

? Спецрепортаж канала БТ «Уроки польского» построен на материалах, которые впервые были обнародованы анонимным источником в мае 2011 г. и названы польским МИД фальшивкой. Есть ли сегодня у белорусских властей необходимость еще сильнее обострить отношения с Польшей? Чем можно объяснить появление этого сюжета на белорусском ТВ?

Зьміцер Кухлей. Спецрэпартаж БТ "Уроки польского" не з\`яўляецца адзінкавым выпадкам нападку беларускай прапаганды на Польшчу за апошні час, а ўяўляе з сябе адзін з элементаў цэлай кампаніі афіцыйнага Менску. Гэтымі дзеяннямі беларускія ўлады ставяць на мэце аказаць ціск на афіцыйную Варшаву, якая застаецца прыхільніцай жорсткага падыходу ў адносінах да беларускага кіраўніцтва, і нейтралізаць ўплыў польскага МЗС на парадак дня беларуска-еўрапейскіх дачыненняў. Акрамя таго беларускія ўлады напярэдадні парламенскіх выбараў узмацняюць кампанію па дыскрэдытацыі апазіцыйных сіл, якіх беларуская прапаганда акрэслівае ў якасці «пятай калоны» і абвінавачвае ў сувязі з замежнымі спецслужбамі.                                                                          

Традыцыйна ў ролі знешняга ворага ў афіцыйнага Менску выступае Польшча, супраць якой беларуская прапаганда выкарыстоўвае старыя савецкія штампы і спрабуе гуляць на фобіях грамадства, асабліва заходніх рэгіёнаў, дзе ў міжваенны час дачыненні паміж Варшавай і насельніцтвам Заходняй Беларусі былі дастаткова складанымі. Варта зазначыць, што ў апошні час амаль перад кожнай выбарчай кампаніяй беларускія ўлады ўздымаюць «польскае пытанне», якое выкарыстоўваецца для стварэння ў грамадстве вобразу знешняга ворага і кансалідацыі свайго электарата.

Зараз у Еўрасаюзе ідзе актыўная дыскусія наконт таго, якім павінна быць палітыка ЕС у адносінах да Беларусі. У «размарожванні» стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем зацікаўлены як еўрапейцы, так і беларускае кіраўніцтва, якое хацела бы вярнуцца да палітыкі балансавання. Пры гэтым у еўрапейцаў акрэсліваюцца два магчымыя падыходы да далейшага развіцця беларуска-еўрапейскіх дачыненняў: вяртанне да палітыкі ўцягвання, якое прадугледжвае наладжванне супрацоўніцтва з дзеючым беларускім кіраўніцтвам без жорсткай абумоўленасці па дэмакратызацыі палітычнай сістэмы Беларусі, або ізаляцыя дзеючага кіраўніцтва і падтрымка грамадзянскай супольнасці ў краіне.

Варта зазначыць, што візавыя санкцыі у адносінах да беларускага кіраўніцтва, якія былі задзейнічаны Еўрасаюзам пасля брутальных паслявыбарчых падзей у Беларусі, у апошні час падпалі пад крытыку асобных еўрапейскіх і беларускіх экспертаў. Адначасова афіцыйны Менск выкарыстоўвае разнастайныя метады ціску на еўрапейскую супольнасць з мэтай змяніць палітыку ЕС у адносінах да Беларусі і прыняць беларускія правілы гульні, якія не прадугледжваюць істотных саступкаў з беларускага боку.

Пры гэтым найбольш жорсткім прыхільнікам іншага падыходу, які базуецца на выкананні афіцыйным Менскам падставовых умоў па дэмакратызацыі палітычнай сістэмы для нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх дачыненняў, застаецца Польшча. Падчас свайго прэзідэнства ў другой палове 2011 года польскі МЗС зрабіў шмат намаганняў, каб замацаваць гэты падыход у знешняй палітыцы краін ЕС у адносінах да Беларусі. Такім чынам, адной з асноўных вонкавапалітычных задач афіцыйнага Менску з\`яўляецца змяншэнне ўплыву на парадак дня беларуска-еўрапейскіх дачыненняў Польшчы.

За апошні час беларускае кіраўніцтва здзейсніла шэраг крокаў з мэтай аказаць уплыў на пазіцыю афіцыйнай Варшавы. Менск пачаў болей актыўна выкарыстоўваць у адносінах да Польшчы двухбаковы падыход «пернікаў і бізуноў». З аднаго боку, у студзені 2012 змянілася адыёзнае кіраўніцтва афіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі, што выклікала надзеі ў асобных прадстаўнікоў незарэгістраванага СП наконт магчымасці дыялогу. У лютым распачалося двухгадзіннае штодзённае вяшчанне «Рэгіянальнай інфармацыйнай службы» на польскай мове на хвалях першага каналу Беларускага радыё на частаце 103 FM. З іншага боку, дзяржаўнае беларускае тэлебачанне пачало паказ сэрыяла «Талаш», які выклікаў хвалю абурэння ў Польшчы, а таксама выпусціла прапагандыскі рэпартаж «Уроки польского».

Хутчэй за ўсё афіцыйная Варшава не пойдзе насустрач беларускаму кіраўніцтву і не зменіць сваю пазіцыю наконт умоў наладжвання беларуска-еўрапейскіх адносін, таму ў бліжэйшы час можна чакаць працягу актыўнасці беларускай прапаганды па распрацоўцы антыпольскай тэмы.