Пражытковы мінімум – ці хопіць на пражыццё?

? Пражытковы мінімум у цэнах сьнежня 2011 году ўсталяваны на ўзроўне 706,9 тыс. рублёў – амаль на 23% болей, чым мінулы паказчык. Пра што нам гавораць гэтыя лічбы?

Аляксандр Чубрык, дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ: Сам па сабе памер бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ) не настолькі цікавы, як ягоная дынаміка. Кошык тавараў і паслуг, якія ўваходзяць у склад БПМ, у сярэднім за чацьвёрты квартал 2011 году быў у 2.3 разы даражэйшы за БПМ чацьвёртага кварталу 2010 году. Тым часам спажывецкія цэны за гэткі ж прамежак часу падвысіліся ў 2 разы. Розьніца – 27 адсоткавых пунктаў – тлумачыцца розным складам кошыку (у пражытковым мінімуме больш выдаткаў на харчовыя тавары, абутак, вопратку і паслугі ЖКГ; агулам гэтыя тры групы маюць у структуры кошыку БПМ амаль на 30% болей, чым у кошыку ІСЦ). Калі сказаць іначай, тавары і паслугі для бедных у крызісны чацьвёрты квартал (ды й увогуле ў мінулым годзе) даражэлі хутчэй за тавары і паслугі для “сярэдняга” ці заможнага грамадзяніна.

Пра што яшчэ нам гаворыць разыходжаньне паміж інфляцыяй і тэмпамі падвышэньня кошту БПМ?

Па-першае, пра тое, што нават калі даходы розных грамадзян раслі б з аднолькавай хуткасьцю, колькасьць бедных павялічвалася б, бо тавары і паслугі, якія яны купляюць, даражэюць шпарчэй за сярэднія паказчыкі.

Па-другое, яно сьведчыць пра неэфектыўнасьць рэгуляваньня цэнаў: відавочна, што ў кошык пражытковага мінімуму ўваходзіць нашмат больш “сацыяльна значных” тавараў чымсі ў кошык ІСЦ (індэксу спажывецкіх цэнаў). Атрымліваецца, што цэны на “сацыяльныя” тавары растуць хутчэй, чым цэны ўвогуле! І гэта ня толькі тычыцца 2011 году – гістарычныя дадзеныя сьведчаць, што ў сярэднім кошт БПМ падвышаўся хутчэй за спажывецкія цэны.

Па-трэцяе, аналіз гістарычных дадзеных робіць відавочным, што чым большая была інфляцыя, тым большым было разыходжаньне паміж ростам сярэдніх цэнаў і цэнаў “для бедных” – і не на карысьць бедных. Таму, калі некаму бывае карціць надрукаваць грошай, каб павялічыць заробкі ды сацыяльныя трансфэрты, яму ня лішне будзе ўзгадаць, што наступства друкаваньня грошай – гэта высокая інфляцыя, а інфляцыя – гэта крыніца росту беднасьці.

Пра адмоўныя наступствы інфляцыі для дабрабыту грамадзянаў гаворыць і той факт, што сярэдні заробак у чацьвёртым квартале быў роўным 3.8 пражытковага мінімуму. Яшчэ ў трэцім квартале за яго можна было набыць 4 “кошыкі” БПМ, а у чацьвёртым квартале 2010-га, і ўвогуле 5 такіх кошыкаў (гістарычны рэкорд). Вось беднасьць і скочыла з 4.7% насельніцтва ў чацьвёртым квартале 2010-га – першым квартале 2011-га да 7.8% у трэцім квартале і, паводле нашых ацэнак, апынецца каля 10% ў чацьвёртым квартале 2011 году. Абы з гэтага былі зробленыя правільныя высновы…

Даведка: Пражытковы мінімум – гэта кошт кошыку тавараў і паслуг, якія забяспечваюць мінімальныя патрэбы чалавека (прадукты харчаваньня на 2,400 кілакалёрый у дзень на чалавека і вельмі сьціслы набор нехарчовых тавараў і паслуг). Ім карыстаюцца як крытэрам для далучэньня хатніх гаспадарак да катэгорыі т.зв. “малазабясьпечаных”, ці папросту – крытэрам абсалютнай беднасьці. Агулам харчовыя прадукты займаюць 58% кошыка БПМ, яшчэ 17% прыпадае на абутак і вопратку, 9% маюць паслугі ЖКГ.

Комментарии

Папраўце, калі ласка, назву артыкула. Па-беларуску правільна 'ці хопіць на пражыццё'. Дзякуй.

Гость
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2021

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.