«Наши выборы все больше напоминают те, которые мы видим в зарубежных фильмах», — заявила Лидия Ермошина, комментируя итоги прошедших выборов в местные советы. А на Ваш взгляд, произошли ли какие-то принципиальные изменения в процедуре выборов на местном уровне?

Зьміцер Кухлей.Змесціва скрыняў для галасавання ўжо даўно не інтрыгуе: загадзя вядома, што апаненты ўлады асноўную частку сваіх галасоў будуць мець падчас асноўнага дня галасавання, а галасы датэрміновага галасавання належаць праўладным кандыдатам. Прычым суадносіны датэрміновага галасавання і галасавання ў асноўны дзень размяркоўваюцца такім чынам, каб непажаданыя для мясцовай адміністрацыі асобы не мелі шанцаў стаць народнымі абраннікамі. Варта зазначыць, што 37% ад агульнай колькасці грамадзян, якія прынялі ўдзел у мясцовых выбарах 2010 года, прагаласавалі датэрмінова. Падчас мінулых мясцовых выбараў 2007 года гэтыя лічбы былі болей сціплыя.

Нягледзячы на тое што гэтыя выбары праводзіліся па новаму выбарчаму кодэксу, які ўтрымліваў некаторыя прагрэсіўныя ў параўнанні з папярэдняй рэдакцыяй нормы, сам выбарчы працэс мала чым адрозніваўся ад мінулых кампаній і выклікаў шмат нараканняў як у мясцовых, так і міжнародных назіральнікаў.

У выніку гэтых выбараў Саветы народных дэпутатаў канчаткова ператварыліся ў «саветы народных дырэктароў»: колькасць кіраўнікоў дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў у Саветах пасля выбарчай кампаніі 2010 года значна павялічылася. Гэтая тэндэнцыя наменклатурнай прыватызацыі прадстаўнічай галіны ўлады яскрава акрэслілася яшчэ пасля парламенскіх выбараў 2008 года, калі ў якасці дэпутатаў было абрана вялікая колькасць чыноўнікаў-кіраўнікоў рэгіянальнага ўзроўню.

Апазіцыйныя палітчыныя сілы здолелі правесці ў мясцовыя органы самакіравання толькі каля аднаго дзясятка чалавек на 21 тыс. вакансій, што амаль адпавядае вынікам 2007 года.

На этапе фармавання выбарчых камісій ужо стала вядома, што сцэнар правядзення выбараў нічым не будзе адрознівацца ад папярэдніх электаральных кампаній: па ўсёй краіне ў камісіі патрапіла мізэрная колькасць апаненатаў уладаў. Працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты быў болей празрыстым і дэмакратычным у параўнанні з мінулымі кампаніямі: амаль адсутнічалі выпадкі нематываваных адмоваў у рэгістрацыі. Вялікая колькасць апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты была адсеяна на гэтым этапе па разнастайным фармальным прычынам, што сведчыць аб непадрыхтаванасці апазіцыйных палітычных сілаў да ўдзелу ў выбарчым працэсе, адсутнасці станоўчага досведу на працягу апошніх электральных кампаній і стаўку на іншыя формы барацьбы за ўладу.

Пры гэтым, заканадаўча пашырыўшы магчымасці для агітацыі, ствараліся значныя абмежаванні для правядзення выбарчых кампаній на месцах. Мясцовыя выканкамы вызначалі нязручныя месцы для правядзення масавых агітацыйных мерапрыемстваў і размяшчэння агітацыйных матэрыялаў, а выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для агітацыі за праўладных кандыдатаў ужо стала нормай беларускага выбарчага працэсу, якая нават не крытыкуецца апанентамі.

Адной з асноўных праблем выбарчага працэсу застаецца датэрміновае галасаванне, вынікі якога ў параўнанні з асноўным днём у разы адрозніваюцца на карысць праўладных кандыдатаў. Прычым у выпадку адсутнасці ў выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі і цяжкасцю арганізацыі працэсу назірання за датэрміновым галасаваннем узнікаюць справядлівыя нараканні на праўдзівасць гэтых вынікаў, асабліва калі ўлады выкарыстоўваюць разнастайныя спосабы мабілізацыі грамадзян на ўдзел менавіта падчас першых пяці дзён галасавання. Павелічэнне адсотку датэрміновага галасавання падчас гэтых мясцовых выбараў пазбавіла шанцаў на перамогу для шэрагу «непажаданых» кандыдатаў. Вялікі адсотак прагаласаваўшых датэрмінова дазваляў некаторым участковым выбарчым камісіям болей ліберальна паводзіць у адносінах да назіральнікаў або давераных асобаў апазіцыйных кандыдатаў і дапускаць іх (наколькі гэта магчыма) да падліку галасоў, што аднак не можа сведчыць аб павелічэнні празрыстасці выбарчага працэсу.

Такім чынам, гэтыя выбары яшчэ раз падкрэслілі, што беларускае кіраўніцтва здольнае поўнасцю кантраляваць сітуацыю на ўсіх этапах выбарчага працэсу нават пры пэўных зменах выбарчага заканадаўства. Колькасць апанентаў уладаў, якія вылучаліся ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасці, а перамогу атрымалі ўвогуле адзінкі. Нягледзячы на крызісныя з’явы ў эканоміцы уладны механізм, які забяспечвае элегантныя перамогі цяперашняга прэзідэнта, спрацаваў бездакорна, і гэта з’яўляецца для беларускага кіраўніцтва асноўным вынікам мясцовай выбарчай кампаніі. У сваю чаргу мясцовыя саветы канчаткова губляюць сваю ролю прадстаўнічых органаў улады і ператвараюцца ў «саветы дырэктароў» пры выканкамах. Апаненты уладаў у чарговы раз панеслі паразу і застаюцца ў дэмаралізаваным стане напярэдадні прэзідэнскіх выбараў без станоўчага досведу перамогаў ужо на працягу некалькіх электаральных цыклаў.