Российский телеканал РТР в минувшее воскресенье изменил сетку своего вещания и показал известный фильм Анджея Вайды «Катынь». В тоже время телеканал «РТР-Беларусь» показывал программу «Честный детектив» и несколько позже шоу «Танцы со звездами». Как Вы полагаете, почему даже на символическом уровне официальный Минск не захотел проявить солидарность с Варшавой?

Андрэй Расінскі.Можна было бы казаць пра апатыю і глухату тэлеканалу, пра ягоную няздольнасць зрабіць хоць нешта без загаду зверху; можна было б паслухаць падфорумныя тлумачэнні пра няўзгодненасць аўтарскіх правоў і пачуць намёкі на спагадлівасць Беларусі, якая прапусціла сваякоў загіблых без візаў. Можна кінуцца ў канспіралагічна-паліталагічныя доследы (хто каму такім чынам адпомсціў — і з якой палітычнай нагоды).

Але змрочны маштаб падзеі і ейны ледзяны сімвалізм выводзяць другую Катыньскую катастрофу па-за межы ўсялякіх звяглых драбноццяў.

Адказ на пытанне — у самім фільме Вайды. Гэтая стужка, што ізноў зарыфмавалася з сённяшнім днём — гэта права на памяць, адвечнае права аплакаць памерлых, што сцвярджалася яшчэ з часоў «Антыгоны».

Гэта пранізлівая каята памяці і надмагільная споведзь сумлення.

Гэтай споведзі спрабуюць заткнуць рот. Вайда паказвае, як гэта адбывалася. Першы спосаб — хваліць катаў і плясаць на касцях ахвяраў. У фільме гэтым займаецца эсэсаўскі афіцэр, а ў нашай сучаснасці — блогерныя імперскія шакалы, што з радасцю павылазілі з закуткоў.

Другая стратэгія — фальшаванне. «Гэта не мы, а яны расстралялі». «Гэта заходнікі скінулі самалёт, каб нашкодзіць Расеі».

Сённяшні варыянт фальшавання — прызнанне з агаворкамі, што пераўтварае споведзь і каяту ў фарс: «Так, расстралялі, але гэта толькі і выключна — Сталін, а мы, якія яго хвалім, пестуем і ўзносім — не вінаватыя ані ў чым.»

Апошнія скокі на костках — маўчанне і абыякавасць: «Не было анічога!» «Падумаеш, загінулі, людзі штодзень гінуць; вунь, у Кіргізіі — загінулі, чаму жалобу не абвясьцілі?»

Усе гэныя тактыкі — тактыкі катаў, што забіваюць, забойства пакрываюць — і прагнуць ад адказнасці ўхіліцца.

Два гады таму часопіс «ARCHE» з артыкулам пра стужку «Катынь» быў арыштаваны на беларускай мяжы. Гэбоўцы абвінавацілі яго ў экстрэмізме; асабліва абурылі іх фатаграфіі Катыньскага злачынства й рэцэнзія на стужку Вайды.

Сёння — вялы паўтор: намі дасюль кіруюць духоўныя нашчадкі катаў.

Але другая Катынь — як Боскі знак, што заклікае да пакаяння:

«Езус адказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не. Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не. Але кажу вам, калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.» (Лк 13, 1– 9)

І вось ужо чэкіст Пуцін рыдае над свежаю пахавальняй разам з прэм\`ерам Дональдам Тускам. І простыя расіяне нясуць кветкі да польскае амбасады.

Беларуская рэакцыя — найгоршая. Гэта ўжо нават не рэакцыя ката; гэта рэакцыя злога, эгаістычнага пяцігадовага хлопчыка, які не жадае ведаць, што такое смерць — і баіцца паспачуваць.

Калі ў суботу на СТВ пісалася нейкая музычная перадача, аднаму з удзельнікаў прыйшла СМС-ка: «Самалёт прэзідэнта пацярпеў катастрофу». Фраза была агучаная і выклікала воплескі дый смяшкі.

Інфантыльная рэакцыя людзей, якія забылі пра смерць — і пра ўваскрашэнне.

Навіну потым удакладнілі — «разбіўся самалёт польскага прэзідэнта».

І цяпер не пытайцеся па кім званіць звон.

Ён званіць па ўсім нам.