?Глава Гродненского облисполкома Владимир Савченко на текущей неделе
подал в отставку. Без малого почти десять лет он занимал эту должность. Какие знаковые для Гродненского региона события или кампании, связанные с именем Вл. Савченко Вы бы выделили?

Валера Руселік. За час кіраваньня Гарадзенскай вобласьцю Ўладзімірам Саўчанкам адбыўся цэлы шэраг падзеяў ды кампаніяў, ініцыяваных мясцовымі ўладамі, якія агулам значна пагоршылі эканамічны і сацыяльны патэнцыял рэгіёну (да прыкладу, Гарадзеншчына, якая раней заўжды была наперадзе ў аграрным сэктары, страціла свае пазыцыі). Пагоршыліся таксама і дачыненьні з замежнымі партнэрамі (прыгадайма хаця бы выпадак, калі горад-пабрацім польскі Ўроцлаў разарваў усялякія стасункі з Горадняй пасьля чарговага ўціску мясцовых уладаў на актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі).

Калі казаць пра знакавыя кампаніі, можна вылучыць наступныя:

1. Зачыстка мэдыяпрасторы рэгіёну

За час кіраваньня Гарадзеншчынай Уладзімірам Саўчанкам адбылася маштабная зачыстка мэдыяландшафту рэгіёну. Нездарма ж яшчэ ў 2004 годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў абвесьціла акцыю «Гарадзенская зона — тэрыторыя рызыкі для незалежных журналістаў». Ужо на той час былі зьліквідаваная большасьць незалежных выданьняў вобласьці: «Пагоня», «Местная газета», «Биржа информации», «Новая газета Сморгони» і інш. Пазьней была «дабітая» і рэшта «нячэснага» друку. Дзясяткі штрафаў і судовых працэсаў, бясконцыя «суткі», ператрусы і допыты, зьбіцьцё і пагрозы ў адрас самых журналістаў альбо іх блізкіх, «хімія» Мажэйкі і Маркевіча ды галадоўка Шантаровіча — вось карціна «гарадзенскай зоны» апошніх 10 гадоў.

Адначасова праведзеная праца па падрыхтоўцы менавіта «чэсных» мясцовых журналістаў. На філялягічным факультэце ГарДУ імя Янкі Купалы адкрытая спецыялізацыя «журналістыка», выкладаюць на якой выключна супрацоўнікі мясцовых дзяржаўных газэт і тэлевізіі.

2. Вайна з грамадзкасьцю й «непажаданымі» нацыянальнасьцямі

Нерэгістрацыя новых і ліквідаваньне ўжо зарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў — звычайная практыка на Гарадзеншчыне часоў кіраваньня вобласьцю Саўчанкам. Асобным радком варта адзначыць стаўленьне мясцовых уладаў да грамадзянаў Беларусі «непажаданых нацыянальнасьцяў»: палякаў ды летувісаў. Калі невялічкую супольнасьць беларускіх летувісаў раздушылі дастаткова хутка (забарона на прыезд настаўнікаў зь Летувы ў нядзельныя школы на Гарадзеншчыне ды забарона сябрам таварыства «Tevine» сумесна зь беларускімі ды польскімі нацыянальнымі суполкамі сьвяткаваць перамогу пад Грунвальдам у Горадні), то з найбуйнейшай грамадзкай арганізацыяй у краіне — Саюзам палякаў у Беларусі — улада змагаецца дагэтуль. Раскол СПБ у 2005 годзе і захоп галоўнага офісу арганізацыі з дапамогай АМАПу, арышты і правакацыі, паклёпніцкія кампаніі і пагрозы ў дачыненьне да кіраўніцтва і актывістаў няскоранага СПБ — спробы здушыць і падпарадкаваць сабе неафіцыйнага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс працягваюцца дагэтуль. Апошні прыклад супрацьстаяньня — падзеі ў Івянцы.

Пры гэтым непрыхаваны ціск на грамадзянаў Беларусі польскага ды летувіскага паходжаньня адбываўся і працягвае адбывацца адначасова з татальнай расеізацыяй краю. Гэткім чынам, у сьпіс «непажаданых нацыянальнасьцяў» трапілі і ўласна беларусы. Да прыкладу, сёньня ў абласным цэнтры не засталося аніводнай беларускамоўнай школкі. А леташняя ініцыятыва бацькоў стварыць хаця бы адну беларускамоўную групку ў дзіцячым садку таксама была задушаная чыноўнікамі.

3. «Бульдозэрная рэканструкцыя»

У 2005 годзе ў Горадні распачаліся маштабныя будаўнічыя працы ў гістарычным цэнтры, якія неўзабаве атрымалі назву «Бульдозэрная рэканструкцыя». Пад выглядам рэканструкцыйных і рэстаўрацыйных прац былі зьнішчаныя і працягваюць зьнішчацца дзясяткі старасьвецкіх камяніц, у тым ліку і будынкі, якія маюць афіцыйны статус рэспубліканскіх помнікаў першай катэгорыі. Значна пацярпеў і гарадзкі ляндшафт. Высечаныя цэлыя паркі і шматлікія калісьці зялёныя падворкі. У выніку, Горадня, якая займае першае месца ў Беларусі па колькасьці архітэктурных помнікаў, нават зьнікла зь дзясяткі найбольш папулярных турыстычных аб’ектаў у краіне. Сёньня ў абласным цэнтры адсутнічае хоць якая-небудзь інфаструктура, прыдатная для разьвіцьця турызму — і гэта на асноведзі гучных афіцыйных заяваў пра адваротнае.

4. Гранатамёт і справа Аўтуховіча

Знойдзеныя ў 2005 годзе ў цэнтры Горадні гранатамёт і выбуховыя прыстасаваньні адразу ж былі зьвязаныя зь імем кіраўніка Гарадзенскай вобласьцю. Найперш — таму што зброя была знойдзеная недалёка ад дому, у якім жыве Саўчанка. Ужо тады, адразу ж, у сьпіс падазраваных трапілі… дэмакратычныя актывісты. Два дзясяткі зь іх былі дапытаныя сьледчымі, а таксама былі вымушаныя здаць свае адбіткі пальцаў (чым не рэпэтыцыя леташняй агульнанацыянальнай дактыляскапічнай гістэрыі?). Адна з працоўных вэрсіяў — пакушэньне на кіраўніка вобласьці — тады гучала збольшага ў прыватных размовах. Сьляды гэтай вэрсіі вялі ў Расею, крымінальныя колы зь якой мелі, як той-сёй пагаворваў, агульны бізнэс з гарадзенскімі чыноўнікамі — у прыватнасьці, у справе пабудовы ў абласным цэнтры першага гіпэрмаркету.

Дарэчы, прозьвішча Аўтуховіча ў сувязі з гранатамётам тады не гучала. Былы аўганец з Ваўкавыску стаўся вядомы найперш з-за свайго супрацьстаяньня мясцовым уладам, якія былі паквапіліся на яго бізнэс. Значна пазьней, напачатку лютага летась Аўтуховіч трапіў за краты, дзе і атрымаў абвінавачваньне ў тэрарызьме: спачатку ў падрыхтоўцы выбуху ў Менску, а ўжо затым — у арганізацыі замаху на жыцьцё Ўладзіміра Саўчанкі.

5. АЭС

Сама ідэя пабудовы атамнай станцыі — дый яшчэ пасярод самага экалягічна чыстага і ўнікальнага прыроднага рэгіёну краіны — ужо гучыць злачынна і абсурдна. Пагадненьне аб пабудове Астравецкай АЭС дагэтуль не падпісанае, а будаўнічыя працы на месцы ўжо вядуцца з размахам. Дзеля чаго? Адказ відавочны: засвойваньне сродкаў з традыцыйнымі «адкатамі» і іншымі фінансавымі махінацыямі.

Дарэчы, акрамя АЭС Гарадзеншчына мае яшчэ два буйныя будаўнічыя праекты, якія выклікаюць пратэсты эколягаў, але менш раскручаныя ў мэдыя. Гэта пабудова дзьвюх ГЭС на Нёмане, а таксама ТЭЦ, якая, як мяркуецца, будзе працаваць на вугольлі з Польшчы.

Гэткім чынам, адначасова з патэнцыялам гісторыка-культурнага турызму зьнікае і магчымасьць разьвіцьця экатурызму.

Абмеркаваць