«Белая Воля» ў кантэксьце афіцыйнага палітычнага праекта

На беларускіх экранах расейскае кіно пачынае выцясьняць амэрыканскае. Пасьля крызы 90-ых колькасьць суседзкіх фільмаў заўважна павялічылася, адладжаны іхні пракат, расейцы старанна пераймаюць галівудзкія ўзоры.
Але чаму глядзець які-небудзь амэрыканскі баявік цікава, а ўдарнае расейскае кіно выклікае пазяханьне? Чаму “Код Апакаліпсісу” ці “Мяса” (Жесть) нудныя ўжо на ўзроўні ролікаў? Чаму перайманьне выглядае штучным?
Справа ня ў кадравым голадзе – працуюць расейскія кінашколы, выходзяць кіначасопісы, пашыраюць сваю дзейнасьць тэлеканалы.
Нельга казаць і пра адсутнасьць кінатрадыцый. З 20-ых гадоў Расея ўвайшла ў шэраг кінадзяржаў - і адметная аўтарскім кіно. Але й жанравае кіно не было забытае (фільмы Аляксандрава, Гайдая, Матыля й Мяньшова).
Дый перайманьне раней праходзіла плённа. Эйзэнштэйн, Куляшоў, Пудоўкін вучыліся на творах Дэйвіда Ўорка Грыфіта, а рэвалюцыйныя ФЭКСы (Козінцаў, Траўбэрг, Юткевіч) абвяшчалі “амэрыканізацыю”.
Падкрэсьліваюць, што расейскае кіно “сталася патрыятычным”. Але амэрыканскае масавае кіно – бязьлітасны гімн амэрыканскаму ладу жыцьця. Абавязкова ёсьць сям\`я й яе каштоўнасьці, абавязкова маецца на ўвазе Бог (як справядлівы судзьдзя), абавязкова прамільгне ў кадры амэрыканскі сьцяг.
Але, як бы да Амэрыкі ня ставіліся, галівудзкае кіно нарасхват. Яго глядзяць у Расеі і Беларусі, у Швэцыі й Ірляндыі, у камуністычным Кітаі й тэакратычным Іране. І нават “Дзень незалежнасьці” Роланда Эмэрыха, дзе амэрыканскі прэзыдэнт узначальвае паветраныя сілы Зямлі супраць іншаплянэтнікаў - ня выклікае нуды.
А вось на якісьці “07 мяняе курс” не загоняць нават расейскіх школьнікаў.
Амэрыканскае масавае кіно – гэта адкрытае кіно ў адкрытай прасторы. Расейская “патрыятычная” вытворчасьць – гэта кіно ізаляцыянізму, якое ёсьць цалкам лякальнай зьявай. Пазычаюцца прыёмы й формы, але натужліва-пустыя пасланьні “1612” і “Антынаркаты” (Антидури) не кранаюць.
У галівудзкім кіно ёсьць унівэрсальны чалавек, які дзейнічае. Можна атаясаміцца з былым паліцэйскім, які хвалюецца за скрадзеную дачку, паспачуваць хатняй гаспадыні, якая згубіла мужа, зьлякацца з падлеткам, які знайшоў закінутым доме нештака страшнае. “Патрыятычныя знакі” ня ёсьць зьместам амэрыканскіх карцін, яны зьяўляюцца самі сабой – як звыклыя  абставіны.
Зьмест пуцінскага масавага кіно – “патрыятычны знак”. Трэба спачуваць “дзяржаўнасьці”, хвалявацца за “імпэрскую ідэю” і гушкацца з “саборнасьцю”. Не чалавек, а мундзір, не герой, а пасада, не ўласная воля, а чыноўная служба.
Спасылкі, што амэрыканцы – індывідуалісты, а рускія – “саборныя” – не пасуюць. Японія, Кітай, Карэя – краіны з канфуцыянскай (калектывісцкай!) культурай. Але японскія жахі й баевікі, ганконскія фільмы кун-фу, жорсткія карэйскія стужкі пераўзыходзяць “Антыкілераў”, “Ваўкалакаў”,  “9 роту” і “Турэцкі гамбіт”. У “баявых манахаў Шааліню” і “сямі самураяў” свой статут гонару і свая аўтаномія – якой няма ў “Стацкага дарадцы”. Расейскія пэрсанажы ня маюць уласнае волі, акрамя волі крамлёўскіх інстанцый, яны падпарадкоўваюцца, але (як і рэжысэры) – ня вераць таму, чаму служаць.
Нават адмысловыя эфэкты ў “Дазорах” – гэта не забава для гледача, а сур\`ёзная ідэалягічная справа: паказаць, якая Расея “крутая” і таксама можа.
Мэта ізаляцыянісцкага кіно – шыхтаваць, мацаваць, абараняцца ад (заходніх) ворагаў з дапамогай чужых прыёмаў і чужой зброі. Але галівудзкія гарматы ў крамлёўскіх руках пазбаўлены “коду доступу” – і ўзламаць яго немагчыма.
На бадзёра-бязрадасным суседзкім фоне беларускае кіно выглядае яшчэ горш. Гэта ізаляцыянісцкія фільмы, “замкнёныя” нават ад уласнай кінагісторыі.
Нэасталінскую “Радзіму альбо сьмерць” саромеюцца паказваць у кінатэатрах, чаргінцоўскае “Вам заданьне” зрабіла бы фурор на любой сьметніцы – але яно не патрэбнае нават чыноўнікам.
Каб пазбавіцца ад ізаляцыі – трэба адкрыцца чалавеку.
Обсудить публикацию

Метки
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2021

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.