Не дазволіць зачыніць дзверы

Удзельнікі размовы:

Сяргей Антусевіч, кіраўнік «первічкі» незалежнага прафсаюза ААТ «Азот», сябра Сойма Партыі БНФ
Аляксандр Тамковіч, публіцыст

А. Тамковіч: Прапаную ўсе партыйныя справы заставіць «за дужкамі» і разглядаць вашу кропку гледжання толькі з прафсаюзных пазіцый. Наколькі я ведаю, вы сярод тых,  хто лічыць мэтазгодным удзел у парламенцкіх выбарах да самага апошняга этапу. Чаму?

С.  Антусевіч: На мой погляд, заўсёды трэба зыходзіць з сітуацыі, якая існуе на канкрэтны момант. Калі палітычная мапа на выбарчай акрузе складаецца так, што ёсць сэнс удзельнічаць і магчымасць правесці нармальную кампанію, ёсць гатовая працаваць шчыра і аддана каманда, то, тады я лічу – варта паўдзельнічаць, паказаць людзям і ўладам існуючаю альтэрнатыву. Калі мы ад выбараў да выбараў (перш за ўсё выбаршчыкам) не паказваем альтэрнатыўных праграм, пунктаў гледжання на сітуацыю ў краіне, развіццё эканомікі, палітыку, на ўсе жыццё, якое вакол нас, то робім жыццё прэсным. Мы павінны яго крыху «саліць» і «перчыць», рабіць палітычную кухню больш  разнастайнай, яркай. Не павінен быць там адзін кухар, які вызначае, колькі і якіх «інгрэдыентаў» павінна класці у канкрэтны «суп». Абсалютна перакананы, што, калі мы ў будучым хочам кіраваць краінай, прыходзіць да ўлады, іншага выйсця, як рабіць гэта праз выбары, няма. Мы ж не збіраемся кожныя пяць год ажыццяўляць нейкія рэвалюцыі... Мы хочам, каб краіна нармальна развівалася, ішла эвалюцыйным шляхам, i было менш усялякіх катаклізмаў. Грамадству трэба дэмакратыя, а яна магчыма толькі праз выбары. А перамогу на выбарах можна атрымаць толькі праз спаборніцтва.

А.Т.: Калі яна зноў не будзе чымсьці «элегантным»...

С.А.: Натуральна, ў нашых умовах спадзявацца на абсалютную справядлівасць і нармальны падлік галасоў нельга. Але гэта не можа быць прычынай таго, што апазіцыянеры не будуць хадзіць да выбаршчыкаў. Складана тлумачыць сваю пазіцыю, калі ты ў кампаніі не ўдзельнічаеш. Для мяне гэта слабая пазіцыя, бо з 2003 года, калі я перамог на выбарах у Гродзенскі гарсавет, таксама не было якіх-небудзь спрыяльных умоў. Не было выбарчай камісіі, дзе бы глядзелі мне ў вочы і казалі, што зробяць усё для перамогі. Ніхто мяне у гарадскім савеце не чакаў. Наадварот. Сапернік у мяне быў вельмі моцны – кіраўнік Гродзенскай суполкі БРСМ, якому дапамагала ўся ўлада. Мабыць, пытанне, хто стане дэпутатам, для іх было ўжо вырашаным. Аднак, мая каманда працавала даволі добра, і мы здолелі даказаць, што лепш. І, не гледзячы на падобныя намаганні, фактычна не далі сфальсіфікаваць вынікі.

Дарэчы, потым я браў удзел і ў парламенцкім выбарах 2004 года. Яны ў нашай акрузе (адзіная ў Беларусі) не адбыліся і былі паўторанымі ў годзе наступным. Таму досвед быў.

Калі пачаўся ўдзел у гэтай кампаніі, то мяне спачатку вельмі цяжка было лічыць яе аматарам. Гэта, кажучы мякка... Памяталася, як многія нашы людзі траплялі за краты толькі за тое, што былі даверанымі асобамі кандыдата, альбо праяўлялі актыўнасць пад час назірання. «Брыдкасловілі», альбо «хуліганілі». Таму асобага сэнсу ў паўтарэнні такіх пікіровак з уладай менавіта я не бачыў. Але пры агульным «антуражы», які ёсць сёння, умовы ўсё ж змяніліся. Прычым значна. Асабіста што датычыцца паводзінаў выбарчых камісій. І гэта, не глядзячы на тое, што не змянілася само заканадаўства. Калі раней я ні разу не удзельнічаў у пасяджэннях выбарчых камісій, то пад час гэтай кампаніі меў такія запрашэнні ўжо двойчы і выказваў публічна сваю думку. Больш за тое, пасведчанне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы мы атрымалі прама там. Раней такога не было. Зразумела, усё гэта спектакль, але, каб даказаць, што не змянілася сутнасць «выбараў па-беларуску», на мой погляд, трэба ісці да канца. І  ўсё  паказаць на канкрэтных фактах. Калі ў нас не будзе кандыдатаў у дэпутаты, то мы не зможам сказаць, колькі і за каго прагаласавала. Не зможам выставіць назіральнікаў, якія бачылі б усё сваімі вачамі. Правесці нейкія экзіт-пулы.

На выбарах быць можа ўсё, бо улада на гэты раз вельмі імкнецца да таго, каб іх прызналі не толькі краіны СНД. Логіка для нас магчыма такая: калі вы упэўнены ў сваёй перамозе, дазвольце  паглядзець на тое, як яна будзе рабіцца. Тым, хто не хоча падмануць, баяцца не трэба. Калі б Аб’яднаныя Дэмакратычныя сілы байкатавалі парламенцкія выбары адразу, то гэта трэба было зрабіць яшчэ на этапе, калі большасць нашых прадстаўнікоў не трапіла ў участковыя і акруговыя камісіі. Гэты і быў нейкі «момант  ісціны». Цяпер, калі мы ўжо фактычна накіравалі высілкі на рэгістрацыю (што даецца вельмі цяжка), працавалі каманды, быў пераслед некаторых членаў ініцыятыўных груп, прыняць рашэнне «зняцца» на маю думку, мякка кажучы, неразумна. І не дае для нас абсалютна ніякіх плюсоў. Нават у выпадку, калі ад апазіцыі ў парламент трапіць некалькі чалавек, і гэта будуць абсалютна «падкантрольныя» людзі, так рабіць не трэба.

У гарсавеце я быў менавіта такім. Адзіны, хто прайшоў. А выходзілі адтуль мы ўжо ўдваіх. За чатыры гады мне, па-першае, атрымалася «перацягнуць» аднаго чалавека, а па-другое, увесь час абсалютна спакойна працаваць не толькі з прыхільнікамі. Можна нават больш з тымі, хто жыве сваім жыццём і не цікавіцца палітыкай увогуле. Людзі з дапамогай дэпутатаў імкнуцца палепшыць сваё жыццё. Калі мы здолеем прабіць у гэтай сцяне хоць маленькую трэшчыну і будзем мець магчымасць уносіць свае законапраекты (іх могуць распрацаваць адпаведныя спецыялісты АДС), то чаму гэтым не скарыстацца? Так, калі мы «здымаем» сваіх кандыдатаў, то гэта можна патлумачыць тым, што не хочам удзельнічаць у  фарсе. Але праходзяць выбары, і мы жывем па законах, якія прымалі нашы былыя канкурэнты. І зноў скардзімся. Атрымліваецца замкнутае кола.

Натуральна, ў парламенце ў нас не будзе большасці. Яе адразу атрымаць проста немагчыма. Але, нават калі там будзе хоць адзін наш чалавек, то адразу з’яўляецца шмат новых магчымасцяў. І, перш за ўсё, ведаць якія законы ў будучым плануе абмеркаваць парламент, бо вельмі часта, пра змены ніхто да апошняга часу не ведае. Канкрэтны прыклад – змены ў пенсійная заканадаўства. Да апошняга мы не мелі магчымасці нават атрымаць тэкст. Як і афіцыйныя прафсаюзы, якія маюць у парламенце (Козік) сваіх прадстаўнікоў.

Ёсць машына, якая працуе. Адразу ўставіць у яе колы нейкую палку не атрымаецца, але пры ўмове, што ў парламенце будуць дэпутаты ад апазіцыі, з’явіцца магчымасць агалашэння нашых пазіцый. Будзе магчымасць праводзіць афіцыйныя сустрэчы, таму што сёння за межамі выбарчай кампаніі зрабіць гэта амаль немагчыма. Дзверы хоць крыху, але прыадкрыюцца. Мы уставім нагу і не дадзім іх зачыніць цалкам. Для мяне гэта відавочна, і асноўны вынік кампаніі мог бы быць менавіта такім. Тым больш, што сам Лукашэнка заявіў, што выбары пройдуць дэмакратычна, празрыста і будуць прызнанымі сусветнай супольнасцю. Трэба выкарыстоўваць такую магчымасць. Гэта палітыка, а ў палітыцы, калі ты не ўдзельнічаеш ў гульне, то  адразу становішся аўтсайдэрам, трапляеш за межы любой кампаніі.

А.Т.: Апазіцыя і ўлада – толькі два сегмента грамадства. А большасці людзей палітыка, як кажуць, «да фені»?

С.А.: Абсалютна. Калі мы збіралі подпісы і стаялі ў пікетах у месцах, дзе заўсёды шмат людзей (рынак), то у чарговы раз заўважылі адну тэндэнцыю. Так, усе ведаюць сэнс палітыкі, але людзі прывыклі да тога, што нехта за іх усё вырашыць. Яны прывыклі жыць сваім жыццём, не давераць палітыцы, якая ёсць, але і не бачаць нікога, хто нешта можа змяніць. Таму і маем такое, я бы сказаў, нематываванае грамадства. Людзі, як адасабляюцца ў сваім асяроддзі. Калі ты прадпрымальнік, то цікавішся толькі тым, што датычыцца толькі цябе. Калі працуеш па кантракце, то баішся яго страціць. Я з гэтым найбольш яскрава сутыкнуўся, калі на нашым прадпрыемстве пачаўся ціск на незалежны прафсаюз. Людзі хочуць, каб іх абаранялі, але вельмі вялікі адсотак проста не гатовы для таго, каб бараніцца асабіста. Для іх гэта азначае – пераступіць праз сябе. У нашым грамадстве, на жаль, пакуль не сфармавана такая палітычная культура, дзе чалавек дакладна ведае, якіх палітычных поглядаў ён прытрымліваецца. Кансерватыўных, сацыял-дэмакратычных, ліберальных ці нейкіх іншых.

У палітыцы перавага з большага аддаецца канкрэтнай асобе, таму як яна сябе праявіла па-за межамі выбарчай  кампаніі. А калі ты ўдзельнічаеш у выбарах, можаш паказаць сваю палітычную праграму, прыналежнасць да той ці іншай інстытуцыі, наяўнасць сілы з нейкай альтэрнатывай.

А.Т.: Пытанне у нейкім сэнсе правакацыйнае. Ці ёсць незалежныя прафсаюзы ўвогуле, як і чым яны жывуць? Такое ўражанне, што ўсё вакол «задавілі»?

С.А.: Натуральна, стан «прыдушанасці» ёсць. Памерці свайму прафсаюзу мы не даем, але і шырокай дзейнасці, якой можна было б заняцца, няма. І галоўных прычын тут некалькі.
На прадпрыемствах тыпу нашага, арганізацыі скараціліся ў некалькі разоў. Калі на пачатак 2006 года стабільнай лічбай для нас было 850 чалавек, то цяпер засталося крыху больш сотні. Гэта рэальнасць,  бо сёння асноўнай праблемай стала існаванне як яно ёсць. У нас засталіся людзі, якія зрабілі свой выбар свядома і ведаюць, што незалежны прафсаюз даваў раней і можа даць у гэты момант. У лістападзе нам будзе 16 год, і я ўжо трэці па ліку старшыня. Шчыра кажучы, думаў, што мы ўжо ніколі не вернемся да сітуацыі, калі на нашым заводзе прыйдзецца камусьці тлумачыць – незалежны прафсаюз ёсць. І ён неабходны.

У прынцыпе да моманту прыхода новага генеральнага дырэктара, былога старшыні аблвыканкама Радзевіча, гэта было абсалютна ўсім зразумела. Ніводная справа на заводзе не абыходзілася без нас. Цяпер сітуацыя такая: трэба даказваць, што мы патрэбныя і маем права на існаванне. Усё практычна пачынаецца з «чыстага ліста». Хаця... Так гаварыць нельга, таму што вельмі шмат людзей ведаюць, чым мы займаемся, самі былі сябрамі арганізацыі. Раней усё было інакш. У людзей было права выбару. Чалавек мог быць у любым прафсаюзе, альбо не быць нідзе. За гэта мы і змагаемся. Сёння адбываецца так. Чалавеку кажуць, што яго пытанне без заявы аб выхадзе з незалежнага прафсаюза, вырашаным быць не можа. І ўвогуле, пакуль ты не уступіш у афіцыйны прафсаюз, вырашаць яго не будзе ніхто.

Праблема ёсць, але яна абсалютна не фатальная. У гэтай справе я аптыміст. Усё, што робіцца «праз калена», і паломаныя лёсы  не мае права на доўгае жыццё. «Эфект бумеранга» спрацуе адназначна.

Обсудить публикацию

 

 

Метки