Поплеч ці побач?

Адказ Андрэя Дынька, рэдактара «Нашай Нівы», спсп.Адамянцу, Мінянкову, Фядуту

Вось ідуць два чалавекі па праспэкце. Тоўсты і тонкі, дапусьцім. Побач яны ідуць ці поплеч? А гэта як яны самі рашаць.

* * *

Ня бачу нічога «анэкдатычнага» і «дзіцячага» ў закліку Віталя Сіліцкага. Гэта нармальная рэакцыя сьпелага грамадзяніна на палітычнае рашэньне, якое яго, грамадзяніна, закранае. Што анэкдатычна — дык гэта размовы пра тое, варта падтрымліваць Лукашэнку, «калі» ён «загаворыць на мове Скарыны» ці «дэмакратызуе свой рэжым». Самі знаеце, што не дэмакратызуе і не загаворыць. Анэкдатычна таксама выдаваць 15 хвілінаў ў караткахвалевым акіяне за «інфармацыйны канал».

Хітрамудрыя сылягізмы прыводзяць сп.Адамянца да абвінавачваньня В.Сіліцкага ў тым, што ён сьцьвярджае, нібы «ўжываньне расейскае мовы вядзе ды дыктатуры, а беларускае — да дэмакратыі». Брудная падстаноўка! Ужываньне расейскае мовы заходняю радыёстанцыяю будзе крокам па звужэньні сфэры ўжытку беларускае мовы і справакуе (ужо справакавала) раскол у незалежным грамадзтве. Нічога больш, спадару Адамянц. Але далібог досыць, каб адрачыся такога праекту.

* * *

У Беларусі не паліттэхналёгіі змагаюцца, а ідэалёгіі. Памятайма пра гэта.

* * *

Рашэньне Эўразьвязу было прынятае ў дзіўнай манеры. Калі гэта тэндэр, чаму пра яго ніхто ня ведаў? Чаму не было абвесткі ў «Нашай Ніве»? J

* * *

Еднасьць незалежнага грамадзтва — яго галоўная заваёва ў апошнія гады. Каму было ня ясна, што частку гэтага незалежнага грамадзтва такі выбар «Нямецкай хвалі» ўзрушыць, той або правакатар, або неасьвечаны чалавек. Правакатараў байкатавалі і будзем байкатаваць. Неасьвечаныя людзі хай прыслухаюцца да гэтай гамонкі.

Рашэньне пра расейскую мову «Нямецкай хвалі» разбурыла адзінства незалежнага грамадзтва. Для мяне гэтага досыць, каб яно было перагледжанае. Усё астатняе для мяне адступае перад гэтым аргумэнтам. Але окей. Раз вы лічыце патрэбным прыводзіць іншыя аргумэнты, давайце іх разгледзім.

«Няма дыктараў на гэтай мове». У мяне ёсьць знаёмыя беспрацоўныя дыктары. Зінаіда Бандарэнка, напрыклад. Бяруся сам угаварыць яе пагадзіцца папрацаваць на «DW».

«Яшчэ адзін інфармацыйны канал». Каго вы падманваеце, які канал? 15 хвілінаў, згубленых у перапоўненых расейскімі галасамі кароткіх хвалях? Сама канцэпцыя выдае чалавека, заблуканага ў 1980-х. Уявіць сабе, што знойдзецца тысяча людзей, гатовых у пэўны час прыстаўляць вуха да прымача, каб пачуць…

Па-мойму, у дадзеным выпадку вы, спадар Фядута, бераце голас найперш з салідарнасьці з сваімі калегамі, якія рашэньне пра расейскамоўнасьць «Нямецкай хвалі» лабіравалі. Але гэта ня той выпадак, калі трэба праяўляць салідарнасьць. Трэба быць салідарным з ідэаламі, а не з асобамі. Ці ня гэтым прынцыпам кіраваліся Вы, спадару Фядута, праз усё жыцьцё? Ці ня дзякуючы яму Вы захавалі свой аўтарытэт, нягледзячы на ўсе пераплёты, у якія заносіла вас жыцьцё?

* * *

Рашэньне ЭЗ мае сымбалічны сэнс. Але яно мае і практычнае значэньне.

Трываласьць нацыянальнага праекту залежыць у тым ліку ад памеру і якасьці «беларускамоўнага тэксту». Усё ж менавіта ён ляжыць у аснове «нацыянальнага дыскурсу». Калі б не было Купалы й Караткевіча, не было і б і дыскурсу. Цяпер, калі РБ фінансуе стварэньне толькі вельмі спэцыфічнага «беларускага тэксту», каштоўная кожная капейка, за якую можа стварацца альтэрнатыўны «беларускамоўны тэкст». Тым больш што гэта магло б рабіцца ў цяплічных умовах заходняе радыёстанцыі.

Ці можа быць расейскамоўны тэкст асновай нацыянальнага дыскурсу, яшчэ трэба даказаць. Даказвайце. Аднак рызыкоўна гэта.

* * *

Падпісваюся пад заклікам Віталя Сіліцкага. Дзякуй яму. Лягчэй было б замаўчаць справу, калі б крытыкавалі толькі «старыя змагары за беларушчыну». Але калі ўжо нават Сіліцкі (расейскамоўны чалавек, дарэчы) абураецца…

«Яны ўскладаюць на Захад павышаныя чаканьні», — крытыкуе сп. Адамянц. Зноў жа, перакручваючы справу так, нібы сп.Сіліцкі лічыць Захад галоўным гульцом у беларускай палітыцы і нават… вінаватым. Кожны, хто чытаў артыкулы Сіліцкага, ведае, што гэта поўная лухта.

Дарэчы, мусова адказаць на пытаньне: хто вінаваты ў гэтым канфлікце? Не, не старэнькі немец, які пачуцьце рэальнасьці страціў, здаецца, яшчэ да таго, як паставіў на Ганчарыка. Я бачу людзей у Беларусі, якія ведалі, якую рэакцыю выкліча тое, што яны лабіравалі — мусілі ведаць, калі ўлазілі ў гэтую справу. Яны і нясуць маральную адказнасьць за спляжаны давер, які з такімі высілкамі аднаўляўся і які гэтак патрэбны — нямецка-беларускі давер.

* * *

Чаму я, В.Булгакаў ды інш. падпісаліся пад заклікам В.Сіліцкага?

Мы адстойваем мову, ад якой і вы атрымліваеце асалоду. Мы баронім традыцыю, якая і вас узгадавала. Мы ўмацоўваем ідэнтычнасьць, якая ляжыць у аснове нашай «рэчы паспалітай», нашай супольнай справы — нашай дзяржавы Беларусі. Мы байкатуем маразмы, ад якіх і вы будзеце пакутаваць.

Марнаваць 188 тысяч эўра на 15-хвілінную перадачку, якая згубіцца ў моры кругласутачных расейскамоўных кароткіх хваляў — а ў канчатковым рахунку на падтрымку штаноў расейскамоўнай службы нямецкага радыё і трох журналістаў у Менску — гэта бздура бздураў… Гара чатырох гадоў размоваў пра падтрымку Эўропай сьвятой барацьбы беларускага народу за свабоду нарадзіла мышу. Тут я гавару як мэнэджэр, а ня як грамадзянін. Лепш ужо падарыце гэтыя грошы «Белорусской деловой газете». Такую газэціску Марцаў з Сацуком забамбяць! Яшчэ і на два часопісы ў дадатак хопіць! У гісторыі застанецца. Прадукт будзе. Гэта калі Брусэлю так пындліць толькі расейскамоўнае падтрымліваць.

Хоць, па-мойму, справа прынцыпу — якраз рабіць беларускамоўным усё, што можна рабіць беларускамоўным. Расейскамоўнае само зьявіцца. Сёньня беларускамоўнаму патрэбная падтрымка. Калі заўтра такая падтрымка трэбудзе расейскамоўнаму ці, дай бог, польска-, украінскамоўнаму маўленьню, я (дый Булгакаў ці далёкі ад нас Сіліцкі, пэўны, таксама) першы буду гэтага дамагацца. Спадар Фядута, прынамсі, гэта ўжо ведае.

* * *

Мы творым сваю нацыю поплеч, а ня побач. Я перакананы ў гэтым. Мы будзем сядзець у адных засьценках і адных прэзыдыюмах.

Але пакуль вы будзеце лічыць Сіліцкага, Дынька ці Васіля Быкава «лінгвістычна заклапочанымі» ці «нацыянальна арыентаванымі», пакуль самі гэтыя выразы ня будуць выклікаць у вас агіды, пакуль ваша рука сама ня будзе цягнуцца да клявішы «delete», як такі выраз вам вырвецца згарачкі, да тае пары вы будзеце заставацца культур-расістамі. І праз насланьнё культур-расізму нічога так і не зразумееце ў гэтай Беларусі. У сэнсе: не ўсьвядоміце, што мы ідзём з вамі поплеч.

Ясна, што мы як беларусы адстойваем сваю мову. Мы такія, і мусіце прыняць нас такімі. Мы і будзем адстойваць. Любымі спосабамі. Гэта наш культурны скарб.

Перабарыце ў сабе гэты «культур-расізм». Як мы ў сабе перабаролі. Парагарніце падшыўкі «Нашай Нівы» і «ARCHE», як доўга мы да гэтага ішлі.

* * *

Па-над трыма праектамі нацыяналізму (калі прыпусьціць, што яны будуць артыкуляваныя, для чаго я, папраўдзе, ня бачу перадумоваў) будзе адзін праект — Беларусь. Зусім не абстрактны. Наш супольны. Няма пакуль ніякіх трох праектаў нацыяналізму. Усё прасьцей на самой справе: ёсьць тры канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны. Якія ня ёсьць, а прыёры раўнавартыя і могуць быць аб’ектыўна ацэненыя.

* * *

Кіньма какетнічаць, спадару Фядута. Ніякія вы не «маскалізаваныя». Мы сканчалі адны школы. Мы жывем у адным кантэксьце і думаем над адным кантэкстам. Адно мы з вамі сала ямо.

Кіньма таксама клікушастваваць. Будзем мы праз два гады «на палітычнай карце» і праз дваццаць. Купала мацнейшы за Лукашэнку, як там пісаў Булгакаў. Нацыі разьвіваюцца паводле пэўных законаў. З намі ці бяз нас. Дарогі назад няма. Можна пусьціцца ў доўгія тэарэтызаваньні наконт лёсу нацыяў як сацыяльных арганізмаў. Але пакінем гэтыя радасьці нацыёлягам, балазе іх у Беларусі ўсё больш. Без сумневаў: нацыя больш даўгавечная, чым аўтакратыя. А мы інтэлект гэтае нацыі, мы яе мараль. «Параза» дэмакратыі ў 2006-м ці 2001-м — гэта толькі эпізод гісторыі. Як і «перамога» дэмакратыі ў 2006-м, дарэчы. Цяперашні наш рэжым далёка не архаічны, спадару Мінянкоў, а нават дужа сучасны, і праблемы сучаснага сьвету пачынаюцца не за Бугам. Яны тут, гэтыя праблемы. Праблема мовы «Нямецкай хвалі» — адна зь іх.

* * *

«Мы разумеем, што саюз з вамі неабходны». Вось яна, прынцыповая падстава для хадзьбы побач. Таму буду шматслоўны тутака. Нам цікава разам, спадару Фядута. Цікава вас чытаць. Дыскутаваць з вамі. Мы ганарымся магчымасьцю друкаваць вас. Вы частка нашага сьвету. Мы не ўяўляем яго бяз вас. Гэта наша рэч паспалітая, наша супольная справа — гэты сьвет. Ён немагчымы безь Фядуты, без «Нашего мненія», без ЭГУ. Але не пра саюз я вяду гаворку — пра супольны сьвет. У якім мы забылі б словы «мы» і «вы», і тым больш слова «Яны».

Мне, напрыклад, сымпатычная канцэпцыя шматэтнічнага нацыятварэньня малдаўскага прэзыдэнта Вароніна. А вам бы ўсё — Пазьняк, Пазьняк…

* * *

«Трэба навучыцца гаварыць на мове супольных каштоўнасьцяў», — кажа сп. Адамянц. Як добра, што менавіта гэтак вы мяркуеце, што акурат гэтым сканчаеце сваю рэпліку. Не стамлюся паўтараць і я: паважайце нашы каштоўнасьці, шануйце нашы каштоўнасьці, зразумейце нашы каштоўнасьці. Гэта як у сям'і. Ня будзе моцнае сям'і, калі няма павагі да прынцыпаў партнэра. Мова — адна з нашых каштоўнасьцяў.

Нам баліць, вельмі баліць, калі праз эгаістычныя інтрыгі прымаюцца рашэньні кшталту «Нямецкай хвалі». Мо проста шчэ не напісаны той раман, у якім быў бы так апісаны боль беларуса праз мову, каб і вы зразумелі. Зразумець яго мусіце замест таго, каб адпраўляць нас да псыхааналітыка.

Урэшце, дэмакратыя — гэта павага да правілаў. А таксама павага да правоў чалавека. Сярод якіх права на захаваньне культурнай ідэнтычнасьці.

* * *

Калі людзі ідуць поплеч, іх не спыніць. Як на маніфэстацыі. А калі побач — гэта так, пікет ці што.

Ведайце, таварышы, побач — наша плячо. Хадземце — мы знаем, куды ісьці.

Андрэй Дынько

12.08.05

Открыть лист «Авторы: публикации»