Аляксандр Тамковіч: Наколькі я памятаю, Мілінкевіч быў амаль «ваш чалавек». Чаму БНФ у некаторым сэнсе ад яго адрокся?

Вінцук Вячорка: Думаю, унутраныя нашыя дачыненьні не цікавяць абсалютную бальшыню беларусаў. Людзей трывожыць, што будзе зь імі, з краінай, якое выйсьце прапануе як улада, так і яе апанэнты. Таму адкажу каротка.

Для БНФ важна, каб усе, хто за незалежнасьць і свабоду, дзейнічалі разам. Таму нікога Народны Фронт не выракаецца. Гэта Партыя БНФ вылучыла й падтрымала беспартыйнага Мілінкевіча перад VI Кангрэсам дэмакратычных сілаў, а ў выбарчай кампаніі выканала ролю асноўнага рабочага каня. Але пасьля выбараў Мілінкевіч заявіў, што партыі ня маюць вагі і пэрспэктываў, а таму ён будзе ствараць свой асобны рух.

А.Т.: Тэзіс «кампраміс дзеля адзінства» належыць вам. У чым яго сутнасць?

В.В.: Яднацца ў справе, а не спаборнічаць у амбіцыях. Аляксандр Мілінкевіч стаў палітычным сымбалем дзякуючы супольнай ахвярнай працы многіх людзей. Цяпер яго ведаюць у краіне і за межамі. Таму я не пагаджаўся з заявамі некаторых партыйных лідэраў: маўляў, скончылася прэзыдэнцкая кампанія, давайце вяртацца ў 2004 год. З другога боку, нельга пагадзіцца з тэзаю Мілінкевіча, нібыта «партыі павінны прыспусьціць свае сьцягі». Бо менавіта дзякуючы Беларускаму Народнаму Фронту і іншым партыям ён стаў у палітычным сэнсе тым, кім ёсьць.

Таму БНФ прапанаваў гарманічную схему. За Мілінкевічам — права прадстаўніцтва. У першую чаргу ў міжнародных структурах, але таксама для перамоваў з уладамі. А ў выканаўчых структурах Аб’яднаных дэмакратычных сілаў павінны быць лідэры палітычных партыяў, перадусім найбуйнейшых. На жаль, з розных прычынаў ні адзін, ні другі бок на кампраміс не пагадзіўся.

А.Т.: Тое, што мы бачым цяпер, некаторыя называюць «сямібаяршчынай». Па чарзе вы кіруеце АДС каля ста дзён. Ёсць нейкія вынікі альбо зноў ніхто нічога не робіць?

В.В.: Што да БНФ, то мы не адпачывалі нават пасьля цяжкой прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году. Каардынацыю дэмакратычных сілаў можна крытыкаваць, але нельга забывацца, што яны не пры ўладзе. Чым менш амбіцыяў, чым болей канкрэтнай працы, тым болей шанцаў на перамены. Каардынацыя дазваляе праявіцца кожнай партыі і нічыю ініцыятыву не падаўляе.

Маем антыкрызысную стратэгію. Яе першаўзор распрацаваны Народным Фронтам яшчэ ўлетку 2006 году, калі нямногія верылі, што зьменіцца сытуацыя з газам. Асноўныя палажэньні гэтай стратэгіі ўхваліў апошні Кангрэс дэмакратычных сілаў. Мы павінны папярэдзіць як мага большую колькасьць людзей, перадусім групы, здольныя выступіць за зьмены: працаўнікоў бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў, прадпрымальнікаў, дырэктарат, пра немінучы сыстэмны крызыс. Ён ударыць па краіне, калі ня будзе дэмакратычных зьменаў.

Мы гатовыя да кампаніі пад умоўнай назвай «парлямэнцкія выбары». Задача — данесьці да людзей праўду, ператварыць выбарчы фарс у рэальнае волевыяўленьне народу. Пад ціскам грамадзкага пратэсту больш прадбачлівая (і, спадзяюся, больш патрыятычная) частка ўладнае групоўкі можа пайсьці на перамовы з дэмакратычнымі сіламі ды пагадзіцца на свабодныя (прынамсі часткова) выбары.

Таму цяпер трэба весьці працу ня надта заўважную, не «піярную»: даваць экспэртную ацэнку і прагноз становішча ў краіне, фармуляваць звароты да асноўных групаў грамадзтва і даносіць гэтую інфармацыю і звароты да людзей. Апошняе рызыкоўна: штодня арыштоўваюць актывістаў з улёткамі й газэтамі, канфіскоўваюць наклады друкаванай прадукцыі. Але гэтая праца — галоўная.

Увосень і ўвесну адбудуцца масавыя акцыі. Рыхтуецца Эўрапейскі марш. Яго ўдзельнікі запатрабуюць ад уладаў нарэшце адказаць на прапанову Эўразьвязу дапамагчы Беларусі. Праходзяць акцыі Сацыяльнага маршу супраць аднабаковай адмены льготаў. Гэта канкрэтная праца з грамадзтвам.

А.Т.: Наколькі я ведаю, у падрыхтоўцы першага ўдзел прымае і Мілінкевіч?

В.В.: Усе апазыцыйныя палітычныя групы заявілі, што падтрымліваюць Эўрапейскі марш. Увогуле важна ня тое, хто што кажа і якія ў каго віртуальныя пагоны: важна, хто што робіць. Напрыклад, увесну БНФ прапанаваў масавую акцыю, прысьвечаную Дню Незалежнасьці 25 Сакавіка. Хто хацеў, той узяў удзел, і мы ўбачылі, што пратэстны патэнцыял захаваўся. Прычым не толькі ў Менску, бо шмат людзей прыехала з правінцыі. Альбо «Чарнобыльскі шлях». Ім ішлі тыя, што хацеў ісьці разам.

Тое ж самае адбываецца і цяпер. У аргкамітэт Эўрапейскага маршу ўваходзяць ня толькі палітыкі, але і грамадзкія арганізацыі, праваабарончыя структуры і г. д. Дзякуй Богу! Галоўнае рабіць агульную працу.

А.Т.: Знаходжанне камуністаў і нацыяналістаў у адной кааліцыі выклікае шмат пытанняў. Адзін добра вядомы палітык назваў гэта «союзом ужа і ежа». А які ваш погляд?

В.В.: Тыя, хто так піша, сьвядома заблытваюць чытача, каб пасеяць зьнявераньне й скепсіс.

Па-першае, аснова кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў — дэмакратыя, незалежнасьць, парлямэнтарызм. Як толькі нехта з удзельнікаў адыдзе ад гэтых прынцыпаў, то альбо мы зь ім разьвітаемся, альбо самі выйдзем з кааліцыі.

Па-другое, кааліцыі заўсёды часовыя, іх удзельнікі не зьнікаюць, не раствараюцца. Калі можна супольна зь некім зладзіць акцыю (напрыклад, кампанію сацыяльнага пратэсту, альбо інфармацыйную кампанію), чаму б гэтага не зрабіць? Мы застаемся самімі сабой, з нашай ідэалёгіяй і мэтамі. Назаўтра пасьля аднаўленьня ў Беларусі рэальнага парлямэнтарызму з многімі зь цяперашніх кааліцыянтаў мы будзем палітычнымі апанэнтамі.

А.Т.: Ці ёсьць у БНФ нешта, акрамя менскага офісу? Альбо вас ужо ўлада пахавала?

В.В.: О, улада вельмі б гэтага жадала, але не атрымаецца. Сёньня бяз нас немагчымы ніводзін сур’ёзны палітычны сцэнар. Бо Партыя БНФ — ня проста адна з шматлікіх групаў барацьбы супраць антыдэмакратычнага рэжыму. Народны Фронт — нацыянальна адказная сіла, а таму ён заўсёды будзе асноватворнай часткай палітычнае сыстэмы.

Дарэчы, пра сядзібу БНФ на Машэрава (Варвашэні), 8. Гэта месца, дзе жыве бесцэнзурная думка й творчасьць, дзе штодня праходзяць свабодныя выставы, прэзэнтацыі, лекцыі. На мінулым тыдні мы правялі тут нацыянальны круглы стол «Нафта і газ для Беларусі: восень 2007 году». Удзельнічалі вядучыя спэцыялісты ў паліўна-энэргетычнай сфэры ня толькі зь незалежных, але і дзяржаўных установаў. БНФ даўно прапаноўваў нафтагазавую дывэрсыфікацыю, казаў, што нельга на 95% залежаць ад паставак з Расеі. Цяперашні крызыс толькі пацьвярджае правільнасьць нашых падыходаў. Шкада, што ўлады прызнаюць гэта са спазьненьнем.

Мы правялі агульнанацыянальную нараду «Помнікі нашы». Сабраліся навукоўцы, выкладчыкі, грамадзкія актывісты з 9 гарадоў краіны, дзе альбо руйнуюць, альбо плянуюць бурыць архітэктурныя помнікі. Выпрацавалі агульную стратэгію абароны нашае спадчыны ад вандалізму і чужога капіталу, прагнага да зямлі ў цэнтры гарадоў.

Наступны год — выбарчы. БНФ вызначыў каля 90 магчымых прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Пасьля таго як дамовімся зь іншымі, іх будзе меней, але гэта говорыць пра моц структуры, пра тое, што ў нас ёсць папулярныя людзі па ўсёй Беларусі. Фронт, можа, нават мацнейшы ў рэгіёнах, чым у Менску. Часткова гэта зьвязана з эканомікай, бо, шчыра кажучы, у Менску выжыць лягчэй. Але і з тым, што у рэгіёнах людзі больш ідуць за ідэю. Мы ўсё ж партыя каштоўнасьцяў: беларускасьць, незалежнасьць, вернасьць традыцыям продкаў, хрысьціянскія каштоўнасьці. Часта ў рэгіёнах людзі гэта цэняць болей.

На папярэдніх мясцовых выбарах (на што ўжо яны былі антыдэмакратычныя) некалькім сябрам БНФ удалося здабыць перамогу. Нават на сёлетніх мясцовых выбарах дэпутаткай сельсавету ў Магілёўскім раёне стала сябра Партыі БНФ Ала Яцкова.

А.Т.: Заўважана, што ў гэтым годзе людзі сталі больш палітычна актыўнымі. Прычыны толькі эканамічныя?

В.В.: Толькі эканоміка ня можа быць адзінай прычынай зьменаў. Дарэчы, я не належу да тых, хто злараднічае, чуючы пра чарговы эканамічны правал. Баюся разбурэньня беларускай эканомікі. Таму што на руіны прыйдзе расейскі алігарх зь яго норавамі. Мы тады ніколі ня вернемся ані да рэальнай палітычнай і эканамічнай незалежнасьці, ані ў цывілізаваны сьвет. Трэба ратавацца вельмі хутка.

На мой погляд, вясновыя вулічныя падзеі ў Менску рабіліся рукамі й сэрцамі тых, хто за свабоду, незалежнасьць, нацыянальныя каштоўнасьці. Але да іх абавязкова далучацца тыя, хто адчувае трывогу за эканамічнае становішча — краіны і сваё ўласнае. Сёньня людзі пакуль гэтага яшчэ не адчулі, але, на жаль, адчуюць. Пачнецца зіма, маразы, ацяпляльны сэзон. Замуляюць страчаныя льготы.

Нам важна не гэтулькі вывесьці на вуліцы дзясяткі тысячаў, колькі папярэдзіць мільёны, што так будзе і дзе выйсьце. Каб яны запатрабавалі гэтага выйсьця ад улады.

А.Т.: Даруйце магчымую памылку, але ад кіраўнікоў БНФ былі нават прапановы падтрымаць Лукашэнку, бо ён за незалежнасць…

В.В.: Ня памятаю прапановаў падтрымаць Лукашэнку як такога. Калі Лукашэнка называе чорнае белым, мы пагадзіцца зь ім ня можам. Але калі кажа, што незалежнасьць — вялікая каштоўнасьць, то з гэтым немагчыма не пагадзіцца толькі таму, што так гаворыць Лукашэнка.

Безумоўна, незалежнасьць — найвялікшая каштоўнасьць. БНФ цьвердзіць гэта з 1988 году, рэальна змагаецца за незалежнасьць краіны, нямала за гэта пацярпеў ад таго ж лукашэнкаўскага рэжыму. І сёньня я з гонарам і палёгкай цытую вынікі апытаньня, якое зладзілі літоўская філія Gallup International супольна з агенцтвам НОВАК у траўні сёлета. Незалежнасьць нашай краіны каштоўная для 85% апытаных грамадзянаў Беларусі. Гэта значыць, што наконт незалежнасьці ёсьць агульнанацыянальнае паразуменьне, што гульні ў саюз з Расеяй небясьпечныя для палітыка. І з гэтым фактам мусяць лічыцца ўлады, усе беларускія палітыкі ды ўсе нашыя суседзі.

Трэба разьбірацца глыбей: ці Лукашэнка сапраўды, а не на словах, ратуе незалежнасьць? Так, нейкі час яму атрымлівалася не аддаваць расейскім алігархам найбуйнейшую беларускую нафтагазаперапрацоўчую, здабыўную, хімічную вытворчасць. Што ж, добра. Але ён сам у гэтай пагрозе вінаваты. Ён ад самага пачатку сваёй кар’еры залежаў ад Расеі, марыў пра палітычную кар’еру ў Расеі, насуперак беларускім інтарэсам будаваў так званую саюзную дзяржаву — адзін з самых процінатуральных праектаў на постсавецкай прасторы.

Гэта па-першае. Па-другое, Лукашэнка цягне час, не прапануе адзіна магчымага выйсьця. Гэта тэрміновыя рэформы, вызваленьне эканамічнай ініцыятывы. Вяртаньне да свабоды думкі. Неадкладнае збліжэньне з Эўрапейскім зьвязам. Умацаваньне нацыянальна-культурных падвалінаў сьвядомасьці беларускага народу. Але наша мова, нацыянальныя сьцяг і герб, гістарычная памяць, непаўторная архітэктура — усё гэта ўлада нішчыць ужо 13 гадоў. Чалавек, які рэальна дбае пра незалежнасьць, ніколі такіх рэчаў не рабіў бы. Не ператвараў бы нашую краіну ў культурна-духоўную пустэльню.

Іншая рэч, што нават у цяперашняй уладзе, як уверсе, так і ўсярэдзіне «вэртыкалі», ёсьць адэкватныя людзі, якія разумеюць тупіковасьць гэтага шляху. Мы як незалежнікі, як дзяржаўнікі кажам ім: мы разам павінны зьберагчы незалежную Беларусь. Але дзеля гэтага трэба спыніць рэпрэсіі, беззаконьне, выбарчую хлусьню. Трэба адказаць «Так!» на зычлівыя прапановы Эўрапейскага Зьвязу.

Наступны дзень 25 Сакавіка — асаблівы. Гэта 90-годзьдзе абвешчаньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі. Нагода прыпомніць, што мы маем традыцыю сучаснай эўрапейскай нацыянальнай дзяржаўнасьці ня горшую, чым нашыя суседзі. БНФ як нацыянальна адказная сіла бярэцца рыхтаваць акцыю 25 Сакавіка 2008 году пад бел-чырвона-белымі і эўрапейскімі сьцягамі.

Обсудить публикацию