Ратацыйны прынцып кіраваньня альбо дэпэрсаніфікацыя апазыцыйнай меншасьці

Уводзіны

Дрэйф аўтарытарных рэжымаў у бок кансалідаванай дэмакратыі заўжды адбываўся ў выніку супрацоўніцтва элементаў грамадзянскай супольнасьці (паўлегальных праваабарончых арганізацыяў, царкоўных абшчынаў, дысыдэнцкіх гурткоў г.д.). Менавіта прадстаўнікі гэтых не падкантрольных уладам меншасьцяў нагадвалі аўтарытарным рэжымам пра наяўнасьць палітычных вязьняў, а таксама артыкулявалі ў грамадзтве пытаньні перасьледу іншадумцаў. Меншасьць правакавала пасыўную большасьць да актыўных дзеяньняў, якія вялі да глыбокіх трансфармацыяў недэмакратычных сыстэмаў.

У гэтым зьвязку выпадак Беларусі не зьяўляецца выняткам з правілаў. Як у некаторых іншых посткамуністычных краінах, апазыцыйная меншасьць працягвае адстойваць прынцыпы дэмакратыі.

Нягледзячы на пазытыўныя тэндэнцыі да злучэньня палітычных структураў пад шыльдай Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), даводзіцца ўсё ж такі канстатаваць, што працэс кансалідацыі замарудзіўся на стадыі перадвыбарных дэклярацыяў. Чарговым адкатам да практыкі бясплённага змаганьня з уладнымі млынамі ёсьць увядзеньне прынцыпу ратацыі кіраваньня дэмакратычнага блёку. Сэнс новага падыходу палягае ў тым, што ад гэтага моманту праца АДС будзе будавацца не паводле ўзору вертыкалі ўлады з моцным лідэрам, а згодна з гарызантальнымі дачыненьнямі. Зразумела, у выпадку ўвасабленьня ратацыйнага прынцыпу экс-лідэр кааліцыі Аляксандр Мілінкевіч зойме нязначнае мейсца. Далей, як кажуць рапрацоўшчыкі гэтай інавацыі, функцыі лідэра будуць браць на сябе па чарзе партыйныя структуры. Адсюль пытаньне: ці зьяўляецца ўвядзеньне прынцыпу ратацыйнасьці кіраваньня АДС перадумовай аздараўленьня палітычнай апазыцыі?

Перадумовы ўплыву меншасьці

Дасьледчыкі тэорыі ўплыву меншасьці на большасьць адзначаюць некалькі фактараў, якія зьмяняюць найбольш імаверныя стылі паводзінаў прадстаўнікоў групавой большасьці. Адным зь першых фактараў прынята лічыць устойлівасьць паводзінаў прадстаўнікоў меншасьці. Гэтая ўстойлівасьць мусіць выяўляцца ў «жорсткай фіксаванасьці зыходнай пазыцыі, а таксама ў пасьлядоўнасьці ейнае абароны ва ўзаемадзеяньні з большасьцю». Калі мы паспрабуем дапасаваць дадзены крытэр да нашых палітычных рэаліяў, то адсутнасьць адзінага бачаньня тактыкі барацьбы з рэжымам Лукашэнкі з боку партыйных сілаў нам яскрава дэманструе няздольнасьць партыйнай апазыцыі дамаўляцца міжсобку. Найперш гэта выяўляецца ў адсутнасьці фігуры адзінага дэмакратычнага лідэра. Яшчэ падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі два чалавекі пазыцыянавалі сябе ў якасьці імавернай альтэрнатывы дзейснаму прэзідэнту дзяржавы. То бок гэтым разам дэмакратычны рух ня здолеў пайсьці на выбары адзінай калёнай.

Другі крытэр сілы меншасьці як крыніцы сацыяльнага ўплыву шмат у чым вызначаецца тым, як яна ўспрымаецца навакольнымі. Як сьцьвярджаюць распрацоўшчыкі тэорыі, уплыў меншасьці ўзрастае, калі паводзіны мяншыні расцэньваюцца як аўтаномныя, незалежныя. У дадзеным выпадку пацьверджаньнем аўтаномнасьці, самастойнасьці аднаго з экс-кандыдатаў у прэзыдэнты меўся стаць статус дэмруху, абранага ў выніку галасаваньня на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Гэты статус ня толькі спрыяў легітымацыі кандыдата на найвышэйшую дзяржаўную пасаду, але й прыцягваў увагу да асобы «інтэлігентнага выкладчыка з Горадні». Напачатку Аляксандр Мілінкевіч пазыцыянаваў сябе як незалежны кандыдат, якога падтрымалі некалькі грамадзкіх рухаў і партыяў. Зрэшты, пры ўдалай агітацыйнай кампаніі штаб адзінага кандыдата мог разьлічваць на істотную падтрымку выбарцаў, бо дзякуючы інтэнсіўнай дзяржаўнай прапагандзе, скіраванай супраць апазыцыйных партыяў, любая прыналежнасьць да якой-кольвек партыі ўспрымалася хутчэй як недахоп.

Дэпэрсаналізацыя апазыцыйнай меншасьці

З аднаго з вопытаў, праведзенага францускім дасьледчыкам С. Папастаму, вынікала, што «псыхалягізацыя» (асобасная інтэрпрэтацыя людзей) узмацняла меншасьць, якая мела лідэра, і блякавала яго, калі меншасьць успрымалася як дэпэрсаніфікаваная супольнасьць [1]. Інакш кажучы, настойліваму лідэру меншасьці «большасьць прыпісвае такія рысы, як перакананасьць, кампэтэнтнасьць, а самой меншасьці – дагматычнасьць і ўпартасьць». Такім чынам, дэвіянтная пазыцыя лідэра меншасьці інтэрпрэтавалася большасьцю як «абумоўленая веданьнем справы ды імкненьнем дзейнічаць згодна са сваімі прынцыпамі...» [1]. Аргумэнтацыя меншасьці як калектыўнага аўтара, паводле высноваў дасьледчыка, успрымалася як прадыктаваная асабістымі асаблівасьцямі, якія можна ня браць у разьлік.

Прынцып ратацыі кіраваньня апазыцыйнай кааліцыяй прывядзе да дэпэрсаніфікацыі гэтай сілы. Так, пастаянныя зьмяненьні кааліцыі ў вачох грамадзкасьці будуць сьведчаньнем няздольнасьці апазыцыйнай мяншыні дамаўляцца міжсобку выпрацоўваць адзіную стратэгію. На побытавым узроўні кругазварот начальнікаў АДС будзе ўспрымацца як працяг барацьбы лякальных структураў за сумніўную ўладу.

Такім чынам, ратацыйны прынцып кіраваньня кааліцыяй вядзе да дэпэрсаніфікацыі дэмакратычнага руху. Каб пазьбегнуць канчатковай маргіналізацыі, прыхільнікі дэмакратычных зьмяненьняў мусяць выпрацаваць зразумелую стратэгію з адзіным лідэрам. У іншым выпадку ўплыў меншасьці, якая ўспрымаецца як дэпэрсаніфікаваная супольнасьць, будзе няўхільна зьмяншацца. 

Літаратура:

[1] Токарева М., Донцова А. Меньшинство как источник социального влияния, 23.01.2007.

Метки