Правячыя эліты пасля транзіту пэрсаналісцкага рэжыму

Кіруючы клас як магільшчык аўтакратыі

У дзяржапараце назіраецца эрозія лаяльнасці Аляксандру Лукашэнку і паступовае асэнсаванне наменклатурай сваёй вагі ва ўмовах аслаблення пазіцый прэзідэнта-аўтакрата як унутры краіны, так і сярод вонкавых гульцоў.Персаналісцкі рэжым сутыкнуўся з сур’ёзным крызісам легітымнасці не толькі сярод шырокіх груп грамадства, але ж таксама і чыноўнікаў. У выніку роля наменклатуры ў кіраванні дзяржавай узрастае. Гэта ставіць на парадак дня інстутыялізацыю інтарэсаў розных груп наменклатуры і іх аб’яднанне ў палітычную партыю. Правячыя эліты ўжо даўно задумваюцца аб сваёй будучыні пасля транзіту ўлады і з’яўленне партый-пераемніц аўтарытарнага рэжыму з’яўляецца толькі справай часу.

Электаральны поспех праўладных партый пасля падзення дыктатур з’яўляецца хутчэй нормай, а не выключэннем у сучасным свеце. Вядучыя партыі-пераемнікі аўтакратаў з’явіліся ў амаль трох чвэрцях дэмакратый трэцяй хвалі, а таксама вярнулі сабе ўладу на выбарах у болей чым палове ад усіх дэмакратый апошняй (трэцяй) хвалі. [1]

Гульня ў імітыцыю дыялогу і канстытуцыйных пераўтварэнняў можа скончыцца для Аляксандра Лукашэнкі нечакана хутка. Вышэйшаму кіраўніцтву атрымалася настроіць супраць сябе ўсе групы грамадства (акрамя, мабыць, сілавікоў). Наменклатура і вертыкаль знаходзяцца ў разбоўтаным стане і могуць не вытрымаць яшчэ аднаго ўдару ў выглядзе рэферэндуму па Канстытуцыі (напрыклад, сутыкнуўшыся з патрабаваннямі пра патрэбныя для Аляксандра Лукашэнкі вынікі плебісцыту або чарговых выбараў). Заходнія сталіцы як ніколі гатовыя ізаляваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і падтрымаць альтэрнатыву ў выглядзе Каардынацыйнай рады з Святланай Ціханоўскай на чале. Крэмль настойвае на транзіце ўлады (верагодна, пераемніку) і канстытуцыйнай рэформе з пераходам ад непрадказальнай персаналісцкай аўтакратыі да “кіруемай дэмакратыі” па расійскаму шаблону.

Варта адзначыць, што ў свеце болей за дзве траціны аўтакратаў (205 з 303) страцілі ўладу ў выніку дзяржаўнага перавароту, здзейсненага вайскоўцамі, спецслужбоўцамі або чальцамі ўраду. [2] Аляксандр Лукашэнка спрабуе папярэдзіць змову супраць сябе пастаяннымі кадравымі перастаноўкамі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў ён ужо правёў ратацыю кіраўніцтва сілавога блоку і ў міністэрствах з найбольш пратэснымі групамі бюджэтнікаў. Шмат хто з высокапастаўленых сілавікоў адпраўлены ў ганаровую адстаўку ў якасці амбасадараў, або ў рэгіёны на пасаду памочнікаў прэзідэнта без рэальных уладных паўнамоцтваў.

Тым не менш, у асяроддзі правячых эліт Беларусі назапасілася стомленасць ад доўгага кіравання Аляксандра Лукашэнкі і імкненне да трансфармацыі персаналісцкага рэжыму ў калектыўнае кіраванне. Сярод часткі наменклатуры таксама склалася незадаволенасць ўзмацненнем у апошнія гады сілавога складніку ў беларускім кіраўніцтве на фоне падзення рэйтынгаў дзяржаўных інстытутаў. Так, на працягу года да даты прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка расстаўляў прадстаўнікоў сілавога блоку на высокія дзяржаўныя пасады.

Найбольшую публічную незадаволенасць дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі праявілі прадстаўнікі дыпламатычнага ведамства. Яны аб’ектыўна зацікаўлены ў добрых адносінах з заходнімі сталіцамі і, адпаведна, адсутнасці жорсткіх рэпрэсій унутры краіны, што шкодзіць іх высілкам па наладжванню міжнародных адносін. Аднак некалькі год таму яны прайгралі сілавому блоку ў барацьбе за размеркаванне рэсурсаў. Яшчэ ў 2018 годзе штат цэнтральнага апарату МЗС быў скарочаны на траціну, а ў амбасадах і кансулятах за мяжой на 15%.[3]

Узмацненне сілавога складніку ва ўрадзе і змяншэнне вагі дыпламатаў не маглі не паўплываць на эрозію лаяльнасці сярод дыпламатаў. Сярод найбольш яскравых перабежчыкаў ад рэжыму Лукашэнкі сталі менавіта прадстаўнікі замежнапалітычнага ведамства. Так, Павал Латушка стаў адным з самых яркіх лідараў КР і апазіцыі новай хвалі.

Калега па дыпламатычнай працы экс-амбасадар у Славаччыне Ігар Ляшчэня не далучыўся ні да Каардынацыйнай рады, ні да праекту Паўла Латушкі НАУ. Аднак у верасні гэтага году Ігар Ляшчэня заявіў аб ініцыятыве па стварэнні шырокага грамадскага руху “Я – грамадзянін”. [4] Верагодна, дыпламат у перыяд нявызначанасці разлічваў на тое, што зможа перацягнуць у рух прадстаўнікоў той часткі правячых элітаў, якія незадаволены засіллем сілавога блоку ў акружэнні Аляксандра Лукашэнкі. Ігар Ляшчэня не падзяляе жорсткай рыторыкі апанентаў беларускага кіраўніцтва, хаця і асуджае гвалт з боку сілавікоў. Адначасова ён дэманструе гатоўнасць да перамоў з Аляксандрам Лукашэнка і імкненне ўлічваць інтарэсы правячай групоўкі.

Патэнцыйныя партыі-пераемнікі аўтарытарнага рэжыму

Аляксандр Лукашэнка перыядычна і пад ціскам абставін заяўляе аб канстытуцыйнай рэформе ўжо не адзін год. Аднак кіраўнік Беларусі звычайна дэзавуюе свае заявы або пераносіць на нявызначаны час патэнцыйныя змены. Пры гэтым частка правячых эліт ужо даўно лабіруюць увядзенне прапарцыйнай выбарчай сістэмы і ўзмацненне ролі партый у грамадскім жыцці. Відавочнымі прыхільнікамі інстытуалізацыі групавых інтарэсаў ў выглядзе партыі з’яўляюцца функцыянеры “Белай Русі”, лаяльных Аляксандру Лукашэнка партый (як ЛДП на чале з Алегам Гайдукевічам) і бяссменная кіраўніцта ЦВК Лідзія Ярмошына.

Арганізацыя “Белая Русь” на працягу свайго існавання ўжо неаднойчы спрабавала ўзняць пытанне аб трансфармацыі ў партыю. Кожны раз Аляксандр Лукашэнка перашкаджаў намерам патэнцыйных партыйцаў. Тым не менш, зараз пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі аслаблі як ніколі раней, лавіяваць і гуртаваць наменклатуру выключна вакол сваёй асобы становіцца ўсё цяжэй.

Часткі правячых элітаў хацела бы забяспечыць захаванне свайго уплыву пасля трансфармацыі персаналісцкага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і зараз той час, калі яны ў найбольш моцнай пазіцыі, каб зрабіць гэта. Напрыклад, цывільныя прыхільнікі Аўгусто Піначэта стварылі Незалежны дэмакратычны саюз у 1983 годзе падчас палітычнага крызісу яшчэ да адыходу ад улады генерала (1990) з-за перасцярогі, што ён (крызіс) выкліча дэмакратычныя змены і крах аўтакратыі.

У сваю чаргу ЛДП мае сувязі з сілавымі структурамі, а дзеючы лідар Алег Гайдукевіч сам з’яўляецца выхадцам з апарату МУС. У 2020 годзе Алег Гайдукевіч афіцыйна далучыўся да каманды кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі і стаў яго даверанай асобай. ЛДП з’яўляецца прыцягальная для часткі сілавікоў, якія захочуць захаваць свой уплыў на размеркаванне дзяржаўных рэсурсаў падчас ці пасля транзіту ад персанальнай аўтакратыі. Асабліва важнае значэнне гэта будзе мець у выпадку, калі ЛДП стане малодшым партнёрам “партыі ўлады” падчас транзіту пад кантролем правячых эліт. 

“Белая Русь” (часткова і ЛДП) мае разгалінаваныя рэгіянальныя структуры і дзейнічае ва ўсіх гарадах Беларусі, што з’яўляецца істотнай перавагай перад іншымі палітарганізацыямі нават пасля дэмакратычных пераўтварэнняў і правядзення сумленных выбараў.

Варта зазначыць, што партыі-пераемнікі аўтакратаў гралі не толькі адмоўную, але ж і станоўчую ролю падчас станаўлення новага дэмакратычнага рэжыму. Напрыклад, функцыянеры гэтых партый, якія паходзяць з выхадцаў ці блізкія да правячых эліт спрыяюць інстытуалізацыі партыйнай сістэмы. Кіраўніцтва “Белай Русі” і ЛДП на працягу некалькіх гадоў настойваюць на зменах у выбарчае заканадаўства, пераходу да прапарыцыйнай і/або мажарытарна - прапарцыйнай сістэмы выбараў.

Аднак чым болей дзеючы кіраўнік дзяржавы застаецца на пасадзе, тым менш шансаў у партый-пераемнікаў атрымаць значную вагу ў постаўтарытарнай Беларусі. Гэта звязана з тым, што ў свядомасці беларусаў пазітыўныя дасягненні аўтакрата Аляксандра Лукашэнка ва ўмацаванні незалежнасці і эканамічным росце ў 2000-я гады перакрэсліваюцца жорсткай поствыбарчай рэакцыяй, эканамічным застоем 2010 – 2020 гадоў.

-------------

[1] Life after Dictatorship. (2018). In J. Loxton & S. Mainwaring (Eds.), Life after Dictatorship: Authoritarian Successor Parties Worldwide (pp. I-Ii). Cambridge: Cambridge University Press.

[2] Milan W. Svolik, 2009. "Power Sharing and Leadership Dynamics in Authoritarian Regimes," American Journal of Political Science, John Wiley & Sons, vol. 53(2), pages 477-494, April.

[3]Центральный аппарат МИД сокращен на треть. Как это отразится на работе правительства?

https://kyky.org/news/tsentralnyy-apparat-mid-sokraschen-na-tret-kak-eto-otrazitsya-na-rabote-pravitelstva

[4] Бывший посол в Словакии Лещеня предлагает создать широкое общественное движение.https://naviny.media/article/20200923/1600883541-byvshiy-posol-v-slovakii-leshchenya-predlagaet-sozdat-shirokoe

Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2021

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.