Дэмарганізацыі і палітычны крызіс 2020: перавага ўльтыматыўных пазіцый

Пратэсны рух: працяг

Усе дэмарганізацыі старой і новай хвалі патрабуюць ад правячага кіраўніцтва выканання падставовых умоў для пачатку дыялогу: спыненне гвалту і вызваленне ўсіх палітзняволеных, пакаранне сілавікоў і новыя прэзідэнцкія выбары. У грамадзянскай супольнасці фактычна склаўся кансэнсус наконт гэтых пунктаў парадку дня. Любы палітык, які паспрабуе весці з уладамі перамовы па-за рамкамі гэтай павесткі, рызыкуе імгненна страціць падтрымку ў грамадстве: стаць чужым сярод прыхільнікаў перамен і згубіць каштоўнасць у якасці перамоўнага боку для ўладаў.

Прычым правячае кіраўніцтва спрабуе зняць з парадку дня ўльтыматыўныя патрабаванні і часам робіць пэўныя саступкі – прыпыняе сілавыя разгоны (але потым аднаўляе), вызваляе асобных палітвязняў (але затым знявольвае новых) і абяцае новыя выбары (але пасля канстытуцыйнай рэформы).

Палітызацыя грамадства ў 2020 годзе паўплывала на з’яўленне вялікай колькасць новых аўтаномных палітычных ініцыятыў, якія дэманструюць устойлівасць і фармуюць палітычную павестку пасля 9-га жніўня. Частка палітарганізацый (правацэнтрысты) актыўна інтэграваліся ў новыя праекты, як Каардынацыйная рада (КР) і штаб Ціханоўскай. Дзейнасць зарэгістраваных партый была ў значнай ступені паралізаванай у першыя месяцы пасля выбараў рэпрэсіўнымі дзеяннямі ўладаў. Экс-кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў ад “Гавары праўду”, самавылучэнка Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачэнь ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ) працягваюць арганізацыйную працу па ўзмацненню або стварэнню сваіх партыйных структур у чаканні транзіту ўлады і з’яўлення ўмоў для палітычнай канкурэнцыі.

Штаб Віктара Бабарыкі паступова губляе вядучую ролю ў фармаванні палітычнай павесткі разам з узмацненнем паслявыбарчых рэпрэсій супраць яго лідараў. Намер стварыць палітычную партыю “Разам” [1], а не ініцыяваць агульнанацыянальны рух, выводзіць гэтую ініцыятыву на адзін узровень з іншымі палітарганізацыямі. Пры гэтым пасля 9-га жніўня фактычна прыпыняецца дзейнасць штаба Валерыя Цапкалы на тэрыторыі Беларусі, а ўся актыўнасць каманды экс-кандыдата ў прэзідэнты адбываецца па-за межамі краіны.

Каардынацыйная рада: хаб аўтаномных ініцыятыў і новых лідараў

У жніўні экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская ініцыявала стварэнне Каардынацыйнай рады дзеля пераадолення палітычнага крызісу. КР бачылася як прадстаўнічы органа беларускага грамадства, а рэгламент прадугледжваў прыцягненне да дзейнасці прадстаўнікоў ад розных слаёў грамадства.

Арганізатары, што адказвалі за фармаванне асноўнага складу (Вольга Кавалькова як давераная асоба Святланы Ціханоўскай і Максім Знак як прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі), наўпрост не заяўлялі, што КР стане перамоўнай пляцоўкай з кіроўнымі элітамі наконт транзіту ўлады. Аднак Аляксандр Лукашэнка пабачыў небяспеку ў гэтай ініцыятыве і адразу ж паспрабаваў паралізаваць яе дзейнасць арыштамі, крымінальным пераследам і высылкай па-за межы чальцоў прэзідыума.

Сябра прэзідыума КР Павал Латушка пасля выезду з Беларусі распачаў фармаванне ўласнай каманды ў фармаце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ). Варта зазначыць, што адразу пасля пераходу ў апазіцыю экс-дыпламат разглядаўся як найбольш верагодны лідар КР. НАУ пазіцыянуе сябе як своеасаблівы грамадскі інстытут дзеля забеспячэння транзіту ўлады. Павал Латушка карыстаецца папулярнасцю сярод часткі нацыянал – дэмакратаў, а таксама як выхадзец з правячых элітаў з’яўляецца зразумелым і прымальным палітычным дзеячам для часткі дзяржапарату, што ён сам і падкрэслівае. [2]

КР становіцца своеасаблівым цэнтрам для каардынацыі дзейнасці разнастайных ініцыятыў у супрацы з аўтаномнымі платформамі, якія былі запушчаны падчас выбараў 2020: “Сумленныя людзі”, “Голас”, “Зубр”. Гэтыя платформы назапасілі істотную базу кантактаў прыхільнікаў перамен, працягваюць прасоўванне альтэрнатыўнай палітычнай павесткі і маніторынг грамадскай думкі. Яны маюць істотны патэнцыял для мабілізацыі апанентаў Аляксандра Лукашэнкі і ўцягнення іх у разнастайныя актыўнасці. Напрыклад, на платформе “Голас” зарэгістравана каля 1,4 млн выбарцаў, а ў апытання ў Viber і Telegram удзельнічаюць да 500 тыс. чалавек.

Пасля высылкі экс-кандыдата Святланы Ціханоўскай па-за межы краіны нейкі час КР выконвала галоўную ролю ў фармаванне палітычнай павесткі ў Беларусі, у тым ліку артыкуляванне ўльтыматыўных патрабаванняў да беларускага кіраўніцтва. Аднак рэпрэсіі сілавікоў у адносінах да чальцоў прэзідыума, а потым і асноўнага складу, аб’ектыўна аслабілі ўплыў КР на ўнутрыпалітычныя працэсы.

Лідарства па фармаванні спярша замежнай, а затым і ўнутранай павесткі паступова перахапіла экс-кандыдат Святлана Ціханоўская. Вакол яе сфармавалася новая каманда з штаб-кватэрай у Вільні, а яна фактычна пачала граць вядучую ролю у фармаванні палітыкі еўрапейскіх сталіц у адносінах да Беларусі. Паступова штаб узмацніў свой уплыў на парадак дня ўнутры Беларусі і замацаваў падтрымку Святланы Ціханоўскай сярод пратэснага руху дзякуючы ультыматыўна - санкцыйнай рыторыцы і такім ініцыятывам як “Народны трыбунал”.

Дзейнасць КР і штабу Ціханоўскай з’яўляецца ўзаемадапаўняльнай і накіравана на розныя аўдыторыі ўнутры Беларусі, што дазваляе зменшыць напружанасць сярод лідараў. КР спрабуе разбурыць манаполію дзяржавы над такімі інстытутамі як мясцовыя саветы і самакіраванне, прафсаюзы (ФПБ) і грамадскія аб’яднанні (БРСМ, “Белая Русь”). НАУ на чале з Паўлам Латушкам дэманструе беларускай наменклатуры і чыноўнікам магчымасці пераходу на бок дэмакратаў і заключэння з імі ўгоды, што кантрастуе з наратывам дзяржаўнай прапаганды аб люстрацыі ў выпадку перамогі прыхільнікаў перамен. Ініцыятывы штабу Ціханоўскай скіраваны на разбурэнне згуртаванасці сілавога блоку.

Палітычныя партыі і экс-кандыдаты: па-за мэйнстрымам пратэсту

Зарэгістраваныя партыі апынуліся на ўскрайку электаральнага працэсу падчас прэзідэнцкай кампаніі і амаль не ўплывалі на выбарчую павестку. У паслявыбарчы перыяд арганізацыі сутыкнуліся з новай сітуацыяй, калі яны вымушаны былі шукаць новыя падыходы ў сваёй дзейнасці ў сітуацыі прававога дэфолту.

Партыі паспрабавалі вярнуць ці нават павялічыць свой уплыў на палітычны парадак дня пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка публічна адмовіў КР у дыялогу і развязаў рэпрэсіі супраць яго чальцоў. Дзесяць зарэгістраваных арганізацый (чатыры з якіх раней разглядаліся як лаяльныя да беларускага кіраўніцтва), далучыліся да агульнай павесткі грамадзянскай супольнасці і падпісалі сумесную рэзалюцыю з патрабаваннем спынення рэпрэсій, вызвалення палітвязняў і правядзенні новых выбараў цягам паўгоддзя. [3]

Аднак партыям-падпісантам не атрымалася сфармаваць новую кааліцыю і стаць цэнтрам перамоў з правячым кіраўніцтвам. Улады імкнуліся перашкодзіць дзейнасці любым аб’яднанням з непрымальнай для іх ультыматыўнай павесткай. У выніку Мінюст ініцыяваў праверку партый-падпісантаў рэзалюцыі, а затым вынес некаторым з іх папярэджанні і ўцягнуў партактыў у бюракратычныя працэдуры пад пагрозай іх ліквідацыі.

У сваю чаргу экс-кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў ад “Гавары праўду” і Сяргей Чэрачэнь ад БСДГ таксама падтрымалі агульны ўльтыматыўны парадак дня грамадзянскай супольнасці. Прычым Сяргей Чэрачэнь заняў праактыўную пазіцыю ў кантактах з беларускім кіраўніцтвам і імкнуўся ініцыяваць дыялог, аднак без відавочнага плёну. У сваю чаргу Андрэй Дзмітрыеў распачаў працэс ператварэння “Гавары праўду” у палітычную партыю і прыцягненне новага актыва ў чаканні з’яўлення ўмоў для палітычнай канкурэнцыі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Ганна Канапацкая таксама засведчыла намер стварыць палітычную партыю прыкладна ў адзін час са штабам Віктара Бабарыкі. Яна працягвае выбудаваць сваю рыторыку на дыхатаміі “еўрапейскі выбар супраць расійскага” і арыентавацца на нацыянальна – дэмакратычны электарат. Напрыклад, адной з ключавых фігураў яе штабу падчас прэзідэнцкіх выбараў быў Ігар Лялькоў з партыі БНФ. Ганна Канапацкая выкарыстоўвае жорсткую крытыку ў адносінах да асобных папулярных сярод прыхільнікаў перамен лідараў, якіх акрэслівае ў якасці “пракрамлёўскіх марыянетак”. [4] Аднак гэта не ўплывае на папулярнасць Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай сярод пратэснага руху, у парадку дня якога няма геапалітычных патрабаванняў.

Пратэсны рух: вулічныя акцыі і дваровыя ініцыятывы

Уладам не атрымліваецца збіць пратэсныя настроі ў грамадстве пасля выбараў нягледзячы на мабілізацыю дзяржавай усіх магчымых рэсурсаў: ідэалагічную, медыйную і ўпраўленчую вертыкаль, сілавікоў, кіраўніцтва дзяржкампаній і камунальныя службы. Пратэсны рух мае дэцэнтралізаваны характар з вялікай колькасцю аўтаномных ініцыятыў, што перашкаджае ўладам яго нейтралізаваць.

Паслявыбарчы вулічны пратэст не мае публічных лідараў, а яго дзейнасць каардынуецца праз тэлеграм каналы актывістамі з-за мяжы. У гэтым немалая заслуга беларускіх сілавікоў, якія яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў ізалявалі найбольш яскравых лідараў пратэсту: Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, а затым і Сяргея Ціханоўскага.

Ужо пасля выбараў улады кінулі ў турмы або выштурхнулі з краіны чальцоў прэзідыума КР, якія набіралі аўтарытэт сярод маніфестантаў і ўдзельнічалі ў вулічных акцыях: Сяргей Дылеўскі, Максім Знак, Вольга Кавалькова і Марыя Калеснікава. Аднак гэта ніяк не паўплывала на пратэст, які зрабіўся дэцэнтралізаваным масавым рухам без відавочнага лідарства. У сваю чаргу частая змена фармату акцый прыводзіць да дэзарыентацыі сілавікоў, а таксама перагружанасці рэпрэсіўнага апарату.

Варта заначыць, што пратэсны рух на працягу некалькіх месяцаў ўтрымліваў пад сваім кантролем цэнтральныя вуліцы сталіцы кожную нядзелю, а часам і ў суботу (жаночыя маршы). Пры гэтым у першыя выходныя пасля 9 жніўня апаненты Аляксандра Лукашэнкі панавалі на цэнтральных плошчах і вуліцах у шмат якіх абласных і раённых цэнтрах Беларусі, у тым ліку невялікіх і сярэдніх гарадах.

Пры гэтым пратэстоўцы працягваюць актыўнасць ў сваіх дварах нягледзячы на карныя аперацыі сілавікоў, вялізарныя штрафы, арышты і крымінальныя справы. Відавочна, што ў уладаў не хапае рэсурсаў для спынення дэцэнтралізаванай аўтаномнай дваровай актыўнасці. Прычым гэтая дзейнасць мае не толькі пратэсную афарбоўку, але ж імкнецца стварыць пазітыўны парадак дня па развіцці мясцовых супольнасцяў і самакіравання.

Варта адзначыць, што грамадзянская супольнасць, у тым ліку палітарганізацыі і пратэсны рух, за апошняе паўгоддзе значна павялічылі сваю рэсурсную базу ў адрозненне ад кіроўнай групоўкі, рэсурсы якой скарачаюцца ўжо не адзін год. Узровень мабілізацыі грамадзянскай супольнасці ў 2020 годзе, кампаніі салідарнасці і фінансавай падтрымкі грамадзянамі альтэрнатыўных палітычных праектаў з’яўляюцца ўнікальнымі для сучаснай Беларусі. Так, нягледзячы на спробы ўладаў разбурыць краудфандынгавую інфраструктуру грамадзянскай супольнасці, збор сродкаў толькі дзвюма вядучымі платформамі BySOL і BY_HELPдасягнуў на лістапад 2020 года EUR 2 млн і USD4 млн адпаведна. Пры гэтым існуюць яшчэ з дзясятак вядомых ініцыятыў, якія збіраюць грошы на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Стаўка на сілавое вырашэнне палітычнага крызісу і адмова ўладаў ад перамоў са сваімі апанентамі кансалідуе ўсе групы грамадства вакол асноўных патрабаванняў: спыненне гвалту, вызваленне палітзняволеных, пакаранне сілавікоў за злачынствы і новыя прэзідэнцкія выбары. Фактычна ўсе лідары і дэмарганізацыі падзяляюць і транслююць публічна гэтую павестку, іначай яны рызыкуюць страціць свае пазіцыі сярод прыхільнікаў перамен.

Імкненне беларускага кіраўніцтва змяніць ультыматыўны парадак дня грамадзянскай супольнасці не прыводзяць да выніку. Улады вымушаны былі падтрымаць праект “Круглы стол дэмакратычных сіл” на чале з малавядомым актывістам Юрыем Васкрасенскім, які за 25 год сваёй палітычнай кар’еры далучаўся то да ўлады, то да апазіцыі. Ніякі іншы публічны палітык не пажадаў быць уцягнуты ў гэтую ініцыятыву з-за рызыкі поўнасцю згубіць падтрымку сярод сваіх прыхільнікаў. У выніку спроба дзяржаўных медыя сфармаваць з палітвязня Васкрасенскага вобраз апазіцыйнага лідара і ўцягнуць дэмакратычны актыў у дыялог на ўмовах прымальных для уладаў не дала плёну. У пасяджэнні круглага стала Васкрасенскага на былым офісе штаба Віктара Бабарыкі прынялі ўдзел усяго 4 чалавека. [5]

Такім чынам, палітарганізацыі працягнуць прытрымлівацца ультыматыўнай павесткі да часу, пакуль у беларускім грамадстве не зменяцца настроі. Змяншэнне колькасці ўдзельнікаў нядзельных маршаў або змена іх фармату на дваровыя акцыі не сведчыць аб скарачэнні пратэснага патэнцыялу і непапулярнасці ультыматыўнага парадку дня. У гэтай сітуацыі галоўнай задачай палітыкаў бачыцца захаванне папулярнасці сярод сваіх прыхільнікаў у чаканні, пакуль улада праз памылковыя рашэнні канчаткова разбурыць маналітнасць апошніх слупоў сваёй падтрымкі ў выглядзе сілавікоў, вертыкалі і Крамля.

Тым не менш, нельга выключаць нейкія саступкі з боку ўладаў, пашырэння перамоўнага парадку дня і спробаў уцягнення ў дыялог палітыкаў і палітарганізацый, якія маюць пэўны палітычны капітал: у першую чаргу экс-кандыдатаў у прэзідэнты (Ганны Канапацкай, Сяргея Чэрачня з БСДГ і Андрэй Дзмітрыеў з “Гавары праўду”), а затым і асобных зарэгістраваных палітычныя партый.

-----------

[1] Виктор Бабарико и Мария Колесникова объявили о создании политической партии «Вместе» / https://news.tut.by/economics/698798.html

[2] Латушко: Я, как прикорытник и госслужащий, знаю изнутри функционирование системы / https://news.tut.by/economics/697191.html

[3] За спыненне гвалту і новыя выбары выступілі 4 партыі, якія лічацца праўладнымі / https://euroradio.pl/za-spynenne-gvaltu-i-novyya-vybary-vystupili-4-partyi-yakiya-lichacca-prauladnymi

[4] Канопацкая назвала уменьшение числа сторонников союза с РФ исторической мудростью белорусов / https://belaruspartisan.by/politic/518753/

[5] На первый «круглый стол» Юрия Воскресенского пришли четыре человека / https://nn.by/?c=ar&i=263221&lang=ru

Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2021

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.

{* *}