Эфект Мандэлы

Мірная рэвалюцыя надзеі альбо румынскі гамбіт сям’і Чаўшэску

“Ёсць тысячы людзей, якія лічаць, што нам бескарысна і бесперспектыўна працягваць размовы пра мір і адсутнасць гвалту – супраць урада, адзіным адказам якога з’яўляюцца жорсткія напады на бяззбройных і безабаронных людзей. І я думаю, што прыйшоў час нам разгледзець, з улікам нашага сённяшняга вопыту, наколькі з’яўляюцца адэкватнымі метады, якія мы ўжывалі да гэтага часу”.

Гэта цытата Нэльсана Мандэлы з ягонага інтэрвію 1961 году. Што мы памятаем пра Мандэлу? Нобелеўскі лаўрэат міра і вязень сумлення, барацьбіт з апартэідам і змагар за свабоду, першы чорнаскуры прэзідэнт ПАР і… член тэрарыстычнай арганізацыі Афрыканскі нацыянальны кангрэс, якому да 2008 году быў забаронены легальны ўезд у ЗША. Пры ўсіх гэтых акалічнасцях Нэльсан Мандэла ўважаецца за аднаго з найбольш вядомых афрыканскіх нацыянальных лідэраў.

У Беларусі за часы незалежнасці ставала прэтэндэнтаў на рэальнае ці ўяўнае палітычнае лідэрства. Але на ролю лідэра нацыянальнага за ўвесь час рэальна прэтэндавала адно два кандыдаты. Гістарычна першы спрабаваў зрабіцца ўвасабленнем сумлення нацыі і стацца галоўным абаронцам яе незалежнасці і адметнасці, але па факце заставаўся такім толькі для часткі нацыянальна ангажаванага асяроддзя. А пасля перманентнага ад’езду ў эміграцыю і праз захаванне радыкальнай нацыяналістычнай рыторыкі цалкам страціў рэальныя шанцы калісьці перарасці ў агульнага.

Другі ж, нягледзячы на адмысловы эпітэт Бацька, таксама кепска спраўляўся з роляй агульнанацыянальнага лідэра, бо ўвесь час звыкла падзяляў беларусаў на “правільных” і “няправільных”. І каштоўнасці, і жыццёвыя інтарэсы апошніх ніколі не падзяліў, надзейна запісаўшы іх у сацыяльны і палітычны маргінэз. Але цяпер ў гэтым надта вузкім коле кандыдатаў на нацыянальнае лідэрства з’явілася новая мажная постаць. Якая на гэтую ролю прэтэндуе і якую ў гэтай ролі прызнае па факце тая ж Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Што не пакідае ўжо тую прэтэнзію цалкам незаўважнай.

Сам Віктар Бабарыка ўрываецца ў найноўшую беларускую палітыку вельмі дзёрзка і эфектыўна. І выступае не проста з звыклай рыторыкай неабходнасці зменаў і рэформ розных бакоў жыцця. Ён транслюе гораду і свету пэўную візію нацыянальнай ідэі, якую доўгі час марна спрабавала выпрадукаваць дзяржаўная ідэалагічная машына. Хаця зрэшты і зрабіла часткова, падкінуўшы добрую падказку новаму кандыдату. Пасыл “Я люблю Беларусь” з выявай сэрцайка доўгі час з’яўляўся мясцовым крэатывам і афіцыйным сродкам прасоўвання ідэі грамадскай еднасці для нутраной аўдыторыі праз шматлікія стрыт-борды. Не выпадкова, што менавіта выява сэрца і словы пра каханне робяцца візітоўкай перадвыбарчай кампаніі кандыдата Бабарыкі і яго заяўкай на агучванне зместу нацыянальнай ідэі.

Зрэшты апошняе ягонае інтэрвію перад зняволеннем выглядае як адпаведны маніфест і нездарма навочна прыпадабняецца журналісткай да вядомага праграмнага кінгаўскага выступу “Ihaveadream”. Тут словы любові і кахання гучаць 34 разы на працягу ўсяго інтэрвію-маналога, пры гэтым у рускамоўным інтэрвію нацыянальны каларыт дадаецца ўжываннем слова “закаханы”: сем разоў ў дачыненні да Беларусі, і адзін раз ў дачыненні старых людзей як яе ўвасаблення. Што відавочна ёсць працай на абедзве аўдыторыі. Асноўныя тэзы інтэрвію-маніфеста нават пры элементарным дыскурс-аналізе зводзяцца да наступных:

1.      Беларусь – аб’ект кахання як такая. Цалкам і ў дэталях;

2.     Беларусаў трэба любіць. Яны ўсе вартыя любові, недахоп любові псуе чалавека;

3.     Любоў прымірае ўсіх. Яна суправаджае чалавека ўвесь жыццёвы цыкл;

4.     Працэдуры і рэчы могуць быць кепскія, людзі заўжды добрыя;

5.     Працуе ланцуг любові: кожная дзея чалавека ёсць клопатам пра іншага (эфект матыля);

6.     Беларусы ўсіх любяць, беларусаў усе любяць. Беларус заўжды клапоціцца пра іншых, ён надзейны сябра і партнёр;

7.     Беларусы не нацыяналісты, яны паважаюць і любяць іншыя народы і даюць ім прастору самавызначэння;

8.     Талеранцыя, цярплівасць – прыкмета любові і клопату;

9.     Атмасфера любові стварае ўтульнасць жыцця. Беларусь менавіта такая;

10.  Дзяржава і ўсе асобныя грамадскія сістэмы мусяць выказваць любоў і клопат пра чалавека.

Якія высновы адсюль можна зрабіць.

Большасць ранейшых апазіцыйных палітычных кандыдатаў асноўны пасыл да нацыі, выбаршчыкаў выпраўляла як наўпростую крытыку дзеянняў існай ўлады і персанальна асобы прэзідэнта. Іх пазітыўная частка праграмы пераважна ўкладалася ў падтрымку ідэяў свабоды, незалежнасці, мовы, рынку і еўрапейскіх каштоўнасцяў, што для большасці абывацеляў гучала альбо заабстрактна, альбо нават варожа з улікам агульных еўраскептычных настрояў у грамадстве.

Бабарыка ўпершыню спрабуе трансляваць асноўны пазітыўны мэсадж выбаршчыкам. Ён спекулюе на базавых эмацыйных стасунках, звяртаецца да традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў любові і устаноўках глыбіннага патрыятызму – любові да радзімы. І праз тое прапануе пераход да тэмы нацыянальнай еднасці праз любоў, адмову ад расколу, гвалту і грамадзянскай вайны. Бяспройгрышны, лічы, варыянт як для еўрапейскай ментальнасці. Ён нават па-хрысціянску гатовы прызнацца ў любові да свайго галоўнага апанента і ў межах уласнай філасофіі лічыць ягоныя гвалтоўныя ці абразлівыя дзеянні вынікам “недакаханасці” ў маленстве, якую тэарэтычна можна выпраўляць.

На зайздрасць Мэн-цзы, Ж.-Ж. Русо, Б. Паскалю і іншым прыхільнікам ідэі добрай прыроды чалавека, Бабарыка сцвярджае, што кепскімі бываюць адно абставіны ці стасункі, і таму неабходна любіць кожнага чалавека як добрага ўнутры, што на практыцы выглядае на заклік да грамадзянскай еднасці і сваеасаблівую палітычную індульгенцыю кожнаму, хто сябе скампраментаваў ранейшымі ўчынкамі на службе рэжыму. Гэта азначае адсутнасць палітыкі люстрацыі і сегрэгацыі грамадства нават па выніках імавернай палітычнай перамогі. Вядома хто адрасат гэтага паведамлення. Гэта і сама па сабе філасофія актыўнага перавыхавання чалавека праз змяненне асяроддзя ягонага жыцця, гуманізацыю стасункаў і стварэнне агульнай атмасферы любові, якую і дэкларуе сваёй мэтай кандыдат.

Ён транслюе на нутраную і знешнюю аўдыторыю такія пасылы, што беларусаў трэба любіць, а не цкаваць, што яны вартыя любові як народ і самапавага ёсць прыярытэтам нацыянальнай ідэалогіі. Што беларусы заўжды любяць і клапоцяцца пра іншых, і гэта ёсць пазітыўнай рысай іх нацыянальнага характару. У бізнэс-стасунках гэта выяўляецца ў надзейнасці партнёраў-беларусаў і іх адчуванні адказнасці за свае даўгі і абавязкі перад іншымі. Такім чынам, да самапавагі дадаюцца годнасць і шчырасць. І гэта выпрацоўка ідэальнага іміджу беларусаў на міжнароднай арэне. Потым падкрэсліваецца наяўнасць такіх рысаў нацыянальнага характару як талеранцыя да іншых і цярплівасць да гвалту і памылак іншых як формы клопату і любові. Што абвяртаецца аспрэчаннем ідэі радыкальнага нацыяналізму, сцвярджэннем прыярытэтаў інтэрнацыяналізму, поліканфесійнай, поліэтнічнай палітыкі (з узгадкамі пра ВКЛ), прасоўванне месэджу пра Беларусь як мірную і партнёрскую краіну, гатовую сябраваць з усім светам.

Часткова гэта выкарыстанне ўжо замацаваных вобразаў і праца з звыклымі ўяўленнямі беларускіх абывацеляў наконт сябе саміх. І нарэшцэ, яшчэ адной з цэнтральных пазіцый новай ідэалогіі выступае тэза пра дзяржаўную, а шырэй грамадскую сістэму, якая мусіць трымацца на прынцыпах клопату, любові і павагі да чалавека і свету. Тое, што на сёння выклікае асаблівы непакой і заклапочанасць у грамадзян, што адчуваюць сваю непатрэбнасць і чужасць дзяржаўным інстытутам. І гэта тая пазітыўная ідэалагема, з якой як з праграмнай прапановай, Віктар Бабарыка выступае ў якасці кандыдата на нацыянальнага лідэра.

Можна было б убачыць у гэтым інтэрвію сітуатыўнае выказванне, але паасобныя тэзы з гэтай праграмы трапляюцца і ў іншых выступах кандыдата. Напрыклад, у гэтым, таксама праграмным інтэрвію з прэтэнзіяй на нацлідэрства як часовую патрэбу для “вялікай краіны”, што не хоча “хадзіць статкам пад бізуном” у апазіцыю вядомаму выказванню іншага кандыдата. Тое ж пра “харошага ўнутры” чалавека і кепскую сістэму, пра чалавека як самае дарагое і прадмет клопату, пра сумленне і годнасць як рысы, да якіх варта імкнуцца беларусам. То бок тут праглядае відавочная стратэгія і прасоўванне пэўнага месэджу грамадству.

Можна было б убачыць у падобным чынам сфармуляванай ідэі праграму гандызму і негвалтоўнага супраціву. Але ў азначаным інтэрвію радыё “Свабода” кандыдат, які актуальна зняволены па падазрэнні ва ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў, сцвярджае, што ў Беларусі на сёння ёсцьтолькі два выбары: альбо мірная рэвалюцыя надзеі, альбо румынскі гамбіт сям’і Чаўшэску. Чым фактычна апраўдвае магчымасць і гвалтоўнага супраціву сістэме, дэкларуючы сябе на адным з бакоў барыкад: разам з народам на імавернай Плошчы. І ў такой версіі ягоная пазіцыя ўжо падобная хутчэй на стратэгію Нэльсана Мандэлы: мы за ўсё добрае, але, калі трэба, мы гатовы за гэта змагацца нямірнымі сродкамі.

У нашага ж кандыдата ёсць адмысловыя пасажы пра партызан і характэрная інтэрпрэтацыя верша Янкі Купалы. Таму ягоную пазіцыю можна лічыць патэнцыйна радыкальнай і, як не парадаксальна, гэта таксама дае яму дадатковы аргумент ў набыцці пазіцыі моцнага нацыянальнага лідэра, які гатовы змагацца да апошняга. Пры падобным раскладзе нават зняволенне для падобнага лідэрства будзе выглядаць хутчэй плюсам у карму, бо надае дадатковую характарыстыку пакутніка за нацыянальны інтарэс. І калі ў беларусаў з’явіцца раптам свой Нэльсан Мандэла, які збольшага задаволіць і правых, і левых, І нацыяналістаў, і сацыялістаў – гэта толькі будзе дадаваць да іх прагі перамен. Што створыць эфект паўстання нацыянальнага Мандэлы як ўвасаблення стратэгіі перамен беларускага грамадства.

Натуральна, што нацыянальныя лідэры не вырошчваюцца на фермах, імі робяцца спантанна. Таму не выпадае, што заяўка на такую пазіцыю Бабарыкі можа быць цалкам адпаведнай моманту і калектыўным чаканням: на нацыянальнага лідэра-пакутніка і выразніка калектыўнай душы, беларускага Мандэлу. Іншая справа, што ў эфекта Мандэлы ёсць і адваротны бок. Так пачалі называць феномен падманнай памяці, калі людзі калектыўна ўпэўнена “памятаюць” тыя рэчы, якіх насамрэч не было: заўчасную смерць таго самага Мандэлы ў 1990-я.

І вось цяпер можа стацца, што беларусы могуць паверыць і паддацца зачараванню гэтага эфекту, што ў іх і заўжды быў такі нацыянальны лідэр, і менавіта такія каштоўнасці. І пачаць гуляцца ў іх па-сур’ёзнаму. Забываючы, што гэта можа быць і чыста паліттэхналагічны ход. Што высветліць толькі сукупнасць наступных дзеянняў таго ж Бабарыкі. Нацыянальны лідэр можа зрабіцца як выратаваннем, гэтак і пакараннем для нацыі. І таму беларусам варта быць вельмі абачлівымі, абіраючы сябе кандыдата на гэтую вышэйшую духоўную пасаду.

Комментарии

народ устал от вождизма и его плётки

будущее за парламентской республикой

Гость

Парламентская республика - это скорее мечта. Белорусские элитки не допустят ее материализации.

Гость
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2020

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.