Дзіўнае і пачварнае

Чаму гэтым разам выбары ня цырк, а драма?

Цяперашняя прэзыдэнцкая кампанія ўражвае своеасаблівым ачмурэньнем – разумныя людзі заплюшчваюць вочы нават на факты, існаваньне якіх яны не адмаўляюць. У роспачы шукаеш нейкае простае рашэньне, каб вярнуць іх да крытычнага мысьленьня – ну калі ня smoking gun, то такі сабе “шыбалет”. Пётра Садоўскі папулярызаваў у беларускім асяродку гэты біблейскі панятак – слова, вымаўляючы якое на той ці іншы капыл суразмоўца выдаваў, да якой супольнасьці ён належыць. Пазьней мне распавядалі, што гэткія “шыбалеты” былі пашыраныя на ўсё тых жа біблейскіх абшарох і ў сучасную эпоху. Пры адсутнасьці якіх-кольвечы дакумэнтаў у курдзкага насельніцтва паабапал ірана-ірацкай мяжы ірацкія памежнікі уздымалі чатыры пальцы ды патрабавалі назваць лічбу – па вымаўленьні сярэдняга зычнага ў курдзкім слове “чатыры” яны вызначалі, хто хадзіў у пэрсамоўную школу Ірана, а таму “нясвой курд”, пускаць якога нельга.

Стаміўшыся спрачацца, чаму apriori нельга браць на веру словы чалавека, які дзесяцігоддзі працаваў на адказных пасадах у структуры, прыналежнай да газпрамаўскай імпэрыі, беспасярэдне задзейнічанай у ажыцьцяўленьне драпежнай пуцінскай палітыкі, я запрапанаваў калегом у адным беларускім выданьні два прымітыўных “шыбалеты” для Бабарыкі. Два пытаньні ў лоб і on the record: а) чый Крым і б) пра рэжым Пуціна. Ну, калі ён такі сьмелы пра Лукашэнку, то хай акрэсьліць і сваё стаўленьне да Пуціна – легітымнае пытаньне пасьля гэткага стажу працы ў газпрамаўскай канторы, якая скончылася (афіцыйна?) літаральна надоечы. У выпадку атрыманьня ад Бабарыкі адказаў, што выяўлялі б крытычную ацэнку крамлёўскай палітыкі, можна было б хоць неяк абмяркоўваць яго аўтаномнасьць і здатнасьць дыстанцыявацца ад свайго зусім не бліскучага мінулага.

Калегі, да іх гонару, здабылі-такі ад Бабарыкі адказ на адно з пытаньняў. Жартаўліва-глумлівы. Украінскім Бабарыка Крым не назваў. Ня ведаю, ці пыталіся пра Пуціна. Я ня стаў сыпаць соль на рану, але яны самі адпісалі мне, маўляў, у Лукашэнкі таксама спытайся пра расейскі рэжым. Каб не прызнаваць маю рацыю, адрэагавалі амаль у стылі савецкай показкі “а у вас негров лінчуют”.

Але што ў таго Лукашэнкі пытацца? Ён ужо столькі пра расейскі рэжым нагаварыў (які, як нам каторае дзесяцігоддзе правяць яго апанэнты, нібыта яго паставіў уладарыць і трымае ва ўладзе), што і цытаваць залішне. Вось калі параўнаць, колькі крытыкі ён сабе дазволіў на адрас Крамля, то ці можна па аналёгіі знайсьці хоць адзін адсотак падобнай крытыкі на адрас Захада з боку беларускай апазыцыі? Пытаньне рытарычнае, натуральна. У яе шэрагох ёсьць толькі дзівоснае – бо мала каму насамрэч на Захадзе патрэбнае – імкненьне апраўдваць і падтрымліваць усё, што ва Ўсходняй Эўропе лічаць заходнім. Так і з Бабарыкам і пуцінскай Расеі – кусаць руку, якая карміла (і корміць?), ён асьцерагаецца. Ціханоўскі гэтаксама ў адказ на пытаньне пра свае афіліяцыі з Расеяй пачынае адказваць не па-сутнасьці (пра рэжым Пуціна ці драпежныя расейскія карпарацыі), а даўно сканалы СССР ганіць (які і сам Пуцін ахвотна і рэгулярна бэсьціць!). Элегантны і таленавіты падыход і ў таго, і ў другога: схаваць лёзунгі фактычнай капітуляцыі перад Масквой за абстрактнымі развагамі і фантазіямі на тэмы гісторыі.

Але, нагадаем Гегеля, “калі ісьціна абстрактная, то гэта – ня ісьціна, здаровы чалавечы глузд імкнецца да канкрэтнага”. І дадамо, што безадносна таго, ці маем мы гэтта справу з пасьлядоўным плянам, за якім стаіць палітычная воля кагосьці з расейскага боку ці гэта зьбег падзеяў і ўчынкаў, можна адцеміць шэраг відавочнасьцяў, якія падрываюць падваліны беларускае дзяржаўнасьці. Апазыцыйны палітычны мэйнстрым адмахваецца ад наступных момантаў:

1. Лукашэнку супрацьстаяць ніяк ня толькі тэхнічныя кандыдаты, і кампаніі некаторых з іх не такія ўжо і дылетанцкія, як іх спрабуюць падаць і самі кандыдаты, і беларускія апазыцыйныя актывісты.

СМІ, незалежныя ад беларускага ўрада, робяць выгляд, што Бабарыка – рыхтык высакародны Дон Кіхот, а ягоныя амаль дзесяць тысяч чалавек у каманду за лічаныя дні сабраліся самі і ледзьве не спантанна. Неяк само сабой узгадваецца, што ў сярэдневечным разуменьні слова дзесяць тысяч – гэта “тьма малая”. То бок сур’ёзная лічба, для параўнаньня, на выбарох-2010 у групе Саньнікава была 1831 асоба. Заўважу, у Бабарыкаву “тьму” ўвайшлі і актывісты нацыяналістычна-лібэральнага табару і вось ужо адзін з вядучых журналістаў абвяшчае, што для яго пытаньне “Ці далучыўся ты да групы Бабарыкі” цяпер замяняе раней выкарыстоўванае ім у тых жа мэтах пытаньне “Чый Крым?” для такой сабе “праверкі” суразмоўцы.

Таму калі Віктар Марціновіч піша, што партрэт чаканняў беларусаў у 2020 годзе: рускамоўны кіраўнік рускага банка, звязанага з «Газпрамам», што мякка ўпікае цяперашні рэжым”, то належыць удакладніць, што наконт “беларусаў” мы пакуль ня ведаем. Але вось вельмі значная частка лібэральна-нацыяналістычнага табара (а мабыць і ўвесь ён), які пасьля 2014 г. вышукваў расейскія ўплывы ўсюды, зараз мае чаканьні, апісаныя Марціновічам.

Між тым, ужо зараз можна здагадвацца, што сур’ёзныя (то бок як найменш адна з крамлёўскіх вежаў) сілы ў Расеі выдатна адыграюць і фігуру Бабарыкі, і фігуру Ціханоўскага. Іх іміджы і функцыі вельмі розныя, але камплімэнтарныя ды – вось жа дзіва, абодва маюць і цікавыя расейскія вытокі і знаёмую танальнасьць расейскіх махляроў-“паліттэхнолягаў” (deja vu часоў януковіцкай Украіны!). Цікава, як пры гэтым СМІ, што хваляць Бабарыку зь Ціханоўскім, гучна і ахвотна абмяркоўваюць у якасьці “прарасейскіх кандыдатаў” толькі відавочна карыкатурныя фігуры і іх трызьненьневыя лісты ў Маскву.

2. Асноўныя СМІ краіны, якія ў Беларусі незалежныя ад беларускага ўрада, ствараюць дадатны, барацьбіцкі вобраз і Бабарыкі, і Ціханоўскага.

Больш за тое – напэўна супадзеньне! –загадзя небясьпечныя для гэтых кандадатаў тэмы таксама абясшкоджваюцца. Сапраўды, лепш акуратна падаць карцінкі мільённага багацьця праз НН і Тут.бай пазбавіўшы тэму скандальнай сэнсацыйнасьці, на якой бы спэкулявалі БТ з Саўбелкай. І тут ня варта недаацэньваць яшчэ і таго, што ўрад мае толькі сымулякры і СМІ і прапаганды, арыгінальны кантэнт якіх убогі. Таму гегемонія апанэнтаў Лукашэнкі абмежаваная толькі іх надзвычайнай ідэалягізаванасьцю і часта неадэкватнай ацэнкай патрэбаў і зацікаўленьняў простага беларуса.

І тут Бабарыка можа вывесьці іх з гэтага заклятага кола (іншае пытаньне – куды?). Як зазначыў Пётр Кузьняцоў: “упершыню Лукашэнку супрацьстаіць не ідэйна-каштоўнасны апанэнт, што баразьніць пра правы чалавека і масавыя перасьледы ў разьліку на меншасьць, а практык і прагматык. І ўпершыню апанэнт Лукашэнка ставіць за мэту не мабілізацыю пратэстнага электарата, а простую і чыстую электаральную перамогу, гуляючы на полі электаральнае большасьці, засяроджваючыся на тых самых рэчах, пра якія кажа цяперашняя першая асоба, але пры тым паводзіць сябе падкрэсьлена адэкватна і дасылаючы ўсім баком адэкватныя мэсыджы”.

3. Значная колькасьць апазыцыйных актывістаў парадаксальным чынам упісалася за Бабарыку-Ціханоўскага.

Як зазначыў Юры Дракахруст, Бабарыка ўвогуле – кандыдат “незалежнікаў”, г.зн. групы, якая дэкляруе патрэбу дыстанцыяваньня Беларусі ад Расеі і эўраатлянтычнае арыентацыі. Апроч Аляксандра Мілінкевіча, ніводзін заўважны апазыцыйны дзяяч лібэральнага і нацыяналістычнага адценьня ня выказаўшы нейкія сур’ёзныя асьцярогі наконт Бабарыкі (зь Ціханоўскім ня ўсё так адназначна, раней яго ўсё-ткі асьвятлялі крытычна).

4. Мае месца фактычная работа незалежных ад беларускага ўрада СМІ і палітычнай супольнасьці нацыяналістычна-лібэральнага кшталту (і першыя і апошняя афіліяваная з рознымі заходнімі ці квазызаходнімі палітычнымі структурамі і спонсарамі), з аднаго боку, і палітычных праектаў маскоўскага паходжаньня, з другога, у адзіным напрамку у тым, што датычыцца Бабарыкі-Ціханоўскага.

Ня буду казаць пра супрацу, але гэтая “праца ў адным напрамку” цягнецца ўжо пэўны час. Зьдзіўляцца няма чаго, бо, па-першае, на выбарох 2010 г. спробы аб’яднаць крамлёўскія і заходнія намаганьні па зьмене рэжыма ў Беларусі – хай сабе і ў больш сьціплым маштабе таксама мелі месца, а па-другое, мэты расейскага істэблішмэнту гэтаму не пярэчаць, бо палягаюць у атрыманьні ад Захаду тых ці іншых кавалкаў пірага, а не ў барацьбе з Захадам (гэты ідэйны камбікорм выключна для паспалітых грамадзянаў, якім адведзена роля гарматнага мяса) ці аднаўленьні СССР. Ня толькі я дапускаю магчымасьць “дагаварняку” паміж расейскімі ўладарамі і Захадам па Беларусі і гэтым разам, як бы фантастычна гэта некаму і не падавалася.

5. Беларускія ўлады мінімізуюць наўпростую канфрантацыю з Бабарыкам ды і зь Ціханоўскім лішне не нарываюцца, хаця апошні выразна правакацыйны. У Менску бадай падазраюць, што з Масквы можа “прыляцець у адказ” нешта надта важкае, калі гэтых кандыдатаў прэсаваць сур’ёзьней чым зараз. Таму самае вялікае, што яны сабе пакуль дазволілі на адрас зусім не тэхнічнага кандыдата Бабарыкі – гэта распавесьці вуснамі пазаштатнага аўтара “Саўбелкі” гісторыю пра імаверныя заробкі Бабарыкавага сына (зь вялізным як на беларускія меркі багацьцем) на дабрачынным праекце, ды і тое разбавілі яе перавёўшы стрэлкі хутчэй на Матольку. Можна не сумнявацца, што валізаў з іншым кампраматам на Бабарыку-Ціханоўскага ў беларускага кіраўніцтва ё досыць, але бадай і ў Крамля (ці нават проста нейкіх “газпроммэдыяў”) таксама знойдзецца чым адказаць.

Найгоршае тут тое, што значная частка беларускай палітычнай і каляпалітычнай супольнасьці зноў стане пешкамі – добра што пакуль не гарматным мясам – у чужой гульні. І прайграюць яны ў ёй у любым разе – хто б ні перамог. Крамлю (Газпраму ды іншым флягманом пуцінскага рэжыму) трэба закілзаць Лукашэнку ці хаця б падвысіць свае прыбыткі ва ўмовах, калі іх газік ды нафтачка прадаецца ўсё горш ня толькі ў Эўропе, але ўжо нават і на Ўсходзе. Вось і ўсё вытлумачэньне праектом зь дзівоснымі маскоўскімі афіліяцыямі на гэтых выбарох. Пэўныя сродкі ўжо закачаныя і будуць яшчэ закачаныя, але ці гэта сапраўды сур’ёзная інвэстыцыя ў рэвалюцыю, нават з цынічных меркаваньняў?

Тут мне ўзгадваюцца здымкі старадаўніх косаў (так-так, каб касіць травы ці рэзаць ворагаў) брытанскага паходжаньня, якія летась выставіў у сваім Фэйсбуку знаны беларускі дасьледчык Мікола Нікалаеў. Імі “дабрадзеі” забясьпечвалі нашых продкаў, каб тыя ў 1863 г. адваявалі ў расейскіх захопнікаў падзеленую Польшчу. Нават на той час каса – гэта проста глупства супраць сучаснага войска, таму дэталь красамоўная. Каўкаскім паўстанцом у Чаркесію, дарэчы, прыблізна ў той самы час брытанцы дасылалі агняпальную зброю. Але пра такія рэчы беларускія нацыяналісты думаць ня схільныя, лепш распавядаць пра геройскіх касінераў у тым паўстаньні і газпрамбанкаўскія дабрачынныя кампаніі сяньня.

Людзі разумныя ня лезуць у чужыя бойкі і гульні, асабліва на ролі халопаў-касінераў. Юры Сабалеўскі некалі трапна адцеміў: “трудна зразумець, якім бы парадкам маглі б зрэалізавацца беларускія пляны і зь імі надзеі ў выпадку зрэалізаваньня паўстаньня 1863 г.”, “наскрозь польскага”. Анягож, драма Каліноўскага якраз у тым і палягала, што перамога абракала б яго на яшчэ большую паразу, калі разглядаць яго як беларускага дзеяча. Інакш кажучы, касінеры прайгралі б і так, і так, кожны раз выходзячы пад чужымі сьцягамі на чужыя бітвы, бо касінерства ў прынцыпе не прадугледжвае ня толькі перамогі, але і нават ганаровай паразы – а толькі брыдкі разгром. І сяньня можна сказаць тое самае – падтрымка чужое (хаця можна спрачацца чыёй дакладна) гульні Бабарыкі-Ціханоўскага скончыцца паразай для беларускіх актывістаў і інтэлігенцыі, народу і краіны і ў выпадку паразы, і ў выпадку перамогі гэтых асобаў. Пытаньне толькі ў тым скончыцца справа проста пасадкамі ці кроўю і “дзерыбанам”.

Выйсьце з гэтага балота толькі адное: крытычнае абмеркаваньне праблемаў краіны, плюралізм думак і адмова ад прынцыпу “клін клінам”. Пытаньні, датычныя Беларусі, апазыцыя мусіць вырашаць з Лукашэнкам, а не з Крамлём, Газпрамам і іх мэнэджарамі. І чым казаць пра Бабарыку як увасабленьне “мараў” (тут зноў мімаволі прыгадваецца першапачатковая этымалёгія гэтага слова, якое азначала хутчэй кашмар, бо для чагосьці сьветлага было “летуценьне”) лепш падумаць пра канкрэтны, дэталёвы і палітычна адказны плян па разьвіцьці краіны, які апазыцыя магла б пакласьці на стол перад Лукашэнкам.

Ня ў стылі “выходзім з дамоваў з Расеяй, уступаем у АПАД-ЭЗ, усё прыватызуем, зачыняем прамысловасьць, заграніца нам паможет…”. А ў стылі, як дасягнуць росквіту адпаведна з аб’ектыўнымі абставінамі, у якіх існуе краіна, і абапіраючыся на ўсіх рэальна існуючых суайчыньнікаў (а ня грэбліва абзываючы іх то “чырвонымі чалавекамі” то яшчэ як) і пажадана не даводзячы сытуацыю да масавай міграцыі і зьнікненьня сур’ёзнай эканомікі як у некаторых суседзяў.

Комментарии

И что автор хотел всем этим сказать? Что кто-то - рука Москвы? И кто конкретно? Какое вообще резюме?

Гость

////Пытаньні, датычныя Беларусі, апазыцыя мусіць вырашаць з Лукашэнкам, а не з Крамлём,///

- т.е. имеется в виду оставить именно и только за лукашенко привилегию решать проблемы с кремлём и на этом наживать свой политический капитал

- но проблема как раз в том, что похоже кремль не хочет решать проблемы беларуси с лукашенко

- т.е. личные проблемы лукашенко превращаются в проблемы страны

Гость

Як па мне дык вельмі павярхоўна, хоць і шматслоўна.

Гость

Госць 8:39, +1.

ВР

Словесная шелуха и отсутствие способности видеть картину в комплексе. Бабарико и Тихановский главные злодеи кампании? Отнюдь нет. Кандидаты соответствуют уровню развития беларуского общества. Изменится общество - появятся другие. А пока придётся обходиться без волшебника в голубом вертолёте.

Vacula

Vacula, у тым-та і бяда, што аўтар умее бачыць карціну ў комплексе, але з нейкіх прычын аддае перавагу павярхоўнасці ды маніпуляцыям... Гл. тут: belisrael.info/?p=24306

ВР

Чамусьці апошні сказ аўтара амаль поўнасцю супаў з выказваннем Бабарыкі наконт вырашэння пытання развіцця незвлежнасці Беларусі шляхам падьему эканомікі

Гость

Согласен со многими замечаниями, но в принципе беспокойство автора по поводу 'кремлевского фактора' тоже понятно.

Гость
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2020

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.