Палітарганізацыі прагматызуюць падыходы ў працы з новымі сацыяльнымі групамі

Партыі і грамадзянскія ініцыятывы ўзмацняюць адзін аднаго

Палітарганізацыі працягваюць канцэнтраваць увагу на працы з сваімі аўдыторыямі і лабіяванню інтарэсаў сваіх давернікаў, часта паспяховаму, у сітуацыі адсутнасці прадстаўніцтва ў органах улады. Пераважная большасць партый спрабуе дзейнічаць у рамках дзеючага заканадаўства і адмаўляецца ад вулічнай актыўнасці з-за фінансавых санкцый дзяржавы, а таксама адсутнасці станоўчай дынамікі палітычнага пратэсту. Рэгрэс на парламенцкіх выбарах узмацніў жорсткую рыторыку часткі палітарганізацый і часова ўзмацніў прывабнасць вулічнага пратэсту.

Палітызацыя сацыяльных пратэстаў

Усё больш шырокія групы насельніцтва адкрыта праяўляюць незадаволенасць рознымі аспектамі дзяржаўнай мадэлі першага прэзідэнта Беларусі. У дадатак у шмат якіх буйных і сярэдніх гарадах жыхары незадаволены дзеяннямі мясцовых уладаў па ўшчыльненню (Мінск), будаўніцтву шкодных вытворчасцяў (Брэсце, Магілёў, Светлагорск), што вядзе да павелічэнню напружанасці і росту пратэснага руху.

Праблемы ў судовай сістэме выклікалі палітызацыю руху «Маці 328», якія здолелі дабіцца змякчэння заканадаўства і скасавання дыскрымінацыйных умоў для асуджаных за наркотыкі ў калёніях. Прычым некаторыя актывісткі, якія вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты ў 2019 годзе, плануюць працягнуць палітычную дзейнасць нягледзячы на запозненыя крокі насустрач з боку беларускага кіраўніцтва. Актывісткі руху каардынавалі дзейнасць альбо вылучаліся з падтрымкай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) і Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП), «Гавары праўду».

Зараз адбываецца самаарганізацыя сваякоў асуджаных па эканамічных артыкулах. Уладам атрымалася запаволіць іх актыўнасць і дэпалітызаваць напярэдадні парламенцкіх выбараў 2019. Экс-дэпутат Г. Канапацкая спрабавала на заканадаўчым узроўні пралабіяваць змены ў заканадаўстве. На круглым стале ў Вярхоўным судзе прагучалі абяцанні скарэктаваць ці канкрэтызаваць спрэчныя артыкулы. [1] Але пасля выбараў улады не спяшаюцца выконваць свае абяцанні.  

Адбылася таксама палітызацыя моладзевага пратэсту супраць закона аб адтэрміноўках, актывісты якога стварылі «Моладзевы блок» і вылучылі некалькі кандыдатаў у дэпутаты ў 2019 годзе.

Актывісты БСДП (Грамада), АГП, БХД, «За свабоду», «Гавары праўду» і «Нашага дома» з`яўляюцца каардынатарамі або лідарамі шматлікіх ініцыятыў супраць ушчыльнення і шкодных вытворчасцяў у розных гарадах па ўсёй Беларусі.

Прычым беларускае кіраўніцтва перыядычна дэманструе здольнасць жорстка здушыць пратэсты сваіх традыцыйных апанентаў з нацыянал-дэмакратычнага руху, хаця апошнія гатовыя да перамоваў з уладамі па пытаннях незалежнасці. Аднак сілавікі не могуць спыніць пратэсныя рухі раней апалітычных грамадзян, як, напрыклад, «Маці 328», супраць ушчыльнення ў Мінску і экалагічныя пратэсты, як, напрыклад, у Брэсце, Светлагорску і Магілёве.

Палітарганізацыі і новыя пратэсныя групы

Пасля таго як у парламенце ў выніку выбараў 2019 года не апынулася ніводнага альтэрнатыўнага дэпутата, прыхільнікі вулічнай дэмакратыі атрымалі дадатковыя аргументы на карысць свайго падыходу. Напрыканцы 2019 года ў цэнтры сталіцы і іншых гарадах пачалася серыя несанкцыянаваных акцый, на якія дэманстранты былі змабілізаваны рыторыкай аб пагрозе незалежнасці Беларусі з боку Расіі.

Аднак рэгрэс у справе прадстаўніцтва альтэрнатывы ў парламенце не стаў прычынай змены раней абраных падыходаў у шэрагу палітарганізацый, якія працягваюць спробы ангажаваць у палітыку актывістаў з новых пратэсных груп.

Адной з найбольш паслядоўных з`яўляецца пазіцыя дыялогу з уладамі, што прытрымліваецца рух «Гавары праўду». Палітарганізацыя імкнецца працаваць з непалітызаванымі групамі, якія не гатовыя да вострага супрацьстаяння з уладамі. Аднак часцей за ўсё інтарэсы гэтых людзей ігнаруюцца мясцовамі ўладамі, а яны самі дэманструюць жаданне самаарганізоўвацца для паступовых пераменаў, перш за ўсё на мясцовым узроўні. «Гавары праўду» атрымалася мабілізаваць пасля сканчэння парламенцкіх выбараў на Форум новых людзей болей за 400 чалавек з усёй краіны. Па заявам кіраўніцтва палітарганізацыя ўжо мае каля 1,0 тыс. актывістаў па ўсёй краіне. [2]

У апошні год лідары БНК адмовіліся ад арганізацыі несанкцыянаваных мерапрыемстваў у цэнтры сталіцы. Экс-палітвязень Н. Статкевіч удала выкарыстаў магчымасці парламенцкіх выбараў для кантакту з насельніцтвам у рамках дзеючага заканадаўства. У межах кампаніі кандыдатаў ад «Народнай грамады» на этапу збору подпісаў у ініцыятыўную групу Н. Статкевіча па вылучэнню ў прэзідэнты запісалася каля 3,0 тыс. чалавек, у тым ліку значная колькасць у рэгіёнах. [3] Гэтыя патэнцыйныя актывісты крытычна ставіцца да існуючага курса дзяржавы, а таксама адгукаюцца на ультыматыўную і жорсткую рыторыку лідара «Народнай грамады». Часта гэта пратэсныя групы ў рэгіёнах, якія страцілі ў выніку скарачэння сацыяльных гарантый у апошнія гады. Хаця раней яны маглі падтрымліваць сацыяльна-эканамічную мадэль першага прэзідэнта Беларусі.

Ініцыятыву па арганізацыі несанкцыянаваных акцый перахоплівае сустаршыня БХД П. Севярынец, які ўзмацняе свае пазіцыі сярод вулічнага актыву. У снежні 2019 года на заклікі далучыцца да несанкцыянаваных акцый супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй на вуліцы Мінска і іншых гарадоў выйшла значная колькасць прыхільнікаў незалежнасці Беларусі. У найбольш масавых акцыях у Мінску прымала ўдзел ад 1,0 да 1,5 тыс. чалавек.[4] Пратэсты прайшлі таксамі і ў шэрагу абласных цэнтраў. Акцыі ў падтрымку незалежнасці папулярныя сярод беларускай дыяспары ў Еўропе і ЗША.

Пры гэтым сілавікі не спынялі акцый жорсткім разгонам падчас іх правядзення. Аднак на пачатку 2020 года ўлады спрабуюць дэмаралізаваць маніфестантаў масавымі рэпрэсіямі – вялікімі сумамі штрафаў і арыштамі.

Адначасова пасля выбараў рыторыка права-цэнтрыстаў і сацыял-дэмакратаў у адносінах да беларускага кіраўніцтва становіцца больш жорсткай. Яны заклікаюць да ўзмацнення санкцый у адносінах да беларускага кіраўніцтва. Разам з тым права-цэнтрысты і сацыял-дэмакраты працягнулі працу з новымі пратэснымі групамі, якія не гатовыя да вулічнага супрацьстаяння з сілавікамі.

Рост уплыву блогераў на сацыяльна-палітычную павестку

Блогеры па палітычнай і сацыяльна-эканамічнай павестцы працуюць з больш маладой інтэрнэт аўдыторыяй. Падчас парламенцкіх выбараў шэраг папулярных анлайн-актывістаў актыўна асвятлялі дзейнасць апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты ці даносілі крытычную інфармацыю аб дзеяннях уладаў – NEXTA, MozgON, Ціханоўскі, Шэры кот і інш.

Пры гэтым, відэа-кантэнт NEXTA с крытыкай беларускага кіраўніцтва праглядаюць сотні тысяч інтэрнаўтаў, што складае значную канкурэнцыю прапагандысцкім матэрыялам дзяржаўных медыя. Блогеры ў супрацоўніцтве з апазіцыйнымі кандыдатамі і палітарганізацыямі паспрабавалі мабілізаваць выбарцаў на вулічныя акцыі ў Менску і Гомелі. У акцыі ў Менску, ініцыятарам якой быў NEXTA і якую падтрымалі апазіцыйныя кандыдаты, удзельнічала не менш за 500 чалавек, сярод якіх большасць былі маладыя людзі. [5]

Улады ацанілі пагрозу, якую нясуць блогеры ў сітуацыі нязначных рэйтынгаў дзяржаўных інстытутаў, высокага ўзроўню пранікнення Інтэрнет і сацыяльных сетак. Пасля пратэстаў у падтрымку незалежнасці некалькі блогераў былі арыштаваны на суткі. Найбольшае пакаранне ў 60 сутак атрымаў онлайн-актывіст Зміцер Казлоў. [6] 

Разам з блогерамі з крытычнай павесткай у адносінах да беларускіх уладаў існуе шэраг онлайн рэсурсаў і ініцыятыў нацыянальна-культурніцкага характару, якія імкнуцца не канфліктаваць з уладамі. Сярод іх – арганізатары БНР-100 і блізкія да партыі БНФ ініцыятывы. Гэтыя праекты працуюць збольшага з моладзевай аўдыторыя і дзякуючы ім адбываецца ўзнаўленне і/або павелічэнне патэнцыялу нацыянал - дэмакратаў і прыхільнікаў незалежнасці.

Прэзідэнцкія выбары: парад прэтэндэнтаў

Намер стаць кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года заяўляе значная колькасць прэтэндэнтаў. Аднак большасць з іх не мае дастатковых людскіх і фінансавых рэсурсаў для гэтага.

Права-цэнтрысцкай кааліцыі, якая ўключае АГП, БХД і «За свабоду», пакуль не атрымліваецца вылучыць супольнага кандыдата на пост прэзідэнта, хаця перамовы працягваліся на працягу ўсяго мінулага года. Кожная з палітарганізацый прапаноўвае сваю кандыдатуру – Мікалая Казлова ад АГП, сустаршыню Паўла Севярынца ад БХД і старшыню Юрася Губарэвіча ад «За свабоду». Акрамя таго, аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях заяўляе сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. [7] Варта адзначыць, што права-цэнтрысты маюць высокі ўзровень міжнароднай падтрымкі дзякуючы сяброўству ў Еўрапейскай народнай партыі. Болей за тое, яны вядуць перамовы аб стварэнні шырокай кааліцыі з удзелам БСДП (Грамада), Беларускай партыяй «Зялёныя», БНФ і прафсаюзам РЭП.

Пры гэтым партыя БНФ намінавала намесніка старшыні А. Янукевіча прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта. [8] Аднак партыя перажывае фінансавыя цяжкасці і не мае дастаткова сродкаў для ўтрымання сваіх офісаў. Адначасова ў 2019 годзе скараціўся электаральны патэнцыял партыі, што засведчыла вылучэнне 31 кандыдата ў дэпутаты парламента. У той час як у 2016 годзе было зарэгістравана 49 сябраў БНФ. Пры гэтым больш вядомай асобай сярод аўдыторыі нацыянал-дэмакратаў з вобразам барацьбіта за незалежнасць мае П. Севярынец. Разам з тым лідары БНФ дэманструюць гатоўнасць да кампрамісаў з уладамі па пытаннях незалежнасці.

Экс-кандыдат Г. Канапацкая, якая шчыльна супрацоўнічала з БХД, «За свабоду» і шэрагам пратэсных рухаў падчас сваёй дэпутацкай кандэнцыі, таксама не выключае верагоднасці сваёй намінацыі ў 2020 годзе. Без падтрымкі палітарганізацый, у першую права-цэнтрыстаў, у яе няма шанцаў сабраць 100 тыс. подпісаў для вылучэння. Яе былы памочнік Д. Ціханенка таксама абвясціў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях. Пры гэтым вылучэнне Г. Канапацкай або Д. Ціханенка можа быць выкарыстана для раскруткі «Наперад, Беларусь!» падчас этапу збору подпісаў.

«Гавары праўду» мае паспяховы вопыт вылучэння кандыдата на пасаду прэзідэнта ў 2015 годзе. Пры гэтым этап збору подпісаў праходзіў з дапамогай партыі БНФ ш сябраў БСПД Г. Аднак з таго часу палітарганізацыя значна павялічыла свае шэрагі і структуры ў рэгіёнах і напрацавала значны вопыт збору подпісаў у грамадскіх кампаніях і на парламенцкіх выбарах, што дае ўпэўненасць лідарам руху ў магчымасці самастойна намінаваць кандыдата на вышэйшую пасаду краіны.

На пачатку года лідар Беларуская сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ) С. Чэрачэнь абвясціў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях на 2020 год. [9] Доўгі час гэта была «спячая» партыя пад кіраўніцтвам С. Шушкевіча, якая байкатавала выбары. Аднак у 2019 годзе ад палітарганізацыі было зарэгістравана 14 кандыдатаў, партыі ўдалось заангажаваць сябраў «Маладзевага блоку». [10] Пры гэтым у сваім арсенале партыя мае падтрымку аднаго онлайн выдання і Белгазеты. [11] БСДГ таксама не мае такіх цяжкасцяў з фінансавай падтрымкай, якія перажываюць права-цэнтрысты і БНФ.

Партыя аб`яднаных левых «Справядлівы свет» напярэдадні парламенцкіх выбараў абвяшчала аб намеры вылучыць кандыдата ў прэзідэнты. У кампаніі 2019 у партыі было 27 кандыдатаў, у той час калі ў 2016 годзе было зарэгістравана 38 кандыдатаў. [12] Такім чынам, электаральны патэнцыял партыі працягвае скарачацца. Вопыт 2015 года, калі «Справядлівы свет» спрабаваў няўдала намінаваць свайго кіраўніка С. Калякіна, сведчыць таксама не на карысць таго, што былыя камуністы здолеюць сабраць неабходныя 100 тыс. подпісаў для рэгістрацыі свайго кандыдата на прэзідэнта ў 2020 г. [13]

Лідар «Народнай грамады» Н. Статкевіч не мае права балатавацца ў сувязі з нязнятаю да 2023 года судзімасцю. Аднак былы палітвязень можа паўтарыць свой вопыт парламенцкай кампаніі і зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Гэта дазволіць выкарыстаць перыяд збору подпісаў для агітацыі і кантакту з пратэснымі групамі ў рэгіёнах.

Такім чынам, палітарганізацыі прагматычна ацэньваюць свае магчымасці і канцэнтруюць увагу на працы з новымі пратэснымі групамі, з якіх яны спадзяюцца папоўніць свой актыў. Фінансавая дыскрымінацыя апазіцыі і павелічэнне рэпрэсій за вулічную актыўнасць прымушае партыі выкарыстоўваць магчымасці перадвыбарчай агітацыі. Аднак спіс прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта скароціцца з набліжэннем даты пачатку выбараў і яшчэ больш скарэктуецца па выніках этапу збору подпісаў.

------------------------

[1] Силовики и контролеры должны исходить из презумпции добросовестности плательщика. Итоги круглого стола [online], https://news.tut.by/economics/652204.html [доступ: 20.01.2020].

[2] Палітыкі без палітыкі. Як «Гавары праўду» правяла свой «Форум новых людзей» [online], https://belsat.eu/news/palityki-bez-palityki-yak-gavary-praudu-pravyala-svoj-forum-novyh-lyudzej/[доступ: 20.01.2020].

[3] Статкевіч анансаваў мітынг у Менску. Што там будзе. [online], https://www.svaboda.org/a/30199560.html[доступ: 20.01.2020].

[4] «Независимость не ставят на кон». В Минске протестовали против союза с Россией. [online], https://naviny.by/article/20191220/1576875097-nezavisimost-ne-stavyat-na-kon-v-minske-protestovali-protiv-soyuza-s[доступ: 20.01.2020].

[5] NEXTA на плошчы. Стрым з акцыі беларускіх блогераў. [online], https://belsat.eu/news/belsat-zladzits-strym-z-aktsyi-belaruskih-blogerau-chtodalshe/  [доступ: 20.01.2020].

[6] Блогера пакаралі 60-соднямі арышту, але яго чакае яшчэ тры суды [online], https://belsat.eu/news/blogera-pakarali-60-sodnyami-aryshtu-ale-i-yashche-yago-chakae-try-suda/[доступ: 20.01.2020].

[7] Вольга Кавалькова: Я ўсур’ёз вылучаюся на прэзыдэнта, і гатовая да любых сцэнараў, нават самых жорсткіх [online], https://www.svaboda.org/a/30287127.html[доступ: 20.01.2020].

[8] Янукевіч: Улады будуць рабіць стаўку на сілавы варыянт [online], https://www.racyja.com/palityka/alyaksej-yanukevich-ulady-buduts-rabits/[доступ: 20.01.2020].

[9] На заседании Центральной Рады БСДГ принято решение о выдвижении Сергея Черечня кандидатом в президенты [online], https://bsdg.by/archives/9179 [доступ: 20.01.2020].

[10] Выборы в Палату представителей Национального собрания Республики Беларусь седьмого созыва (сборник электоральной статистики) [online], http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/2019/stat_sbornik.pdf[доступ: 20.01.2020].

[11] Кандыдат у прэзідэнты Чэрачэнь распавёў, як быў камуністам, дэмакратам і афіцыянтам у Крыме. Вялікая гутарка [online], https://nn.by/?c=ar&i=244604  [доступ: 20.01.2020].

[12] Выборы в Палату представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва (сборник электоральной статистики) [online], http://rec.gov.by/sites/default/files/pdf/Elections-PPNS6-Itogi.pdf[доступ: 20.01.2020].

[13] Валерий Ухналев: Мы попытаемся выдвинуть собственного кандидата [online], https://belaruspartisan.by/politic/474464/  [доступ: 20.01.2020].

Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2021

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.

{* *}