Спёка, ўлада і грамадства

Тэзы пра клімат і палітыку ў эпоху глабальнага пацяплення

Беларускае грамадства да гэтага часу застаецца па-за межамі глабальнай павесткі абмеркавання кліматычных змяненняў. Увага да іх несувымерная той, што існуе ў свеце, асабліва краінах Еўразвязу ці Паўночнай Амерыкі. Агрэсіўна-негатыўная, з большага, рэакцыя карыстальнікаў беларускага сегменту сацыяльных сетак на выступ Грэты Тунберг на кліматычным саміце ААН – ці не лепшы таму прыклад.

Частка I

Афіцыйная айчынная экспертная супольнасць у галіне кліматалогіі амаль што не заўважная ў публічнай прасторы. Яе прадстаўнікі не схільныя да правядзення энергічных інфармацыйных кампаній. Звычайна яны презентуюць сваю пазіцыю ў рэжыме адказу на пытанні журналістаў ў той час, калі ў літаральным сэнсе “прыпякло”: прыйшла чарговая хваля анамальнага цяпла, няма ападкаў і г.д. Звесткі аб кліматычных зменах, што прасочваюцца ў медыя мінімальныя па памеры, пераважна аба тэмпературным рэжыме, не адаптаваныя для масавага ўспрымання, ці, наадварот, празмерна спрошчаныя да ўзроўню: “замест бульбы будзем расціць кукурузу”, “ацяпляльны сезон скароціцца”, “у Брэсце не будзе зімы”. Недзяржаўныя тэматычныя СМІ, напрыклад “Залёны партал” даюць больш сістэмную інфармацыю, але іх аўдыторыя параўнальна невялікая.

Кліматычныя змены – гэта не толькі падвышэнне тэмпературы. Згодна з класічнымі вызначэннямі ў Беларусі ўмераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага тып клімату, для якога характэрныя мяккасць, невялікая амплітуда тэмператур, дастатковая колькасць ападкаў і няўстойлівасць. Усе апошнія чатыры характарыстыкі звязаныя з тым, што Беларусь знаходзіцца ў зоне так званага заходняга пераносу – то бок, перавагі вятроў заходняга накірунку. Менавіта яны забяспечваюць паступленне дажджоў і прахалоды летам, цяпла і снегу зімой. Такім клімат быў. І, хутчэй за ўсё, ужо не будзе. Бо менавіта заходні перанос у апошнія гады працуе не так як раней. Яго траекторыя летам змяшчаецца на поўдзень. Таму поўнач Італіі, Балканы, Турцыя пакутуюць ад ліўняў і граду, у той час як там павінен панаваць устойлівы антыцыклон, то бок сонечнае сухое надвор’е. А Цэнтральная і Усходняя Еўропа пакутуе ад засух. Усё часцей над Беларуссю завісаюць кантынентальныя антыцыклоны, якія блакуюць паступленне вільготнага паветра з Атлантыкі. Замест яго да нас трапляюць не тыпова частыя  хвалі цяпла з тропікаў, якія чаргуюцца з прарывамі  арктычнага холаду. Менавіта таму на працягу кароткага перыяду часу фіксуюцца і абсалютныя максімумы і мінімумы тэмператур,  як напрыклад сёлета ў ліпені, верасні, кастрычніку. Кантынентальнае, трапічнае і арктычнае паветра не прыносіць ападкаў. І хоць іх агульная колькасць нязначна расце, гэты рост не паспявае за ростам тэмпературы. Ды і выпадаюць яны не так, як раней: дажджы ідуць больш рэдка, але больш інтэнсіўна, колькасць ападкаў скарачаецца летам і павялічваецца зімой. Іншымі словамі клімат Беларусі становіцца усё больш кантынентальным, губляе сваю мяккасць і няўстойлівасць. Усё гэта сведчыць аб істотных зменах.

Чым гэта пагражае Беларусі? Наталля Клявец, начальнік аддзела вывучэння змен клімату Белгідрамета, напрыклад, лічыць, што пагрозы няма сэнсу перабольшваць (“не згарым, не патонем”). Тое, што не патонем, гэта – дакладна. Не гледзячы на раўнінна-нізінны рэльеф, Беларусь размешчаная дастаткова высока: самая нізкая кропка паверхні мае адзнаку 81 метр над узроўнем  мора. Таму, нават пры самых апакаліптычных сценарах  падвышэння ўзроўню сусветнага акіяна, затапленне нам не пагражае.

А вось адносна таго, што “не згарым” аптымізму значна меней. Сярэдняя тэмпература ў Беларусі ў параўнанні з даіндустрыяльным перыядам павялічылася 1,3 С. Гэта, па розных ацэнках на 0,3-0,6 С больш чым у сярэднім у свеце. То бок, пацяпленне ў нас ідзе апераджальнымі тэмпамі. Згодна з прагнозамі таго ж Белгідрамета да сярэдзіны стагоддзя абсалютныя максімумы павялічацца да +39-41 С. Гэта азначае ў тым ліку павелічэнне колькасці і працягласці так званых хваль цяпла – перавышэння  тэмпературы больш чым на 5 С ад нормы на працягу больш 5 дзён. Летнія хвалі цяпла азначаюць анамальную спёку. Вядома, што яны забіваюць. Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя Францыі спёкі летам гэтага года выклікалі дадатковыя 1500 смярцей. Ці ёсць аналагічная статыстыка ў Беларусі? Пытанне рытарычнае. Асабліва небяспечная анамальная спёка ў гарадах, якія самі па сябе з’яўляюцца астравамі цяпла: тэмпература ў Мінску, напрыклад, на 1,5-2 С вышэйшая за вясковае наваколле.

Хвалі цяпла азначаюць засуху. Іх колькасць у Беларуси павялічылася ў два разы за апошнія 50 год. Сёлета наша краіна вымушана закупіць 200 тыс. тон фуражнага зерня ў выніку выкліканага засухай неўраджаю ў шэрагу рэгіёнаў.

Засуха ўплывае не толькі сельскую гаспадарку. Апошнія гады надзвычайных памераў дасягнула нашэсце жука-караеда, які знішчае тысячы гектараў лясоў у Германіі, Італіі, Польшчы, але, ў Беларусі гэтае бедства на думку спецыялістаў мае беспрэцэдэнтны па маштабу характар. Караед атакуе дрэвы, якія маюць дэфіцыт вільгаці ў выніку спёкі і зніжэння ўзроўню грунтавых вод. Адзіны спосаб барацьбы з ім – татальная высечка. Але гэта запускае ланцуговую рэакцыю: менш лесу – ніжэй узровень грунтавых вод і г.д.

Хвалі цяпла і засухі выклікаюць скарачэнне рачнога сцёку і ўзроўню рачной вады, што ў сваю чаргу азначае перспектывы тэхналагічных і міжнародных праблем. Апошнія гады ва Францыі, Германіі, Швецыі і Фінляндыі ў сувязі са спёкай спынялася праца рэактараў шэрагу атамных станцый. Справа ў тым, што іх ахаладжэнне патрабуе вялікай колькасці вады. Падвышэнне яе тэмпературы становіцца небяспечным для рэактараў. Яшчэ больш яно небяспечнае для экасістэм вадаёмаў, куды адпрацаваная вада скідваецца. Беларуская АЭС не лепшым чынам забяспечаная водным рэсурсамі. Пры гэтым тое, што адпрацаваная будзе скідвацца ў Вілію (Нерыс) толькі ўскладняе і без гэтага амаль што тупіковую сітуацыю ў стасунках з Літвой.

Варта нагадаць, што праблемы з Віліяй (Нерысам) не абмяжоўваюцца адной толькі перспектывай эксплуатацыі АЭС. Дзякуючы Вілейскаму вадасховішчу Беларусь мае магчымасць рэгуляваць памеры сцёку рачной вады ў бок Літвы. У пачатку ліпеня гэтага года міністр аховы прыроды Літвы звярнуўся да Беларусі з просьбай павялічыць яго ў сувязі з засухай. Просьба задаволеная не была па той прычыне, што Вілейскае вадасховішча і, звязаная з ім Вілейска-Мінская водная сістэма, адыгрывае крытычную ролю ў забеспячэнне вадой індустрыі і камунальнай гаспадаркі беларускай сталіцы.

Гэта далёка не поўны пералік унутраных пагроз, выкліканых кліматычнымі зменамі. Іх глабальны характар патрабуе ўлічваць тое, што адбываецца за тысячы кіламетраў ад той ці іншай краіны. Тым больш, што аддаленыя катаклізмы  патэнцыяльна могуць несці большую пагрозу нацыянальнай бяспецы. Нагадаю, што напрыклад такі феномен як Эль Нінье – хуткае і рэзкае, на 3-4 С, падвышэнне тэмпературы марской вады каля ўзбярэжжа Перу і Эквадора прыводзіць да кліматычных анамалій на адлегласці ў некалькі тысяч кіламетраў. Ён выклікае засухі ў Аўстраліі, Інданэзіі, Індастане, раёне Вялікіх азёр Паўночнай Амерыкі. Уплыў Эль Нінье адчуваецца нават у Паўночнай Афрыцы і краінах Блізкага Усходу. З сёлетнім высокім індэксам яго аналага – Індакіянійскага дыполя (розніцы тэмпературы акіянічнай вады ва ўсходняй і заходняй частках Індыйскага акіяну) звязваюць  анамальна цёплую восень у Еўропе і, тым ліку, ў Беларусі. Пакуль не зразумела, як менавіта паўплывае на клімат Паўночнага паўшар’я надзвычай інтэнсіўнае расставанне арктычных ільдоў і, асабліва, ледавікоў Грэнландыі, але тое, што ўплыў будзе значным сумнявацца не прыходзіцца.

У ценю рэзананснага выступу Грэты Тунберг аказалася не менш знакавая, але, на жаль, менш заўважаная падзея:  напярэдадні кліматычнага саміту ААН да Парыжскага пагаднення далучылася Расійская Федэрацыя, якая доўгія гады лічылася ледзь не галоўным бастыёнам кліматычных скептыкаў. Афіцыйная версія тлумачэння згадвае “пагрозы для экалагічнага балансу, сельскай гаспадаркі і, што самае галоўнае, для бяспекі людзей, якія жывуць ва ўмовах шматгадовай мерзлаты”. Вядома, што глабальнае пацяпленне развіваецца нераўнамерна і ў зоне шматгадовай мерзлаты Расіі (а гэта больш ? яе тэрыторыі) сярэднія тэмпературы павялічваюцца значна хутчэй, чым на астатняй тэрыторыі планеты: на 5 С. Тут жыве ўсяго 4% расійскага насельніцтва, але размешчаная значная частка інфраструктуры нафта-газавага комплексу. Яна будавалася без разліку на змену глыбіні расставання, якая хутка павялічваецца. Гэта азначае, што значная частка трубаправодаў і кропак здабычы пазбавіцца цвёрдых фундаментаў. Згодна з меркаваннямі спецыялістаў, менавіта гэта ці ў не найбольшай ступені паўплывала на афіцыйнае стаўленне расійскага кіраўніцтва да Парыжскага пагаднення. Не цяжка ўявіць што гэтыя праблемы будуць значыць для Беларусі.

Яшчэ адна пагрозлівая перспектыва – з’яўленне вялікай колькасці кліматычных уцекачоў. Даследаванні вытокаў грамадзянскай вайны ў Сірыі сведчаць, што  менавіта кліматычных змены (засухі і дэфіцыт водных рэсурсаў) паспрыялі масаваму прытоку вясковага насельніцтва ў гарады. Перанаселенасць, беспрацоўе і рост сацыяльнай няроўнасці ва ўмовах павелічэння коштаў харчавання і безадказнай сацыяльнай палітыкі прывялі да сацыяльнага выбуху. У сваю чаргу павелічэнне прытоку мігрантаў у Еўропу ў 2013-2015 гг.  за кошт ўцекачоў з Сірыі і адпаведны  ўсплёск антымігрантскіх настрояў сталі трыгерам росту папулярнасці праварадыкальных партый і істотных зменаў палітычнага ландшафту еўрапейскіх дэмакратый. Аднак колькасць сірыйскіх уцекачоў у Еўропе (каля 0,55 млн чалавек) можа здацца мізэрнай ў параўнанні з патэнцыяльнымі маштабамі кліматычных міграцый. Па розных прагнозах да сярэдзіны 21 ст. колькасць кліматычных уцекачоў можа дасягнуць ад 25 млн да 1 млрд чалавек. Сярод іх патэнцыяльна і тыя, для якіх нават нязначнае павышэнне ўзроўню сусветнага акіяну з’яўляецца жыццёвай пагрозай: каля 110 млн чал. жывуць на тэрыторыях размешчаных ніжэй за яго сучасны ўзровень.

Аднак ці не найбольшы непакой выклікае падвышэнне сярэдніх тэмператур на тэрыторыі найбольш населеных рэгіёнаў свету: Паўднёвай і Усходняй Азіі. Вядома, што на кожны градус росту тэмпературы інтэнсіўнасць выпарвання падвышаецца на 6-7%. Пры гэтым, пад час мусонных дажджоў, калі вільготнасць дасягае амаль 100% падвышаецца і тэмпература кропкі расы (тэмпература кандэнсацыі вільгаці). Калі яна перавышае +20 С дыхаць становіцца цяжка, а пры +35 С чалавек губляе магчымасць ахалоджваць сябе за кошт потавыдзялення і нават фізічна здаровыя людзі гінуць на працягу 5-6 гадзін. Згодна з даследаваннямі кансорцыюма Масачусетскага Тэхналагічнага  Інстытута і Нацыянальнага даследчыцкага фонда Сінгапура тэмпература кропкі расы рэдка калі перавышае +31 С, аднак пад час хвалі спёкі 2015 г. у Індыі і Пакістане яна дасягнула +35 С і стала прычынай смерці 3500 чалавек. Згодна з тымі ж даследаваннямі пагроза гэтакіх з’яў будзе нарастаць і для Індыі і, асабліва, для паўночных раўнін Кітаю, на якіх жыве да 400 млн чалавек. Канешне, вельмі хацелася б думаць, што гэта ўсяго толькі чарговая “кліматычная страшылка”, якіх больш чым дастаткова ў сусветным павуцінне. Аднак павага да брэнду МТІ не дазваляе ад гэтай інфармацыі так проста адмахнуцца. І ў сувязі з гэтым узнікаюць  думкі адносна прызначэння ініцыятывы “Адзін пояс – адзін шлях”.

Тым больш, што для абодвух краін надзвычай востра стаіць праблема дэфіцыту прэснай вады. Ён большы ў Індыі, апроч гэтага, у адрозненне ад Кітаю, індыйскія ўлады так і не здолелі вырашыць дэмаграфічныя праблемы: насельніцтва тут расце і хуткім часе перавысіць кітайскае. Пры гэтым Кітай мае і будуе новыя магчымасці рэгулявання сцёку вады ў індыйскі бок. Здаецца, што гэта менавіта тое, што меў на ўвазе Папа Францыск у 2017 годзе: “Права на ваду з’яўляецца вызначальным для выжывання чалавека і будучыні чалавецтва. І я пытаюся ў сябе: ці не рухаемся мы ў бок вялікай сусветнай вайны з-за вады?”

Будзем спадзявацца, што ўсе гэтыя прагнозы і прадчуванні не спраўдзяцца. Бо ў адваротным варыянце мы атрымаем дэстабілізацыю ўсей сістэмы міжнародных адносінаў у глабальным вымярэнні. Гэта тое, да чаго падрыхтавацца немагчыма.

Частка ІІ

Я хацеў бы зафіксаваць адзін момант: клімат змяніўся, але змены  на гэтым не скончыліся. Глабальнае пацяпленне, якое зараз адбываецца адрозніваецца ад усіх вядомых тым,  што развіваецца незвычайна хутка і, таму, шмат у чым непрадказальна. У гэтым галоўная небяспека сітуацыі.

І гэта кропка адліку ў тым што можа і павінна зрабіць наша ўлада і грамадства. На першае месца я бы паставіў арганізацыю якаснай і адпаведнай складанай сітуацыі экспертызы. Выказаная А. Лукашэнкам у чэрвені 2019 г. думка адносна неабходнасці рэарганізацыі ці/і роспуску Белгідрамета ў гэтым кантэксце выглядае дастаткова рацыянальнай. Пытанне ў тым, што будзе створанае замест яго. Відавочна, што рэарганізацыя павінна пачынацца з падрыхтоўкі кадраў. Падыход у дадзеным выпадку мусіць быць сувымерным таму, які быў зроблены пры навучанні спецыялістаў для Беларускай АЭС. Гаворка ідзе і пра фінансавыя інвестыцыі, і пра магчымасці стажыровак у вядучых цэнтрах вывучэння кліматычных змен. Трэба падкрэсліць, што патрэбныя спецыялісты не толькі здольныя праводзіць маніторынг сітуацыі ўнутры краіны, але і, што магчыма яшчэ больш важна, у глабальным маштабе. А дзеля гэтага яны павінны быць максімальна ўключаныя ў міжнародныя даследчыцкія праекты, даследчыцкія сеткі, абмен інфармацыяй.

Вядома, што Парыжскае пагадненне прадугледжвае скарачэнне выкідаў парніковых газаў у якасці галоўнага сродку барацьбы з глабальным пацяпленнем. Беларусь ўзяла на сябе спачатку абавязацельствы скараціць выкіды  на 28% да 2030 г., а ў верасні гэтага года – на 35%. Гэта істотна, але для нас не гэта галоўнае і вось чаму.

Па-першае, сярод крыніцаў выкідаў ці не на першым месцы стаіць энергетыка (да 28%). Пры гэтым галоўны непакой выклікаюць цеплавыя электрастанцыі, якія працуюць на бурым і каменным вугалі, гаручых сланцах. У Беларусі іх няма і на фоне праблем, скажам, Германіі ці Польшчы мы выглядаем дастаткова годна. Нашы станцыі з большага выкарыстоўваюць газ, які лічыцца найменш шкодным з усіх відаў выкапнёвага паліва. А ўвод Беларускай АЭС зробіць сітуацыю яшчэ больш экалагічна прывабнай – бо менавіта атамная энергетыка зноў зараз разглядаецца ў якасці адной з альтэрнатыў традыцыйнай цеплавой.

І па-другое. Нават калі сёння выключыць усё працэсы спальвання карысных выкапняў глабальнае пацяпленне не спыніцца ў момант. Яго негатыўныя наступствы, на думку спецыялістаў, будуць адчувальнымі на працягу 1-2 стагоддзяў. Больш таго, асабіста ў мяне і не толькі, увогуле ёсць вялікія сумненні адносна здольнасці чалавецтва радыкальна зменшыць выкіды парніковых газаў. Згодна з прагнозам аналітыкаў карпарацыі Морган Стэнлі агульны кошт мерапрыемстваў па спыненню глабальнага пацяплення складзе як мінімум 50 трыльёнаў долараў. Гэта 60% сусветнага валавога прадукту за 2018 год. Ці гатовае чалавецтва да гэтакіх выдаткаў? Нават калі ўлічыць, што гэта  разлік да 2050 года, сумы ўсё роўна каласальныя. Таму, хутчэй за ўсё, глабальнае пацяпленне будзе нарастаць для Беларусі галоўным, на мой погляд, з’яўляецца адаптацыя да яго.

На першае месца я бы паставіў захаванне і рэгенерацыю прыроднага асяроддзя. Ёсць не дасяжны да разумення звычайнага грамадзяніна парадокс: пад аховай дзяржавы, якая з падачы журналістаў атрымала вызначэнне “Цуд не кранутай прыроды”, знаходзіцца 8,72% тэрыторыі. А ў суседняй Польшчы – больш за 29%. І гэта пры тым, што шчыльнасць насельніцтва ў Польшчы (122,7 чал. на 1 км кв.) і, адпаведна, антрапалагічны прэс, у 2,5 разы вышэйшы за Беларусь (47,9  чал. на км кв.). А ў некаторых рэгіёнах, напрыклад, Магілёўскай вобласці доля ахоўных тэрыторый у тры разы ніжэйшая за нацыянальны паказчык. Дадам да гэтага, што ў апошнія гады плошчы тэрыторый  што знаходзяцца пад аховай – скарачаюцца. Напрыклад, сёлета была зменшана прастора  адзінага ў краіне Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Яшчэ больш драматычны лёс заказніка “Лебяжы” у Мінску. Безумоўна можна вітаць ініцыятыву Міністэрства прыродных  рэсурсаў па прыняццю закона “Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў”. Сапраўды, у нашых умовах гэта мацнейшы рэсурс супрацьстаяння наступствам глабальнага пацяплення, бо здольнасць тарфянікаў да паглынання парніковых газаў пераўзыходзіць лясныя тэрыторыі. Пытанне – калі і, увогуле, ці будзе прыняты гэты закон пры ўліку мякка кажучы не самай высокай грамадскай увагі да экалагічных праблем і інтарэсу да тарфянікаў з боку замежнага бізнесу.

З тарфянікамі, якія з’яўляюцца крыніцай жыўлення шмат якіх рэк,  дарэчы, звязаная яшчэ адна пільная праблема адаптацыі – забеспячэння воднымі рэсурсамі. Беларусы прызвычаіліся да думкі, што гэтакай праблемы для іх не існуе. У параўнанні з вострым дэфіцытам у суседніх Польшчы і Украіны – гэта сапраўды выглядае так. Апроч паверхневых крыніц існуюць вялізныя запасы падземных вод.

Аднак выкарыстанне апошніх абмежаванае шэрагам тэхнічных абставін. Нават у Мінску далёка не ўсе жыхары маюць доступ да артэзіянскай вады. Наўрад ці магчымае яе маштабнае выкарыстанне ў прамысловасці ці сельскай гаспадарцы. Разам з тым вядома, што ў  сувязі з больш хуткім  павелічэннем менавіта зімовых тэмпературы (на 3,5 С вышэй даіндустрыяльнага узроўню) скарачаецца час існавання і плошча трывалага снежнага покрыва. А гэта ў сваю чаргу негатыўна ўплывае на назапашванне вільгаці ў глебе, узровень рачнога сцёку, грунтавых вод. У выніку праблемы з доступам да вады ўсё часцей узнікаюць ў вясковага насельніцтва, асабліва на Палессі, у басейне Нёмана. Аднак галоўнае пытанне ў тым, ці будзе (і ў якіх памерах) сельская гаспадарка пад ціскам павелічэння засух пераходзіць да арашальнага земляробства. Там, дзе патрэбнае арашэнне на долю сельскай гаспадаркі прыходзіцца да 70% спажывання водных рэсурсаў. Але з іншага боку ў апошнія дзесяцігоддзі адбылося істотнае скарачэнне сцёку рэк у паўднёвай частцы краіны: менавіта там, дзе арашэнне мусіць быць найболей запатрабаваным. Сёлетняя засуха высветліла, што запыт на водныя рэсурсы з боку аграріяў існуе. У тым ліку было ўзнятае пытанне аб будаўніцтве дадатковых водасховішчаў. Іх памеры даўна былі прызнаныя недастатковымі. Аднак, разгортванне будаўніцтва патрабуе маштабнага фінансавання. Апроч гэтага рэгуляванне рачнога стоку і непазбежна выкліча праблемы з суседнімі краінамі, перад усім з тымі, якія маюць дэфіцыт водных рэсурсаў.

Ці не найбольш складаная праблема – адаптацыя да кліматычных змен гарадскога асяроддзя. Палова жыхароў Беларусі (53,8%) сканцэнтраваная ў гарадах с насельніцтвам больш за 100 тыс. Кожны з гэтых гарадоў мае і падобныя, і свае індывідуальныя экалагічныя праблемы. Глабальнае пацяпленне – гэта новы выклік з выразным беларускім вымярэннем. Праблема тут у спецыфічнай беларускай практыцы горадбудаўніцтва, якая немае аналагаў, як меней, у дзяржавах суседзях Беларусі. Гаворка ідзе пра звышшчыльную забудову гарадской прасторы. У яе выніку шчыльнасць насельніцтва ў Мінску (5683 чал./км?), вышэйшая чым у Маскве (4925 чал./км кв.), Варшаве (3391 чал./км кв.), Кіеве (3481 чал./км?), Рызе (2059.5 чал./км кв.). А плошча Вільнюса (401 км кв. ) большая, чым Мінска (349 км кв.), пры насельніцтве (574 тыс. чал.) ў тры з паловай разы меншым. Дадам, што шчыльнасць насельніцтва ў Мінску ў чатыры разы вышэйшая за Пекін (1292 чал./км кв.), большая чым у Шанхаі (3630 чал./км кв.) і набліжаецца да ўзроўню Ганконга (6732 чал./км кв.). Праблемы Мінска характэрныя і для абласных цэнтраў, у якіх шчыльнасць насельніцтва пераўзыходзіць паказчыкі шмат якіх еўрапейскіх сталіц.

У буйных гарадах – сталіцы і абласных цэнтрах сканцэнтраваны 41% насельніцтва Беларусі. Яны займаюць усяго 0,49% тэрыторыі краіны. Вядома, што менавіта гарады адказныя за выкіды 75% парніковых газаў. Таму ў нашым выпадку іх канцэнтрацыя выклікае асабліва небяспечны перагрэў гарадскога асяроддзя. Пад час засух у апошнія гады вынікі яго былі бачныя няўзброеным вокам: кантраст выпаленай расліннасці ў Мінску з зялёным наваколлям відавочны. Усё гэта патрабуе кардынальных змен гарадскога планавання, абмежавання масавай шматпавярховай жылой забудовы, максімальнага зберажэння натуральнага прыроднага асяроддзя, павелічэння плошчаў зялёных насаджэнняў і г.д. Яшчэ раз, Беларусь не сама населеная краіна. Тэрыторыі яе больш чым дастаткова для камфортнага рассялення ўсіх жыхароў. Аргумент недатыкальнасці ворнай зямлі, якой нібыта не хапае – слабае апраўданне звышшчыльнай гарадской забудовы. На кожнага жыхара краіны яе прыходзіцца 0,6 гектара. Сусветны ўзровень у тры разы ніжэйшы.

Глабальнае пацяпленне прад’яўляе новыя патрабаванні да архітэктурнага праектавання. Зразумела, напрыклад, што ў падобных да цяпліц будынках ў стылістыцы хай-тэка, цяжка працаваць ці вучыцца без уключанага кандыцыянера нават пры сярэдніх летніх тэмпературах. Але праца кандыцыянераў у сваю чаргу прыводзіць да падвышэння перагрэву гарадской прасторы.

Перспектывы адаптацыі Беларусі да кліматычных змен выглядаюць дастаткова супярэчлівымі. З аднаго боку, нельга сказаць, што гэтае пытанне знаходзіцца па-за ўвагай уладных структур. Анансаванае прыняцце да 2023 года комплекса дакументаў па адаптацыі розных галін народнай гаспадаркі да кліматычных змен. У тым ліку згадваюцца мерапрыемствы ў лясной і сельскай гаспадарцы, больш актыўнае выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі, электратранспарту, нізка- і безвугляродных тэхналогій. Як бачна, пералік праблем і аб’ектаў і сродкаў адаптацыі выглядае далёка не поўным. Але праблема нават і не ў гэтым. Галоўным лабістам прыняцця новага заканадаўства выступае Міністэрства прыродных рэсурсаў, апаратная вага якога ў іерархіі ўладных структур далёка не самая вялікая. Не цяжка, напрыклад, спрагназаваць чый пункт гледжання, яго ці Белэнерга, будзе вызначальным пры вырашэнні стратэгіі развіцця аднаўляльнай энергетыкі. Палітычная сіла адпаведная па вазе еўрапейскім “зялёным” адсутнічае не толькі ў парламенце, але і ў грамадстве. Спадзявацца на яе з’яўленне ў бліжэйшай перспектыве наўрад ці магчыма. У сувязі з гэтым надзвычай вялікую ролю адыгрываюць знешнія гульцы – міжнародныя арганізацыі і праекты, у тым ліку Сусветны Банк, Глабальны Экалагічны Фонд, ААН, праграма Еўрапейскага звязу “EU4Climate”і г. д. якія нярэдка з’яўляюцца каталізатарамі і галоўнымі донарамі праектавання ў сферы кліматычнай адаптацыі. Аднак гэтая дапамога, з большага, мае кропкавы характар і не можа цалкам замяніць сістэмную працу ўнутры краіны. Таму пытанне адэкватнага адказу Беларусі на выклікі глабальнага пацяплення застаецца адкрытым.