Дэмакратыя як практыка i iдэя

Праз прызму мiжнародных рэйтынгаў

Беларусь па-ранейшаму застаецца аўтарытарнай краінай без прызнакаў сістэмных зменаў у найбліжэйшай будучыні. Тым не менш, у асобных абшарах назіраецца пэўны прагрэс, які ў доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да больш істотных зрухаў. BTI зафіксаваў, што цягам 2016-2018 гг. у Беларусі адбыўся самы вялікі спасярод усіх краін Еўразіі прагрэс у плане палітычнай трансфармацыі. У той жа час EIU ужо каторы год фіксуе ў Беларусі параўнальна высокі паказнік прыхільнасці да дэмакратыі-як-ідэі: па гэтым параметры ў 2018 годзе Беларусь апярэдзіла не толькі большасць аўтарытарных, але таксама некаторыя дэмакратычныя краіны. На нізкім, аднак, узроўні застаецца палітычны ўдзел, функцыянаванне (намінальна) дэмакратычных інстытутаў і павага да гэтых інстытутаў з боку важных палітычных актораў. 

У рапартах Freedom House (FH) і The Economist Intelligence Unit (EIU) на тэму стану дэмакратыі ў свеце ў 2018 годзе Беларусь традыцыйна фігуруе як «аўтарытарная краіна». FH зафіксаваў у 2018 годзе невялікае пагаршэнне агульнага ўзроўню дэмакратыі ў стасунку да папярэдняга года, а з індэкса EIU вынікае, што агульны ўзровень застаўся такім самым [1].

Пры больш дэталёвым аналізе міжнародных рапартаў і індэксаў можна пабачыць, што пад «замарожанай паверхняй» адбываюцца дынамічныя працэсы, якія валодаюць трансфармацыйным патэнцыялам. У межах дадзенага артыкула спынімся на двух аспектах гэтых працэсаў: (а) палітычная трансфармацыя і (б) стаўленне да дэмакратыі-як-ідэі.

Палітычная трансфармацыя: прагрэс ёсць, але прарываў няма

Ацэнка палітычнай трансфармацыі будзе абаперта перадусім на дадзеных нямецкага Фонда Бертэльсмана, які шмат гадоў рэалізуе праект пад назвай Індэкс трансфармацыі Бертэльсмана (BTI). Асноўная задача BTI – фіксаваць грамадска-палітычныя і эканамічныя змены ў краінах з некансалідаванай дэмакратыяй або няразвітымі механізмамі рынкавай эканомікі (гзн. фактычна ўсе краіны апрача краін Паўночнай Амерыкі, Заходняй Еўропы, Японіі, Аўстраліі і Новай Зеландыі).

«Палітычная трансфармацыя» ў разуменні ВТІ уключае ў сябе наступныя параметры: (а) дзяржаўнасць: у якой ступені дзяржава валодае манаполіяй на прымяненне сілы, а таксама наколькі шырокі і моцны кансэнсус наконт легітымнасці дадзенай дзяржавы; (б) палітычны ўдзел: наколькі свабодныя і справядлівыя выбары і ці абраныя кіраўнікі або прадстаўнікі маюць магчымасць ажыццяўляць свае фармальныя функцыі; (в) верхавенства закону: падзел уладаў, у прыватнасці, незалежнасць судоў, грамадзянскія свабоды; (г) стабільнасць дэмакратычных інстытутаў: якасць функцыянавання гэтых інстытутаў і лаяльнасць да іх з боку ўплывовых актораў (перадусім прэзідэнта, сілавікоў, ураду); (д) палітычная і грамадская інтэграцыя: развітасць партыйнай сістэмы, функцыянаванне групаў інтарэсаў, узровень узаемадаверу паміж недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі і насельніцтвам [2].

На пачатку 2019 года BTI зафіксаваў, што цягам 2016-2018 гг. у Беларусі адбыўся выразны прагрэс у плане палітычнай трансфармацыі, самы вялікі спасярод усіх краін Еўразіі [3]. Індэкс палітычнай трансфармацыі для Беларусі склаў «+0,4» (для параўнання: для Кыргыстана ён склаў «+0,22», для Украіны - «+0,2», для Расеі – «+0,2», для Малдовы - «–0,45»).

Дыяграма: Палітычная трансфармацыя краін Еўразіі цягам 2016—2018 гг. [4]

Дэмакратыя як практыка i iдэя

Такі высокі паказнік атрымаўся перадусім за кошт таго, што ў Беларусіі адбывалася невялікае паляпшэнне ў сферы верхавенства закону і дыялогу з грамадзянскай супольнасцю пры захаванні стабільнасці дзяржаўных інстытутаў і моцнага кансэнсусу наконт існавання дзяржавы. Апошняе пацвярджаецца таксама апытаннем MIA Research, якое праводзілася ў траўні і чэрвені 2018 года на замову Кастрычніцкага Эканамічнага Форуму. На пытанне: «Ці вы ганарыцеся Беларуссю?» 85,8% рэспандэнтаў адказалі «Так» і ўсяго 14,2 –«Не». А на пытанне «Калі выбухне вайна, ці вы будзеце змагацца за сваю краіну?» расклад адказаў быў амаль ідэнтычны: 85,6% – «Так», 14,4% – «Не»[5].

Наўрад ці можна казаць, аднак, пра прагрэс у такіх абшарах як палітычны ўдзел або стабільнасць дэмакратычных інстытутаў. Наяўнасць двух (умоўна) апазіцыйных дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў не вядзе да пашырэння магчымасцяў уплываць на працэс прыняцця рашэнняў, нават у такіх «непалітычных» пытаннях, як «антынаркатычны» Дэкрэт № 328. Заяўлены прэзідэнтам 1 сакавіка 2019 года падчас «Вялікай размовы» намер мадыфікаваць Канстытуцыю ў напрамку яе дэмакратызацыі можна трактаваць як сімптом змены стаўлення да дэмакратычных інстытутаў. Аднак нават гэтая заява адлюстроўвае не столькі змены ў абшары каштоўнасцяў, а хутчэй прагматычны разлік: варыянт на той выпадак, калі Лукашэнка вырашыцца сысці з пасады ў 2025 годзе.

Дэмакратыя: ідэя апераджае практыку

Хоць паказнік агульнага стану дэмакратыі ў Беларусі – паводле EIU– даволі кепскі («3,13» па дзесяцібальнай шкале, 137 месца сярод 167), то па адным з параметраў Беларусь апераджае не толькі большасць іншых аўтарытарных краін, але таксама некаторыя дэмакратычныя краіны. Гэтым параметрам з`яўляецца «палітычная культура», якая замяраецца EIU і ўлічваецца пры фармаванні агульнага паказніку дэмакратыі.

Пазнака «палітычная культура» можа ўводзіць у зман. Гаворка тут не пра ўзровень культуры паасобных палітычных актораў і не якасць палітычных дэбатаў. Па вялікім рахунку, пад «палітычнай культурай» тут падразумяваецца  ступень грамадскай падтрымкі для дэмакратыі-як-ідэі. У прыватнасці, бярэцца пад увагу наступнае:

  • наколькі моцны грамадскі кансэнсус наконт важнасці дэмакратыі;
  • у якой ступені насельніцтва прагне ўлады «жалезнай рукі»;
  • наколькі распасюджанае ў грамадстве перакананне, што дэмакратыя не спрыяе захаванню парадку ў грамадстве;
  • наколькі распасюджанае перакананне, што дэмакратыя – гэта памеха для эканамічнай сістэмы
  • наколькі выразна кампетэнцыі Царквы (цэркваў) адмежаваны ад кампетэнцый дзяржавы.

Вось жа прыхільнасць да дэмакратыі-як-ідэі ў Беларусі ў 2018 годзе была (як і ў папярэднія гады) даволі высокай і была ацэнена экспертамі EIU на «5,63» па дзесяцібальнай шкале.

Табліца 1. Паказнік «палітычнай культуры» для Беларусі на фоне іншых паказнікаў (2018)[6]

Месца ў агульным рэйтынгу дэмакратыі

(усяго 167 месцаў)

137

Агульны паказнік дэмакратыі

(максімальны бал: «10»)

3,13

Тып паліт.сістэмы: аўтарытарызм

Выбарчы працэс і плюралізм (макс. «10»)

0,92

Функцыянаванне дзяржаўнай улады (макс. «10»)

2,86

Палітычны ўдзел (макс. «10»)

3,89

Палітычная культура (макс. «10»)

5,63

Грамадзянскія свабоды (макс. «10»)

2,35

Паказнік падтрымкі для дэмакратыі-як-ідэі яшчэ больш уражвае, калі зважым, што ў Цэнтральнай Еўропе і пост-савецкай Еўразіі (усяго 28 краін) Беларусь знаходзіцца ў першай дзясятцы і апераджае шэраг краін Еўразвязу.

Табліца 2. Паказнік «палітычнай культуры» для Беларусі на фоне гэтага ж паказніка для іншых краін рэгіёна (2018)[7].

 

Краіна

Паказнік «палітычнай культуры»

Агульны паказнік дэмакратыі

 

Класіфікацыя рэжыму

Латвія

6,88

7,38

Заганная дэмакратыя

Чэхія

6,88

7,69

Заганная дэмакратыя

Эстонія

6,88

7,97

Заганная дэмакратыя

Вугоршчына

6,25

6,63

Заганная дэмакратыя

Літва

6,25

7,5

Заганная дэмакратыя

Славенія

6,25

7,5

Заганная дэмакратыя

Таджыкістан

6,25

1,93

Аўтарытарызм

Украіна

6,25

5,69

Гібрыдны рэжым

Беларусь

5,63

3,13

Аўтарытарызм

Славакія

5,63

7,1

Заганная дэмакратыя

Албанія

5

5,98

Гібрыдны рэжым

Туркменістан

5

1,72

Аўтарытарызм

Сербія

5

6,41

Заганная дэмакратыя

Харватыя

5

6,57

Заганная дэмакратыя

Узбекістан

5

2,01

Аўтарытарызм

Балгарыя

4,38

7,03

Заганная дэмакратыя

Грузія

4,38

5,5

Гібрыдны рэжым

Казахстан

4,38

2,94

Аўтарытарызм

Кыргыстан

4,38

5,11

Гібрыдны рэжым

Малдова

4,38

5,85

Гібрыдны рэжым

Польшча

4,38

6,67

Заганная дэмакратыя

Румынія

4,38

6,38

Заганная дэмакратыя

Чарнагорыя

4,38

5,74

Гібрыдны рэжым

Азербайджан

3,75

2,65

Аўтарытарызм

Боснія і Герцагавіна

3,75

4,98

Гібрыдны рэжым

Македонія

3,75

5,87

Гібрыдны рэжым

Арменія

2,5

4,79

Гібрыдны рэжым

Расея

2,5

2,94

Аўтарытарызм

У Беларусі паказнік «палітычнай культуры» заўсёды быў вышэйшы, чым усе астатнія паказнікі, але ў 2014 – 2016 гг. быў ён – як на аўтарытарную краіну – надзвычай высокі: «6,25». У 2017 годзе ён знізіўся да «5,63» і застаўся такім жа ў 2018 годзе.

Табліца 3. Паказнік «палітычнай культуры» для Беларусі з 2007 па 2018 г. [8]

 

2007

2008

2010

2011

2012

2013

2014

2015

2016

2017

2018

ПК

4,38

4,38

4,38

4,38

4,38

4,38

6,25

6,25

6,25

5,63

5,63

АПД

3,34

3,34

3,34

3,16

3,04

3,04

3,69

3,62

3,54

3,13

3,13

«ПК» – палітычная культура; «АПД» - агульны паказнік дэмакратыі.

Узровень «палітычнай культуры» – гэта хоць не адзіны, але даволі важны фактар палітычных зменаў. Нарастанне скепсісу да дэмакратыі-як-ідэі можа быць прадвеснікам пагаршэння сітуацыі з дэмакратыяй-як-практыкі і наадварот: высокі ўзровень прымання ідэі дэмакратыі нярэдка цягне за сабой сістэмныя змены ў напрамку дэмакратызацыі. Добрым прыкладам з`яўляецца Расея: у 2006 годзе, калі ніводзін з індэксаў не кваліфікаў палітычную сістэму ў гэтай краіне як «аўтарытарную» (агульны індэкс дэмакратыі EIU быў тады «5,02»), паказнік «палітычнай культуры» ўжо тады быў вельмі нізкі: «3,75». Праз пару год пачаў рэзка зніжаецца і агульны паказнік дэмакратыі (у 2018 годзе ён склаў «2,94», то бок, ніжэйшы, чым для Беларусі).

Нешта падобнае адбывалася ў Македоніі, з тым адрозненнем, што пагаршэнне стану дэмакратыі не было настолькі выразным. У 2006 г. гэта краіна кваліфікавалася як «заганная дэмакратыя», а агульны паказнік дэмакратыі складаў «6,33». Але нізкі ўзровень «палітычнай культуры» (у 2006 ён, гэтаксама як у Расеі, быў «3,75») папярэднічаў паступовай эрозіі дэмакратыі як такой. У 2016 і 2017 паказнік дэмакратыі для Македоніі складаў усяго «5,23» і «5,27», які крыху павысіўся ў 2018 (5,87), але надалей па стане дэмакратыі краіна застаецца ў катэгорыі «гібрыдных рэжымаў».

У Бразіліі, хоць па стане на 2018 год узровень дэмакратыі надалей высокі («6,9»), то ўсё ж нізкі ўзровень падтрымкі для дэмакратыі-як-ідэі (у 2015 і 2016 – «3,75», а ў 2017 і 2018 – «5») папярэднічаў прыходу да ўлады ў кастрычніку 2018 г. Жаіра Балсанару, адкрытага прыхільніка аўтарытарызму. Існуе немалая верагоднасць, што з бягучага (2019) года таксама агуальны індэкс дэмакратыі ў гэтай краіне пачне зніжацца.

Ёсць таксама шэраг прыкладаў, калі высокі паказнік палітычнай культуры ў аўтарытарных краінах папярэднічаў паляпшэнню стану дэмакратыі. Напрыклад, у 2006 годзе палітычны рэжым М`янмы класіфікаваўся EIU як «жорстка-аўтарытарны», а індэкс дэмакратыі складаў усяго «1,77». Тымчасам паказнік «палітычнай культуры» складаў у 2006 годзе ажно «5,6». Праз пару год у гэтай краіне аўтарытарызм пачаў мякчэць, і ў 2016 годзе палітычная сістэма М`янмы трапіла ў катэгорыю «гібрыдных рэжымаў». І хоць у 2017-2018, у звязку з прыкрымі інцыдэнтамі ў Ракхайне, яна зноў вярнулася ў разрад «аўтарытарных», то ўсё ж шмат што ўказвае на тое, што працэс дэмакратызацыі гэтай краіны прадоўжыцца.

Яшчэ лепшым прыкладам з’яўляецца Туніс. У 2006 годзе індэкс дэмакратыі складаў крыху больш за «3» (горш, чым зараз у Беларусі), але паказнік палітычнай культуры быў надзвычай высокі: «6,88». Пачынаючы з 2011 года там прагрэсуе дэмакратызацыя: у 2014 годзе краіна пераступіла парог «заганных дэмакратыяў» і зараз знаходзіцца ў тым самым сямействе палітычных сістэм, што і ЗША, Францыя, Італія, Вугоршчына або Польшча.

Не варта, аднак, пераацэньваць фактар палітычнай культуры. Напрыклад, у Бурундзі паказнік палітычнай культуры амаль заўсёды быў высокі, але пры гэтым індэкс дэмакратыі цягам 2006-2018 з году ў год пагаршаўся і  палітычная сістэма гэтай краіны з «гібрыднай» ператварылася ў «жорстка-аўтарытарную». У Таджыкістане, Туркменістане, Узбекістане або Кітаі доўгі час утрымліваецца адносна высокая ступень «палітычнай культуры», але на ўзроўні практыкі сітуацыя сутнасна не мяняецца, ані ў напрамку пагаршэння, ані паляпшэння.

Такім чынам, падтрымка для дэмакратыі-як-ідэі – гэта даволі важны фактар дэмакратызацыі, але мусяць дадацца іншыя фактары, каб ён спрацаваў.

Заключэнне

У плане дэмакратызацыі ў 2018 годзе не адбылося сутнасных зменаў. Тым не менш, улічваючы, што змены ў гэтай сферы звычайна адбываюцца як эфект акумуляцыі, захаванне адносна высокага ўзроўню падтрымкі для дэмакратыі-як-ідэі, з’яўляецца добрым знакам і павышае імавернасць таго, што цягам наступнага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі [9] адбудуцца некаторыя змены ў напрамку практычнай дэмакратызацыі. Падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», што мела месца 1 сакавіка 2019 года Лукашэнка чарговы раз узняў пытанне канстытуцыйнай рэформы ў напрамку абмежавання паўнамоцтваў прэзідэнта і вяртання да рэальнага падзелу трох галінаў улады. Прэзідэнт і яго акружэнне наўрад ці вызначыліся з гэтым рашэннем, але выглядае на тое, што гэты варыянт разглядаецца ўсур`ёз, і гэта хутчэй пытанне часу, калі ён будзе запушчаны.

Зафіксаваны ў 2018 годзе высокі паказнік «дзяржаўнасці» змяшчае ў сабе і добрую, і кепскую навіну. Добрая навіна палягае ў тым, што развітыя дзяржаўныя структуры – гэта перадумова прадказальнасці, а прадказальнасць – перадумова не толькі эканамічнага развіцця, але таксама будавання грамадзянскай супольнасці. З другога боку, моцная дзяржаўная ўлада пры слабасці дэлібэратыўнай культуры [10], устойлівасці савецкай спадчыны [11] і нізкім узроўні стратэгічнай прыярытэтызацыі [12] можа азначаць замацаванне «дзяржава-цэнтрычнай» мадэлі грамадска-палітычнага жыцця.

------------

[1] Democracy in retreat. Freedom inthe world 2019. https://freedomhouse.org/report/freedom-world/freedom-world-2019/democracy-in-retreatDemocracy Index 2018: Me too? Political participation, protest and democracy. A report by The Economist Intelligence Unit.http://www.eiu.com/Handlers/WhitepaperHandler.ashx

[2] ВТІ Methodology, https://www.bti-project.org/en/about/project/methodology/

[3] Маюцца на ўвазе ўсе былыя савецкія рэспублікі плюс Манголія, мінус балтыйскія краіны.

[4] Bertelesmann Transformation Index, https://www.bti-project.org/en/key-findings/regional/post-soviet-eurasia/

[5] Рэпрэзентатыўная выбарка 1016 чалавек. Дадзеныя: http://kef.research.by/webroot/delivery/files/2018r2.xlsx

[6] Democracy Index 2018: Me too? Political participation, protest and democracy. A report by The Economist Intelligence Unit.http://www.eiu.com/Handlers/WhitepaperHandler.ashx?fi=Democracy_Index_2018.pdf&mode=wp&campaignid=Democracy2018

[7] Democracy Index 2018: Me too? Political participation, protest and democracy. A report by The Economist Intelligence Unit.http://www.eiu.com/Handlers/WhitepaperHandler.ashx?fi=Democracy_Index_2018.pdf&mode=wp&campaignid=Democracy2018

[8] The Economist Intelligence Unit’s index of democracy…; Democracy Index 2018: Me too? Political participation, protest and democracy. A report by The Economist Intelligence Unit.http://www.eiu.com/Handlers/WhitepaperHandler.ashx?fi=Democracy_Index_2018.pdf&mode=wp&campaignid=Democracy2018

[9] Імавернасць пройгрышу Лукашэнкам прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў 2019 або 2020 г., гэтаксама як імавернасць сумленных і празрыстых выбараў, крайне нізкая.

[10] Падрабязней пра гэта гл. У чым Беларусь перазыўходзіць заходнія краіны, а ў чым – адстае ад афрыканскіх?  Беларусь праз прызму міжнародных рэйтынгаў, «Аналітычны агляд BISS» № 1 (7 сакавіка 2019).

[11] Гл. апытанне BAW 44% белорусов – против переименования советских названий. «Сайт белорусских исследований», 22 ноября 2018 https://thinktanks.by/publication/2018/11/22/44-belorusov-protiv-pereimenovaniya-sovetskih-nazvaniy.html

[12] У чым Беларусь перазыўходзіць заходнія краіны, а ў чым – адстае ад афрыканскіх? Беларусь праз прызму міжнародных рэйтынгаў, «Аналітычны агляд BISS» № 1 (7 сакавіка 2019).