Як вывучаць каштоўнасці?

Дыскусія вакол новай праграмы BISS

Дыскусія вакол новай праграмы BISS

Прыблізна месяц таму Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) апублікаваў «Ценностные трансформации. Концептуально-методологический очерк». Нарыс быў сустрэты рознага роду водгукамі, як ухвальнымі, так і крытычнымі. Заўважым пры гэтым, што водгукі мы пачалі атрымліваць задоўга да публікацыі нарысу, паколькі ўжо на этапе стварэння чарнавіковай версіі гэты канцэпт у прыватным парадку абмяркоўваўся з экспертамі, журналістамі, актывістамі і замежнымі стэйкхолдэрамі. Усе атрыманыя заўвагі, спасярод якіх ёсць і востра-крытычныя, утвараюць магутны стымул для далейшай працы.

У першай частцы гэтага артыкула я коратка абрысую сутнасць новай даследніцкай праграмы BISS – на выпадак, калі хтось не мае часу чытаць шаснаццацістаронкавы нарыс (але нагадаю, што дэгустацыя ніколі не заменіць паўнацэннай трапезы). Затым адрапартую пра асноўныя крытычныя заўвагі да «Нарысу». А потым, канешне ж, распачну (але не скончу) адказ на заўвагі.

«Каштоўнасныя трансфармацыі» ў трох абзацах

Асноўная праблема любой сур`ёзнай рэформы заключаецца ў наступным: як перабудаваць дзяржаўна-бюракратычную структуру так, каб яна задавала спрыяльную сістэму стымулаў для X? Пад зменнай Х можа стаяць што заўгодна: прыватны бізнес, IT, выбарчы працэс, культура, адукацыя, нацыянальная ідэнтычнасць ігд. Лаўрэат прэміі па эканоміцы памяці Альфрэда Нобеля Дуглас Норт, дый шэраг іншых выдатных эканамістаў падкрэсліваюць, што перспектыва такой перабудовы моцна залежыць ад так званага «інстытуцыйнага складніка», які я прапаную называць «каштоўнасным складнікам».

Каштоўнасная сістэма – гэта сукупнасць нефармальных імператываў, якія прадвызначаюць суб`ектыўнае ўспрыняцце выгадаў і затратаў. Палітычнае і эканамічнае значэнне каштоўнасцяў стане асабліва яскравым, калі зважым на тое, што сістэма каштоўнасцяў абумоўлівае «аўтаматызацыю» ўспрыняцця выгадаў і затратаў. Каштоўнасная сістэма часцяком дае «гатовыя адказы» на пытанні тыпу: ці браць удзел у выбарах, ці не; ці галасаваць за Лукашэнку, ці не; ці выказвацца ў падтрымку анэксіі Крыму, ці не; ці падтрымліваць савецкую спадчыну, ці не; ці запачаткоўваць уласны бізнес, ці не; ці плаціць падаткі, ці не, і гэтай далей і далей.

Як выглядае наяўная сістэма каштоўнасцяў беларусаў? Якія ўнутры яе пад-сістэмы? Каторыя яе элементы змяняюцца, а каторыя – не? Якім чынам наяўныя каштоўнасці перакладаюцца на паводзіны індывідаў? Якім чынам грамадска-палітычная сістэма суадносіцца з каштоўнаснымі сістэмамі? Як і ў якой ступені можна змяняць каштоўнасную сістэму, і ці ўвогуле варта гэта рабіць? – гэта асноўныя пытанні новай праграмы BISS. Паколькі традыцыйныя метады даследавання – сацыялагічныя апытанні + інтуітыўная інтэрпрэтацыя – падаюцца тут недастатковымі, мы распрацавалі інавацыйны падыход, натхняючыся працамі трох нобелеўскіх лаўрэатаў: Дугласа Норта, Даніеля Канэмана і Рычарда Талера. Дадзеныя сацыялагічных апытанняў мусяць быць дапоўнены іншымі дадзенымі, а інтуітыўная інтэрпрэтацыя мусіць быць заменена больш строгімі і  вытанчанымі метадамі выяснення.

Крытыка «Нарысу»

Паколькі асноўная мэта тут – не персанальная палеміка, а пераадоленне недакладнасцяў або непаразуменняў, то прывяду крытычныя заўвагі без ўказвання аўтарства. Заўжды застаецца адкрытай магчымасць уступіць у больш «персаналізаваную» дыскусію, але ініцыятыва тут няхай сыходзіць ад саміх крытыкаў.

Вось асноўныя крытычныя заўвагі па «Нарысе» (спіс, хутчэй за ўсё, няпоўны, але даволі рэпрэзентатыўны):

1. «Каштоўнасці» і «інстытуты» ў разуменні Норта – гэта розныя рэчы, падчас як у «Нарысе» яны атаясамліваюцца (трактуюцца як сінонімы).

2. Катэгорыі «выгадаў» і «затратаў» ахарактарызаваны ў «Нарысе» некарэктна.

3. Тэза аб неэргадычнасці свету і імкненні людзей да змяншэння неакрэсленасці ўласціва не толькі новай інстытуцыйнай эканоміцы, але таксама аўстрыйскай школе і пост-кейнсіанцам [падчас як у «Нарысе» яна прыпісваецца толькі нэаінстытуцыяналістам].

4. Аналітычны апарат – гэта «мікс» розных тэрмінаў і паняццяў, узятых ад розных аўтараў і з розных кантэкстаў.

5. Падзел на Сістэму 1 і Сістэму 2, узяты ад Даніеля Канэмана, недастатковы. «Ёсць яшчэ сістэмы, якія узнікаюць як вынік “агульнай волі” – прыкладам, заканадаўства, якое не ўпісваецца ў згаданую дыхатамію».

6. «Нарыс» заяўляе пра намер выкарыстоўваць напрацоўкі Рычарда Талера, а гэта непажадана, паколькі Талер мае спрэчную рэпутацыю ў эканамічным свеце, а яго кацэпцыя «падштурхоўвання» ўяўляе з сябе сістэму маніпуляцый.

7. Спасылка на Насіма Талеба ў «Нарысе» – гэта даніна «модным» імёнам. Навуковай вартасці ідэі Талеба не маюць.

Прагматыка праграмы

Дзякую ўсім, хто выразіў заўвагі па «Нарысе». Сем пераказаных вышэй заўваг – гэта фактычна сем тэмаў на сем артыкулаў (якія ўсё ж рэдукуем да трох). Гэты артыкул з`яўляецца «нулявым» або «ўводным», таму, замест запачаткоўваць абмяркоўванне паасобных тэм, хацеў бы запрапанаваць некалькі  рэфлексій на тэму прагматыкі эксперцкага даследавання як такога, і даследавання па каштоўнасцях у прыватнасці.

Эксперцкае даследаванне – гэта разнавіднасць працэсу дасягнення аддаленых мэтаў. Калі хтось жадае займець свой уласны дом, то пускае ў ход ланцужок разважанняў прыкладна такога кшталту: Каб займець дом, трэба мець грошы, каб мець грошы, трэба змяніць працу на больш даходную, каб змяніць працу на больш даходную, трэба павысіць кваліфікацыі... У кантэксце эксперцкага даследавання дзейнічае тая ж самая логіка: Каб даведацца А, трэба выявіць Б, каб выявіць Б, трэба зразумець В... Нібыта відавочная рэч, але ў даследніцкай практыцы часта бывае так, што даследнікі «зацыкліваюцца» на нейкім з гэтых этапаў стратэгічнага ланцужка і не могуць пайсці далей або ідуць далей пры поўным разрыве з папярэднім этапам. Найбольш распаўсюджаныя тыпы такога зацыклівання: зацыкліванне на тэрмінах і зацыкліванне на тэорыях.

а) Зацыкліванне на тэрміналогіі. Роля тэрмінаў ў даследаванні – ні вялікая, ні малая: трапна называць аб`екты, пра якія мы збіраемся гаварыць у ходзе даследавання. Часам дзеля гэтага патрэбны дэфініцыі, а часам можна абысціся без іх; часам можна выкарыстаць ужо існуючы тэрмін, а часам трэба ўвесці новы; часам у якасці тэрміну больш аплочваецца выкарыстаць шматскладовае і замежнамоўнае слова, а часам можна абысціся простым словам узятым са штодзённай гаворкі. Які спосаб стварэння тэрміналогіі абраць – залежыць ад сітуацыі. Калі ёсць рызыка, што простае слова са штодзённага жыцця будзе спараджаць непаразуменні і непатрэбныя асацыяцыі, то тады больш апраўданым будзе адаптаваць ангельскае, лацінскае, старагрэцкае або яшчэ якое «несвойскае» слова. Калі прадбачым, што дэфініцыя ўвядзе большую яснасць ва ўжыванні тэрміну, тады яна цалкам дарэчы, а калі дэфініцыя менш ясная, чым сам тэрмін, то навошта тады ўвогуле дэфініцыя?

Тымчасам некаторыя (магчыма, многія) даследчыкі ператвараюць працэс «азначэння тэрмінаў» у самамэту і марнуюць не толькі свой уласны час на бясплодны занятак, але і час чытачоў, якія ім даверыліся. Некаторыя пішуць цэлыя артыкулы, а то і кнігі прысвечаныя пошукам «праўдзівага значэння» нейкага тэрміну, іншыя гатовы паралізаваць даследаванне патрабаваннем «дасканалай дакладнасці», яшчэ іншыя будуць бясконца цытаваць розных вядомых і невядомых аўтараў, каб пазней адкрыўчым тонам абвесціць банальную рэч, што «розныя аўтары па-рознаму разумеюць Х». Панацэя на тэрміналагічны паралюш: памятаць, што тэрмін – гэта этыкетка, якая можа быць зроблена з якога заўгодна матэрыялу, галоўнае, каб была карыснай у адрозніванні прадметаў аднаго тыпу ад прадметаў іншага тыпу.

б) Зацыкліванне на тэорыі. Асноўная роля тэорыяў – выяўляць сувязі паміж з`явамі або працэсамі. Калі пашанцуе, тэорыі могуць таксама служыць прагназаванню бліжэйшай будучыні.

У грамадскіх навуках рэдка бывае так, што тэорыя, распрацаваная ў адной частцы свету, можа быць жыўцом выкарыстана для вывучэння рэчаіснасці ў другой частцы. Яшчэ радзей бывае так, што ў ходзе прымянення існуючай тэорыі не трэба ўносіць у яе ніякіх карэктываў. Тэорыя – гэта не боскае аб`яўленне і не кампутарная праграма. Гэта набор інструментаў, якія, набыўшы, трэба ўсцяж дапасоўваць да канкрэтных патрэб.

Аналагічна як у выпадку тэрміналогіі, так і тут даследчыкі часам забываюць пра інструментальны характар тэорый і ператвараюць культываванне тэорый у самамэту. У гэтым плане выразна адчуваецца ўплыў герменеўтычнай традыцыі, згодна з якой грамадскія навукі – гэта  бясконцы серыял каментавання ўмоўна векапомных тэорый. Раскрыццё, што аўтар тэорыі «хацеў сказаць», становіцца больш важным, чым экспланацыйная або прагназавальная вартасць тэорыі. У кантэксце ж эксперцкага даследавання важна не столькі тое, што аўтар тэорыі хацеў або чаго не хацеў сказаць, а тое, які ўжытак можам з яе зрабіць.

Заканчэнне да гэтага артыкула і ўступ да наступнага

Аддаленай мэтай «Каштоўнасных трансфармацый» ёсць як мага больш поўны адказ на пытанне: што абумоўлівае наяўную грамадска-палітычную і эканамічную сістэму і як яе можна рэфармаваць? Частковы адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў ранейшых даследаваннях, асабліва тых, што BISS некалі праводзіў пад назвай «Сацыяльнага кантракту», хоць, безумоўна, гэта далёка не адзіны тып даследаванняў па гэтым пытанні. Нераскрытым фактарам, аднак, усцяж застаецца ментальнасць ,спосаб мыслення, жыццёвая філасофія, каштоўнасці ўдзельнікаў грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця.

Цягам гісторыі з`явілася шмат канцэпцый каштоўнасцяў. Ёсць агромністае мноства азначэнняў тэрміну «каштоўнасці». Мноства класіфікацый. Але далёка не кожную такую канцэпцыю можна выкарыстаць у экспертным даследаванні. Рэч у тым, што нас тут мала цікавіць «метафізічная сутнасць» каштоўнасцяў, а цікавіць перадусім тое, як каштоўнасці працуюць, якім чынам і ў якой ступені абумоўліваюць дзеянні або бяздзеянне ўдзельнікаў грамадска-палітычнага жыцця.

Адаптацыя тэорыі інстытутаў Норта і тэорыі дзвюх сістэм Канэмана падаецца тут выбарам найлепшым з магчымых. Аналагічна як у самой эканамічнай тэорыі, так і ў межах вывучэння каштоўнасцяў можна зрабіць добры ўжытак з прэзумпцыі (абмежаванай) рацыянальнасці чалавека. Норт і Канэман вартыя ўвагі тым, што даюць багата добрых падказак, як гэта можна рабіць. А пра тое, як суадносяцца нортаўскія «інстытуты» і нашы «каштоўнасці» – у наступным артыкуле.