Апазіцыйныя лідары распачынаюць падрыхтоўку да прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў 2019/2020

Апазіцыя працуе з расчараванымі ва ўладзе

Патэнцыйныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта пачалі аб’езды рэгіёнаў з мэтай узмацніць свае рэгіянальныя структуры напярэдадні выбараў. “Гавары праўду” арганізоўвае рэгіянальныя форумы, якія закліканы прыцягнуць увагу новых для апазіцыі аўдыторый. Лідары “За свабоду” Юрась Губарэвіч і БХД Павал Севярынец спрабуюць мабілізаваць свой актыў напярэдадні працэдуры першасных выбараў супольнага ад правацэнтрыстаў кандыдата ў прэзідэнты. Парламентарый Г. Канапацкая імкнецца пераадолець партыйны астракізм праз выхад на новыя группы актыўных грамадзян у рэгіёнах. Сацыял-дэмакраты працягваюць абнаўленне кіраўніцтва.

БНК: мёртвы сезон для палітычнага пратэсту

Гэтая восень не стала гарачай для Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК). Кіраўніцтва БНК паспрабавала змяніць свой падыход па арганізацыі пратэстаў выключна на цэнтральных вуліцах сталіцы і выехаць у рэгіёны з вялікім пратэстным патэнцыялам. Лідар БНК Мікола Статкевіч наведаў Берасце, дзе ўжо амаль год адбываюцца пратэстныя акцыі супраць будаўніцтва аккумулятарнага завода. Пры гэтым сілавікі не далі магчымасці палітызаваць пратэст па экалагічнай тэматыцы і затрымалі прадстаўнікоў БНК[1]. Праз некаторы час мясцовыя ўлады пайшлі на некаторыя саступкі пратэстоўцам і прызначылі паўторную экспертызу, каб супакоіць незадаволенасць грамадства шкоднай вытворчасцю.

Лідар БНК Н. Статкевіч спрабуе мабілізаваць пратэстны актыў з выкарыстаннем геапалітычнай павесткі і тэматыкі “пагрозы незалежнасці Беларусі з боку Крамля”. Адначасова крытыка БНК у бок іншых апазіцыйных партый пачынае павялічвацца, што звязана, па ўсёй верагоднасці, са спробай вярнуць пратэстны актыў і прыхільнасць з боку нацыянал-дэмакратаў. Тэматыка незалежнасці і пагрозы з боку Расіі актыўна выкарыстоўваецца партыяй БНФ, кіраўніцтва якой не падзяляе падыходу БНК па арганізацыі несанкцыянаваных вулічных акцый, але плануе вылучэнне свайго кандыдата ў прэзідэнты.

Спробы рэанімаваць палітычны пратэст у цэнтры сталіцы посьпеху не мелі. Цэнтр супрацьстаяння ў гэты час змясціўся ў Курапаты, дзе і сканцэнтраваўся асноўны вулічны актыў. Аднак пратэстныя акцыі супраць уладальнікаў забаўляльнага цэнтру ў народным мемарыяле ўзначалілі іншыя апазіцыйныя лідары, перш за ўсё сустаршыня Беларускай хрысціянска дэмакратыі (БХД) Павал Севярынец.

Разам з тым пасля змены Станіслава Шушкевіча на пасадзе кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ) чакаецца ажыўленне ў асяродку сацыял-дэмакратаў. Па ўсёй верагоднасці новы кіраўнік БСДГ Сяргей Чарачэнь, былы чалец Камуністычнай партыі Беларусі, мае пэўныя палітычныя амбіцыі, якія яму не атрымалася рэалізаваць у праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі[2]. Канешне, сумнеўна, што незарэгістраваная “Народная грамада” Н. Статкевіча, БСДГ і БСДП (Грамада) здолеюць дамовіцца наконт вылучэння супольнага кандыдата на пасаду прэзідэнта. Аднак перамовы паміж сацыял-дэмакратамі, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і Беларускай партыяй “Зяленыя” могуць актывізавацца напярэдадні выбараў.

 “Гавары праўду”: пазаканфліктныя спробы наладзіць узаемадзеянне з уладамі

“Гавары праўду” на чале с экс-кандыдатам ў прэзідэнты 2015 г Таццянай Караткевіч і главой штабоў кандыдатаў у прэзідэнты ў 2010 і 2015 гг Андрэем Дзмітрыевым працягвае дыстанцыянавацца ад іншых апазіцыйных арганізацый і рэалізоўваць сваю стратэгію, якая прадугледжвае дыялог з уладамі і працу з новымі аўдыторыямі. Арганізацыі атрымліваецца напрацаваць пэўны досвед супрацы з уладамі, што дазволяе правесці ў асобных буйных гарадах рэгіянальныя форумы і нават гарадскія свята. Гэтыя мерапрыемствы выглядаюць інструментам прыцягнення ў арганізацыю новых актывістаў, якія потым могуць стаць асновай камандаў кандыдатаў у дэпутаты парламента і кандыдата на пасаду прэзідэнта.

“Гавары праўду” пастаянна праводзіць кампаніі па мясцовай павестцы. Гэта дазваляе новым валанцёрам напрацаваць досвед збору подпісаў, што асаблівае значэнне мае для вылучэння кандыдата ў прэзідэнты. Так, адны з найбольш колькасных апазіцыйных партый – Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) і “Справядлівы свет” – не здолелі сабраць неабходныя 100 тыс. подпісаў, каб вылучыць сваіх лідараў на прэзідэнцкую пасаду ў 2015 годзе.

Варта адзначыць, што акрамя “Гавары праўду” нізавую актыўнасць па правядзенню грамадскіх кампаній і зборы подпісаў пад петыцыямі праводзяць на сталай аснове БХД, “За свабоду” і Брэсцкая абласная органiзацыя БСДП.  Пры гэтым у дадатак да досьведу актыва па сборы подпісаў арганізацыі маюць адпаведную базу сваіх прыхільнікаў, на якіх яны могуць спадзявацца пры вылучэнні сваіх кандыдатаў як у парламент, так і ў прэзідэнты.

Правацэнтрысты: мабілізацыя рэгіянальнага актыва напярэдадні праймерыз

Лідары правацэнтрыстаў распачынаюць выезды ў рэгіёны для мабілізацыі актыва напярэдадні пачатку працэдуры вылучэння супольнага кандыдата ў прэзідэнты. Відавочнай актыўнасцю адзначаецца сустаршыня БХД Павал Севярынец і лідар “За свабоду” Юрась Губарэвіч. АГП пакуль перажывае не лёгкія часы ў сувязі з ратацыяй кіраўніцтва. Партыя не мае кандыдатуры на статус кандыдата ў прэзідэнты, якая бы публічна абвесціла аб намеры вылучыцца для ўдзелу ў праймерыз. Гэта не выключае вяртання да актыўнай партыйнай дзейнасці былога старшыні АГП Анатоля Лябедзькі разам з удзелам у першасных выбарах правацэнтрыстаў.

Нягледзячы на першапачатковую заяву БХД аб магчымай змене вылучэнца на праймерыз, фаварытам застаецца Павал Севярынец. Так, канкурэнцыю П. Севярынцу імкнецца складаць новая сустаршыня Вольга Кавалькова, а канчатковае рашэнне плануецца агучыць пасля сустрэч у рэгіёнах. Аднак на рэгіянальных сустрэчах фактычную падтрымку атрымлівае П. Севярынец. Сустаршыня БХД імкнецца кансалідаваць вакол сябе апазіцыйны актыў. Арыентацыя на цвёрдых апанентаў беларускага кіраўніцтва, сярод якіх распаўсюджаны байкотныя настроі, прымушае П. Севярынца выкарыстоўваць часам адпаведную рыторыку.

У апошні час правацэнтрысты ўзмацнілі свае міжнародныя сувязі і падтрыку. Услед за БХД статус назіральніка ў Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) атрымаў рух “За свабоду”. Гэта дазваляе правацэнтрыстам прыцягваць больш увагі заходніх палітыкаў да Беларусі, у тым ліку з крытычнымі рэзалюцыямі па сітуацыі ў краіне[3].

Парламентарый Г. Канапацкая: спроба атрымаць падтрымку ў рэгіёнах

Парламентарый Ганна Канапацкая, якая з’яўляецца чальцом АГП, не выключае свайго вылучэння на пасаду прэзідэнта краіны. Па ўсё верагоднасці, яна не мае дастатковай падтрымкі сярод актыву і кіраўніцтва партыі для ўдзелу ў мяркуемых праймерыз правацэнтрыстаў. Тым не менш, дэпутат Г. Канапацкая спрабуе выйсці на новыя аўдыторыі з дапамогай рэгіянальных сустрэч. Пры гэтым яна імкнецца ўзаемадзейнічаць з іншымі партнёрамі па правацэнтрысцкай кааліцыі, галоўным чынам, хрысціянскімі дэмакратамі.

Напэўна, ініцыяваны Г. Канапацкай рух “Вперед, Беларусь!” для рэкрутацыі актыву пакуль застаецца больш віртуальнай ініцыятывай, якая імкнецца стварыць базу сваіх прыхільнікаў. Пазней, па ўсёй верагоднасці, мяркуецца мабілізацыя гэтых прыхільнікаў на парламенцкіх або прэзідэнцкіх выбарах. Аднак застаецца пытаннем, ці здолее Г. Канапацкая знайсці адпаведныя людскія і фінансавыя рэсурсы для таго, каб выкарыстаць напрацоўкі і наладзіць функцыянаванне агітацыйнага механізма.

Выбарчы кантэкст: дэпалітызацыя грамадства ўладамі

Хутчэй за ўсё ўмовы для правядзення агітацыі будуць менш спрыяльнымі або не лепшымі, чым падчас правядзення папярэдніх парламенцкіх выбараў. Па ўсёй верагоднасці, падтрымка беларускага кіраўніцтва знаходзіцца на невысокім узроўні, што адпаведна падштрухоўвае кіраўніка дзяржавы да звужэння поля магчымасцяў для дзейнасці апазіцыі.

Незалежныя сацыялагічныя цэнтры даюць дастаткова высокія звесткі наконт даверу да прэзідэнта на фоне іншых грамадскіх інстытутаў. Аднак недавер да інстытута прэзідэнта ўсё ж такі некалькі пераўзыходзіць узровень даверу[4]. Пры гэтым узровень электаральнай падтрымкі можна вызначыць толькі ўскоснымі сведчаннямі.

Беларускія ўлады адмовіліся ад маштабнага падвышэння дабрабыту насельніцтва, каб палепшыць электаральныя рэйтынгі, яшчэ перад выбарамі 2015 г. Замест гэтага беларускае кіраўніцтва робіць стаўку на дэпалітызацыю грамадства і рутынізацыю выбараў, каб зрабіць іх менш цікавымі для выбарцаў.

Улады ніяк не могуць дамовіцца з МВФ наконт крэдытнай падтрымкі і не хочуць ісці на саступкі ў бліжэйшыя два гады па структурнаму рэфармаванню эканомікі[5]. Пры гэтым, у адрозненне ад папярэдняй праграмы 2009-2010 года замежныя крэдыторы больш жорстка абумоўліваюць падтрымку Беларусі.

Прэзідэнт А. Лукашэнка быў упэўнены у перамозе на выбарах 2010 года і, верагодна, валодаў адносна высокай падтрымкай і шырокай электаральнай базай, што дазволіла ў 2007 годзе пайсці насустрач патрабаванням МВФ па рэфармаванні эканомікі. Гэта таксама спрыяла лібералізацыі палітычнага жыцця і пашырэнню магчымасцяў для апазіцыйных кандыдатаў падчас агітацыйнай кампаніі на прэзідэнцкіх выбарах 2010. Звычайна, дыктатары, якія маюць падтрымку шырокіх сацыяльных групаў і высокія шанцы на перамогу ў выбарах, як правіла, прымаюць ўмовы дэмакратызацыі ў абмен на замежную дапамогу[6].

Зараз электаральная база падтрымкі дзеючага кіраўніцтва звужаецца. Падчас пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах у 2017 годзе на вуліцы выходзілі новыя групы насельніцтва, якія раней разглядаліся як прыхільнікі дзеючага кіраўніцтва. Асобныя апазіцыйныя партыі спрабуюць змясціць фокус сваёй увагі і пачынаюць працаваць з новымі групамі насельніцтва, якія незадаволены існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкай. Пры гэтым, падаецца, што партыі знаходзяць новыя механізмы камунікацыі сваіх ідэй выбарцам і абыходзяць манаполію дзяржаўных СМІ на фармаванне інфармацыйнага парадку дня. Прычым мова і пазіцыя беларускіх палітыкаў пачынаюць адпавядаць чаканням насельніцтва і атрымліваць інфармацыйны рэзананс, пакуль што ў сацыяльных сетках.

Такім чынам, паспяховасць агітацыйных кампаній апазіцыйных партый будзе залежаць ад таго, наколькі яны здолеюць палітызаваць насельніцтва і прыцягнуць увагу грамадства да выбараў. Пераключэнне ўвагі часткі апазіцыйных партый на новыя аўдыторыі змяншаюць напружаннасць унутры апазіцыі, звязаную з барацьбой за ўнутрыапазіцыйнае лідарства і актыў. Гэта таксама ўплывае на пошук спосабаў прыцягненне ўвагі з боку новых групаў выбарцаў да апазіцыйных лідараў. Асаблівае значэнне мае выкарыстанне Інтэрнета і сацыяльных сетак, дзе дзяржаўныя прапагандысты прайграюць у канкурэнцыі з апазіцыйнымі палітыкамі за ўвагу беларускага выбарніка.



[1] Статкевіч прыехаў у Берасьце на акцыю супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яго і некалькіх пратэстоўцаў затрымаліhttps://www.svaboda.org/a/29542581.html

[2] Бізнэсмен-камуніст, які перахопіць партыю ў Шушкевіча, расказаў навошта яму гэта трэба https://nn.by/?c=ar&i=215691

[3] Situation in Belarus https://www.epp.eu/papers/situation-in-belarus-2/

[4] https://news.tut.by/economics/615958.html?crnd=87909

[5] https://naviny.by/article/20181119/1542605161-belarus-poluchit-kredit-mvf-posle-politicheskoy-vakhanalii

[6] Wright, Joseph. How Foreign Aid Can Foster Democratization in Authoritarian Regimes? / Joseph Wright. - In: American Journal of Political Science, 2009, Vol. 53, No. 3 - pp. 552-571.