Інфармацыйны ўплыў Расii ў Беларусi: асноўныя каналы i ўразлiвыя групы

Галоўнае акно ў «русский мир» – тэлевiзар

Беларускія аналітыкі і журналісты актыўна абмяркоўваюць тэму інфармацыйнай пагрозы з Усходу 2014 году. Кантраляваныя крамлём СМІ аказаліся магутным вайскова-палітычным інструментам і адыгралі выключна важную ролю ў анексіі Крыму і пачатку вайны ў Данбасе. Тэндэнцыйныя паведамленні пра «інспіраваны Захадам пераварот у Кіеве» і «генацыд рускамоўнага насельніцтва ва Украіне» не толькі згуртавалі расійскае грамадства вакол сваіх уладаў, але і падштурхнулі тысячы грамадзянаў Украіны выступіць супраць сваіх.

Напрыканцы 2017 году аналітыкі EAST Center правялі даследаванне з мэтай ацаніць сілу ўплыву расійскіх СМІ ў Беларусі, а таксама высветліць, наколькі беларускае грамадства ўспрымальнае да інфармацыі, якую распаўсюджваюць пракрамлёўскія СМІ. Аўтары даследавання прааналізавалі вынікі раней праведзеных сацыялагічных апытанняў і правялі экспертныя інтэрв’ю з прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Даследаванне было часткай больш шырокага праекту па ацэнцы расейскага інфармацыйнага ўплыву у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. На высновах EAST Center у вялікай ступені грунтуецца гэты артыкул.

Галоўнае акно ў «русский мир» – тэлевiзар

З усіх краінаў рэгіёну Беларусь з’яўляецца найбольш уразлівай на ўздзеянне расійскай дзяржаўнай прапаганды. На думку апытаных экспертаў, большасць беларускага насельніцтва успрымае такія падзеі, як вайна ва Украіне і Сірыі, альбо супрацьстаянне Расіі з Захадам менавіта так, як яны паказваюцца ў кантраляваных расійскім урадам СМІ. Пацверджаннем таму можа служыць падтрымка пераважнай большасцю беларускага насельніцтва анексіі Крыму Расіяй [1], а таксама надзвычай высокі рэйтынг расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна [2].

Асноўным каналам расійскага інфармацыйнага ўплыву на сёння з’яўляецца тэлебачанне. Згодна з даследаваннямі, праведзенымі Беларускай аналітычнай майстэрняй, расійскія тэлеканалы застаюцца асноўнай крыніцай інфармацыі для 43% беларусаў. Па сваёй папулярнасці гэтая крыніца навінаў саступае толькі дзяржаўнаму беларускаму тэлебачанню і (71,3%) і родным ды сябрам (62,1%). На чацвёртым месцы знаходзяцца сацыяльныя сеткі і блогі. Сайты незалежных медыяў у 2017 годзе знаходзіліся на шостым месцы (24,7%), саступаючы дзяржаўным газетам (28,6%) [3].

Паводле дадзеных апытання,праведзенага кампаніяй SATIO у верасні 2015 году, доля тэлегледачоў сярод дарослага насельніцтва ў Беларусі складае 84,7% [4]. Спіс 10 самых папулярных тэлеканалаў у Беларусі выглядае наступным чынам.

Інфармацыйны ўплыў Расii ў Беларусi: асноўныя каналы i ўразлiвыя групы

Аўдыторыя СМІ разлічана як доля рэспандэнтаў, якія заявілі, што карысталіся той ці іншай крыніцай інфармацыі на працягу 30 дзён, што папярэднічалі апытанню.

Пры гэтым дзяржаўныя беларускія тэле- і радыёканалы ў асноўным транслююць кантэнт, выраблены ў Расіі. У 2016 г. намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі прызнаўся, што доля расейскіх інфармацыйных прадуктаў на радыё і тэлебачанні дасягае 65% [5]. Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы паказваюць не толькі расійскія фільмы, серыялы і забаўляльныя праграмы. Яны таксама транслююць у прайм-тайм навінавыя праграмы і палітычныя ток-шоў, вырабленыя падкантрольнымі Крамлю СМІ.

Беларускія эксперты, з якімі былі праведзеныя інтэрв’ю, адкрыта заяўляюць, што карціна свету сярэднестатыстычнага беларуса сфармавана Масквой, а не Мiнскам:

«Меркаванні беларусаў адносна сусветнай палітыкі, геапалітычных пытанняў, канфліктаў у рэгіёне, і нават найбольш важных аспектаў беларускай ідэнтычнасці, фармуецца расійскім тэлебачаннем. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што 60-65% беларусаў глядзяць на свет праз прызму расійскіх тэлеканалаў. Я думаю, нават Аляксандр Лукашэнка занепакоены гэтым фактам, паколькі ён усведамляе, што не кантралюе інфармацыйную прастору ў сваёй уласнай краіне» [6].

Пагроза з Iнтэрнэт-прасторы

Інтэрнэтам у Беларусі карыстаецца 63,8% дарослага насельніцтва, або больш за 5 мільёнаў чалавек [7]. У беларускім сеціве доля расейскіх СМІ істотна ніжэйшая, чым на тэлебачанні. Галоўнымі навінавымі сайтамі для беларускай аўдыторыі застаюцца беларускія парталы TUT.BY і Onliner.by. Аднак казаць, што ўплыў Рунэту на беларускую інтэрнэт-прастору малазначны, будзе памылкай. У верасні 2015 году адразу пасля TUT.BY (39%) і Onliner.by (21,9%) у якасці найбольш папулярных інфармацыйных рэсурсаў беларусы называлі расійскія агрэгатары навінаў News.mail.ru (18,5%) і News.yandex.by (14%) [8].

Беларускія інтэрнэт-рэсурсы канкуруюць на беларускім інфармацыйным полі з кантраляванымі Крамлём сайтамі, якія прасоўваюцца не ў апошнюю чаргу дзякуючы расійскім навінным агрэгатарам. Палову пазіцыяў у дзясятцы самых папулярных навінавых сайтаў Беларусі надзейна трымаюць падкантрольныя Крамлю рэсурсы.

Інфармацыйны ўплыў Расii ў Беларусi: асноўныя каналы i ўразлiвыя групы

Крыніца: SimilarWeb statistics

Значнымі гульцамі ў беларускай інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца беларускія сайты naviny.by (інфармагенцтва БелаПАН), NN.by (газета «Наша Ніва»), kp.by (газета «Комсомольская правда в Беларуси»), belta.by (Беларускае тэлеграфнае агенцтва) [9]. Пры гэтым кожны з іх саступае лідарам рэйтынгу TUT.BY і Onliner.by больш чым у 10 разоў, а расійскім сайтам Lenta.ru і Vesti.ru – у два-тры разы [10].

Да нядаўняга часу трэцім па папулярнасці беларускім інфармацыйным рэсурсам быў сайт Charter97.org, аднак у студзені 2018 году Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да яго беларускім карыстальнікам [11]. У выніку наведвальнасць сайту з Беларусі скарацілася ў 6 разоў.

Чарговым каналам распаўсюджвання пракрамлёўскіх месаджаў можна назваць сацыяльныя сеткі. Паводле дадзеных GemiusAudience за жнівень 2016 году, неаспрэчнае лідарства па папулярнасці сярод беларускай інтэрнэт-аўдыторыі трымаюць расейскія сацсеткі vk.com (57% інтэрнэт-карыстальнікаў) і ok.ru (32%). Аўдыторыя «Фэйсбука» амаль утрая меншая за аўдыторыю «Вконтакте» – 22% карыстальнікаў Байнэту [12].

Большасць пракрамлёўскіх грамадска-палітычных групаў ў «Вконтакте» – як агульных («Вежливые Люди», «Сводки от ополчения Новороссии»), так і скіраваных на беларускую аўдыторыю («Витебск Против», «Адекватный Витебск», «Мы патриоты Белой Руси!», «Патриоты Союза – Беларусь и Россия вместе!») – налічваюць не больш за 5 тысячаў удзельнікаў з Беларусі.

Самая значная колькасць беларусаў зарэгістравана ў групах «АнтиМайдан» (6,5 тыс.), «Здоровая Русь – Россия Украина Беларусь» (9 тыс.), «За сильную и процветающую Беларусь» (14 тыс.), «Беларусь, Россия, Украина – Русь! Славяне» (8,5 тыс.), а таксама ў некалькіх групах пад назвай «Эту страну не победить!» Апошнія налічваюць ад 33 да 70 тысяч удзельнікаў з Беларусі.

Ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што некаторыя групы групы прарамлёўскага накірунку, разлічаныя на беларускую аўдыторыю («Змагар – использованная прокладка», «Мая краіна Крэсы Ўсходнiя») былі створаныя адміністратарамі з Расіі.

Колькасць беларусаў сярод удзельнікаў расійскіх нацыяналістычных суполак параўнальная з колькасцю ўдзельнікаў прабеларускіх суполак: «Я – беларус» (6,5 тыс.), «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!» (7 тыс.) «Будзьма Беларусамі!» (9 тыс.), «Мы за незалежную Беларусь» (34,6 тыс.), «Мая краіна Беларусь» (92 тыс.).

Пакуль цяжка сцвердзіць, які мабілізацыйны патэнцыял маюць пракрамлёўскія суполкі ў сацыяльных сетках. У апошнія гады найбольш паказальнай акцыяй, арганізаванай пры іх дапамозе, можна назваць шэсце «Бессмертный полк» 9 траўня 2018 года. У гэты дзень беларускія ўлады арганізавалі аналагічнае шэсце «Беларусь помнит». Аднак у Мінску каля 1000 чалавек кінулі ўладам выклік, і нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага дазволу, правялі сваю акцыю [13]. Яшчэ каля 600 чалавек удзельнічалі ў паралельным афіцыйнаму шэсці «Бессмертный полк» ў Віцебску [14].

Згодна з падлікамі, праведзенымі беларускімі блогерамі, пракрамлёўскія групы ў сацсетках карыстаюцца адносна большай папулярнасцю ў невялікіх гарадах і рэгіянальных цэнтрах, асабліва на ўсходзе краіны [15]. На гэтую аўдыторыю разлічаныя і некаторыя сайты з пракрамлёўскай рыторыкай – напрыклад, магілёўскі сайт mogilew.by, гомельскі sozh.info, а таксама сайт віцебскіх рэгіянальных навінаў vitbich.org. Усімі рэсурсамі кіруюць ананімныя рэдакцыі, а графічны дызайн сайтаў звяртае на сябе ўвагу сваім падабенствам.

Уразлiвыя групы: пенсiянеры, збяднелыя, жыхары рэгiёнаў

У Беларусі не праводзілася спецыяльных даследаванняў, якія ацэньвалі б успрымальнасць тых ці іншых групаў грамадства да інфармацыі, якую распаўсюджваюць пракрамлёўскія СМІ. Тым не менш, вынікі сацыялагічных апытанняў і назіранні аналітыкаў EAST Center дазваляюць вызначыць асноўныя сацыяльна-эканамічныя, прафесійныя і культурныя групы, найбольш падатлівыя на ўплыў падкантрольных расійскаму ўраду мас-медыя.

Розныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ідэя інтэграцыі з Расіяй мае найбольшую падтрымку сярод людзей, якім цяжка адаптавацца да рынкавай эканомікі, якія баяцца рэформаў і, адпаведна, падтрымліваюць захаванне цяперашняй эканамічнай мадэлі, якая грунтуецца на цесных сувязях з Расіяй. Часцей за ўсё, гэта людзі старэйшыя за 40 гадоў, з адносна нізкім узроўнем даходу і адукацыяй, якія пражываюць у невялікіх гарадах ці сельскай мясцовасці [16].

Гэтыя сцвярджэнні часткова пацвярджаюцца дадзенымі апытанняў, што вывучаюць густы беларусаў у галіне СМІ. Расійскія тэлеканалы і Рунэт найбольш папулярныя сярод жыхароў невялікіх гарадоў (з насельніцтвам ад 10 да 50 тыс.) і рэгіянальных цэнтраў. Папулярнасць расійскіх СМІ вышэйшая ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі – Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласцях [17].

Да найбольш небяспечных і разам з тым папулярных наратываў, якія распаўсюджваюцца пракрамлёўскімі СМІ, можна аднесці сцвярджэнні пра адсутнасць нацыянальных адрозненняў беларусаў ад расіян, а значыць і права беларусаў на суверэнную дзяржаву; пра «штучнасць» беларускай дзяржаўнасці і мовы; пра эканамічную нежыццяздольнасць беларускай дзяржавы; пра «няўдзячнасць» і «здраду» беларускага кіраўніцтва ў стасунку да Расіі; а таксама атаясамленне носьбітаў беларускай мовы і культуры з «фашыстамі», а развіцця нацыянальнай культуры – з «фашызмам і нацыяналізмам».

Гэтыя сцвярджэнні найбольш уплываюць на людзей, якія а) з-за сваёй культуры схільныя да іх успрымання, б) актыўна спажываюць расейскія медыяпрадукты, в) не вераць у тое, што іх эканамічнае становішча можа быць палепшана іх уласнымі намаганнямі, і звязваюць надзеі на пазітыўныя перамены з Расіяй.

Першая група, асабліва падатлівая на расейскую праўладную прапаганду, – беларуская армія і ўнутраныя войскі. Паводле сваёй арганізацыі, ідэалогіі і культуры, беларуская армія застаецца працягам савецкіх узброеных сілаў. Афіцэры беларускай арміі часцяком настальгуюць па СССР, дзе вайскоўцы займалі прывілеяванае становішча. Ідэалогія беларускіх узброеных сілаў шмат у чым трымаецца на ідэі, што рускія і беларусы з`яўляюцца «адным народам» [18]. Беларускае вайсковае кіраўніцтва лічыць Захад асноўным непрыяцелем абедзвюх краінаў [19]. У арміі ў цэлым назіраецца варожае стаўленне да беларускай мовы.

Другая група, якая лічыць расійскую дзяржаўную прапаганду дастаткова пераканаўчай, – пенсіянеры. Большасць з іх актыўна спажывае вырабленыя ў Расіі телепрадукты, настальгуе па савецкім часе і знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, што робіць іх залежнымі ад дзяржавы. Інфармацыя, якую яны атрымліваюць з пракрамлёўскім СМІ, адпавядае іх перакананням і страхам [20].

Трэцяя ўспрымальная да пракрамлёўскага медыякантэнту катэгорыя складаецца з людзей, якія ў выніку эканамічнага крызісу страцілі стабільны даход або працу. Гэта дробныя прадпрымальнікі, рабочыя дзяржаўных прадпрыемстваў, што знаходзяцца на мяжы банкруцтва, а таксама людзі, звольненыя з дзяржпрадпрыемстваў і органаў дзяржаўнага кіравання. Многія грамадзяне, якія ўваходзяць у гэтую катэгорыю, жывуць у абласных цэнтрах і малых гарадах. Некаторыя з тых, хто не можа працаўладкавацца, ускладаюць на Расію надзеі на паляпшэнне свайго становішча.

Нарэшце, паведамленні, якія распаўсюджваюцца пракрамлёўскімі СМІ, часцяком карыстаюцца вялікім даверам сярод актыўна практыкуючыхправаслаўных вернікаў. У апошнія гады неаднаразова з`яўляліся паведамленні аб праваслаўных прыходах, у якіх рускія нацыяналісты праводзілі трэніроўкі па баявой падрыхтоўцы для беларускай моладзі [21], а таксама сустрэчы з прапагандыстамі [22].

Ацэнкi i рэкамендацыi 

Сацыёлагі сцвярджаюць, што сярэдні беларус давярае расейскім СМІ больш, чым сваім айчынным – як дзяржаўным, так і незалежным [23]. Праз прызму расейскіх мас-медыяў і жыццёвага ўзроўню Масквы, Пецярбурга ці Цюмені Расія можа падавацца значна больш эканамічна развітай, дынамічнай, сучаснай і нават больш плюралістычнай і дэмакратычнай краінай, чым пагружаная ў стагнацыю Беларусь. Беларускае грамадства фактычна жыве ў інфармацыйнай і культурнай прасторы суседняй дзяржавы і застаецца вельмі ўразлівым на пасланні, якія распаўсюджваюцца дзяржаўнымі расійскімі СМІ.

Гэтая ўразлівасць тлумачыцца цэлым шэрагам фактараў: эканамічнай залежнасцю, ад Расіі; жорсткай палітыкай русіфікацыі, якую доўга праводзіў афіцыйны Мінск; міжасабовымі сувязямі паміж грамадзянамі дзвюх краінаў; ідэалогіяй беларускіх уладаў, якая доўгі час грунтавалася на ідэі сумеснага з Расіяй супрацьстаяння заходняму дэмакратычнаму свету. Цяпер эканамічны крызіс у Беларусі адкрывае перад Крамлём дадатковыя магчымасці для інфармацыйнага ўплыву.

Аналітыкі EAST-Center распрацавалі шэраг рэкамендацый па змяншэнні інфармацыйнага ўплыву ўсходняга суседа. Галоўная з іх заключаецца ў дыверсіфікацыі крыніцаў інфармацыі. Беларускім дзяржаўным тэлеканалам рэкамендуецца скарачаць расійскі палітызаваны і навінавы кантэнт. Таксама неабходна павышаць долю нерасійскіх забаўляльных праграм і фільмаў. Гэта можна зрабіць як ствараючы ўласны кантэнт, так і купляючы фільмы ды ліцэнзіі на тэлеперадачы за мяжой. Вялікія намаганні павінныя быць зробленыя ў галіне папулярызацыі беларускай мовы. Акрамя таго, уладам рэкамендуецца пачаць дыялог з журналісцкай супольнасцю і калі не лібералізаваць медыяпрастору, то хаця б павысіць канкурэнцыю паміж дзяржаўнымі каналамі.

Нельга сказаць, што ўлады не ўсведамляюць пагрозы для беларускай дзяржаўнасці, звязаныя з дамінацыяй пракрамлёўскіх СМІ. У апошнія месяцы трансляцыя палітызаваных расійскіх праграм сапраўды скарацілася. Ток-шоў «Место встречи» на канале «НТВ-Беларусь» і «Время покажет» на ОНТ зніклі з эфіру. У лютым 2018 году было змененае кіраўніцтва дзяржаўных СМІ [24]. Тэлеканалы пачалі закранаць больш вострыя сацыяльныя тэмы, намагаючыся павысіць давер да дзяржаўнага тэлебачання. У лістападзе 2017 году была створаная Міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы, у якую ўвайшлі ключавыя сілавікі і некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ [25].

Разам з тым кіраўніцтва краіны не змяніла свайго варожага стаўлення да незалежных беларускіх СМІ. У студзені 2018 году Мінінфарм заблакаваў партал «Хартыя’97». Улады працягваюць штрафаваць журналістаў тэлеканалу «Белсат», а супраць кіраўніка інфармагенцтва БелаПАН узбудзілі крымінальную справу [26].

Варта зазначыць, што антыдот для расійскай дзяржаўнай прапаганды трэба шукаць не толькі ў інфармацыйнай сферы. Беларускаму кіраўніцтву неабходна стымуляваць развіццё беларускай культуры (ці хаця б не перашкаджаць яе развіццю) і ўзмацняць нацыянальную самасвядомасць. Таксама жыццёва важна развіваць эканоміку малых гарадоў і ўсходніх рэгіёнаў краіны, ствараць людзям працоўныя месцы і новыя крыніцы даходаў. Без узмацнення нацыянальнай самасвядомасці і вырашэння сацыяльна-эканамічных праблемаў зменшыць пагрозу расійскай інфармацыйнай зброі не ўдасца.

-------------------

 

[1] Опрос: 7% белорусов хотят визы с Россией, каждый шестой хочет объединения двух стран. (17 траўня 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/economics/543469.html

[2] Опрос: две трети белорусов положительно относятся к Путину и отрицательно – к Порошенко (17 траўня 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/economics/543591.html

[3] Соцопрос: белорусы все меньше доверяют госСМИ. (22 мая 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/ economics/544272.html

[4] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. (2015). Минск: САТИО. Стр. 9.

[5] 65% контента в белорусских СМИ – российский. (16 мая 2016). [Marketing.by]: http://marketing.by/novosti-rynka/65-kontenta-v-belorusskikh-smi-rossiyskiy/ 

[6] Валер Карбалевіч, Радыё «Свабода» (RFE/RL). палітычны каментатар. Жнівень, 2017.

[7] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. Стр. 9.

[8] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. Стр. 53.

[9] Красавік 2018. Рэйтынг наведвальнасці беларускіх інфармацыйных сайтаў (8 траўня 2018). [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=209283

[10] SimilarWeb statistics: https://www. similarweb.com

[11] Мінінфарм растлумачыў, за што заблакаваў Хартыю`97. Але без канкрэтыкі (25 студзеня 2018). [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=203736

[12] Крыху свежай статыстыкі Байнэта і сацыяльных сетак (10 кастрычніка 2017) . [Беларуская асацыяцыя журналістаў]: https://baj.by/be/analytics/kryhu-svezhay-statystyki-bayneta-i-sacyyalnyh-setak

[13] Андрэева, К., Арахоўская І. Сталін, трыкалоры, «Слава Расеі». Як у Менску прайшла акцыя «Бессмертный полк». (9 траўня 2018) . [Белсат]: https://belsat.eu/news/kardonny-stalin-trykalory-slava-rasei-yak-u-mensku-prajshla-aktsyya-bessmertnyj-polk/

[14] Васильева, Т. В Витебске «Бессмертному полку» не разрешили пройти отдельной колонной. Но люди вышли! (10 траўня 2018). [Витебский курьер]:https://vkurier.by/137814

[15] https://twitter. com/maksimstefanov1/ status/906492788291895297

[16] Коровенкова, Т. Белорусы предпо­читают любить Россию на расстоянии [БелаПАН]: http://tiny.cc/ naviny2017; Melyantsou, D. (2015, May 13). REFORUM: geopolitics and reforms: who do reformers have to rely on? [BISS]: http:// belinstitute.eu/en/node/2530; Belarus and the World: Geopolitical Choice and Security in the Light of Economy and Culture. (2010, October 6). [BISS]: http://belinstitute. eu/en/node/835

[17] Белорусские средства массовой информации: количественный анализ. Стр. 35.

[18] Канявец, З. (27 лютага  2017). Бе­ларускі рэзервіст: 12 урокаў войска [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=144528

[19] Ларчанка, М. (5 красавіка 2014). У нашай арміі не любяць Лукашэнку [Charter97.org]: https://charter97.org/be/ news/2014/5/4/97313/

[20] Андрэй Вардамацкі, дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні, інтэрв`ю ў лістападзе 2017 г. 

[21] Гарбацэвіч, А. (16 траўня 2016). Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расію ў трэніровачныя лагеры пад кіраўніцтвам неанацыстаў [Наша Ніва]: https://nn.by/?c=ar&i=170171 

[22] «Прысутныя тут мужчыны возьмуць удзел у вайне за Святую Русь». «Падпалкоўнік ГРУ» выступіў у мінскім пра­васлаўным манастыры. (9 кастрычніка 2017). [Наша Ніва]: https:// nn.by/?c=ar&i=197200

[23] Соцопрос: белорусы все меньше доверяют госСМИ. (22 мая 2017). [TUT.by]: https://news.tut.by/ economics/544272.html

[24] Лукашенко сменил руководство государственных СМИ. [TUT.by]. (6 лютага 2018): https://news.tut.by/economics/579931.html 

[25] Межведомственная комиссия по безопасности в информационной сфере создана в Беларуси. [Национальный правовой интернет-портал]. (20  лістапада 2017):  http://pravo.by/novosti/novosti-pravo-by/2017/november/26439/

[26] У дырэктара БелаПАН Алеся Ліпая адбыўся ператрус. Яго дапыталі ў ДФР, пасля чаго адпусцілі [Праваабарончы цэнтр “Вясна”]. (14 чэрвеня 2018): http://spring96.org/be/news/90098