Новы расклад апазіцыі: прагматыкі vs ідэалісты

Перагляд еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да афіцыйнага Менску стымуляваў размежаванне апазіцыі што да бачання далейшага развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін на прыхільнікаў захавання каштоўнаснага падыходу і палітыкаў з прагматычнымі ўстаноўкамі. У выніку частка апазіцыйных сіл, якія прытрымліваюцца прагматычнага падыходу, спрабуюць адаптаваць сваю унутры- і знешнепалітычную дзейнасць да новых умоў змякчэння еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да беларускіх уладаў – яны рыхтуюцца да ўдзелу ў парламенцкай кампаніі 2016 і актывізуюць кантакты са сваімі еўрапейскімі партёрамі. У сваю чаргу жорсткія прыхільнікі захавання каштоўнаснага падыходу  ў еўрапейскай палітыцы імкнуцца  вярнуць палітычную абумоўленасць  у перамоўны працэс паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам і захоўваюць жорсткую рыторыку ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва. Акрамя таго, змена знешнепалітычных абставін абумоўлівае канфігурацыю кааліцыйнага будаўніцтва сярод апазіцыйных сіл напярэдадні парламенцкай кампаніі.

Апазіцыйныя «прагматыкі» ўяўляюць з сябе часцей за ўсё маладое пакаленне палітыкаў з развітымі рэгіянальнымі структурамі і доўгатэрміновымі стратэгіямі развіцця сваіх арганізацый. Яны спадзяюцца на паступовыя змены, у тым ліку з прыцягненнем мяккай сілы Еўразвяза, у асобных сферах грамадскага жыцця, якія не разглядаюцца дзеючым кіраўніцтвам краіны ў якасці крытычных для падтрымання палітычнай стабільнасці і захавання сваёй улады. Палітыкі з прагматычнымі ўстаноўкамі зацікаўлены ў вяртанні Брусэля да палітыкі ўцягвання Беларусі, што прымушае беларускія ўлады змякчаць брутальнасць рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі.

Найбольш відавочным прыхільнікам гэтага падыходу з`яўляецца экс-кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Т. Караткевіч разам з падтрымліваючымі яе структурамі кампаніі «Гавары праўду» на чале з А. Дзмітрыевым. Пры гэтым, кіраўніцва  кампаніі «Гавары праўду» ўжо заявіла аб пачатку стварэння спісу прэтэндэнтаў у дэпутаты «ТаК» на чале з былым экс-кандыдатам Т. Караткевіч.

Сярод іншых апазіцыйных структур сваю прыхільнасць да больш шчыльных адносін афіцыйнага Менску з еўрапейскімі сталіцамі неаднаразова выказвалі іншыя былыя партнёры «Гавары праўду» па кааліцыі «Народны рэферэндум» – праеўрапейскія рух «За свабоду» і партыя БНФ.

Нягледзячы часам на жорсткую рыторыку ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва, партыі АГП і БХД таксама разлічваюць на змякчэнне ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў выніку актывізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін.

Пры гэтым партыйная апазіцыя, якая не здолела вылучыць свайго (сваіх) кандыдата (-ў) на пасаду прэзідэнта,  сутыкнулася з рызыкай змяншэння ў паслявыбарчы перыяд свайго ўплыву на беларуска-еўрапейскі парадак дня на фоне ўзмацнення пазіцый «Гавары праўду» і экс-кандыдата Т. Караткевіч. Акрамя таго апазіцыйныя лідары адчулі пагрозу поўнага выціскання з перамоўнага працэсу паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам у выніку перагляду Еўразвязам сваёй усходняй палітыкі і адыходу ад жорсткай палітычнай абумоўленасці беларуска-еўрапейскіх адносін. Гэта паскорыла цэнтраімклівыя тэндэнцыі сярод партыйнай апазіцыі правацэнтрысцкага кірунку, лідары якой агучылі інфармацыю аб правядзенні перамоў наконт большай каардынацыі сваіх дзеянняў у наступным палітычным сезоне – падчас парламенцкіх (2016 г.), мясцовых (2018 г.) і прэзідэнцкіх выбараў (2020 г.).

Партыйная апазіцыя імкнецца прадэманстраваць адзінства перад вонкавымі партнёрамі для павелічэння свайго уплыву на выпрацоўку еўрапейскай палітыкі ў адносінах да Беларусі. Варта зазначыць, што аб стварэнні новай кааліцыі было заяўлена падчас візіту лідараў правацэнтрыскіх арганізацый у Брусэль па запрашэнні Еўрапейскай народнай партыі, з якой супрацоўнічаюць усе чатыры палітычныя структуры – рух «За свабоду», партыі АГП, БНФ і БХД.

З іншага боку, экс-кандыдат і былы палітзняволены М. Статкевіч спрабуе ўзяць ініцыятыву ў кааліцыйным будаўніцтве ў свае рукі і агучвае ідэю стварэння праеўрапейскага блоку палітычных сіл на парламенцкіх выбарах. Пры гэтым, фактычна ўсе чатыры партнёры агучанай  правацэнтрысцкай кааліцыі з’яўляюцца прыхільнікамі збліжэння з Еўразвязам і тэарэтычна могуць аб’яднацца вакол ідэі еўраінтэграцыі. Аднак за выключэннем лідара БСДП (Народная Грамада) М. Статкевіча іншыя лідары і патэнцыйныя партнёры па праеўрапейскай кааліцыі пазбягаюць відавочна жорсткай рыторыкі ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва і заклікаў да павелічэння ціску на ўлады праз масавыя акцыі пратэсту і арганізацыі “Плошчы” падчас наступнай электаральнай кампаніі.

Акрамя таго, нягледзячы на прыхільнасць да еўраінтэграцыі ніводная з чатырох правацэнтрысцкіх арганізацыі не пажадала ў свой час далучыцца да “Еўрапейскай кааліцыі” на чале з М. Статкевічам, якая існавала ў сярэдзіне і другой палове 2000-х. Найбольш блізкім партнёрам М. Статкевіча з’яўляецца экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта У. Някляеў, які стаіць на чале пакуль аморфнага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”.

З свайго боку М. Статкевіч і У. Някляеў таксама не маюць ілюзій наконт уплыву Брусэля на афіцыйны Менск і гатоўнасці беларускіх уладаў пайсці на змяненне практыкі правядзення электаральных кампаній, у тым ліку парламенцкіх выбараў 2016 г. Аднак для былога палітвязня і лідара БСДП (Народная грамада) асноўнай задачай застаецца захаванне папулярнасці сярод жорсткага пратэстнага ядра, што не выключае ўдзел яго структур ў парламенцкай кампаніі 2016 разам з заклікам да Брюсэля вярнуцца да палітычнай абумоўленасці ў беларуска-еўрапейскіх адносінах.

У гэтым М. Статкевіч і У. Някляеў падзяляюць пазіцыі прыхільнікаў каштоўнаснага падыходу – часцей за ўсё эміграцыі, якая гуртуецца вакол лідараў Charter97 і “Еўрапейскай Беларусі”, а таксама асобных партый і апазіцыйных груп унутры краіны, што валодаюць нязначным мабілізацыйным патэнцыялам (як напрыклад, БСДГ на чале з былым кіраўніком дзяржавы С. Шушкевічам або рэшткі так і не створанай партыі “Беларускі рух”). Яны не бачаць магчымасцяў сацыяльна-эканамічных і палітычных пераўтварэнняў у рамках існуючага дзяржаўнага ладу і, адпаведна, выстаўляюць загадзя невыканальныя з пункту гледзішча ўладаў патрабаванні, як напрыклад, па змене выбарчага заканадаўства і практыкі правядзення электаральных кампаній.

Па-за існуючых кааліцыйных працэсаў пакуль знаходзяцца былыя камуністы з «Справядлівага свету», якія дэкларуюць прыхільнасць да еўразійскай інтэграцыі.  Прычым, з-за ідэалагічных разыходжанняў і напружання ў стасунках паміж кіраўніцтвам яны маюць найменшыя шанцы выпрацаваць агульную платформу на парламенцкую кампанію 2016 з патэнцыйнай праеўрапейскай кааліцыяй на чале з М. Статкевічам і, хутчэй за ўсё, са ствараемым правацэнтысцкім блокам чатырох праеўрапейскіх арганізацый.

Такім чынам, на сённяшні час ужо акрэсліваецца чатыры апазіцыйныя цэнтры, якія плануюць прымаць актыўны ўдзел у парламенцкай кампаніі і фармаваць свае перадвыбарчыя спісы кандыдатаў – спіс кандыдатаў «ТаК» на чале з Т. Караткевіч пры вядучай ролі «Гавары праўду»; правацэтрысцкі блок з удзелам руху «За свабоду», партый АГП, БНФ і БХД; праеўрапейская кааліцыя пад кіраўніцтвам М. Статкевіча. Акрамя таго, у парламенцкай кампаніі, хутчэй за ўсё, будуць прымаць удзел і былыя камуністы з «Справядлівага свету», якія могуць паспрабаваць у чарговы раз рэанімаваць ідэю аб`яднання левых сіл.