Нацыянальны універсітэт – шанец кансалідавацца дзеля агульнай справы

Старая добрая тэма заснавання беларускага Нацыянальнага універсітэта здабыла новае жыццё ў беларускіх медыя дзякуючы «неспадзяванке-ЭГУ». Пры відавочнай ўзаемасувязі двух падзей – зводу ЭГУ і актуалізацыі ідэі стварэння Нацыянальнага беларускага універсітэта – перабольшваць яе значэнне не варта. Нават у лепшыя мінскія часы ў ЭГУ былі сур`ёзныя праблемы з сімбалічнай легітымацыяй ў якасці «нацыянальнага», перш за ўсё, па моўнай прычыне: з самага пачатку пераважная большасць заняткаў у ЕГУ праводзілася не на беларускай мове. Пры ўсёй спрэчнасці гэтага патрабавання – якая была неаднаразова публічна артыкулявана пераважнай большасцю нацыянальна арыентаваных элітаў – у сучасным глабалізаваным свеце даволі няпроста знайсці нацыю, у якой няма ні адной вышэйшай навучальнай установы на роднай мове.

Спробы кампенсаваць гэтыя заганы стаўкай на зацвярджэнне еўрапейскіх каштоўнасцяў і высокі прафесіяналізм завяршыліся поўным правалам: сёння ЕГУ не з`яўляецца ні нацыянальным, ні еўрапейскім, ні прэстыжным. У той жа час, за мінулыя 20 гадоў нават для самых паслядоўных змагароў за беларускую нацыянальную ідэнтычнасць стала відавочна, што простае увядзенне курсаў на беларускай мове не з`яўляецца панацэяй ад усіх праблем і цяжкасцяў, якія стаяць на шляху нацыянальнага універсітэта да поспеху. Усе гэтыя абставіны прымушаюць пераасэнсаваць ідэю нацыянальнага універсітэта ў новых умовах і з улікам усіх учыненых памылак.

Што азначае «нацыянальны»?

Нягледзячы на ўяўную прастату пытання і відавочнасць таго, што рабіць не трэба (зыходзячы з вопыту зробленых памылак), гэтая праблема з`яўляецца, бадай, самай складанай па цэлым шэрагу прычын, дзве з якіх, на мой погляд, з`яўляюцца самымі істотнымі. Першая – моўная. Перфарматыўная сіла мовы ў фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці бясспрэчная, паколькі мова – гэта не сродак камунікацыі, а «дом быцця». І калі нацыя адмаўляецца ад свайго дома, то яна жыве на здымнай кватэры, за якую рана ці позна давядзецца заплаціць нацыянальнай ідэнтычнасцю і дзяржаўным суверэнітэтам. Сёння, пасля крымскіх падзей, гэтая думка ўсё настойлівей і часцей наведвае розумы нават афіцыйных прадстаўнікоў улады і першай асобы ў асаблівасці, крэўна зацікаўленай ў захаванні суверэнітэту краіны. У той жа час, інэрцыя 20-гадовай моўнай палітыкі і новая палітычная сітуацыя ў рэгіёне будзе непазбежна навязваць свае правілы гульні. Паказальны ў гэтым плане досвед «жыцця і смерці» праграмы па беларусистике ў ЭГУ: нягледзячы на ўсе фінансавыя прывілеі і, у свой час, вельмі знакаміты прафесарска-выкладчыцкі склад, вельмі нізкі попыт абітурыентаў на беларусістыку стаў адной з асноўных прычын закрыцця праграмы. Гэта азначае, што, у адсутнасць кансалідацыі цяпер існых беларускамоўных навукова-адукацыйных і асветніцкіх праектаў і праграм, а таксама – як мінімум! – талерантнасці дзяржавы да беларускай мовы, стаўка на нацыянальны (у сэнсе пераважна беларускамоўны) універсітэт можа завяршыцца стварэннем новага гета для «свядомых».

Другім не менш важным (і праблемным) фактарам з`яўляецца геаграфія: як паказвае вопыт ЕГУ, праграмы Каліноўскага і шэрагу іншых праектаў, доўгі час знаходжання за межамі краіны выключае самі гэтыя праекты з жыцця беларускага грамадства і ператварае «герояў-ізгояў» у «гібрыдных грамадзян», якія аддаюць перавагу камфорту еўрапейскіх краін, а не дыскамфорту айчыны. Зноў жа, паказальны ў гэтым плане ЭГУ да і пасля эміграцыі: сёння зусім няшмат беларусаў ведаюць пра ЭГУ і пры гэтым у самім ЭГУ днём з агнём не адшукаеш тых, хто хацеў бы вярнуцца на радзіму. Цалкам відавочна, што рэалізацыя праекта на тэрыторыі Беларусі магчымая толькі пры наяўнасці добрай волі ўладаў: як мінімум, яны не павінны перашкаджаць беларусам рэалізоўваць на тэрыторыі сваёй краіны праект, які працуе на ўмацаванне яе суверэнітэту. З іншага боку, самі ініцыятары праекта павінны быць гатовыя да кампрамісаў адзін з адным і з уладай – як бы ні былі вялізарныя разыходжанні і рознагалоссі ў бачанні магчымай будучыні Беларусі. Падводзячы вынік, адзначым галоўнае: «нацыянальны» ў актуальнай сітуацыі перш за ўсё мае на ўвазе кансенсус нацыянальных элітаў (як афіцыйных, так і не афіцыйных) па двух неабходных умовах магчымасці заснавання нацыянальнага універсітэта ў Беларусі – мове і мейсцазнаходжанні. Залішне казаць, што сам гэты праект выходзіць далёка за рамкі адукацыі: ён дае магчымасць прымірэння і кансалідацыі элітаў дзеля агульнай справы, што з`яўляецца сапраўдным гарантам суверэнітэту дзяржавы і надзейным падставай для ўстойлівага развіцця грамадства. Грамадзяне, якія не ў стане салідарызавацца дзеля агульнай справы, асуджаны на страту суверэннага існавання.

Ўмовы поспеху: якасныя даследаванні плюс адукацыйныя інавацыі

«Нацыянальнасць», зразумелая ў вышэйадзначаным сэнсе з`яўляецца неабходнай, але недастатковай умовай паспяховай рэалізацыі праекта нацыянальнага універсітэта. Больш за тое, у строгім сэнсе нацыянальны універсітэт сёння - анахранізм. Паспяховасць універсітэта ў сучасных умовах вызначаецца здольнасцю справіцца з прынцыпова новымі выклікамі, на якія класічны нацыянальны універсітэт адказаць ўжо даўно не ў стане. І гэта як раз тыя выклікі, якія актуальныя для ўсёй сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі, якая ўзяла курс на ізаляцыю і кансервацыю савецкай мадэлі вышэйшай адукацыі. Факт нядаўняга уваходжання Беларусі ў Балонскі працэс дае надзею, але, без належных намаганняў, усё можа скончыцца жаласнай імітацыяй пераменаў. У гэтым плане новы універсітэт мог бы стаць той эксперыментальнай пляцоўкай для рэалізацыі Дарожнай мапы рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі, якая была прынята на Міністэрскай канферэнцыі ЭПВА 14-15 траўня ў г. Ерэване. Новы праект дапамог бы ініцыяваць доўгачаканыя рэформы «знізу». Як адзначаюць эксперты, часам праводзіць рэформы прасцей і больш эфектыўна з нуля (= стварэння універсітэта на новых прынцыпах), чым спрабаваць пераламіць сістэмную інстытуцыйную інэрцыю (рэфармаваць ўніверсітэты з традыцыямі). Паказальны ў гэтым плане вопыт Казахстана і Расіі, дзе два новых універсітэта (Універсітэт Назарбаева і НДУ ВШЭ) сталі ініцыятарамі, правадырамі і папулярызатарамі інавацый у адукацыі, якія сёння пазітыўна ўплываюць на ўсю сістэму вышэйшай адукацыі.

Даследчы універсітэт

Адной з такіх інавацый з`яўляецца дамінанта даследчага складніка. Нацыянальны даследчы універсітэт (або яго аналагі) - гэта еўрапейскі і глабальны трэнд, які закліканы спрыяць пабудове постіндустрыяльнай эканомікі, заснаванай на ведах. Для вырашэння гэтай задачы ў Еўропе быў створаны новы фінансавы інструмент (7-я рамачная праграма FP7) і новыя формы міжінстытуцыянальных супрацоўніцтва (Ліга еўрапейскіх даследчых універсітэтаў, Еўрапейскі інстытут тэхналогій). У рэгіёне постсавецкіх краін, якія не ўступілі ў ЭС і з`яўляюцца бліжэйшымі суседзямі Беларусі (па геаграфічнаму становішчу і стане сістэмы вышэйшай адукацыі на момант распаду СССР) назіраюцца аналагічныя тэндэнцыі. У гэтым плане паказальныя праведзеныя за мінулыя 5 гадоў рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі ў Казахстане, Украіне і Расійскай Федэрацыі.

Беларусь таксама неаднаразова выказвала намер ўбудавацца ў глабальны, агульнаеўрапейскі і рэгіянальны трэнд (што знаходзіць сваё адлюстраванне ў шэрагу праграм, накіраваных на інавацыйны шлях развіцця ў цэлым і развіццё навукова-даследчай складнікам вышэйшай адукацыі, у прыватнасці). У лістападзе 2013г. з`явіўся нават праект Акадэмічнага універсітэта, створаны ў сценах Акадэміі навук Беларусі. Аднак, недахоп разумення важнасці стварэння Даследчага універсітэта для Беларусі і дэфіцыт неабходных для гэтага фінансавых рэсурсаў не дазволілі рэалізаваць яго. Між тым, адсутнасць у Беларусі інавацыйных навукова-адукацыйных праектаў, негатыўна адбіваецца на раскрыцці патэнцыялу чалавечага капіталу Беларусі і эканамікі дзяржавы. Гэта ініцыюе адток таленавітай моладзі і крэатыўных асоб з краіны (па выніках 2014г. колькасць персаналу навуковых кадраў ўпаў да рэкорднага мінімуму 90-х - 27 тыс. чалавек!) і блакіруе мадэрнізацыю эканомікі. Сёння, калі рэсурсы нафтаарыентаванай эканомікі ужо вычарпаны, адсутнасць мадэрнізацыі азначае пагрозу суверэнітэту:   Беларусь, пазбаўленая інавацыйнага і перспектыўнага будучага, зробіцца лёгкай здабычай у рамках рознага роду каланіяльных праектаў. У гэтым плане даследчы універсітэт - гэта шанец у поўнай меры раскрыць чалавечы капітал Беларусі і тым самым забяспечыць ёй новую, сапраўды самастойную, прагрэсіўную і прывабную будучыню.

Сеткавая формы адукацыі – лекі ад унутранай дэзінтэграцыі і знешняй ізаляцыі

Істотнай праблемай беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі з`яўляецца ўнутраная дэзінтэграцыя і знешняя ізаляцыя. На адносна невялікай тэрыторыі, якая дазваляе за лічаныя гадзіны перамяшчацца ва ўсе буйныя гарады Беларусі, склалася жорстка цэнтралізаваная, замкнёная і слаба узаемазвязаная сетка вышэйшых навучальных устаноў, кожная з якіх уяўляе сабой зацікленую на свой горад акадэмічную і навуковую супольнасць, якая адрыньвае ўсё «ня сваё” (ідэі, кадры і нават фінансы). У найбольш адкрытым для узаемасувязяў з навакольным светам цэнтры (Мінск) пры гэтым знаходзіцца 50% ад агульнай колькасці ВНУ, больш за 30% студэнтаў і больш за 65% навуковых арганізацый. Парадаксальна, але факт – геаграфічна самыя заходнія універсітэты Беларусі часам з`яўляюцца найменш інтэграванымі ў еўрапейскую адукацыйную прастору. А ўся адукацыйная сістэма ў цэлым ўпарта і паслядоўна ізалюецца ад знешняй (рэгіянальнага і глабальнага) адукацыйнай прасторы. Ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс, вядома, можа ажывіць акадэмічную мабільнасць, але далёка не факт, што гэта адбудзецца на самай справе і ў дачыненні да ўсіх груп акадэмічнай супольнасці. Праект нацыянальнага універсітэта мог бы быць першапачаткова зарыентаваны на сеткавую мадэль адукацыі. Сеткавая мадэль адукацыі забяспечвае магчымасць асваення навучэнцамі зместу адукацыйнай праграмы з выкарыстаннем рэсурсаў некалькіх устаноў адукацыі, у тым ліку арганізацый замежных дзяржаў (як на Захадзе, так і на Усходзе). У рэалізацыі адукацыйных праграм з выкарыстаннем сеткавай мадэлі нароўні з установамі адукацыі таксама могуць удзельнічаць навуковыя арганізацыі, прадпрыемствы, прававыя і іншыя арганізацыі трэцяга сектара. Сеткавая дамінанта дазваляе разглядаць новы праект у якасці драйвера як больш глыбокай інтэграцыі цяпер раз`яднаных адукацыйных устаноў унутры Беларусі, так і інтэрнацыяналізацыі у знешні свет (перш за ўсё, еўрапейскую адукацыйную і навуковую прастору).

E-learning – адукацыя 21 стагоддзя

Па дадзеных экспертаў, тэмпы развіцця дыстанцыйнай (электроннай) адукацыі (E-learning) б`юць усе рэкорды (штогадовы прырост анлайн-курсаў толькі ў ЗША складае 47%) і цяпер з`яўляецца канкурэнтаздольным на глабальным рынку адукацыйных паслуг. Больш за тое, мяркуецца, што ў бліжэйшыя 20 гадоў E-learning выцесніць з рынку класічныя ўніверсітэты. На жаль, Беларусь аказваецца на абочыне гэтага працэсу. Нясмелыя спробы ўкараніць дыстанцыйны элемент у адукацыйны працэс не стварылі ніводнага адукацыйнага прадукту, прывабнага ў рэгіянальнай (не кажучы ўжо аб глабальнай) адукацыйнай прасторы. Да гэтага часу адсутнічае нарматыўна-прававая рэгламентацыя адносін, звязаных з атрыманнем дыстанцыйнай адукацыі. Новы праект мог бы дапамагчы Беларусі асвоіць гэтую прастору і заняць на рынку дыстанцыйнай адукацыі сваю нішу. У адваротным выпадку Беларусь рызыкуе апынуцца неканкурэнтаздольнай ў электроннай адукацыйнай прасторы і страціць яго назаўсёды. У рамках праекта нацыянальнага універсітэта дыстанцыйная дамінанта мае сваю прагматычную і лагістычную перавагу: дыстанцыйная адукацыя танней (на 30-40%), яна лягчэй акупляецца і дае магчымасць удзельнічаць у адукацыйным праекце усім жадаючым (незалежна ад мейсца знаходжання) ў гнуткім і індывідуалізаваным рэжыме.

Пасляслоўе

Ва ўмовах абмежаванасці артыкула мы адзначылі толькі некаторыя моманты, істотныя для пераасэнсавання праекта нацыянальнага універсітэта. Пералік праблемных, істотных і перспектыўных (прыярытэтных) накірункаў развіцця можна працягнуць, а формы рэалізацыі праекта канкрэтызаваць, але пры гэтым не варта забываць пра самае галоўнае: закладам паспяховага адукацыйнага праекта з`яўляюцца тры рэчы – фінансы, кадры і менеджмент. Ні дзяржава, ні разрозненыя альтэрнатыўныя структуры ў Беларусі і за яе межамі паасобку не ў стане акумуляваць дастатковую колькасць сродкаў і рэсурсаў для рэалізацыі амбіцыйнага праекта нацыянальнага універсітэта. Поспех магчымы толькі пры ўмове кансалідацыі ўсіх наяўных намаганняў і акумуляцыі усіх сродкаў і рэсурсаў.

Комментарии

Вельмі радуе, што Андрэй (з якім я пазнаёміўся гадоў 20 таму) піша па-беларуску, ды яшчэ як удумліва! Як і многія з нас, ён крочыць нялёгкім шляхам да беларусацэнтрычнасці.

Паважаная рэдакцыя, ці можна на гэтым сайце абысціся без каментароў кшталту 'у с... запхні свой Нацыянальны ўніверсітэт'? Дальбог, непрыемна такое тут бачыць. Паважаны П. Каснерык, нічога асабіста супраць Вас не маю, але навучыцеся, нарэшце, трымаць сябе ў пэўных рамках.

ВР
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2020

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.