Беларускае кіраўніцтва пацвердзіла поўны кантроль над выбарчым працэсам і лаяльнасць арганізатараў выбарчых кампаній, што мае асабліва важнае значэнне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 г. Нягледзячы на скарачэнне дзяржавай сацыяльных гарантый насельніцтву, гэта не прывяло да усплёску палітычнай актыўнасці грамадства падчас выбараў. У сваю чаргу, апазіцыі таксама не атрымалася палітызаваць грамадства, аднак выбарчая кампанія дазволіла вызначыць найбольш перспектыўныя апазіцыйныя праекты, патэнцыял якіх можа быць выкарыстаны падчас наступнай прэзідэнцкай кампаніі.

Мясцовыя выбары, як і парламенцкія, ужо даўно згубілі свой першапачатковы сэнс спаборніцтва паміж кандыдатамі, партыямі і бачаннем будучага развіцця рэгіёнаў і краіны. Выбарчая кампанія 2014 года завяршыла палітычны цыкл, які распачаўся прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года.

Для кіраўніка дзяржавы гэтая мясцовая кампанія прадастаўляла апошнюю магчымасць пратэставаць сваю выбарчую машыну напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, пацвердзіць лаяльнасць і выканаўчасць мясцовых адміністрацый, якія займаюцца арганізацыяй выбарчых кампаній. Варта зазначыць, што ў арганізацыю выбараў толькі ў якасці сябраў камісій уцягнуты каля 70 тыс. чалавек.

Нягледзячы на адмену парогу яўкі на мясцовых выбарах, падчас гэтай кампаніі перад ўладамі стаяла задача прадэманстраваць высокі ўзровень удзелу грамадзян у галасаванні. Яўка на выбарах павінна была засведчыць падтрымку насельніцтвам існуючай сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы і падвысіць рэйтынгі дзяржаўных інстытутаў. Прэзідэнт А. Лукашенка на працягу мясцовай кампаніі неаднойчы звяртаўся да выбарцаў з просьбай прыняць удзел у галасаванні, падкрэсліваючы: «Галасуй, за каго хочаш: хочаш пратэставаць, за апазіцыянера прагаласаваць — прагаласуй, хочаш за канструктывізм, за тую палітыку, якая праводзіцца ў дзяржаве — прагаласуй за чалавека дзяржаўнай. Гэта тваё права. Але ты прыйдзі». Варта зазначыць, што на пачатку мясцовай выбарчай кампаніі 2014 года давер да мясцовых саветаў і выканкамаў з боку грамадзян складаў каля 28% -29% паводле снежаньскага апытання НІСЭПД.

З іншага боку, для арганізатараў выбараў забеспячэнне патрэбных вынікаў галасавання не з’яўляецца складанай задачай ужо даўно. Фактычна, з 2007 года прадстаўніцтва апазіцыйных партый у мясцовых саветах не змяняецца і складае каля дзесятка чалавек, у асноўным у перыферыйных раённых і сельскіх саветах. Аднак, як паказалі парламенцкія выбары 2012 года, беларускія ўлады сутыкнуліся з ростам абсэнтэізму і недаверу грамадзян да выбарчых працэдур. Варта зазначыць, што паводле звестак незалежных назіральнікаў на некаторых выбарчых участках у сталіцы і буйных гарадах удзел у галасаванні падчас парламенцкіх выбараў 2012 года быў меншы за 50%. У сваю чаргу невысокая яўка негатыўна паўплывала на давер да дзяржаўных інстытутаў.

Падчас выбарчай кампаніі ў саветы ўлады былі вымушаны балансаваць паміж падтрыманнем нізкай палітычнай актыўнасці ў грамадстве і мабілізацыяй выбарцаў падчас папярэдняга і асноўнага дня галасавання. Конкурс на дэпутацкае месца не адрозніваўся ад мінулых мясцовых выбараў 2010 года і складаў у сярэднім 1,2 чалавека. Улады традыцыйна дазволілі большую канкурэнцыю ў сталіцы, дзе яўка ніжэйшая за сярэднюю па краіне, а таксама ў вялікіх гарадах. Аднак у рэгіёнах насельніцтва ўжо прызвычаілася да безальтэрнатыўнасці падчас мясцовых выбараў.

Пры гэтым улады вызначылі больш жорсткія рамкі для дзейнасці сваіх апанентаў. Гэта было выклікана жаданнем абмежаваць магчымасці апазіцыі скарыстацца незадаволенасцю насельніцтва скарачэннем дзяржавай сацыяльных гарантый і прадухіліць рост пратэстных настрояў. Тым не менш, падзеі ва Украіне, якія разгортваліся падчас выбарчай кампаніі, наадварот здолелі кансалідаваць пераважную большасць насельніцтва вакол дзеючага кіраўніцтва краіны. Украінскія падзеі павялічылі раскол у беларускім грамадстве і значна звузілі прастору для дзейнасці апазіцыйным партыям, якія з сімпатыяй аднесліся да змены ўлады ў Кіеве.

Такім чынам, прэзідэнцкая вертыкаль засведчыла сваю высокую эфектыўнасць па забеспячэнню патрэбных вынікаў выбараў нават ва ўмовах непапулярных захадаў з боку дзяржавы. Уладам атрымалася поўнасцю кантраляваць выбарчы працэс і актыўнасць грамадства ў сітуацыі скарачэння дзяржавай сацыяльных гарантый насельніцтву. Гэта набывае асабліва важнае значэнне напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2015, так як сродкаў для павелічэння даходаў насельніцтва ў дзеючага кіраўніцтва значна менш, чым было ў мінулыя гады.