Візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь: за туманам нічога ня відна...

Візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь: за туманам нічога ня відна...Найлепшая вобразная характарыстыка, якую можна даць другому (ці калі лічыць кароткі віцебскі – трэцяму) візіту Патрыярха Кірыла ў Беларусь, гэта назваць яго “туманным”. Калі за некалькі дзён да візіта пра яго стала вядома, журналісты і аналітыкі ламалі глузды, спрабуючы ўпісаць візіт у нейкую наяўную схему. Нехта, хоць і ў якасці мараў ці надзеяў, чакаў ад візіту цудаў – вызвалення палітвязняў[1], тым больш, што Патрыярх звярнуўся на Пакроў з пасланнем з нагоды Дня міласэрнасці і спачування да ўсіх, хто знаходзіцца ў вязніцы[2]. Безумоўна, у галаве як саміх палітвязняў, напрыклад, Паўла Севярынца, так і ў галаве незалежных журналістаў, напрыклад, Святланы Калінкінай, тэма палітвязняў будзе заўжды актуальнай, таму любыя падзеі так ці інакш разглядаюцца з перспектывы вызвалення палітыкаў і грамадскіх актывістаў, якія апынуліся ў турмах і на хіміі пасля "элегантнай перамогі" Лукашэнкі на выбарах 2010 г., з якой Патрыярх, бадай, першы павіншаваў беззменнага беларускага лідэру, нягледзячы на брутальны разгон акцый пратэсту, а таксама арышт абсалютнай большасці кандыдатаў у прэзідэнты і членаў іх каманд.

Але актуальнасць тэмы сярод дэмакратычнай грамадскасці не значыць, што тэма палітвязняў турбуе ў такой самай ступені Патрыярха (хіба што ён пра сваіх маскоўскіх дзяўчат з Pussy Riot узгадвае, ды і тое, у негатыўным кантэксце), тым больш, да прыезду Кірыла не магло падштурхнуць наведанне палітвязняў нунцыям Клаўдыё Гуджэроцці, якое калі і стала сігналам, то не дужа транспарэнтным і накіраваным, хутчэй, у заходні бок. Больш за тое, тэма палітвязняў была падкрэслена выведзена з дыскурсу сёлетняга візіту. Калі ў свой прыезд у 2009 г. Патрыярх Кірыл наведаў храм-помнік у гонар Усіх святых у памяць усіх бязвінна забітых ў бацькаўшчыне нашай[3], называў Курапаты сімвалам Беларусі, дзе багаборніцкімі ўладамі былі бязвінна расстраляныя дзясяткі тысяч людзей[4], што магло мець рэферэнцыю да тэмы вязняў рэжыму, які лічыць сябе спадкаемцам савецкага; то цяпер назва храма-помніка раптоўна памянялася – цяпер ён стаў называцца храмам-помнікам у гонар усіх святых і ў памяць пра ахвяры, якія паслужылі збаўленню нашай бацькаўшчыны, больш за тое, апераджаючы пытанні, якія маглі б узнікнуць, пад гэтую змену была падведзена цэлая база, быццам, яшчэ ў 2008 г. Патрыярх Аляксій зацвердзіў змену назвы[5]. Хаця публічна новая назва пачала фігураваць выключна перад візітам Патрыярха, і акцэнты ў ёй зрушаныя. Калі ў першым выпадку храм быў у гонар тых, хто бязвінна пакутаваў, у тым ліку, ад богаборніцкіх уладаў, а самой “бацькаўшчыны”, рэферэнцыя нас падводзіць да ахвяраў палітычных рэпрэсій; то ў другім выпадку, галоўнае месца займае Айчына, а фактычна - дзяржава, дзеля якой належна і жыццё аддаць. Дык ці “ў выкананне волі заўсёды памятнага Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ” быў перайменаваны храм? Ці ўсё ж у выкананне волі таго, хто аддае перавагу не ўзгадваць пра палітычныя рэпрэсіі ў савецкія часы, таго, хто з’яўляецца асабістым сябрам прот. Фёдара Поўнага, настаяцеля храма, і паводле чыёй волі на будаўніцтва храма вылучаліся бюджэтныя сродкі, а гэта значыць, па волі Аляксандра Лукашэнкі?Цікава тое, што змены назваў вакол гэтага храму адлюстроўваюць палітычныя трэнды - у 2007 г. была зменена назва адрэзку вуліцы, на якой стаіць храм-помнік, з вул. Каліноўскага на Ўсіхсвяцкую[6], быццам па патрабаванні “расейскіх спонсараў” будаўніцтва храма, але ўспомнім, у якім кантэксце гучала прозвішча Каліноўскага ў 2006 г., і мы зразумеем, які з наведвальнікаў храму, верагодна, імкнуўся зрабіць сабе safe space: той самы, што і пра палітвязняў чуць не хацеў бы.

У чым жа быў “туман” Патрыяршага візіту? Па-першае, пра тое, што падобны візіт рыхтуецца, не было афіцыйна вядома нават за некалькі дзён да яго самога, і інфармацыя пра яго прасачылася з блогаў[7]. Для кантрасту ўспомнім, як праходзіў першы візіт Патрыярха Кірыла з Беларусь ў 2009 г.: пра яго стала вядома ажно за тры месяцы да даты правядзення, яго абмяркоўвалі на Сінодзе БПЦ[8], быў спецыяльны зварот Сінода з нагоды візіту[9], у Мінску віселі характэрныя зялёныя плакаты “Беларусь приветствует Патриарха Московского и всея Руси Кирилла”, да візіта рыхтаваліся не на жарт, у тым ліку, і што тычыцца яго інфармацыйнага асвячэння. Адсюль пытанні – чаму да непрыстойнасці, да апошняга пра факт другога Патрыяршага візіту не было вядома?

Адказ дапамаге знайсці прот. Сергій Лепін, прэс-сакратар Мінскай епархіі: “Ніякай сакрэтнасьці няма, і было б дзіўна, каб б патрыярх прыехаў сакрэтна. Справа ў тым, што пакуль яшчэ ня ўзгодненая праграма, бо візыт даволі кароткі, але зьмястоўны. Трэба ўзгадніць меркаваны графік з усімі яго ўдзельнікамі. І пакуль поўнага ўзгадненьня ня будзе, ніякіх анонсаў аб праграме таксама ня будзе. То бок тут няма ніякай сакрэтнасьці, тут проста ёсьць звычайныя бюракратычныя затрымкі. І зусім магчыма, што ўжо сёньня вечарам будуць гатовыя адпаведныя прэс-рэлізы”[10]. Прычынай зацягвання прэс-сакратар называе бюракратычныя працэдуры ўзгаднення, але з гатовага ўвечары адпаведнага прэс-рэлізу[11] не ясна, з кім адбывалася працэдура ўзгаднення: ці гэта свецкія ўлады і іх галоўны прадстаўнік Аляксандар Лукашэнка, пра сустрэчу з якім у прэс-рэлізе няма ні слова; ці гэта Мітрапаліт Філарэт, які ўвесь месяц знаходзіўся на лячэнні ў Нямеччыне і вымушаны быў яго перапыніць, каб вярнуцца ў Мінск, - апошняя згадка пра служэнне Мітрапаліта Філарэта на афіцыйным сайце датуецца 17 верасня, калі ён сустрэўся з архіепіскапам Жэнеўскім Міхаілам[12]. Калі сустрэча з Прэзідэнтам была канчаткова ўзгодненая, чаму ж інфармацыі пра яе не з’явілася ў праграме? Паводле сцверджання прэс-сакратара прот. Сергія Лепіна, гэта тлумачылася “само-собой-разумеемостью сего достаточно тривиального факта”[13]. Варта адзначыць, што гэта не першы візіт Патрыярха ў Беларусь, які не анансаваўся належным чынам - 4 чэрвеня 2010 г. Патрыярх каротка прылятаў у Віцебск, дзе ў аэрапорце сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовай епархіі і свецкімі ўладамі[14], але там нагодай візіту паслужыла нежаданне прызямляцца на сумнавядомым Смаленскім аэрапорце.

Па-другое, няяснай была нагода візіту. Прэс-службамі заяўляліся дзве асноўный версіі – “працоўнага” візіту ці візіту, прымеркаванага да 400-годдзя з’яўлення Крупецкай іконы Божай Маці[15]. Другая версія гучыць прыгожа, але супраць яе сведчаць наступныя акалічнасці: 1) у знакамітым роліку на ютуб, з якога і пачалася ўся гісторыя, настаяцель Свята-Пакроўскага прыходу называе візіт “працоўным”, а таксама выказвае некаторую няўпэўненасць у тым, што гэта сапраўды адбудзецца - “калі Бог не зменіць свайго рашэння”[16]; 2) па прыездзе ў Беларусь Патрыярх ні разу не сказаў пра Крупецкую ікону Божай Маці; 3) пачатак богаслужэння быў запланаваны на 9:30, і каб да яго паспець даляцець з Масквы, Патрыярху было б лагічней запланаваць прыезд у Беларусь у суботу напярэдадні; 4) Патрыярха на гэтай службе не было і прычыны гэтага ахутаны “туманам”, версія надвор’я, якое не дазволіла самалёту своечасова прызямліцца мае шэраг хібнасцяў[17]. Пост-фактум стала бачна, што “цвіком” праграмы і арганізатарам (паводле сведчання прэс-сакратара, ён да ночы знаходзіўся ў Свята-Пакроўскім прыходзе і выконваў арганізатарскія функцыі датычна візіту[18]) быў прот. Фёдар Поўны, асаблівая ўвага якому дасталася і падчас першага візіту, цяпер жа менавіта вакол яго і круцілася ўсё свята. Сінод, у параўнанні з актыўным дзеячам БПЦ і асабістым сябрам Прэзідэнта, выконваў ролю статыстаў, Мітрапаліт Філарэт – звычайна красамоўны і ветлівы – стаяў збоку; кінулася ў вочы і адсутнасць на фотаздымках раней усюдыіснага прот. Мікалая Коржыча, набліжанага да Мітрапаліта Філарэта сакратара Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, уплывовага дзеяча БПЦ. Не на сваё свята ехалі архіярэі – сайт Горадзенскай епархіі нават выказвае жаль, што “Архіепіскап Арцемій не змог у гэты дзень знаходзіцца побач з яго роднай супольнасцю [а менавіта ў Пакроўскім саборы знаходзяцца вядомыя іконы новых пакутнікаў, дзе таксама выяўленыя “прадстаўнікі ўлады” - чырвонаармейцы, якія іх катуюць] - у гэты дзень Уладыка разам з іншымі архіярэямі Беларускай Царквы маліўся разам з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, які на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы прыбыў з кароткім візітам у Мінск”[19].

Візіт Патрыярха дазваляе зноў звярнуць увагу на асобу прот. Фёдара Поўнага. Дагэтуль яго небеспадстаўна лічылі асабліва набліжаным да Прэзідэнта Лукашэнкі, і менавіта на гэтым грунтавалася яго ўплывовасць у Беларускім Экзархаце[20]. Цяпер усё больш і больш становіцца ясна, што прот. Фёдар Поўны да Патрыярха таксама асабліва набліжаны, вылучаны ім з шэрагу ўсіх астатніх царкоўных дзеячаў. У такіх умовах, менавіта прот. Фёдар Поўны адпавядаў бы двум базавым умовам для наступнага Экзарха: задавальняць свецкія ўлады і задавальняць маскоўскія царкоўныя ўлады. Апроч палітычных момантаў, ёсць яшчэ і статутныя. Паводле Статуту РПЦ, Экзарх абіраецца Святым Сінодам і прызначаецца Ўказам Патрыярха, а кандыдаты ў архіярэі павінны адпавядаць наступным крытэрам: 1) ва ўзросце не маладзей за 30 год; 2) з манахаў ці тых асобаў белага духавенства, якія не знаходзяцца ў шлюбе, з абавязковым пастрыжэннем у манаства; 3) кандыдат павінен адпавядаць высокаму званню епіскапа паводле маральных якасцяў; 4) і мець багаслоўскую адукацыю. Такім чынам, характарыстыкам 1) і 4) прот. Фёдар Поўны цалкам адпавядае, асабліва пасля нядаўняй абароны кандыдацкай дысертацыі; характарыстыка 3) – з’яўляецца суб’ектыўнай; а характарыстыка 2) – справай нажыўной, манаскі пострыг можна прыняць і пры жывой жонцы. Апроч згаданых перавагаў у прот. Фёдара Поўнага ёсць швейная майстэрня, дзе можна пашыць архіярэйскія льняныя шаты і нават замовіць саламяную мітру[21] - галаўны ўбор архіярэяў. А яшчэ – зімні сад, дзе “праводзяцца пасяджэнні Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы, традыцыйныя афіцыйныя сустрэчы Сіноду Беларускага Экзархату з Прэзідэнтам”[22].

Тым не менш, прот. Фёдару Поўнаму, для таго, каб стаць архіярэем, не стае духоўнай і маральнай аўтарытэтнасці ў вачах народу і кліру, гатоўнасці царкоўнага народу і кліру праспяваць яму “аксіёс!”, што значыць “годны!”, спеву, які сімвалічна замацоўвае выбар кандыдата на святарства і прамаўляецца ў час таемства высвячэння. Хаця і тут справа лёгка вырашальная пры наяўнасці службы бяспекі, як і цяпер, на візіт Патрыярха, на высвячэнне можна пускаць толькі правераных прыхільнікаў з бэйджамі, каб выключыць усякія непрыемныя эксцэсы. Аднак і ў такім выпадку, аўтарытэт будучага архіярэя быў бы сумніўным, тым не менш, тут у падняцці аўтарытэта могуць дапамагчы свецкія ўлады, выклік “анаксіёс!”, што значыць “нягодны!” можна прыраўняць да брыдкаслоўя і вінаватых прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці паводле вядомага арт. 17.1.

Прот. Фёдар Поўны настолькі цэнтральная асоба Патрыяршага візіту, што нават Сам Прэзідэнт выступае тут не больш, чым абгортка для цукеркі, як дэкарацыя для святара са свайго ж атачэння. Рыторыка сустрэчы з Лукашэнкам была традыцыйная - беларускі Прэзідэнт казаў прывычныя словы пра праваслаўе як фундаментальны камень духоўнасці, Патрыярх - пра еднасць Святой Русі пры павазе нацыянальнага суверэнітэту, пра інтэграцыю постсавецкай прасторы, падкрэсліваючы “важнасць супольнага жыцця брацкіх народаў пры ўсёй павазе да суверэнітэтаў краін і зробленага гістарычнага выбару”[23]. Фактычна, сваімі словамі Патрыярх прынамсі не падтрымаў сумніўнай кампаніі, якая атрымала ў Беларусі вялікі рэзананс - зборы подпісаў пад хартыяй аб рэферэндуме за аб’яднанне Расеі, Украіны і Беларусі ў адну дзяржаву[24].

Пра асаблівае месца прот. Фёдара Поўнага сведчыць і наступная пасля візіту Патрыярха сустрэча яго, Мітрапаліта Філарэта і згаданага сакратара прот. Мікалая Коржыча з Прэзідэнтам Лукашэнкам, якая адбылася літаральна адразу ж. Пааводле расплывістых фармулёвак парадку дня сустрэчы – дзяржаўна царкоўныя адносіны – і паводле складу ўдзельнікаў магчыма меркаваць, што не для чарговага абмену "ветлівасцямі" была адцягнута ўвага Прэзідэнта на царкоўную тэматыку другі дзень запар. Не абыйшлося без туману і цяпер, калі ўсіх цікавіць пытанне – "а хто ж тое вядзерца дастане?" – вядзерца ўлады і аўтарытэту ў Беларускім Экзархаце, якое ўжо практычна "ўпушчана"; той і стане "на рушнічок", дзе ўжо стаіць другі ўдзельнік сімфанічнага таемства шлюбу паміж дзяржавай і царквой.



[1] Калинкина С. А помечтать можно? - http://charter97.org/ru/news/2012/10/13/59867/ , Северинец П. - http://www.belaruspartisan.org/politic/221013/

[2] Патриаршее послание в праздник Покрова Пресвятой Богородицы в связи с проведением благотворительной акции «День милосердия и сострадания ко всем во узах и темницах находящимся» - http://www.patriarchia.ru/db/text/2511615.html

[3] http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/Page2471.html

[4] Стенограмма слова Святейшего Патриарха на торжественном акте во Дворце Республики. - http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/Page2490.html

[5] Историческая информация к визиту Патриарха Московского и всея Руси Кирилла в Беларусь

14 октября 2012 года: Храм-памятник в честь Всех святых и в память о жертвах, спасению Отечества нашего послуживших. - http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2012/Page4729.html

[6] http://news.tut.by/society/95100.html

[7] Васілевіч Н. Сакрэтны візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь - http://www.belaruspartisan.org/blogs/vasilevich/sakretny-vzt-patryyarkha-kryla-belarus/

[8] http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/Page2426.html

[9] Приветственный адрес Синода Белорусской Православной Церкви Святейшему Патриарху Московскому и всея Руси Кириллу по случаю Первосвятительского визита Предстоятеля Матери-Церкви в Беларусь 25–28 сентября 2009 года. - http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/Page2469.html

[10] http://www.svaboda.org/content/article/24734805.html

[11] http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2012/Page4728.html

[12] http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2012/Page4670.html

[13] http://diak-kuraev.livejournal.com/385502.html?thread=91087326&mode=showspam#t91087326

[14] http://churchby.info/rus/news/2010/06/06-2/

[15] http://www.belaruspartisan.org/blogs/vasilevich/da-nas-edze-revzor-pravaslanyya-pressluzhby-blytayutstsa-pakazannyakh/

[16] http://www.belaruspartisan.org/blogs/vasilevich/sakretny-vzt-patryyarkha-kryla-belarus/

[17] http://www.belaruspartisan.org/blogs/vasilevich/patryyarkh-spaznsya-zza-tumanu/

[18] http://diak-kuraev.livejournal.com/385502.html?thread=91088094#t91088094

[19] http://www.orthos.org/news/2012/10/14/prestolnyj-prazdnik-v-kafedralnom-sobore-grodno

[20] Падрабязней гл. Малютин А. Церковный премьер Беларуси. - http://www.portal-credo.ru/site/?act=news&id=65451&topic=534; Василевич Н. Надежда на Церковь. - http://churchby.info/rus/670/; Суходольская Л. “Вокруг него сам черт лютует...” - http://www.portal-credo.ru/site/?act=comment&id=1965

[21] http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2012/Page4732.html

[22] Там жа.

[23] http://www.belta.by/ru/all_news/president/Pravoslavie-javljaetsja-fundamentalnym-kamnem-duxovnosti-belorusskogo-naroda---Lukashenko-VIDEO_i_611750.html

[24] http://www.interfax.by/news/belarus/117443

Комментарии

Цiкавы артыкул. Калi усё так, як апiсана, дык праваслаунай царкве на Беларусi можна толькi паспачуваць:

тое што шэраговы сьвятар будуе, кiраунiцтва экзархату старанна разбурае. Такое адчуваннье, што гэты экзархат абрынецца разам з пачварнай дзяржавай.

Vacula

Хто ведае, магчыма нейкім цудам айцец Фёдар Поўны і стане наступным Экзархам. Бо “невыведныя шляхі Гасподнія”, аднак “выведнымі” павінны быць шляхі роздуму чалавека, які пасягае на званне эксперта-аналітыка (публікацыя размешчана на рэсурсе “Экспертного сообщества Беларуси”). Экспертная аналітыка адрозніваецца ад данясенняў інфармагенцтва АБС (“Адна Бабуля Сказала”) тым, што:

1) грунтуецца на фактах, а не на чутках ці фантазіях;

2) ужывае прафесійныя метады апрацоўкі інфармацыі: як мінімум, лагічнае абругнаванне вывадаў, а не спасылку на “мне так падалося”.

Улічваючы гэта ўгледзімся ў артыкул Н. Васілевіч: якімі агрументамі мацуецца яе вывад пра тое, што мэта візіту Свяцейшага – узгадненне кандыдатуры пратаіерэя Фёдара Поўнага на пасаду Экзарха БПЦ. А аргументы гэтыя наступныя:

1. Невыразнае інфармацыйнае суправаджэнне візіту з боку царкоўных прэс-службаў, блытаніна ў агучаных мэтах і адсутнасць Свяцейшага на службе ў Крупцах па незразумелых прычынах. Гэтыя акалічнасці, якія можна аб’яднаць тезай Васілевіч пра “туманнасць” візіту, я ўжо адкаментаваў.

Аднак, і калі лічыць іх праўдзівымі, з іх не вынікае агучаны сенсацыйны вывад.

Насамрэч з наяўнай інфармацыі вынікае, што Свяцейшы здзейсніў працоўны візіт, які быў прымеркаваны да 400-годдзя з’яўлення Крупецкай іконы Божай Маці. І, як заўжды адбываецца пры сустрэчах на высокім ўзроўні, былі публічныя заявы, і былі працоўныя перамовы “за зачыненымі дзвярамі”.

Падрабязнасці апошніх ніколі не раскрываюцца нават у самых дэмакратычных і адкрытых краінах і інстытуцыях. Бо гэта ўсё адно, што замест прэзентацыі новага аўто прэзентаваць праз СМІ падрабязнасці рабочых дыскусій канструктараў. Будзе аўто – будзе і прэзентацыя, будуць вынікі перамоваў афармляцца ў канкрэтныя значныя крокі – будзе і публічная інфармацыя пра іх…

2. Другі аргумент - нібыта вакол а. Фёдара Поўнага “і круцілася ўсё свята”. Аднак тэза гэтая сама патрабуе абгрунтавання.

Паводле Васілевіч тэза вынікае з таго, што а. Фёдар Поўны “да ночы знаходзіўся ў Свята-Пакроўскім прыходзе і выконваў арганізатарскія функцыі датычна візіту”. Аднак гэты факт малюе а. Фёдара не асобай вакол якой “круцяцца” падзеі, а наадварот – асобай якая “круціцца” вакол падзеяў: не важнай галоўным “цвіком” праграмы, дзеля якого арганізуецца мерапрыемства, а сэрвісным службоўцам, які абслугоўвае “цвік” праграмы. (Дарэчы, гэты факт абвяргае і намёк Васілевіч на тое, што Свяцейшы і не збіраўся ў Свята-Пакроўскі прыход. Бо што там, у такім разе, рабіў чалавек які, паводле Васілевіч, быў галоўным арганізатарам і “цвіком” візіту?!)

Другі доказ – аналіз фотаздымкаў на якіх, па ўражанню Васілевіч, а. Фёдар выглядае цэнтральнай фігураю. Калі гэта і так, то факт лёгка тлумачыцца без канспералагічных тэорыяў: а. Фёдар – настаяцель прыхода, дзе адбывалася сустрэча. Ці дзіўна, што гаспадар знаходзіцца побач з Высокім госцем?!

І зноў, нават калі мы ўмоўна пагадзімся з версіяй, што а. Фёдар быў галоўнай персонай, вакол якой “круціліся” падзеі, то з гэтага не вынікае, што ён блізкі да Свяцейшага, і што той прыехаў ўзгадняць ягоную персону на пасаду Экзарха.

3. Трэці аргумент – а. Фёдар адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да кандыдата ў Экзархі.

Аднак тут жа сама Васілевіч прызнаецца, што а. Фёдар адпавядае не ўсім крытэрам. Напрыклад, ён не епіскап, і ён жанаты. А пасаду Экзарха могуць займаць толькі епіскапы (чытай - манахі). Але для бязмежнай фантазіі гэта не праблема: “Манаскі пострыг можна прыняць і пры жывой жонцы”, - як “раз плюнуць” сцвярджае незамужняя Васілевіч.

Магчыма, яна забылася на 5-е апостальскае правіла:

“Епископ, или пресвитер, или диакон, да не изгонит своей жены под видом благовения. Если же изгонит, да будет отлучен от общения церковного; а оставаясь непреклонным, да будет извержен от священного чина”

Наогул, манаскі пострыг пры жывой жонцы магчымы, толькі на умовах, што і жонка прымае манаства…

Забыўшыся на адны каноны ўласнай Царквы, Наталля, аднак, спасылаецца на другі царкоўны дакумент (відаць, не ўважліва прачытаўшы), які абвяргае яе меркаванні:

“Паводле Статуту РПЦ, Экзарх абіраецца Святым Сінодам і прызначаецца Ўказам Патрыярха” (выдзел. мной – А.Н.)

А ў гэты Святы Сінод уваходзяць епіскапы, якія:

а) не меньш за а. Фёдара адпавядаюць кананічным патрабаванням да Экзарха;

б) не з’яўляюцца закладнікамі А. Лукашэнка (не трэба перабольшваць іх павагу да меркавання беларусскага “бацькі”);

в) усведамляюць, што штучнае рукапакладанне ў епіскапы з парушэннем кананічных правілаў і традыцыяў, насуперак чаканню епіскапату БПЦ паграджае ўнутрыцаркоўным канфліктам, які можа мець самыя сур’ёзныя наступствы.

Як думаеце: ці захочуць Сінод і Свяцейшы ўласнымі рукамі раскалоць Беларускую (і не толькі беларускую) Царкву? Ці мала ўкраінскага уроку?!

Аднак, умоўна можам пагадзіцца і з тым, што айцец Фёдар поўнасцю годны кандыдат у Экзархі. Толькі няўмольныя законы логікі зноў вымушаюць прызнаць: і з гэтага не вынікае, што Свяцейшы ехаў у Мінск, каб прадвызначыць яму гэтую пасаду!

Ужываючы метады аналітыкі, якімі створана гэтая сенсацыя. Можна зрабіць і больш цікавыя вывады. Ну скажам, Свяцейшы быў запрошаны, каб узгадніць кандыдатуру айца Фёдара на пост... прэзідэнта Беларусі. Бо сам А. Лукашэнка не аднойчы скардзіўся на тое, што стаміўся на прэзідэнцкім троне, аднак няма каму даверыць беларускі “скіпетр”. А айцец Фёдар, паверым Васілевіч, добры сябра АГЛ і Свяцейшага – да яго маецца давяр. Адзінае, што замінае саступіць айцу Фёдару пасаду – святарскі сан апошняга. Святарам РПЦ дазволена займацца палітыкай толькі ў выключных выпадках, пры ўзгадненні са свяшчэннаначальствам. А гэтая ідэя не з трывіяльных. Таму і вырашаўся яе лёс на самым высокім узроўні! Чым не кандыдатура: сябруе і з АГЛ, і з “Масквой” праз Патрыярха – ўсе моцныя палітычныя і царкоўныя сілы задаволеныя... ?

Жарты жартамі, аднак сапраўды “невыведныя шляхі Гасподнія…” Магчыма некалі “іміже весі судьбамі” айцец Фёдар і зойме пасаду… ды што там Экзарха -- Канстанцінопальскага Патрыярха! А Наталля Васілевіч зноў навучыцца фантазіяванне адрозніваць ад аналізу…

P.S. Не бяру да разгляду аргумента пра змену назвы прыхода напярэдадні візіту Свяцейшага, бо гэта поўная лухта. Гаворка пра змену назвы ішла яшчэ падчас візіту Патрыярха Алексія II:

“И когда Патриарх осматривал храм, а это было 25 октября, я подал ему лист с нашими предложениями. Святейший собственноручно на одном из них начертал свое благословение: «Храм-памятник в честь Всех Святых и в память о жертвах, спасению Отечества нашего послуживших». Думается, такое название более емкое и глубокое, нежели нынешнее. В нем дань уважения тем, кто отдал жизнь за Родину не только на полях сражений, но и в тылу.

Новое имя храма при поддержке Национальной академии наук и Министерства обороны представлено на утверждение Святого Синода Белорусской православной церкви..”, -- дзяліўся з “Мінскім кур’ерам” протаіерэй Фёдар Поўны ў жніўні 2010 года.

Больш таго, новая назва прыхода улучае і тыя катэгорыі ахвяраў, якія называліся ў папярэдняй, і дадае новыя.

Нагорны Алег
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2020

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.