Ад Сіноду да Ўпраўлення справамі

Ад Сіноду да Ўпраўлення справамі3-га верасня ў Мінску адбылося пасяджэнне Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы, і першым пытаннем, якое было разгледжана, стала зацвярджэнне афіцыйных дакументаў, у якіх адлюстроўваюцца прынятыя рашэнні, – Журналаў – мінулага “Сіноду без рашэнняў, што, з аднаго боку прыўзняла покрыва таямніцы, а з іншага – зрабіла яго яшчэ больш шчыльным.

Стала вядома, што на сакавіцкім Сінодзе разглядалася пытанне пра кананізацыю мясцовашанаваных святых - новых пакутнікаў, што пацярпелі ў гады камуністычнага рэжыму, па фармулёўцы Патрыярха, які гэтыя рашэнні зацвярджаў, праслаўленне павінна адбывацца “ў рэчышчы рашэнняў Архіярэйскага Сабору 2000 г.” Такім чынам, кананізацыя беларускіх святых была пастаўлена пад больш жорсткі кантроль Масквы, дзе, прыкладам, не спяшаюцца кананізаваць тых пакутнікаў і вызнаўцаў, што пацярпелі ў пасляваенны час за дзейнасць пад акупацыяй (напрыклад, так і не былі кананізаваныя ўдзельнікі Пскоўскай місіі, якая дзейнічала на акупаванай тэрыторыі і адраджала знішчанае ў даваенны камуністычны час рэлігійнае жыццё), у той час, як у Беларусі адбылося ўшанаванне не толькі “калабарантаў”, але і “аўтакефалаў”[1]. Як вядома, інтэнсіўны працэс падрыхтоўкі да кананізацыі праводзіла Бабруйская епархія, у т.л. тых дзеячаў Царквы, што належалі менавіта да гэтай “сумніўнай” аўтакефальна-пасляваеннай катэгорыі. Таму імаверна, што Масква вырашыла прыпыніць беларускае самавольства. Аднак, магчыма і іншае, што пад “рэчышчам рашэнняў” Патрыярх меў акурат адваротнае – інтэнсіфікаваць працэс ушанавання пакутнікаў, якое ў БПЦ, нягледзячы на фармальную кананізацыю, усё ж застаецца досыць млявым. Яшчэ ў свой першы прыезд у Мінск Патрыярх назваў адным з сімвалаў Беларусі Курапаты, ды і ў самой Расеі ў царкоўным жыцці шанаванню новых пакутнікаў надаецца значна большая ўвага, хоць і тычыцца яна ахвяраў даваеннага перыяду, а найбольш – першых гадоў пасля рэвалюцыі.

З непразрыстых каментароў Патрыярха “датычна журнала № 158: Журнал зацвярждаю, пытанне будзе разгледжана на адным з пасяджэнняў Святога Сінода” вынікае, што сакавіцкі Сінод разглядаў тое пытанне, рашэнне па якім знаходзіцца ў кампетэнцыі Сінода ўсёй РПЦ, а ставіцца перад ім Беларускім Экзархатам. Кола такіх пытанняў хоць і абмежаванае, але разнастайнае. Дзіўна тое, што пасля сакавіцкага Сіноду, дзе было прынятае адлюстраванае ў неапублікаваным на афіцыйным сайце Журнале № 158 рашэнне, пасяджэнні Святога Сінода РПЦ ужо адбываліся, таму відавочна, што канчатковае рашэнне адцягваецца. Што гэта за пытанне і якімі чуткамі і здагадкамі павінны сілкавацца вернікі Беларускай Праваслаўнай Царквы? Ці тычылася яно для кагосьці балючага, для кагосьці жаданага працэсу раздзялення епархій і стварэння Мітрапалічых акругаў, у выніку чаго змяніўся б баланс у Сінодзе БПЦ на карысць Мітрапаліта(ў) у параўнанні са звычайнымі епіскапамі, у прыватнасці, што б спрыяла ўмацаванню архіепіскапа Віцебскага Дзмітрыя, які б стаў Мітрапалітам, павышэнню яго статуснага рэсурса для магчымасці прэтэндаваць на кіраўніцтва ўсім Беларускім Экзархатам. Тое, што гэты рэсурс больш менавіта статусны, чым рэальны, бачна на прыкладзе лічбаў, якія датычацца Віцебскай духоўнай семінарыі, якія прыводзяцца ў тых жа журналах: у 2012 г. на дзённае аддзяленне залічана ўсяго 9 чалавек, на другім курсе навучаецца 10, на трэцім - 9, на чацвертім – 14, а на пятым – усяго 5 чалавек, а асноўным кантынгентам навучэнцаў з’яўляюцца завочнікі. Усё гэта яскрава сведчыць пра ўзровень семінарыі, патрэбу ў адкрыцці якой пры наяўнасці Жыровіцкай так доўга абгрунтоўвалі, а гэта значыць, у сваю чаргу, сведчыць пра амбіцыі яе рэктара, якім з’яўляецца архіепіскап Дзмітры.  Амбіцыі дадзенага архіярэя небеспадстаўныя – ён адзін з тых, хто мае высокі аўтарытэт, упісваецца ў трэнд “Рускага свету”, геапалітычнага праекту, які будуе цяперашні Патрыярх Кірыл, заўжды быў досыць незалежны ад Мінску, бадай, больш незалежны за іншых архіярэяў, таму лагічнай і жаданай для яго было адкрыццё ўласнай семінарыі, дзе б кадры рыхтаваліся непасрэдна пад уплывам самога архіепіскапа. Раздзяленне ж епархій дазволіла б яму, як старэйшаму над імі, акрамя ўзначальвання сваёй уласнай епархіі, стаць кіраўніком Мітрапалічай вобласці, куды ўваходзіць некалькі епархій. З аднога боку, ён губляў бы ад непасрэднага кіравання частку сваёй было епархіі, але на справе – набываў бы больш высокі статус, захоўваючы пры гэтым фактычнае кіраванне той самай тэрыторыяй. Аднак так і не адбылося раздзялення Віцебскай епархіі, хоць на гэта і было агучана ўхваленне яшчэ на студзеньскім пасяджэнні Сіноду, пра што сведчыць не 158 неапублікаваны Журнал, але 151 апублікаваны, на які, у сваю чаргу, ніякага патрыяршага каментара агучана не было. Таму лёс раздзялення епархій і стварэння Мітрапалічай акругі дагэтуль застаецца загадкавым.

Затое ў зеніце апошняга Сіноду яшчэ ярчэй заззяла новая зорка - кіруючы справамі Беларускага Экзархату архіепіскап Наваградскі Гурый. Да пачатку 2012 г., калі была створана новая структура – Упраўленне справамі Беларускага Экзвархату – пра такога дзяяча БПЦ мала хто і чуў. Архіярэй жыў у Жыровіцкім манастыры, для адукаваных і самастойных святароў – як напрыклад, прот. Сергій Лепін, філосаф па адукацыі, які нават спрабаваў абараніць кандыдацкую дысертацыю па філасофіі, месца ў падначаленай архіепіскапам Гурыем епархіі знаходзілася зусім не на ніве “інтэлектуальнай дзейнасці”, але ў служэнні ў аддаленых вёсках Мізгіры і Новадзявяткавічы. На вёску саслаў Высокапраасвяшчэнны Гурый і ўзнагароджанага прэміяй Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя Кірылы і Мяфода прот. Аляксія Глінскага, актыўнага місіянера, які кіраваў Лідскім моладзевым брацтвам, ладзіў разнастайныя моладзевыя мерапрыемствы, а таксама сястрынствам, якое разгарнула вельмі актыўную сацыяльную дзейнасць, быў створаны дыяканічны цэнтр. Мякка кажучы, рэпутацыя ў архіепіскапа Гурыя, што датычыцца ягонай кадравай палітыкі, была сумніўнай. Часцей яго адносілі не да катэгорыі “ўпраўленцы” і “менеджэры”, а “малітоўнікі”: у адрозненне ад шэрагу іерархаў Рускай Праваслаўнай Царквы ён не з кабінетных навукоўцаў, і не з царкоўных дыпламатаў. Свецкая адукацыя ў яго непрэстыжная, на працы ў Аддзеле знешніх царкоўных сувязяў ён не быў. Расказваюць, што як манах, выконваў самыя простыя гаспадарчыя манаскія паслушэнствы, і менавіта таму скептычна ставіўся да святароў з прэтэнзіяй на інтэлектуальнасць. Больш за тое, асноўнай яго рэзідэнцыяй быў не Наваградак, але Жыровіцкі манастыр.

І вось, з не шчодрым на публічнасць архіепіскапам Гурыем адбылася змена. Пачатак 2012 г. стаў для яго новым нараджэннем, акрамя новай пасады было і атрыманне прэстыжнай дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” па выніках 2011 г. “за вялікі асабісты уклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, асветніцкую, выдавецкую, дабрачынную дзейнасць”[2]. Потым атрыманне новай пасады і дзейнасць на ёй. Далей – рэзананснае інтэрвію пра розныя пытанні, у т.л. пра ўніяцтва[3]. Трэба адзначыць, што станаўленне асобай публічнай для архіярэя пачалося яшчэ ў сярэдзіне 2011 г., калі на афіцыйным сайце з’явілася рубрыка “Беседы с архіпастырам”. Вось ён выказваецца пра сусветныя палітычныя патрасенні і сітуацыю ў Беларусі, кажучы, што “сітуацыю ў нашай краіне трэба ўспрымаць спакойна і без панікі”[4], пра “неспакойную абстаноўку ў свеце”[5], “напружанае жыццё на зямлі”[6], пра космас і іншапланецян[7] і г.д. Прапаную азнаёміцца з іншымі “гутаркамі” архіепіскапа, каб скласці ўражанне пра ягоныя пазіцыі, а таксама спосаб спрыяння духоўнаму адраджэнню Беларусі, у тым ліку, праз барацьбу з уніяй.

Праблема ўніяцтва для Беларускай Праваслаўнай Царквы, безумоўна, набыла некаторую актуальнасць у сувязі з візітам высокага Ватыканскага чыноўніка з Кангрэгацыі па ўсходніх цэрквах Кірыла Васіля. Хаця пасля падобнага візіту можна было расслабіцца і зразумець, што Ватыкан ніякіх крокаў па ўзмацненні БГКЦ прадпрымаць не будзе, і нават надзённую патрэбу беларускіх грэка-каталікоў – афармленне кананічнай структуры праз атрыманне ўласнага епіскапа – задавальняць пакуль не збіраецца. Грэка-каталіцкая Царква невялікая, хаця яе прыходы і наведвае інтэлігенцыі і актыўная моладзь. Таму рэакцыя Сінода на быццам актывізацыю ўніяцтва выглядае празмернай, і звязана зноў з асобай архіепіскапа Гурыя.

Гэта тычыцца сітуацыі, якая склалася са святаром Янам Майсейчыкам, былым клірыкам усё той жа Навагрудскай епархіі, які ўжо з дзясятак год жыве ў Бельгіі і шмат год узначальвае грэка-каталіцкі прыход у Антверпэне. Гэты факт ні для каго не быў сакрэтам, тым больш для чалавека, які называе сябе “кіруючым архіярэям” святара Яна, але раптам праз дзесяць год епіскап Гурый, які даў яму адпускную грамату, пра яго ўспомніў, прычым для надання сваім узгадкам здзеклівасці, ён па традыцыі беларускіх уладаў выкарыстоўваў беларускамоўныя выразы: “Беларуская царква”, “святар Ян”. Архіепіскап Гурый абразіўся на артыкул, які ўніяцкі святар напісаў у адказ на інтэрвію самога архіепіскапа (http://churchby.info/bel/862/). Што цікава, святар, нягледзячы на тое, што стаў уніятам, нават не быў дагэтуль забаронены ў служэнні. І незразумела, чаму для кананічнай забароны недастаткова было рашэння самога архіепіскапа Гурыя, а спатрэбілася звяртацца па дапамогу да цэлага Сіноду.

Акрамя выключна асабістага пытання, больш істотнымі “антыўніяцкімі” рашэннямі можна лічыць усталяванне спецыяльнага дня памяці Полацкага сабору 1839 г., на якім унія была зліквідаваная, а таксама дня памяці мітр. Іосіфа (Сямашкі), кананізацыя якога рыхтуецца. Відавочна, што такія дзеянні Беларускай Праваслаўнай Царквы немінуча выклікаюць напружанасць з Царквой Каталіцкай, якой сабе ніколі не дазваляў Мітрапаліт Мінскі Філарэт. Таму, з аднога боку, прыняцце рашэнняў у рэзкіх фармулёўках можа сведчыць пра памяншэнне ўплыву ў Сінодзе кіраўніка БПЦ, ад імя якога кардыналу Курту Коху ў Ватыкан быў дасланы ліст, у якім прычынай адсутнасці станоўчай дынамікі ў праваслаўна-каталіцкіх адносінах названае “ўніяцкае пытанне” ў Беларусі. З другога боку, гэта сведчыць пра павелічэнне ўплыву архіярэя, які выступаў з гэтымі прапановамі, а менавіта – архіепіскапа Гурыя.

Павелічэнне ўплыву апошняга можна заўважыць і яшчэ ў адной сферы, дзе раней яго абганяў калега з Віцебскай епархіі: прызначэнне архіепіскапа Гурыя выконваючым абавязкі рэктара Мінскіх духоўных школаў, інспектарам якіх быў яшчэ з часу адкрыцця МінДС у 1989 г., але цяпер сітуацыя змяняецца – Мінская Духоўная Акадэмія стане такой не толькі паводле назвы, але і паводле месца размяшчэння.

Яшчэ адным з крокаў кіраўніка справамі Беларускага Экзархату стала спроба рэарганізацыі структуры прэс-службы БПЦ. Па-першае, была звернута ўвага на неабходнасць, каб туды ўваходзілі не толькі супрацоўнікі прэс-службы Мінскай епархіі, каб адказныя за сувязі са СМІ мелі адпаведную кваліфікацыю, а сама дзейнасць рабілася больш прафесійнай. Калі раней асобныя прадстаўнікі прэс-службаў падпарадкоўваліся непасрэдна свайму епархіяльнаму архіярэю, то каму цяпер будзе падпарадкоўвацца каардынацыйны орган? Магчыма, што акурат Упраўленню справамі БПЦ, кіраўніком якога з’яўляецца архіепіскап Гурый. Па-другое, такая цэнтралізацыя мела яшчэ адно наступства - была выказана просьба да епіскапаў “дзеля пазбягання каляцаркоўных слухаў, з асцярожнасцю даручаць клірыкам епархіі даваць каментары на падзеі, якія выклікаюць асаблівы рэзананс у грамадстве. Такія каментары павінны быць узгоднены з прэс-цэнтрам Мінскага епархіяльнага ўпраўлення”. Такім чынам, робіцца спроба паставіць пад кантроль інфармацыю не толькі арганізацыйна, але і змястоўна.

Многія рашэнні ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, асабліва кадравыя, непразрыстыя для простых вернікаў. Кагосьці гэта ўсё зусім не цікавіць, хтосьці давярае слухам ці сваёй інтуіцыі. Таму і ад таго, хто і як кіруе царкоўнай арганізацыяй, жыццё простых вернікаў, у сваю чаргу, не залежыць. Гэта дзве паралельныя рэчаіснасці, адчужаныя адна ад адной. Тым не менш, якую пазіцыю будзе агучваць у грамадстве Царква, ці будзе ў нас больш беларускага, ці не сашлюць адукаваных і вальнадумных святароў у вёскі, якія кніжкі будуць пераважаць у царкоўных шапіках, як будзе развівацца дыялог з іншымі канфесіямі – усё ж у значнай ступені вызначаецца тым, хто кіруе. І як стала відавочна за апошні год, стыль кіравання ў Беларускай Праваслаўнай Царкве набывае новыя абрысы – непрыязнасць да каталіцтва, больш жорсткі кантроль, а таксама ноткі фундаменталізму ў сферы грамадства і палітыкі.



[1] Падрабязней пра гэта: Васілевіч Н. Царква ў гады нямецкай акупацыі: здраднікі Радзімы і ворагі народу ці святыя Божыя пакутнікі і вызнаўцы? - http://churchby.info/bel/602/ Заўвага: у саборы новых пакутнікаў Беларускіх былі кананізаваныя царкоўныя дзеячы, якія належалі да абвешчанай у 1927 г. аўтакефальнай царквы пад кіраўніцтвам мітр. Філарэта (Раменскага); а таксама тыя, што ў вайну дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі, а пасля вайны былі за гэта рэпрэсаваныя як “калабаранты”. Гэта не ўкладаецца ў агульны трэнд асуджэння аўтакефаліі і асэнсавання дзеячаў на акупаванай тэрыторыі як “здраднікаў Радзімы”.

[2] http://www.dyatlovo.info/content/arkh-ep-skap-guryi-la-reat-prem-za-dukho-nae-adradzhenne

[3] http://www.eparhia.by/arkhierei/beseda.html?tx_ttnews[tt_news]=3085&cHash=6d260e43531c4174a094e545c0de093b

[4] http://www.eparhia.by/arkhierei/beseda.html?tx_ttnews%5Btt_news%5D=3394&cHash=c842cd9a5f30f65ca17a0d33e7ece698

[5] http://www.eparhia.by/arkhierei/beseda.html?tx_ttnews[tt_news]=3392&cHash=7af4dba28769fb7554ac95faaafe6218

[6] http://www.eparhia.by/arkhierei/beseda.html?tx_ttnews[tt_news]=3295&cHash=c1745cb59e3bf3b260c3ff1c5af51374

[7] http://www.eparhia.by/arkhierei/beseda.html?tx_ttnews[tt_news]=3294&cHash=c46f2e47c30f9caaf593718803e43d4f

Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2020

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.