Большасць апазіцыйных сіл заявілі аб тым, што разглядаюць парламенцкія выбары 2012 года як палітычную, а не выбарчую кампанію. Гэта азначае, што яны не ставяць задачы правядзення ў беларускі парламент сваіх прадстаўнікоў і ўсведамляюць невысокую верагоднасць падобнага развіцця падзей. З\`яўленне ў ніжняй палаце беларускага парламента апазіцыі ў большай ступені залежыць ад рашэнняў, якія прымаюцца ў адміністрацыі прэзідэнта, а не ад пераваг выбарцаў. Пры гэтым, з аднаго боку частка апазіцыйных сіл, якія выкарыстоўваюць радыкальную рыторыку, разлічвае пашырыць свае шэрагі за кошт прыхільнікаў байкоту. З іншага боку некаторыя апазіцыйныя лідары выкарыстоўваюць парламенцкую кампанію ў рамках доўгатэрміновых планаў, імкнучыся павялічыць свой патэнцыял для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Адначасова магчымасць ўзмацнення пазіцый можа быць скарыстана асобнымі апазіцыйнымі лідарамі не столькі для наступнага вылучэння ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта на наступных выбарах, колькі для ўзмацнення перамоўных пазіцый структур, якія стаяць за гэтымі асобамі. Пры гэтым, яшчэ ні адзін апазіцыйны лідар, які ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў якасці кандыдата, не вылучаўся паўторна на гэтую пасаду.

Варта зазначыць, што парламенцкая кампанія 2012 яшчэ больш спрыяе падзелу апазіцыі на «канструктыўную» і «канфрантацыйную» плыні, якія па-рознаму глядзяць на дэмакратызацыю беларускага рэжыму. Частка апазіцыі, якую можна вызначыць як «канструктыўную», адыходзіць ад жорсткага супрацьстаяння з беларускімі ўладамі, разлічваючы навязаць «дыялог» з кіруючай элітай з паступовай мадэрнізацыяй беларускага грамадства з дапамогай Еўрасаюза.

«Рух „За свабоду“ і яго лідар А. Мілінкевіч з\`яўляюцца своеасаблівым цэнтрам групы „канструктыўнай“ апазіцыі, якая займае мяккую пазіцыю ў адносінах да беларускіх уладаў. Памяркоўнае крыло апазіцыі фармуюць „Рух „За свабоду“ (далей — Рух), партыя БНФ і кампанія „Гавары Праўду“ (далей — ГП), якія пераважаюць у кааліцыі шасці вядучых апазіцыйных сіл, сфармаванай на працягу 2011 г. Гэтая група ўскладае вялікія надзеі на рэалізацыю новай ініцыятывы ЕС у дачыненні да Беларусі — „Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі Беларусі“.

На гэты момант назіраецца збліжэнне пазіцый сярод арганізацый «канструктыўнай» апазіцыі, якое можа легчы ў аснову доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Да прыкладу, на парламенцкіх выбарах 2012 года пазіцыі Руху і ГП супадаюць і прадугледжваюць паўнавартасны ўдзел актывістаў гэтых арганізацый у выбарчай кампаніі. Варта адзначыць, што структуры Руху і партыі БНФ цесна інтэграваныя, што дазваляе лідэрам Руху мець канкурэнтныя перавагі, выкарыстоўваючы партыю БНФ у якасці малодшага партнёра ў кааліцыях апазіцыйных сіл.

У сёлетняй парламенцкой кампаніі ў адрозненні ад Руху і ГП партыйны статут БНФ запатрабаваў фармулёўкі выразнай афіцыйнай пазіцыі ад кіраўніцтва наконт фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Партыя БНФ прыняла рашэнне аб абумоўленым удзелу сваіх кандыдатаў у парламенцкіх выбарах і рэкамендавала сваім лідарам зняцца з выбарчай гонкі напярэдадні датэрміновага галасавання. Аднак многія кандыдаты ад партыі БНФ з\`яўляюцца чальцамі Руху і прадстаўляюць абедзве апазіцыйныя арганізацыі, што дазваляе ім адысці ад рэкамендаванага партыяй фармату ўдзелу ў выбарах. У сваю чаргу многія лідары, якія плануюць вылучэнне ў якасці кандыдатаў ад ГП, у большасці выпадкаў валодаюць двайной лаяльнасцю ў адносінах да іншых апазіцыйных партый, галоўным чынам Аб\`яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі аб\`яднаных левых «Справядлівы Свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Пры гэтым лідары «канструктыўнай» плыні ў меншай ступені пацярпелі ад рэпрэсій уладаў і маюць магчымасць узмацення сваіх пазіцый за кошт удзелу ў парламенцкай кампаніі. Напрыклад, Аляксандр Мілінкевіч вырашыў прыняць удзел у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата. Не выключана, што падобнае рашэнне лідара Руху грунтуецца на пэўнай упэўненасці ў станоўчым для яго зыходзе выбараў. Варта зазначыць, што чуткі аб магчымай кааптацыі апазіцыі ў ніжнюю палату парламента хадзілі ў 2008 годзе і былі выкліканыя пачаткам «пацяплення» ў беларуска-еўрапейскіх адносінах. Тады яны былі звязаныя з яшчэ адным, яшчэ будучым на той час, кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам. Аднак надзеям апазіцыянераў не атрымалася спраўдзіцца у 2008 годзе: парламент 4-га склікання апынуўся яшчэ больш стэрыльным у параўнанні з папярэднім складам.

Яшчэ адзін лідар памяркоўнай апазіцыі Уладзімір Някляеў заявіў аб удзелу структур кампаніі ГП у парламенцкіх выбарах у якасці падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2015 г. Яшчэ на пачатку 2012 года ГП абвясціла аб старце сваёй стратэгічнай ініцыятывы — кампаніі «Грамадзянская дамова». «Грамадзянская дамова» разглядаецца кіраўніцтвам ГП як аснова для папулярызацыі кандыдата ад гэтай структуры на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Вызначыўшыся са сваімі стратэгічнымі мэтамі ГП мае сур\`ёзныя шанцы ўзмацніць свае перамоўныя пазіцыі пры вызначэнні «адзінага» кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, у выпадку калі апазіцыйныя сілы ўлічаць ўрокі 2010 года і змогуць аб\`яднаць свае высілкі для ўдзелу на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Пры гэтым ініцыятыва ГП «Грамадзянская дамова», скіраваная на прыцягнення на бок апазіцыі нявызначаных грамадзян, можа легчы ў аснову прэзідэнцкай кампаніі любога кандыдата.

Варта адзначыць, што рэпрэсіі ўладаў толькі ўзмацнілі раскол у беларускім грамадстве і ўмацавалі пазіцыі прыхільнікаў жорсткай лініі сярод палітычна актыўных грамадзян. Гэта знайшло сваё пацвярджэнне ў прынятай на мітынгу 25 сакавіка гэтага года ў г. Мінску рэзалюцыі, якая заклікае лідараў апазіцыі да байкоту парламенцкіх выбараў. Пры гэтым у асяроддзі апазіцыйных арганізацый, якія выкарыстоўваюць канфрантацыйную мадэль супрацьстаяння з беларускімі ўладамі, адсутнічае адзіны каардынацыйны цэнтр. Радыкальную плыць апазіцыі прадстаўляе аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларускі Рух», грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, «Малады фронт», Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і шэраг іншых сеткавых ініцыятыў, якія сгрупаваліся вакол пэўных асоб. Беларускія улады значна аслабілі патэнцыял радыкальнай апазіцыі з дапамогай жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да яе лідараў.

Найбольш вядомы і аўтарытэтны прадстаўнік гэтай плыні Андрэй Саннікаў, які падчас прэзідэнскай кампаніі 2010 года абапіраўся на структуры «Беларускага Руху», грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і БСДГ, быў вызвалены з турмы ў красавіку гэтага года, аднак з тых часоў ён устрымліваецца ад удзелу ў палітычным жыцці краіны.

Яшчэ адзін аўтарытэтны радыкальны лідар Мікалай Статкевіч, якога падтрымліваюць структуры незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), знаходзіцца ў зняволенні і нават у выпадку вызвалення, ён, хутчэй за ўсё, будзе пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года ў якасці кандыдата.

Таксама нягледзячы на вялікі патэнцыял падтрымкі ў асяроддзі палітычна актыўнага грамадства, верагоднасць вяртання ў Беларусь легенды нацыянальна-вызвольнага руху пачатку 1990-х і лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка, які знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, застаецца даволі нізкай.

Аднак гэтую групу апазіцыі можа прадставіць лідар АГП Анатоль Лябедзька, партыя якога выкарыстоўвае парламенцкую кампанію ў рамках сваёй стратэгічнай ініцыятывы «За справядлівыя выбары без Лукашэнкі». Кіраўніцтва АГП, пазбягаючы празмерна радыкальнай рыторыкі ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта, на гэтым этапе выбірае канфрантацыйную мадэль супрацьстаяння з уладамі. Варта зазначыць, што Анатоль Лябедзька ўжо аднойчы спрабаваў стаць «адзіным» кандыдатам ад апазіцыі, але саступіў на Кангрэсе дэмакратычных сіл, які праводзіўся напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2006 года, усяго некалькі галасоў Аляксандру Мілінкевічу. Цалкам верагодным з\`яўляецца падобнае развіццё падзей і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года з правядзеннем агульнага кангрэсу вядучых апазіцыйных сіл і вызначэння адзінага кандыдата ад апазіцыі. Ідэя аб правядзенне сумеснага мерапрыемства апазіцыйнымі сіламі ўжо неаднаразова агучвалася як лідарамі асобных палітычных сіл, напрыклад БХД і ГП, так і шараговымі актывістамі. Пры гэтым нельга выключаць варыянту правядзенне да 2015 года некалькіх «кангрэсаў» і канчатковага размежавання ў лагерах «канструктыўнай» і «канфрантацыйнай» апазіцыі.

Пры гэтым у дзеяннях некаторых буйных апазіцыйных структур, як Беларуская партыя аб\`яднаных левых «Справядлівы свет» (далей — БПАЛ СС) і Беларуская хрысціянская дэмакратыя, пакуль не назіраецца выразнага бачання сваёй стратэгіі ў дачыненні да прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. БПАЛ СС ў парламенцкай кампаніі 2012 у большай ступені вырашае задачы па арганізацыі партыйнага назірання, што, хутчэй за ўсё, можа стаць іх асноўнай кампаніяй і падчас прэзідэнскіх выбараў 2015 г. Нягледзячы на блізкасць фармату ўдзелу актывістаў БПАЛ СС у парламенцкай кампаніі да блоку «канструктыўнай» апазіцыі, то бок паўнавартаснага ўдзелу партыйных кандыдатаў у выбарах, яны трымаюць дыстанцыю ў адносінах да гэтай групы, скіроўваючы ўвагу на паглыбленне супрацоўніцтва паміж левымі сіламі, асабліва ў рэгіёнах.

У сваю чаргу, БХД, кіраўніцтва якой было аслаблена ў выніку рэпрэсій уладаў, пакуль не аднавіла напоўніцу свае сілы і ў іх дзеяннях не відаць стратэгічных мэт на наступную прэзідэнцкую кампанію. Пры гэтым абіраючы ў парламенцкай кампаніі «канфрантацыйны» характар супрацьстаяння з беларускім кіраўніцтвам, БХД выступае за абумоўлены дыялог з беларускімі ўладамі, што даволі блізка да пазіцыяў «канструктыўнага» блока апазіцыі. Аднак збліжэнню БХД з памяркоўнай групай перашкаджаюць папярэднія канфлікты кіраўніцтва БХД і Руху, што стала асноўнай прычынай няўдачы ў пабудове кааліцыі «Беларускі незалежніцкі блок» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады кааліцыя «Беларускі незалежніцкі блок» закладвалася пад вылучэнне Аляксандра Мілінкевіча ў якасці кандыдата ад права-цэнтрысцкіх сіл, аднак планам не атрымалася рэалізавацца. У выніку лідар Руху адмовіўся ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ў якасці кандыдата, а правацэнтрыскія сілы на выбарах прадстаўлялі некалькі асобаў.

Такім чынам, сёлетняя парламенцкая кампанія стварае аснову для фармавання апазіцыйнымі структурамі стратэгій і кааліцый для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. З аднаго боку, умацоўваюцца пазіцыі лідараў «канструктыўнай» плыні, якія адыходзяць ад жорсткага супрацьстаяння з беларускімі ўладамі. Ідэі памяркоўнай апазіцыі, якія прадугледжваюць «дыялог» з дзеючымі элітамі, не з\`яўляюцца папулярнымі ў асяроддзі палітычна актыўных грамадзян. Аднак ва ўмовах ізаляцыі «радыкальных» лідараў структуры «канструктыўнай» апазіцыі маюць магчымасць павялічыць свой уплыў. З іншага боку, арганізацыі «канфрантацыйнай» плыні апазіцыі ў сітуацыі жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да іх лідараў пазбаўлены магчымасці больш цеснай каардынацыі сваёй дзейнасці. Аднак частка радыкальна настроеных структур можа аб\`яднаць лідар АГП Анатоль Лябедзька, які працягвае выкарыстоўваць радыкальную рыторыку ў дачыненні да кіраўніцтва дзяржавы.