Ізаляцыя vs уцягванне: ці ёсць выйсце з зачараванага кола?

Адсутнасць вынікаў санкцый з боку Еўрасаюза ў адносінах да беларускага кіраўніцтва, якія былі ўведзены пасля жорсткіх падзей 19 снежня 2010 года, дае падставы асобным аналітыкам казаць аб неэфектыўнасці падобных мераў у справе дэмакратызацыі Беларусі [3,5,8]. У дадатак сцвярджаецца, што еўрапейскі падыход ізаляцыі беларускага кіраўніцтва нясе пагрозу для захавання суверэнітэту краіны, якая ўсё болей залежыць ад Расейскай Федэрацыі. Аналітыкі прапануюць Еўропе вярнуцца да палітыкі ўцягвання Беларусі, якая панавала на працягу 2008-2010 года, нягледзячны на адсутнасць сустрэчных крокаў з боку беларускага кіраўніцтва.

Варта пагадзіцца, што за мінулы год ізаляцыя дзеючага кіраўніцтва краіны не дала старт працэсу дэмакратызацыі ў краіне, а ўмовы існавання грамадзянскай супольнасці нават пагоршыліся. Тым не менш, заходнія санкцыі на працягу 2011 года ўсё ж мелі ўплыў на беларускае кіраўніцтва, калі яно распачало стварэнне перадумоў для беларуска-еўрапейскага дыялогу. Напрыканцы жніўня 2011 года было заяўлена аб аднаўленні дзейнасці Грамадска-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзідэнта, пачаўся працэс вызвалення палітзняволенных і шырокая кампанія трансфармацыі РГА «Белая Русь» у палітычную партыю, што павінна было засведчыць аб змене выбарчай сістэмы краіны. Але ж вяртанне расейскай нафтагазавай рэнты здолела кампенсаваць прэзідэнскай адміністрацыі ціск з боку Захаду і нават узмацніць рэпрэсіі у адносінах да грамадзянскай супольнасці.

Аднак сітуацыя можа змяніцца пасля прэзідэнскіх выбараў у Расеі, калі ў беларуска-расейскіх адносінах чакаецца чарговае напружанне. Афіцыйная Масква ўжо зараз пачынае ціснуць на беларускае кіраўніцтва наконт выканання папярэдніх дамоўленасцяў па прыватызацыі буйных беларускіх актываў і далейшай інтэграцыі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы. У сваю чаргу афіцыйны Менск знаходзіцца ў пошуках чарговага «геапалітычнага партнёра» для супрацьстаяння амбіцыям расейскага кіраўніцтва. У апошнія месяцы беларусы асаблівую ўвагу надаюць развіццю «стратэгічнага партнёрства» з Кітаем, якое аднак не выклікае заклапочанасці з боку расейскага кіраўніцтва нягледзячы на бравурныя заявы беларускага прэзідэнта наконт «вялікага прыходу Кітая» у Беларусь[2].

Адзіным рэальным вагарам, які А. Лукашэнка можа супрацьпаставіць ціску Масквы, застаецца пакуль Еўрасаюз, а ўстойлівасць беларускага рэжыму ў значнай ступені гарантуецца магчымасцю геапалітычнага манёўру паміж Еўропай і Расеяй. Супрацьстаянне гэтых двух міжнародных актараў дазваляе беларускаму прэзідэнту атрымліваць неабходную макраэканамічную дапамогу як з Усходу, так і з Захаду. Прычым дзеючы прэзідэнт не разглядае магчымасці інтэграцыі з заходнім светам, які з\`яўляецца для яго ідэалагічна чужым, а выкарыстоўвае заходні вектар замежнай палітыкі для гульні на імперскіх амбіцыях Масквы.

У такім разе паўстае пытанне, ці з\`яўляецца эффектыўнай еўрапейская палітыка ўцягвання без выканання афіцыйным Менскам базавых умоў, калі беларускае кіраўніцтва выкарыстоўвае еўрапейскі вектар вонкавай палітыкі ўсяго толькі як вагар ціску на афіцыйную Маскву?

Адліга 2008-2010

Пасля прэзідэнскіх выбараў 2006 года спатрэбілася болей за два гады, каб пачаўся працэс «пацяплення» у беларуска-еўрапейскіх дачыненнях. Падчас 2008-2010 гадоў пад ціскам Еўрасаюза адбывалася дастаткова супярэчлівая лібералізацыя палітычнага працэсу ў краіне, якая тычылася ў першую чаргу змяншэння ўзроўню рэпрэсій у адносінах да грамадзянскай супольнасці, пераследу палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ.

Пачатку «пацяплення» як адносін з Захадам, так і ўнутрыпалітычнага працэсу папярэднічала пасля перамоваў заходніх дыпламатаў з прэзідэнскай адміністрацыяй вызваленне палітзняволеных.

Напярэдадні парламенскіх выбараў 2008 года быў вызвалены кандыдат на пасаду прэзідэнта Аляксандр Казулін, які быў асуджаны пасля выбараў 2006 года за «злоснае хуліганства, арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушылі грамадзкі парадак» на 5 год і 6 месяцаў. Аляксандар Казулін быў у спісе шасці палітвязьняў, якіх беларускія ўлады абяцалі вызваліць, каб палепшыць адносіны з Захадам. За некалькі месяцаў да гэтага пяць чалавек са спісу выйшлі на волю, апошнім у сярэдзіне лютага 2008 года вызвалілі Змітра Дашкевіча. Пасля вызвалення Дашкевіча за краты патрапілі Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч, якія былі удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску 10 студзеня 2008 года і разглядаліся незалежнай грамадскасцю як палітзняволеныя. Вызваленне Казуліна зацягвалася з-за яго адмовы прызнаць сваю віну, напісаць прашэнне аб памілаванні і з\`ехаць з краіны пасля выхаду на волю, таму ён быў вызвалены разам з Кімам і Парсюкевічам у жніўні 2008 года.

Афіцыйны Менск у перыяд «пацяплення» беларуска-еўрапейскіх дачыненняў здолеў навязаць Еўрасаюзу свае ўмовы дыялогу. Беларускае кіраўніцтва працягвала сваю палітыку маргіналізацыі дэмакратычных партый і ізаляцыі іх ад грамадства: апазіцыя заставалася пазасістэмнай, змяншаючы сваё прадстаўніцтва на ўсіх узроўнях улады. Пасля выбараў 2008 года ў парламент не здолелі патрапіць нават прадстаўнікі «канструктыўнай» апазіцыі і вышэйшы заканадаўчы орган чацьвёртага склікання стаў яшчэ болей стэрыльным, чым Палата прадстаўнікоў мінулых скліканняў. Падчас мясцовых выбараў 2010 года колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў, якія здолелі патрапіць у мясцовыя саветы, зменшылася да мінімальнага за часы незалежнасці краіны узроўню.

Адначасова вызваленне палітычных зняволенных, змяншэнне ўзроўню пераследу грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ нягледзячы на невыкананне большасці з 12 патрабаванняў ЕС па нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх стасункаў у рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства дазволіла Еўрасаюзу ўключыць Беларусь у склад краін-удзельніц ініцыятывы «Усходняе Партнёрства». Лепшага падарунка для гандлю з афіцыйнай Масквой беларускае кіраўніцтва наўрацці змагло б атрымаць. Еўрапейская ініцыятыва, распрацаваная Швецыяй і Польшчай, выклікала шалёную рэакцыю ў Маскве, якая ўбачыла ў гэтым праекце Еўрасаюза жаданне стварыць чарговы «санітарны кардон» вакол Расеі.

У выніку пры ўсіх станоўчых зрухах ва ўнутрыпалітычным працэсе адліга 2008-2010 гадоў скончылася жорсткай развязкай. Нягледзячы на адсутнасць рэальнай пагрозы адлучэння ад улады дзеючага кіраўніка дзяржавы на выбарах 2010 года, прэзідэнт выбраў жорсткі сцэнар супрацьстаяння з грамадзянскай супольнасцю і знішчэння палітычнай апазіцыі пасля выбарчай кампаніі.

Прэзідэнскія выбары 2001, 2006 і 2010: узмацненне жорсткасці

З кожнай прэзідэнскай кампаніяй жорсткасць беларускага кіраўніцтва ў адносінах да сваіх апанентаў і грамадзянскай супольнасці павялічваецца. Пасля прэзідэнскіх выбараў 2001 года нягледзячы на арганізацыю апазіцыяй масавай акцыі пратэсту і захопу Палаца прафсаюзаў у Менску апазіцыйныя лідары і актывісты пазбеглі беларускіх турмаў. Падчас прэзідэнкіх выбараў 2006 года былі арыштаваны сотні дэмакратычных актывістаў, а шасцёра, разам з кандыдатам на пасаду прэзідэнта Уладзімірам Казуліным, былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення. Пасля выбараў 2010 года сотні пратэстоўцаў у Менску былі жорстка збітыя беларускімі сілавымі органамі, 639 затрыманы і арыштаваны на некалькі сутак, а 43 лідары апазіцыі, у тым ліку кандыдаты на пасаду прэзідэнта, кіраўнікі іх штабоў і найбольш актыўныя удзельнікі акцыі былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення ці абмежавання ў правах.

Варта зазначыць, што з 2006 года выбарчыя кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў пачынаюць набываць характар дэтэктыўных гісторый, калі кандыдаты падпадаюць пад сілавыя аперацыі спецслужбаў. За некалькі тыдняў да дня выбараў кандыдат на пасаду прэзідэнта 2006 года Аляксандар Казулін быў збіты прадстаўнікамі спэцслужбаў пры спробе зарэгістравацца для ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе, які склікаў Аляксандр Лукашэнка. Пасля збіцця Казулін быў затрыманы, а па машыне ягоных сяброў, якая ехала за ім, быў адкрыты агонь з агнястрэльнай зброі. Каля Кастрычніцкага РУУС асобы ў цывільным учынілі напад на актывістаў штабу А.Казуліна і прысутных журналістаў.

У 2010 годзе напад «невядомых у чорным» з удзелам прадстаўнікоў ДАІ і выкарыстаннем шумавых бомбаў быў здейснены на кандыдата на пасаду прэзідэнта У. Някляева і актывістаў яго штабу за паўгадзіны да заканчэння галасавання. Падчас збіцця Уладзімер Някляеў страціў прытомнасць, яго забрала «хуткая дапамога», а з лякарні яго пазней вывезлі супрацоўнікі КДБ. Варта зазначыць, што Някляеў таксама спрабаваў стаць дэлегатам Усебеларускага народнага схода, аднак у адрозненне ад Казуліна дзеля гэтага ён сабраў 25 тыс. подпісаў і не спрабаваў прарвацца на сход з дапамогай сілы. Аднак гэта не выратавала палітыка, які лічыўся адным з асноўных канкурэнтаў дзейснага кіраўніка дзяржавы і меў найбольшыя магчымасці для кіравання акцыяй пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, што хутчэй за ўсё і абумовіла яго нейтралізацыю «невядомымі асобамі».

Ні палітыка ізаляцыі беларускага кіраўніцтва, якая здзяйснялася Захадам напярэдадні выбарчых кампаній 2001 і 2006, ні палітыка ўцягвання, якую еўрапейцы задзейнічалі на працягу 2008-2010 года, не прынесла плёну ў справе дэмакратызацыі беларускага рэжыму. У еўрапейцаў адсутнічаюць эфектыўныя механізмы ўплыву на беларускае кіраўніцтва з-за слабых сувязяў беларускіх эліт з Захадам і геапалітычнай арыентацыі беларускага кіраўніцтва на Ўсход. У сваю чаргу еўрапейскі вектар вонкавай палітыкі выкарыстоўваецца беларускім прэзідэнтам у якасці супрацьвагі ціску з боку афіцыйнай Масквы і атрымання ад апошняй адпаведных прэферэнцый, якія значна пераўзыходзяць магчымасці заходняй дапамогі.

Геапалітычная менеўранасць як асноўны рэсурс улады

Нафтагазавая рэнта, дзякуючы якой забяспечваўся «беларускі эканамічны цуд», з прыходам да ўлады Ўладзіміра Пуціна пачала з кожным годам скарачацца ці абумоўлівацца расейскім бокам здачай найбольш выгодных беларускіх актываў. Акрамя таго пасля расейска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 году паміж Еўрасаюзам і Беларуссю ўзнікла двухбаковая зацікаўленасць ў паглыбленні супрацоўніцтва. Яшчэ большыя магчымасці у гульні А. Лукашэнка з Расеяй прадаставіў Еўрасаюз, калі ўключыў Беларусь у якасці краіны-партнёра ў ініцыятыву Ўсходняе Партнёрства. Расейскае кіраўніцтва ўспрыняла гэты праект Еўрасаюза як чарговую спробу пабудовы Захадам «санітарнага кардону» вакол Расеі і адной з галоўных знешнепалітычных задач расейскага кіраўніцтва стала разбурэнне гэтай ініцыятывы. Пасля жорскіх паслявыбарчых падзей у Беларусі ў снежні 2010 года ўдзел Беларусі ва УсП быў заблакаваны, што аўтаматычна змяншала вагу гэтага праекту Еўрасаюза.

Аднак пасля замарожвання еўрапейскага вектару замежнай палітыкі, што з\`явілася своеасаблівай умовай атрымання «ярлыка» ад Масквы на чарговы прэзідэнскі тэрмін, Аляксандру Лукашэнка няма чаго супрацьпаставіць дыктату Масквы. Працяглы валютна-фінансавы крызіс 2011, які выклікаў шэраг сацыяльных забурэнняў у беларускім грамадстве, прадэманстраваў залежнасць беларускага кіраўніцтва ад вонкавай падтрымкі, якую яму можа прадаставіць зараз толькі Расея.

Варта зазначыць, што афіцыйны Менск выказваў намер вярнуцца да «палітыкі балансавання» і распачаць дыялог з Захадам яшчэ напрыканцы лета 2011 года, што дазволіла бы яму зноў выкарыстоўваць УсП для ціску на Расею. Аднак, па-першае, папярэднія ўмовы атрымання ад Масквы санкцыі на прэзідэнства звязвалі рукі беларускаму кіраўніцтву. Па-другое, восенню 2011 кіраўніцтву Расейскай Федэрацыі стаў асабліва востра запатрабаваны ўдзел Беларусі ў інтэграцыйных ініцыятывах Крамля на постсавецкай прасторы, якія выкарыстоўваюцца як галоўны кампанент выбарчай кампаніі Уладзіміра Пуціна падчас парламенскіх і прэзідэнскіх выбараў у Расеі. Разумеючы важную ролю Беларусі ў перадвыбарнай кампаніі Уладзіміра Пуціна, Аляксандр Лукашэнка здолеў аднавіць расейскую рэнту на бліжэйшы час.

Тым не меней афіцыйная Масква ўсё болей настойліва патрабуе ад беларускага прэзідэнта выканання раней дасягнутых дамоўленасцяў па продажы беларускіх актываў і інтэграцыі ў рамках АЭП, якія значна абмяжоўваюць уладу беларускага кіраўніка. Пасля прэзідэнскіх выбараў у Расеі верагоднасць вяртання да разнастайных беларуска-расейскіх «войнаў» значна ўзрастае з-за пазіцыі беларускага кіраўніцтва, якое прызвычаілася абяцаць, але ж не выконваць дамоўленасці.

Варта зазначыць, што пагроза суверэнітэту Беларусі з боку Расеі значна перабольшаная і грае не руку беларускаму кіраўніцтву. Пераход ва ўласнасць выключна расейскага капітала беларускіх актываў аслабіць пазіцыі дзейснага прэзідэнта і знішчыць магчымасці для захавання палітыкі папулізма. А паглыбленне інтэграцыі ў рамках Еўразійскага саюза і пераход на адзіную валюту ўвогуле паставіць пад пагрозу сацыяльна-эканамічную палітыку беларускіх уладаў і адпаведна захаванне дзеючым кіраўніцтвам стабільнасці палітычнай сістэмы.

Дзеля змяншэння азначаных пагроз афіцыйны Менск ужо зараз распачаў пошук «стратэгічнага партнёра», які мог бы стаць чарговым вагарам ціску на Маскву. У апошні час беларускае кіраўніцтва актыўна спрабуе развіваць кітайскі вектар сваёй замежнай палітыкі і ўсяляк стымулюе «вялікі прыход Кітая» ў Беларусь, прадстаўляючы кітайцам найбольш выгодныя, а часам і выключныя, умовы вядзення бізнэсу ў краіне. Заяўляючы ў студзені 2012 года аб магчымай палітычнай мадэрнізацыі падчас сустрэчы з кітайскімі журналістамі прэзідэнт нібыта перабываў у зусім іншай рэальнасці, абяцаючы кітайцам тое, што хацелі бы чуць еўрапейцы. Аднак нягледзячы на ўзмацненне пазіцый Кітая ў беларускай эканоміцы, што выклікае пэўную заклапочанасць расейскага боку[6], яго ўплыў у бліжэйшы час не будзе пагражаць інтарэсам Расеі ў Беларусі, таму беларускае кіраўніцтва не зможа выкарыстаць кітайцаў у якасці ціску на расейскае кіраўніцтва. «Вялікі прыход кітайцаў» у Беларусь стварае больш праблем беларускаму кіраўніцтву, калі замест прамых кітайскіх інвестыцый, на што спадзяецца беларускі прэзідэнт, павялічваецца крэдытная залежнасць Беларусі і мінусавое гандлёвае сальда[4]. У дадатак кітайцы не плануюць у бліжэйшы час ісці на супрацьстаянне з Расеяй з-за амбіцый кіраўніка аднаго з далёкіх усходнееўрапейскіх дзяржаў.

У гэтай сітуацыі прэзідэнскай адміністрацыі не застаецца ніякага іншага выйсця як рыхтаваць перадумовы чарговага цыклу беларуска-еўрапейскага «пацяплення». Ужо на пачатку года прэзідэнт пачаў казаць аб неабходнасці мадэрнізацыі палітычнай сістэмы, а ўслед за ім старшыня вышэйшай палаты беларускага парламента Анатоль Рубінаў заявіў аб неабходнасці існавання сістэмнай апазіцыі[1]. На пачатку 2012 года ў беларускіх СМІ распачалася чарговая кампанія наконт трансфармацыі выбарчай сістэмы ў краіне і ператварэнні РГА «Белая Русь» у палітычную партыю. У дадатак кіраўніцтва ЛДПБ, якое падчас прэзідэнскіх выбараў 2010 адмовілася ўдзельнічаць у «выбарчым фарсе», ужо гатова выступіць у якасці канструктыўнай апазіцыі і прадстаўляць інтарэсы незадаволенай часткі грамадства ў парламенце. У гэтых умовах перад Еўрасаюзам паўстае пытанне выбару адпаведнай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі.

Ізаляцыя vs уцягванне: tertium non datur

У еўрапейскіх краінах зноў разглядаюць магчымасць выбару паміж двума падыходамі ў адносінах да Беларусі. Першы грунтуецца на наладжванні супрацоўніцтва з дзеючым беларускім кіраўніцтвам без выстаўлення ніякіх умоў, што патрабуе “прыняць рэжым Лукашэнкі такім, які ён ёсьць, нягледзячы на ўсе ягоныя злачынствы”[7]. Другі падыход прадугледжвае ізаляцыю дзеючага кіраўніцтва і падтрымку грамадзянскай супольнасці ў краіне.

У выпадку рэалізацыі першага сцэнару, які прадугледжвае прыняццё беларускага кіраўніцтва ў сям\`ю еўрапейскіх дэмакратый без падставовых умоў, беларусы атрымаюць доступ да заходніх інвестыцый і макраэканамічнай дапамогі. Аднак, што болей істотна, у дзейснага прэзідэнта зноў з\`явіцца магчымасць выкарыстоўваць заходні вектар сваёй палітыкі ў якасці вагара ціску на расейскае кіраўніцтва.

Пры гэтым калі прэзідэнт дзякуючы заходняй дапамозе і расейскай рэнце здолее вярнуцца да палітыкі папулізма, верагоднасць палітычнага пацяплення і змяншэння ўзроўню рэпрэсій у краіне павялічыцца. Неабходнасць запалохвання грамадства і нейтралізацыі найбольш актыўных праціўнікаў падчас чарговай беларуска-еўрапейскай “адлігі” зменшыцца: высокі рэйтынг прэзідэнта адновіцца, апазіцыя і грамадзянская супольнасць згубіць уплыў ужо не толькі ў краіне, але ж і на парадак дня беларуска-еўрапейскіх дачыненняў. Адначасова персаналіскі характар рэжыму ў краіне ўмацуецца, а неабходнасць змянення палітычнай сістэмы знікне.

Пры гэтым павелічэнне усебаковых кантактаў з заходнім светам будзе спрыяць мадэрнізацыі палітычнай культуры ў грамадстве, сярод часткі якога зноў будзе павялічвацца незадаволенасць архаічнай палітычнай сістэмай Беларусі. Гэтая частка грамадства зноў пачне патрабаваць яе мадэрнізацыі, а ў сітуацыі адсутнасці свайго прадстаўніцтва ў органах улады, адзінай магчымасцю выказаць сваю незадаволенасць застаецца “Плошча” - масавыя акцыі пратэсту. Як зазначалася раней, жорсткасць беларускага рэжыму з кожным электаральным цыклам павялічваецца і ў выніку пасля чарговых прэзідэнскіх выбараў у 2015 годзе сітуацыя ў беларуска-еўрапейскіх стасунках вернецца да той, якая склалася пасля 19 снежня 2010 года і 19 сакавіка 2006 года.

Што немалаважна, відавочна прагматычны падыход Еўрасаюза ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі нясе таксама пагрозу ўсёй вонкавай палітыцы ЕС і можа выклікаць адпаведную рэакцыю ў постсавецкім рэгіёне, дзе ўжо павялічваюцца аўтарытарныя тэндэнцыі і звужаецца поле дзейнасці для грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі.

Іншы падыход, які патрабуе ад беларускага кіраўніцтва выканання пэўных умоў для наладжвання стасункаў, дае шанец пазбавіць дзеючага прзідэнта яго асноўнага рэсурса – геапалітычнай манеўранасці. У такім разе верагоднасць мадэрнізацыі палітычнай сістэмы ў краіне будзе ўзрастаць разам з узрастаючым ціскам Расеі і прынцыповай, паслядоўнай і супольнай пазіцыі краін Еўрасаюза. Пераход ва ўласнасць расейскага капітала беларускіх прадпрыемстваў, інтэграцыя ў рамках Еўразійскага саюза на ўмовах Расеі значна аслабіць пазіцыі беларускага прэзідэнта і знішчыць магчымасці для захавання палітыкі папулізма. Усё большы расейскі ўплыў у Беларусі прывядзе да кансалідацыі моцнай пра-расейскай групоўкі сярод беларускіх эліт, якая будзе падтрымлівацца з Усходу. Падчас наступных прэзідэнскіх выбараў Расея можа ўжо не абмежавацца выключна інфармацыйнай вайной, а болей актыўна ўключыцца ў выбарчы працэс у Беларусі. Афіцыйна падтрыманы Расеяй альтэрнатыўны лідар не заставіць шанцаў дзеючаму кіраўніку дзяржавы на чарговы прэзідэнскі тэрмін. У гэтай сітуацыі для беларускага прэзідэнта наладжванне дыялогу з Еўрасаюзам з выкананнем падставовых умоў з\`яўляецца лепшым з двух горшых варыянтаў.

---------------------

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Анатолий Рубинов: президент очень боится номенклатурной партии: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-газета «Белорусские новости». – Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/politic/2012/01/29/ic_articles_112_176653/ Дата звароту: 31.01.2012.

2. Беларусь готовит с Китаем "чудовищный" инвестпроект: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Сайт «Беларускі партызан». – Рэжым доступу:http://www.belaruspartisan.org/bp-forte/?page=100&backPage=22&news=115825&newsPage=0 Дата звароту: 31.01.2012.

3. Владимир Сокор: у Запада нет политики в отношении Беларуси : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Сетка навінавых інтэрнет-парталаў у краінах Балтіі DELFI. – Рэжым доступу: http://ru.delfi.lt/news/politics/vladimir-sokor-u-zapada-net-politiki-v-otnoshenii-belarusi.d?id=54306685 Дата звароту: 31.01.2012.

4. Заяц, Дмитрий. Китай сделал «главную задачу» Беларуси архисложной : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-газета «Белорусские новости». – Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/economic/2012/01/20/ic_articles_113_176565/ Дата звароту: 31.01.2012.

5. Мельянцоў, Дзяніс. Куды вядуць санкцыі ЕС?: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). – Рэжым доступу: http://www.belinstitute.eu/index.php?option=com_content&view=article&id=1142:2012-01-23-21-09-01&catid=3:eu&Itemid=28&lang=be Дата звароту: 31.01.2012.

6. Суздальцев, Андрей. Раковая опухоль: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Сайт "Политическое обозрение с Андреем Суздальцевым" . – Рэжым доступу: http://www.politoboz.com/content/rakovaya-opukhol Дата звароту: 31.01.2012.

7. Marples, David. The West and Belarus: Catch 22 : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / the Eurasia Daily Monitor. – Рэжым доступу: http://www.jamestown.org/single/?no_cache=1&tx_ttnews%5Btt_news%5D=38917&tx_ttnews%5BbackPid%5D=587Дата звароту: 31.01.2012.

8. Plaschinsky, George. : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Bi-monthly newsletter Belarus Digest. – Рэжым доступу: http://belarusdigest.com/story/reverse-effect-eu-sanctions-7382 Дата звароту: 31.01.2012.

Комментарии

Как ни странно, но скорее всего, уже не важно 'Ізаляцыя vs уцягванне'. Как бы не хотели евробюрократы, им уже не под силу спасти белорусскую власть. Это еще может сделать она сама, но пока не делает. На месте евробюрократов, я бы искал тех, кто сможет работать после этой власти, а не спасать этих.

Юрий

Так ишут вроде бы, уже лет десять как. но никак найти не могут, кто сможет работать после этой власти...

Юрию

Поменьше думайте о власти и тем более о евробюрократах. Пусть они сами о себе заботятся.

Побольше думайте о стране. Ведь в дерьме сидим.

Гость
Добавить комментарий

Наше Мнение © 2003-2021

Публикация писем читателей не означает согласие авторов проекта с высказанным мнением.

{* *}