Кастусь Каліноўскіvs Вялікі Кастрычнік

Грамадзянская імправізацыя, якая была больш падобная да палітычнай нечаканасці, чым да сур’ёзнай і спланаванай акцыі пратэсту, цягнулася менш за тыдзень. Сутнасць не ў працягласці. Сутнасць у тым, што для моладзі, якая прапісала сябе на некалькі сутак каля Палаца Рэспублікі, Кастрычніцкай плошчы не існавала. Была плошча Каліноўскага, а яны былі ейнымі першымі жыхарамі.
Сёння ў гарадской прасторы сталіцы мы маем феномен дзвюх цэнтральных плошчаў. Рэальнай Кастрычніцкай, якая лінкуецца з дзейснай уладай, і віртуальнай — Каліноўскага.
Плошча Каліноўскага гэтак і не здолела зачапіцца за ўстойлівыя геаграфічныя каардынаты. Яна віртуальная, хоць існуюць яе рэальныя былыя жыхары — «каліноўцы». Кастрычніцкая плошча адсылае нас да нашай савецкай мінуўшчыны. Плошча Каліноўскага гэтак і не сталася нашай будучыняй. Яна засталася нерэалізаванай утопіяй і месцам часовага жыхарства адваротнага боку нашага грамадства. Месцам без месца. Яна існуе сама па сабе, замкнутая сама на сябе і толькі час ад часу міргаціць у медыяпрасторы.
Ці здольны быў пратэст на плошчы Каліноўскага рэвалюцыйна што-кольвек змяніць? У дадзеным выпадку мы разумеем рэвалюцыю не ў палітычным сэнсе, але ў сэнсе ментальным. Духоўным, калі хочаце. Мы перакананыя: рэвалюцыя магла бы адбыцца, калі б новая плошча сталася рэчаіснасцю. На жаль, плошча Каліноўскага сталася медыяілюзіяй. Яна не здолела ўвабраць у сябе фізічную прастору беларускай сталіцы. Чаму? Таму што банальная змена назвы не здольная нічога змяніць. Кастрычніцкая плошча — савецкая паводле сваёй сутнасці і будзе заставацца гэткай датуль, пакуль не зменіцца прастора, архітэктура ўласна плошчы.
Кастрычніцкая ахвотна трапляе ў гід па Горадзе Сонца, аднак выпадае са змагання за прастору гораду. І не таму, што яна гэтак сакральна ізалюецца АМАПам з гарадскога ландшафту. А таму, што яна наскрозь прасякнутая патэрнамі савецкай эпохі і прынцыпова не магла і не можа быць месцам змагання за Новую Беларусь.

Смерць Рынку. Часовая

Сімвалічнае значэнне прасторы, у якой адбываецца пратэст, не менш важнае за колькасць прыхільнікаў тых ці іншых пераменаў. Рызыкнем ацаніць першае нават як больш важкі сёння аргумент. Аднак далёка не заўсёды ў змаганні за гарадскую прастору трэба прывязвацца да гістарычнага і геаграфічнага цэнтраў. І ўжо дакладна няма аніякага сэнсу ў перацягванні старых савецкіх сімвалаў на сябе.
Часовы захоп чужога месца ў горадзе не атаясамляецца з поспехам. Гэта заўсёды акупацыя чужой тэрыторыі. Зусім інакш выглядае стварэнне і ўнясенне ў мапу горада новага месца сімвалічнага пратэсту.
Калі гаворка вядзецца пра сучасную Беларусь, найбольш перспектыўным з’яўляецца перанясенне змагання за гарадскую прастору з цэнтру ў перэферыю. Універсальнасць жа мадэлі гораду як арганізацыі грамадскай супольнасці дазваляе разглядаць яе механізмы і ў маштабе краіны.
Адным з найбольш яскравых прыкладаў змагання за гарадскую прастору, безумоўна, з’яўляецца супрацьстаянне абаронцаў гістарычнага цэнтру Горадні і тутэйшых «рэканструктараў». Калі адным сказам, то чыноўнікі выраклі старую забудову пад знос і ўзвядзенне на яе месцы канструкцыяў з шкла і бетону, а неабыякавыя жыхары спрабуюць абараніць аўтэнтычныя камяніцы ад знішчэння. Эпіцэнтрам супрацьстаяння прадказальна сталася мясцовая цэнтральная плошча Савецкая, колішні Рынак. Менавіта тут у 2006 годзе разгарнулася сапраўдная вайна з усімі ейнымі атрыбутамі: скокамі пад «танкі”-экскаватары, улёткавымі і насценнымі дыверсіямі, агітацыяй сярод мясцовага насельніцтва і нават перамовамі паміж варожымі станамі.
Безумоўна, абаронцы колішняга Рынку прайгралі ў адкрытым супрацьстаянні, як і „каліноўцы“: Плошчы Саветаў і Вялікага Кастрычніка мелі непараўнальна большыя рэсурсы — як матэрыяльныя, гэтак і чалавечыя. Таму адкрытае сутыкненне было, хутчэй, данінай уласнаму сумленню, роспачнай і безнадзейнай. Згусткам эмоцыяў, апошнім fuck you ў твар рэжыму.
Адкінуўшы эмоцыі, аднак, выйсце бачыцца ў… адмаўленні Плошчы. У той час, як цэнтр віраваў, знішчаўся аднымі і адбудоўваўся іншымі, перэферыя мела магчымасць жыць і развівацца, пазбегнуўшы несупыннага цэнтралізаванага палімпсесту і захоўваючы традыцыі, закладзеныя самай першай Плошчай, з якой усё калісьці і пачалося.
Гарадзенскія абаронцы цалкам слушна адышлі з „рэканструяванай“ Савецкай у ціш наймаладзейшага з старасвецкіх раёнаў гораду — Новага Свету, якому, аднак, сёння таксама пагражае паступовае зьнішчэнне. Рытарычнае і фізічнае супрацьстаянне змянілася на больш стваральную працу. Сярод жыхароў Новага Свету вядзецца тлумачальная праца з мэтай паказаць яго унікальнасць і каштоўнасць. Адсутнасць тут нейкай лакальнай плошчы дэцэнтралізуе раён і адначасова робіць цэнтрам кожны асобны дом: ты сам ствараеш сваё асяроддзе, уплываеш на яго, змяняеш. Дый назва падказвае: тут, менавіта тут хаваецца ключык да брамы ў Новы Гарадзенскі Свет!
Час сыходзіць з Плошчы. Сыйсці — каб аднойчы вярнуцца. Магчыма, некалі мы яшчэ вернемся на Плошчу. Кожны на сваю. З сваёй перэферыі.

У адрозненне ад менскай Кастрычніцкай, дарэчы, гарадзенская Савецкая не страціла шанец вярнуцца ў кантэкст Новай Беларусі — дзякуючы сваму несавецкаму асяроддзю, дастаткова вялікай канцэнтрацыі тут гістарычнай забудовы. Вяртанне колішняга Рынку папросту адкладзенае на час. Рынак (які заўгодна) — гэта вынік каардынальных зменаў у асяроддзі. Зменаў у галовах, якія цягнуць за сабой і змены як у архітэктуры грамадства, гэтак і ў архітэктуры горада.

Што далей?

Стары лозунг «Думай глабальна, дзейнічай лакальна!» павінен быць скарэктаваны на беларускую ментальнасць і рэчаіснасць. Архетыпу народу-партызана мае адпавядаць і пэўная стратэгія паводзінаў. Сучасная невысокая пратэстная актыўнасць набывае большую вагу і эфектыўнасць пры суадносных маштабах.
Гэтак, абсалютна лагічным і мэтазгодным ўяўляецца правядзенне будучага Чарнобыльскага Шляху не па звыклым маршруце ў Менску: Акадэмія навук — Сурганава — Бангалор. Але арганізацыя і правядзенне ЧШ’2009 у Астраўцы ці ва ўжо згаданай Горадні. З умовай, вядома ж, што ўласна арганізатары Шляху разумеюць актуалізацыю чарнобыльскай тэматыкі ў сувязі з запланаванай пабудовай беларускай АЭС.
Як, зрэшты, і Дзень Волі. Даўно наспеў час надаць гэтаму святу дынамікі і сапраўднай святочнасці. Чаму б не зрабіць Дзень Волі мабільным і насамрэч цікавым? Сёлета — у старадаўнім Полацку, на наступны год — Наваградак, далей — Горадня, Тураў, іншыя беларускія сталіцы. Дэцэнтралізацыя дазваляе зірнуць у твар большасці беларускіх грамадзянаў, адчуць гонар за сябе і за сваю малую радзіму.
Дарэчы, менавіта «Дажынкі», арганізаваныя ўладамі паводле прынцыпу «Штогод — у новым райцэнтры», дазваляюць зразумець сапраўды народную папулярнасць і любоў насельніцтва да першага беларускага прэзідэнта. Хай толькі сёння, адзін дзень, але ж гэта магчымасць адчуць сябе ў цэнтры ўвагі, жыхаром некаранаванай сталіцы, не горшым за наведнікаў метрапалітэну і «Макдакаў»!
«Дажынкі» — праўладны адпаведнік незалежніцкаму Дню Волі і маюць нават больш сакральны сэнс для рэжыму за гэткі пампезны Дзень незалежнасці 3 ліпеня. Гэта і ёсць код да разумення ментальнасці беларускай улады і логікі яе паводзінаў.
«Скарыстай моц суперніка супраць яго самога», — кажуць на Ўсходзе. Зразумеўшы сутнасць беларускага рэжыму, неабходна выбудаваць адпаведным чынам і стратэгію ўласных дзеянняў. Адмова ў манаполіі Цэнтру і пабудова стратэгіі пратэсту паводле прынцыпу адкрытай архітэктуры непазбежна цягне і да пабудовы адкрытага грамадства. Супольнасці свабодных і самадастатковых людзей.

P. S. Зрэшты, дэцэнтралізацыя як стратэгія паводзінаў актуальная не толькі ў палітычнай, але ў іншых сферах дзейнасці свабодных людзей. Разважаючы пра змяшчэнне актыўнасці з цэнтру на перэферыю нельга не згадаць «Рок-каранацыю’2009». Здавалася, што як культурны праект «Рок-каранацыя» сябе цалкам вычарпала і страціла ўсялякую цікаўнасць як для ўдзельнікаў, гэтак і для аўдыторыі. Аднак пераезд у Маладзечна, на нашую думку, здольны надаць праекту новы пазітыўны імпульс. Гэта свайго кшталту культурная дынаміка, як у фізічным, гэтак і ў сімвалічным сэнсах.

Обсудить публикацию