Сітуацыя ў нашым рэгіёне на сёння выглядае як надзвычай турбулентная: гэта азначае, што характар і інтэнсіўнасць тых працэсаў, якія раптоўна могуць пачацца, не можа з дакладнасцю прадказаць аніводзін аналітык або эксперт. Пры гэтым відавочна тое, што ўзровень мілітарысцкай рыторыкі і чаканняў узрос да ўзроўню, які перавышае самыя гарачыя моманты апошняй Халоднай вайны. Расія ўжо адчыніла скрыню Пандоры тым, што паменшыла страх перад вялікім канфліктам паміж буйнымі дзяржавамі і блокамі, прымусіўшы звыкнуцца да думкі, што нягледзячы на ўзброены канфлікт — выкарыстанне ядзернай зброі не будзе аўтаматычным. Што дазваляе частцы заходніх палітыкаў, такіх як Эманюэль Макрон, спекуляваць пра неабходнасць ўмяшання рэгулярных аддзелаў французскай арміі ў абарончыя дзеянні на поўдні Украіны, а жыхарам памежных краін Балтыі і Польшчы звыкацца з думкай пра неабходнасць вяртацца да масавага прызыву і таксама выдзяленню сваіх рэгулярных войск у згаданых мэтах.

Наяўнасць ядзернай зброі пачынае ўспрымацца выключна аргументам апошняга шансу або сродкам вядзення адно тактычных аперацый, і з гэтай прычыны ўжо не спыняе канфлікт на самім пачатку, а змушае пралічваць ступень «дапушчальнай шкоды», у межах якой ваенныя дзеянні з выкарыстаннем канвенцыйнай зброі могуць адбыцца, не пераходзячы «чырвоных ліній».

У межах гэтай паслабленай эмоцыі страху перад глабальным канфліктам нават заўжды баязлівы беларускі рэжым пачынае рыхтавацца да канфліктаў сярэдняй інтэнсіўнасці, разглядаючы свой імаверны саўдзел у прарыванні Сувалкаўскага калідора і магчымыя баявыя дзеянні на сваёй тэрыторыі. З рацыянальнага пункту гледжання, безумоўна, Расія зараз знаходзіцца зусім не ў той сітуацыі, калі гэты канфлікт ёй асабліва выгадны, бо наяўных сіл і рэсурсаў з цяжкасцю хапае на вядзенне баявых дзеянняў ва Украіне. Але, калі сыходзіць з той інтуітыўнай логікі, якой заўжды кіраваўся крамлёўскі рэжым, а таксама апрыёрнага пастулата жыццёвай філасофіі Пуціна, што «на ворага трэба нападаць не тады, калі ты лепш падрыхтаваны, а калі ён падрыхтаваны найменш», выключаць напад на еўрапейскі саюз у часе перад амерыканскімі выбарамі на фоне трывожных ацэнак заходнімі ваеннымі экспертамі ўласнай абароназдольнасці без удзелу арміі Злучаных Штатаў не даводзіцца.

Іншым фактарам, які таксама можа змушаць крамлёўскі рэжым спяшацца, можа быць прадэманстраваны апошнім гучным тэрактам усходні гамбіт. Як і кожная імперыя, маючы мноства амбіцый і вядучы ваенныя дзеянні ў Чачне і Сірыі, Масква ў свой час настварала сабе шмат ворагаў, у тым ліку сярод радыкальна настроеных ісламістаў, якія могуць паспрабаваць разыграць сваю карту на яе тэрыторыі. Бо яны дакладна не будуць кіравацца логікай, што трэба пачакаць, пакуль твой вораг закончыць адну вайну, каб магчы змагацца з табой на роўні. Частковая незадаволенасць ваеннымі дзеяннямі сярод расіян, а таксама жорсткая рэлігійная палітыка Крамля могуць стаць добрай глебай для новых акцый тэрору і магчымых лакальных паўстанняў ісламскай перыферыі супраць праваслаўнага цэнтра.

Як у першым, гэтак і ў другім варыянце развіцця падзей Расія можа аказацца ў вельмі складанай сітуацыі, калі перанапружанне на ўнутраным і знешніх франтах можа выбухнуць цэнтрабежнымі тэндэнцыямі у краіне: пераваротамі і парадам суверэнітэтаў. Пры такім раскладзе, Лукашэнка, які ўжо некалькі гадоў вымушаны абапірацца выключна на ваенную сілу і рэпрэсіўны апарат, застаецца без апошняга натуральнага саюзніка і трапляе ў відавочную нявыкрутку. Самы лепшы сцэнарый для Пуціна і яго адзінага вернага саюзніка дасягаецца тады, калі аб’ёмы заходняй дапамогі Украіне застаюцца выключна на бягучым узроўні, краіны Захаду — не здольнымі даць сістэмны адказ на наўпростае ўварванне, а палітыкі і вайскоўцы ЗША здэмаралізаванымі і зануранымі ў вырашэнне выключна ўнутраных праблем. Але такое комба застаецца пасткай завышаных чаканняў з боку крамлёўскіх стратэгаў і можа не вытрымаць праверкі практыкай у той жа ступені, як і ідэя узяць Кіеў за тры дні, якая здавалася на паперы вельмі паспяховаю.

У кожным разе народ Беларусі застаецца на дадзены момант закладнікам той сітуацыі, у якую яго ўцягнула ўлада, што паставіла нацыянальны суверэнітэт і бяспеку ніжэй за сваё самазахаванне. Пры гэтым высокая турбулентнасць працэсаў не дае таксама магчымасці збудаваць адзіна слушны прагноз таго, як будуць разгортвацца далейшыя падзеі пры наступленні любога з акрэсленых сцэнарыяў. «Вайну пачаць можаце, — як казаў наш мудры палітык і дыпламат Леў Сапега, — але яе канец у руках божых». Таму няхай прагнозы і не надта суцяшальныя, пэўныя магчымасці і шанцы яны перад беларусамі ўсё адно адкрываюць. І гэта дазваляе меркаваць са стрыманым беларускім аптымізмам і самаіроніяй, што жыць беларусам у такой сітуацыі давядзецца кепска, але дакладна нядоўга…