? Сколько «Домов поляка» действует сегодня на территории Беларуси и кому они принадлежат? Каковы взаимоотношения между Союзом поляков на Беларуси и Союзом поляков Беларуси по этому вопросу и каково вероятное развитие ситуации?

Зьміцер Кухлей. У Беларусі было створана 16 Польскіх Дамоў з падтрымкай улад Рэспублікі Польшча, якія фактычна і прадаставілі сродкі для набыцця і рамонту гэтых будынкаў яшчэ ў 1990-х гадох. Юрыдычна гэтыя дамы з’яўляюцца ўласнасцю грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў у Беларусі».

Аднак пасля таго як у 2005 адбылося сілавое змяшчэнне непрымальнага для беларускіх улад лідара арганізацыі, адбыўся раскол у кіраўніцтве СПБ. На чале афіцыйна прызнанага кіраўніцтва арганізацыі стала лаяльная дзеючаму прэзідэнту асоба — Юзэф Лучнік, з 2012 года яго замяніў — Мечыслаў Лысы. Паводле шматлікіх сведчанняў з’езд па абранню Юзэфа Лучніка старшынёй СПБ праходзіў у Ваўкавыску з шматлікімі парушэннямі. Альтэрнатыўнае кіраўніцтва СПБ, якое аб’ядналася вакол абранай у сакавіку 2005 года старшыні Анжалікі Борыс, не прызнала вынікаў з’езда ў Ваўкавыску і працягнула сваю дзейнасць. Тады фактычна можна было казаць аб адной грамадскай арганізацыі СПБ, структуры якой знаходзіліся ў сітуацыі існавання паралельнага кіраўніцтва. Пры гэтым найбольш актыўная частка палякаў падтрымлівае непрызнаваемае Мінскам альтэрнатыўнае кіраўніцтва СПБ. З лістапада 2012 года яго ўзначальвае Мечыслаў Яскевіч.

Перыядычна ўзнікаюць размовы аб неабходнасці паразумення з абодвух канфліктуючых бакоў. Аднак некаторыя радыкальна настроеныя лідары непрызнаваемага СПБ адмаўляюць магчымасць перамоваў з лаяльным беларускаму прэзідэнту старшынёй СПБ нападставе таго, што гэты канфлікт не з\`яўляецца ўнутраным канфліктам палякаў, а справакаваны беларускімі ўладамі. З іншага боку, афіцыйнае кіраўніцтва СПБ, сапраўды, не мае самастойнасці, а спрабуе дзейнічаць як і шэраг іншых беларускіх GoNGO у русле дзяржаўнай палітыкі, а не інтарэсаў сваіх сябраў.

Варта зазначыць, што яшчэ да расколу СПБ з’яўлялася адной з самых буйных і ўплывовых недзяржаўных арганізацый, якая валодала значнай колькасцю аб’ектаў нерухомасці і аўтарытэтам сярод вялікай группы насельніцтва, асабліва ў заходніх рэгіёнах. Улады з насцярогай ставіліся да гэтай арганізацыі, большасць лідараў якога негатыўна ўспрымала палітыку дзеючага беларускага кіраўніцтва.

Паводле інфармацыі альтэрнатыўнага кіраўніцтва СПБ пад іх кантролем застаюцца два Польскіх Дома, якія знаходзяцца ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) і Барысаве (Мінская вобласць). Актыўнасць у большасці іншых Польскіх Дамах, якія засталіся пасля расколу 2005 года пад кантролем лаяльнага Мінску кіраўніцтва СПБ, была прыпынена. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года афіцыйнае кіраўніцтва СПБ рабіла заявы аб адкрыцці Польскіх Дамоў у кожным раёне краіны, аднак далей за дэкларацыі справа не рушылася. Пры гэтым Польскі Дом у Лідзе, каля якога і было выяўлена выбуховае прыстасаванне, з’яўляецца адным з найбольш дзеяздольных сярод іншых такіх структур, падпарадкаваных афіцынаму кіраўніцтву СПБ.

На гэты момант няма ні заяў, ні практычных дзеянняў збоку як афіцыйнага, так і альтэрнатыўнага кіраўніцтваСПБ, якія бы сведчылі пра жаданне пераадолець раскол. Паміж лідарамі захоўваюцца недабразычлівыя адносіны, якія часам перарастаюць у канфліктныя. Афіцыйнае кіраўніцтва СПБ знаходзіцца пад поўным кантролем уладаў і рэдка заяўляеа б сваім існаванні публічнымі мерапрыемствамі. Найбольш актыўная частка польскай меншасці, якая падпарадкоўваецца альтэрнатыўнаму кіраўніцтву СПБ, пастаўлена ў больш цяжкія ўмовы існавання. Пры гэтым існуючая сітуацыя, калі існуюць некалькі варожых адзін аднаму аб’яднанняў, цалкам задавальняе дзеючае беларускае кіраўніцтва. Сумнеўна, што ў бліжэйшы час сітуацыя вакол СПБ і Польскіх Дамоў кардынальна зменіцца.