Заокеанское турне по «странам-друзьям» президент Венесуэлы Уго Чавес начал со столицы России.16 октября венесуэльский лидер прибыл с рабочимвизитом в Минск. На ваш взгляд, может ли Кремль оказать негативное влияние на взаимоотношения Минска и Каракаса?

Сяргей Богдан. Пытаньне палягае ў тым, дзеля чаго Вэнэсуэла ўвогуле супрацоўнічае зь Беларусяй. І ці можа яна атрымаць выгоды, якія мае ад супрацы зь Менскам, праз іншыя каналы? Гэты аспэкт — вэнэсуэльскай карысьці — часам забываецца пры абмеркаваньні беларуска-вэнэсуэльскіх стасункаў, якое ў выніку сканчаецца спэкуляцымі аб прыватным сяброўстве двух «дыктатараў». А між тым Вэнэсуэле краем патрэбныя ад Беларусі прынамсі тры рэчы (мо і больш, але гэтыя відавочныя):

1) Дапамога ў мадэрнізацыі краіны. Лёгіка зразумелая — Беларусь ёсьць удалым прыкладам брутальнай, але эфэктыўнай савецкай «даганяючай» мадэрнізацыі, магчыма нават самым удалым прыкладам з усіх савецкіх рэспублікаў. Тэхналягічна беларускага ўзроўню для рэаліяў Трэцяга сьвету хапае зь лішкам, беларускія тэхналёгіі і стандарты — распрацаваныя на савецкай базе — сумяшчальныя з расейскімі, ці ідэнтычныя ім (што дазваляе беларусам спэкуляваць на старой «савецкай» вядомасьці ў Трэцім сьвеце). Таму ёсьць сэнс працаваць зь беларускім бокам, калі заходнія тэхналёгіі і тавары аказваюцца зь нейкай прычыны непрыдатнымі ці недаступнымі.

2) Дапамога ў падвышэньні абароназдольнасьці краіны, якой пагражае нестабільнасьць і шматгадовая вайна ў суседняй Калюмбіі. Беларусь зараз займае прамежкавае становішча ў міжнароднай сыстэме, якое вызначаецца з аднаго боку тым, што яна не зьвязаная асабліва строгімі абавязаньнямі накшталт чалецтва ў блёках, а таму можа прадаваць свой тавар і веды амаль усім ахвотным. А з другога боку, яна не заплямленая і супраць яе няма санкцыяў — таму ў яе можна спакойна купляць гэты тавар і веды. Прычым, у адрозьненьне ад расейскай дапамогі, беларуская ня мае такога палітычнага падтэксту, як расейская. Таму ня мае падставаў Радыё Свабода, пішучы, маўляў, Чавэс ператварае Вэнэсуэлу ў сыравінны прыдатак Беларусі. Беларусь якраз і бясьпечная тым, што яе паслугі не цягнуць за сабой нейкіх небясьпечных прывязак, ад якіх пасьля цяжка адмовіцца (як гэта мае месца ў супрацы з КНР і Расеяй).

3) Дывэрсыфікацыя рынкаў збыту вэнэсуэльскай нафты. Выхад вэнэсуэльскай нафты на новыя эўрапейскія рынкі — надзвычай складаная задача, дарагая і небясьпечная па выкананьні. Бо нафтавы рынак вельмі бязьлітасны і проста так перакідваць плыні нафты ніхто не дазволіць. Але дзякуючы ўнікальнай сытуацыі зь Беларусяй Каракас пабачыў мажлівасьць накіраваць на эўрапейскі кантынэнт хай сабе пакуль і невялікі струмень. Адцемім, што нават такі мінімальны варыянт выклікаў абурэньне расейскага боку, але тым ня менш ён талеруецца.

Так паціху-патроху, відаць, і плянуецца пратачыцца на эўрапейскі нафтавы рынак. Менавіта таму Чавэс сам спрабуе дамовіцца з Кіевам пра пропуск нафты, быццам бы «для Беларусі», але насамрэч — ня толькі для яе і нават ня столькі для яе, колькі для ўсяго рэгіёна. І дарма нехта думае, што Кіеў пабаіцца сварыцца з Масквой праз гэтую нафту. Як толькі пастаўкі павялічацца і павялічацца сумы абаротаў, нават самы прарасейскі ўрад Украіны перагледзець сваю пазыцыю. Бо інакш нафта можа пайсьці і праз балтыйскія дзяржавы.

Дарэчы, у прасоўваньні нафты на эўрапейскі рынак няма нічога антыамэрыканскага ці антыімпэрыялістычнага. Гэта натуральны крок Вэнэсуэлы па прасоўваньні сваіх нацыянальных інтарэсаў, якія пакуль заціснутыя празьмернай арыентацыяй на амэрыканскі рынак.

Як бачым, для супрацы прычыны ёсьць і з беларускага, і вэнэсуэльскага боку. Да гэтага варта дадаць яшчэ пэўныя ідэалягічныя сантымэнты вэнэсуэльскага рэжыму. Няважна, што беларускі рэжым апартуністычны — ўсё адно ён успрымаецца ахвочымі як адламак вялікага СССР. А эпізадычныя сутыкненьні Менска і Вашынгтона дазваляюць спадзявацца на ўлучэньне Беларусі ў пэўны геапалітычны хаўрус. І што з таго, што абодва гэтыя ўспрыманьні хібныя, важна, што яны рэальныя.

У такіх варунках, Маскве будзе вельмі няпроста аказаць нэгатыўны ўплыў на беларуска-вэнэсуэльскія адносіны. Ну, а пагражаць Чавэсу ці ціснуць яго ў Расеі таксама няма чым. Абмежаваць, напрыклад, пастаўкі расейскай зброі — гіпатэтычна можна, але ў яе продажы расейцы зацікаўленыя ня менш, чым вэнэсуэльцы — у куплі.

Дадамо яшчэ, што Расея не зьяўляецца для Вэнэсуэлы эксклюзыўна важным партнэрам. Каракас нават больш плённа працуе і з КНР, ня кажучы ўжо пра меншыя краіны. Вэнэсуэла ў любым разе не адчувае сябе ў палітычнай ізаляцыі, а таму і пераканаць яе ў неабходнасьці адмовіцца ад нейкай супрацы зь Менскам расейскаму кіраўніцтву будзе амаль немагчыма.